- Памятаеце, што я сказала, калi мы танцавалi?

Ступiўшы нагой у лужу, Макар спынiўся, асавела паглядзеў пад ногi.

- Вы што, як конь - на хаду сьпiце? - рагатнула спадарожнiца, i гэтае параўнаньне вярнула Макару слых i зрок. - Учора... на 'Качыным Востраве'... я сказала, што прыношу мужчынам няшчасьце...

Макар няпэўна кiўнуў, паспрабаваў пасьмiхнуцца.

- I не баiцеся зьвязвацца... з такой ведзьмай?

Макар страсянуў галавой, а Данута, паправiўшы валасы на скронях, задуменна i разам з тым нерашуча прамовiла:

- Ну што ж, тады пойдзем да мяне. Пачастую вас кавай.

Ад такой прапановы можна было ашалець. У гарачкавых мроях Макар са сьлязьмi на вачах уяўляў - як ён пакахаецца з Данутай Станiславаўнай. Яму ўяўлялiся прызнаньнi, нясьмелыя пацалункi, прагулянкi ў фасфарычным сьвятле лiхтароў. Але каб так, адразу, без нiчога нiякага, Данута запрасiла да сябе пiць каву - такога ён не ўяўляў нават у самых сьмелых лятунках. Таму й аслупянеў Макар, i Данута, абмiнуўшы лужыну, зь нецярплiвасьцю выдыхнула:

- Ну дык iдзем, цi так i будзем стаяць?

Цагляны дом у канцы Чырвонаармейскай вулiцы быў адзiным пяцiпавярховiкам у Азярышчы i менаваўся Домам спэцыялiстаў. Там, у двухпакаёвай кватэры з усiмi выгодамi, жыла Данута Францкавяк.

Цёмнымi вечарамi, кульнуўшы добрую чарку, Макар часта блукаў каля гэтага дома, заходзiў у пад'езд, крадком падымаўся на трэцi паверх, каб крануцца рукой запаветных дзьвярэй, а iншым разам, пад роспачны брэх сабак, залазiў на яблыню, што расла на другiм баку вулiцы, i апантанымi вачыма глядзеў на зялёны квадрат - вакно Дануччынай спальнi.

Пару разоў ён бачыў, як Данута распраналася, а аднойчы, угледзеўшы ў пройме рассунутых штораў нейкага мужыка ў салатавай майцы, ледзь не самлеў ад рэўнасьцi i, сьлiзгануўшы нагой па суку, звалiўся долу.

Цяпер ён iшоў з Данутай па Чырвонаармейскай - уздоўж парэпанага плоту, мiма газэтнага шапiка, мiма сьметнiцы i горбiўся ад таго шчасьця, якое на яго раптам абрынула.

Ля пад'ездных дзьвярэй Данута на iмгненьне спынiлася.

- Вось тут я i жыву, у дваццаць трэцяй кватэры.

Спынiўся i Макар. З захапленьнем зiрнуў на вокны трэцяга паверха, вiнавата шморгнуў носам i раптам, у памкненьнi кiнуцца немаведама куды, разявiў рот i выцягнуў шыю.

- Куды вы? - крыкнула Данута, калi ён сарваўся зь месца.

- Я зараз... Я вомiгам, - гукнуў Макар, завярнуў за рог дома i стаў на хаду поркацца ў кiшэнях.

Сэрца парывiста бiлася, набойкi на абцасах лiдзкiх 'гадаў' ляскаталi па ходнiку, i язык, спрабуючы ўгнацца за тымi зыкамi, таропка паўтараў адну i тую ж фразу:

- Да позьняй ночы гараць агнi ў вокнах Бычкоўскага клюба...

У краме шампанскага не было, а таму давялося бегчы ў 'Калiну красную'. Разганяючы курэй да качак, ён дабег да рэстарана, узьляцеў на ганак i ў дзьвярах сутыкнуўся зь Мiшкам Мандрыкам.

- Макар?! Ты што? Куды ляцiш?

Ён не адказаў, адно махнуў рукою, узьбег на другi паверх i, перапудзiўшы афiцыянтку Машу, зморана прасiпеў:

- Шампанскага... Бутэльку... за любыя грошы.

Каб iзноў не сутыкацца з Мандрыкам, ён скарыстаўся чорным ходам, пералез цераз плот i пашыбаваў агародамi, сьцiскаючы ў руцэ, нiбыта апошнюю гранату, бутэльку рэстараннага шампану.

Здавалася, чаго прасьцей - нацiснуць кнопку званка. Працягнi руку, тыцнi пальцам у пукаты гузiк, i за дзьвярыма пачуецца мэлядычнае бомканьне. Аднак, падышоўшы да дыхтоўных, абабiтых чорным дэрмацiнам дзьвярэй зь лiчбаю '23' на люстраным сукосьнiку, Макар зьнiякавеў, прыслухаўся да навакольных зыкаў i, не рашаючыся пазванiць, з шумам перавёў дыханьне.

На лесьвiцы было цiха; так цiха, што ён чуў грукат уласнага сэрца. Сэрца бiлася, як стрыножаны певень. Каб суняць шалёнае бiцьцё, Макар прыцiснуў далонь да грудзiны, налёг лобам на дзьвярны вушак i спалохана азiрнуўся: за сьпiнаю рыпнулi завесы, i ў пройме дзьвярэй блiснулi вочкi нейкай старой кабеты. Дануччына суседка пачала сьвiдраваць яго сваiмi вачыма-сьвярдзёлкамi, таму нiчога не заставалася, як нацiснуць на кнопку званка.

