Макара. Макар усхапiўся, выпрастаў хрыбцiну, здрыгануўся ўсiм целам i, прыхоўваючы хваляваньне, пляснуў у ладкi, ухваляючы Калупайкаву заяву пра тое, што жывёлаводы раёну ня толькi выканаюць, але i перавыканаюць даведзеныя пляны.
З залi Макар выходзiў дарэшты зьбянтэжаны, змораны ад салодкай пакуты i з застойнымi зьявамi ў нiзе жывата. Каб прыхаваць - цяпер ужо застойныя зьявы, давялося сагнуцца, захiнуць пiнжак, прыцiснуць да нiзу жывата нататнiк, а калi з-за сьпiны пачуўся Мiшкавы голас: - Куды ты?! - ён, не павярнуўшы галавы, незадаволена выдыхнуў: - У прыбiральню!
... Пасьля прыцемку райкамаўскiх калiдораў сонца ўдарыла ў вочы, тупымi iголкамi кальнула скронi.
- Не забывайце нас, Iван Iванавiч! - гукалi з натоўпу, - выбачайце, калi што ня так.
Iван Iванавiч - расчырванелы, расчулены, абдораны чырвонымi гвазьдзiкамi, штосьцi казаў у адказ, цiснучы руку ачунялай Пiдуце. Галiна Спартакаўна, аднак, поцiскамi не абмежавалася - палезла цалавацца, i Калупайку прыйшлося ўхiнацца i падстаўляць для пацалункаў танклявую шыю.
На добры лад, трэба было падысьцi да Калупайкi, разьвiтацца, сказаць колькi словаў, але нейкая сiла стрымлiвала Макара, а калi ён узьняў нагу, каб iсьцi па сходах, за сьпiнай зацюкалi туфлiкi i хтосьцi крануўся ягонага локця.
- Чаму вы мяне пазьбягаеце? - голасна запыталася Данута, прымусiўшы здрыгануцца ня толькi Макара, але й загадчыцу райана Сьцефурак, якая стаяла поруч.
Краем вока ён бачыў, як людзi з натоўпу разам паглядзелi на Дануту.
- Я тут днямi артыкульчык накрэмзала. Хачу вам паказаць, - цяпер ужо цiха, амаль шэптам прамовiла загадчыца сэктара ўлiку, ускiнуўшы на Макара даўжэзныя, шчыгульна пафарбаваныя вейкi.
- Ну вядома, Данута Станiславаўна, паглядзiм. Альбо я, альбо Хамiцкi, гэтак жа цiха прамармытаў Макар, i Данута, крутнуўшыся на абцасiках, абдарыла яго шматабяцальнай фразай: - Я пазваню, - i гэткай жа шматабяцальнай усьмешкай.
Ад будынка райкама да рэдакцыi - хады блiзу кiлямэтра, а калi iсьцi напрасткi, агародамi, дык i таго меней. Летась супрацоўнiкi рэдакцыi ўнадзiлiся былi хадзiць кароткай дарогай, але гаспадар сотак абзавёўся сабакам, сабака падзёр Несьцяронку штаны, калi той бег на пленарнае паседжаньне, i пасьля таго выпадку хадзiць напрасткi нiхто не наважваўся.
Шыбуючы ўздоўж плота, Макар супынiўся на iмгненьне, разважаючы - цi варта рызыкаваць, пасьля чаго азiрнуўся, адсунуў дошку ў плоце i зашапацеў калашыньнем па бурачным лiсьцi. Па гароду ён iшоў мерным крокам, прыслухоўваючыся да сабачай зьвягi, - сабака брахаў недзе на другiм канцы вулiцы, - а занурыўшыся ў кусты i пачуўшы, што кудлаты злодзей брэша недзе непадалёку, гiзануў як мае быць.
Хаця i прабег няшмат, але дарэшты змарыўся i, задыханы, зь лiстком бузiны ў валасах, паўстаў перад Хамiцкiм.
У габiнэце адказнага сакратара дурманiста пахла гарэлкай. Макар перавёў дых, незадаволена ўскiнуў брыво, i памiж iм i адказным сакратаром адбыўся кароткi дыялёг.
- Зноў?!
- Iванавiч! Расiнкi ў роце не было.
- Дап'ешся. Выганю н-нахер... (У гэтым месцы рэдактар уздыхнуў.) Мне хто-небудзь званiў?
- Званiлi.
- Хто?!!
- Зёх.
- Фу ты, йоп... - Макар вылаяўся, зьняў з валасоў лiсьцiк i панылым крокам рушыў у свой габiнэт.
Касьян Пракопавiч Зёх не даваў жыцьця. Мiнулым летам прынёс у рэдакцыю аўтабiяграфiчны раман - дванаццаць дробна сьпiсаных сшыткаў - i загадаў надрукаваць бяз правак i скарачэньняў. Хамiцкi ў прысутнасьцi аўтара прачытаў дзеля прылiку першую старонку, задаў пару пытаньняў, а калi за ганаровым чэкiстам зачынiлiся дзьверы, запiхнуў сшыткi ў нiжнюю стальнiцу.
Рэшту лета i ўсю восень стары псюк хадзiў у рэдакцыю як на працу. Прыйдзе, сядзе насупраць Хамiцкага i глядзiць таму ў вочы. I вось аднойчы, калi Сазон прагнуў пахмялiцца i пад сталом у яго ўжо стаяла адкаркаваная бутэлька, у габiнэт увайшоў Касьян Пракопавiч.
Як потым апавядаў Сазон, той хвiляй зь iм здарыўся прыпадак: уваччу пацямнела, увушшу зазьвiнела, правая нага зьнянацку тузанулася, i ён апрытомнеў толькi тады, як пачуў пах разьлiтай гарэлкi.
Макар тады ўжо працаваў рэдактарам: пачуў краем вуха здушанае вяканьне, выйшаў на калiдор i з жахам назiраў, як Хамiцкi, узяўшы наведнiка за каршэнь, выносiў таго на сьвежае паветра.
Такiя абыходзiны з ганаровым чэкiстам маглi мець наступствы, таму Сазон выцягнуў са стальнiцы сшыткi, тры днi i тры ночы разьбiраў крамзолi, а потым цэлы месяц на старонках 'Зары камунiзму' друкавалiся ўрыўкi з аўтабiяграфiчнага рамана, у якiм галоўны герой - Касьян Зёх - грамiў у ваколiцах Ферганы нацыяналiстычныя банды Карым-башы i Назарбая.
Пасьля той публiкацыi нага ганаровага чэкiста доўга не ступала на рэдакцыйны ганак - Сазон з Макарам ужо з палёгкаю аддзьмулiся, прыбiральшчыца цётка Маша паставiла па iх просьбе васкоўку ў невельскай царкве, але пэўнага ранку ў Макаравым габiнэце пагрозьлiва грукнула кульба i на стол ляглi дзьве важкiя тэчкi з рукапiсам новага аўтабiяграфiчнага рамана 'Расеi верныя сыны'.
У першым разьдзеле раману, - а Макар толькi яго i адолеў, - апавядалася, як батальён пад камандаваньнем капiтана Зёха дэпартаваў з Каўказа сем'i здраднiкаў. У порце Махачкала батальён сагнаў на баржу чэчэнак зь дзецьмi, баржу адцягнулi ў мора, а потым патапiлi - разам са здраднiкамi. Прачытаўшы гэта, Макар схаваў раман у сэйф, а потым - ужо на поўным сур'ёзе - папрасiў прыбiральшчыцу паставiць васкоўку за спачын бязьвiнна патопленых чэчэнак.
Згадка пра Зёха сапсавала настрой. Макар плюхнуўся ў крэсла i, неадрыўна пазiраючы на тэлефон, падсунуў пад нос газэтныя гранкi, якiя ляжалi на стале.
Чытаць гэтую лухту не хацелася, ды i нэрвы былi не на месцы; радкi скакалi ўваччу, i цяжка было дапяць да сэнсу прачытанага. Макар прабег вачыма нейкую нататку, але нiчога не зразумеў, пацёр рукамi пераносьсе i стаў чытаць па-новай - уголас i водзячы закарузлым пальцам па рухавых радках.
- 'Да позьняй ночы гараць агнi ў вокнах Бычкоўскага клюба, - прамармытаў Макар i адкашляўся. - Сяльчане прыходзяць у клюб адпачыць, паглядзець цiкавы фiльм, азнаёмiцца з кнiжнымi навiнкамi, у тым лiку i з матэрыяламi Лiпеньскага Пленума ЦэКа КаПэЭсЭс. вялiкую дапамогу ў падборцы лiтаратуры аказваюць наведнiкам загадчыца бiблiятэкi Э. А. Забыронька i прапагандыст...'
'Забыронька цi Забаронька?' - падумаў Макар, адарваўшыся ад тэксту, i ў той жа мiг са столi пасыпалася парахня: гэта Хамiцкi выцяў кулаком у сьценку.
Кожны раз, убачыўшы ў вакне пакамечаны каепронавы капялюш, ён бег хавацца ў катух, дзе прыбiральшчыца - цётка Маша - ставiла вёдры, але цяпер кульба стукала па калiдорных масьнiчынах, i Макар, пакрыўшы мацюгамi белы сьвет, палез хавацца ў шафу.
У шафе панавала цемра - адно маленькi струмок сьвятла прабiваўся скрозь замочную шчылiну. Тут пахла мышамi, старымi газэтамi i тут, у зацiшку, добра думалася, i думкi прыходзiлi ў галаву суладныя i чыстыя. Ну а калi разгарнуць сяньнiк, якi, скручаны, ляжаў на сподзе, дык можна было i задрамаць. Сяньнiк той застаўся ад Несьцяронка, i, па словах Хамiцкага, былы рэдактар раскручваў яго падчас начных дзяжурстваў, прымаючы разам з машынiсткай Люсяй экстраныя паведамленьнi ТАСС.
Гэтым разам Макару й сапраўды добра думалася, i думаў ён пра Дануту. Думаў доўга - хвiлiн дзесяць, потым думкi сталi блытацца, аддаляцца, i ля самага вуха пачулася трывожнае буханьне. Ён расплюшчыў вочы, матлянуў рукамi, думаючы, што патрапiў у труну, а калi буханьне паўтарылася, вохнуў i незадаволена запытаў:
- Ну чаго ты?
- Людзi прыйшлi, аб'яву прынесьлi. Пытаюцца - хто там так страшна храпiць? - растлумачыў адказны сакратар, i рэдактар, салодка пазяхнуўшы, вылез са схову.
... Тэлефон зазаванiў а пятай гадзiне. Да таго часу ён ужо стамiўся хвалявацца, i кашуля ўжо ня прэла ад цыганскага поту. Але ўсё адно: пачуўшы Дануччын голас, Макар зьнiякавеў, i слухаўка памкнулася высьлiзнуць з млявай рукi.
- Ну дык я вас чакаю, - гукнула Данута Францкавяк, i тэлефонныя глыбiнi напоўнiлiся вясёлымi жаночымi галасамi. Данута была не адна, i гэтыя галасы вiдаць, ейных сябровак - вярнулi ў душу пачуцьцё няўцямнай трывогi.
'А можа гэта пастка? Можа, зь яго хочуць пасьмяяцца?' Ахоплены беспрычыннай трывогай, ён выйшаў з рэдакцыi i няпэўным крокам рушыў у невядомасьць. Макар iшоў i быў амаль упэўнены: вось зараз, тут, у