Пасьля першага званка яму не адчынiлi. Макар прыслухаўся ў спадзеўцы пачуць таропкiя крокi, але за дзьвярыма было цiха, i толькi аднастайны цьмяны пошум далятаў аднекуль здалёк, магчыма, зь iншай кватэры. Палец зноў нацiснуў на пукаты гузiк, цьмяны пошум ацiх, дзьверы адчынiлiся, i перад вачыма паўстала гаспадыня кватэры. Галава Дануччына была спавiтая махровым ручнiком.

Данута хмыкнула i, пакiнуўшы дзьверы адчыненымi, зьнiкла ў ванным пакоi.

... Дануччына кватэра ўражвала: пад высокай стольлю вiсела шыкоўная кандэлябра, на падлозе ляжаў варсiсты дыван, але што ўражвала найболей, дык гэта няўлоўны, хвалюючы пах, якi лунаў у паветры, ды выгодны, абцягнуты зялёным аксамiтам фатэль, у якi ён плюхнуўся, агледзеўшы пакой.

Крэсла было на дзiва мяккiм. Ён лiтаральна патануў у iм i, выпрастаўшы стамлёныя ногi, задаволена крэкнуў. Дзiўна, але той хвiляй ён зусiм не хваляваўся. Сэрца бiлася з разважлiвай упэўненасьцю, Макар паспрабаваў нават усхваляваць сам сябе, уголас прамармытаўшы: - Я тут, у багiнi, - але гэта не дапамагло. Ён заставаўся спакойным яшчэ доўгiх чатыры хвiлiны - аж да той пары, пакуль да таямнiчага паху, што лунаў у пакоi, не дамяшаўся другi - пах даўно ня мытых шкарпэтак. Мiкар убiў галаву мiж каленяў, патрабавальна зварухнуў ноздрамi: шкарпэткi сьмярдзелi як мае быць. Не надумаўшы нiчога лепшага, ён сьцягнуў з пятак сьмярдзючкi, таропка запiхнуў у кiшэнi.

Сядзець з голымi нагамi, аднак, не выпадала. Абламаўшы жоўты пазногаць на пальцы левай нагi, Макар прабег у калiдор, стаў насоўваць свае стаптаныя 'гады', i акурат у гэты момант дзьверы ваннага пакоя расчынiлiся i стукнулi яго ў лабешнiк.

- Ох, якi вы разбэшчаны мужчына! - з асуджальнай весялосьцю прамовiла гаспадыня кватэры, i ў Макара ад такiх слоў гарачкава заiрдзелiся шчокi.

Данута падышла да трумо, расхiнула крысьсё кiтайскага халата, пiльным вокам агледзела ў люстры свае зграбныя, шчыльна ссунутыя ногi.

Ад такой вiдзежы ў Макара загарэлiся ня толькi шчокi, але й патылiца.

- Вы што там, заснулi? - гукнула Данута, а калi госьць, не пачуваючы пад сабою ног, ступiў на мяккi дыван, павярнулася i гульлiва запытала: - Як я вам, падабаюся?

На твары Макаравым адбiлася сарамлiва-разгубленая ўсьмешка, а Данута, не чакаючы адказу, крутнулася перад люстрам i, расьцягваючы зыкi, прасьпявала:

- Ды падаба-а-юся...

Потым яна села ў фатэль i ўжо сур'ёзным i крыху сiплаватым голасам дадала:

- Шмат каму падабаюся, ды толькi замуж нiхто не бярэ...

Запанавала цiша. Госьць муляўся пасярод пакоя, цягнуў долу штаны, каб прыкрыць голыя ногi, а гаспадыня тым часам сядзела ў фатэлi, бузуважна паглядаючы некуды паўзьверх Макаравай галавы. Колькi доўжылася маўчаньне? Хвiлiну, дзьве, а можа ўсе пяць? Але Данута ўрэшце рэшт ачулася, ускiнула вочы i, заўважыўшы пляшку шампану на стале, тыцнула пальцам у бок сэрванту.

- Вазьмiце... там, за шклом... фужэры.

Келiхi былi адмысловыя, на высокiх ножках, з залатымi птушкамi на баках. Узяць iх дрыжачымi пальцамi ўяўлялася справаю даволi складанаю, данесьцi да стала было яшчэ складаней, але Макар з годнасьцю справiўся з заданьнем напоўнiў пакой крыштальным звонам i, пазмагаўшыся з пляшкаю, стрэлiў у столь полiэтыленавым коркам.

У паветры запахла пiўнымi дражджамi, няўрымсьлiвая вадкасьць зашыпела ў келiхах, папёрла празь верх, а Данута, хiтнуўшы галавой, задуменна прашаптала:

- Божа мой, тры гады мазгi кампасьцiраваў...

Макар глынуў напою, папярхнуўся, iкнуў; у нос яму дало салодкiм пахам гнiлых яблык.

- Калi б вы ведалi - як мне ўсё абрыдла. - Данута таксама глынула шампану i бязгучна iкнула. - Кожны дзень адно i тое ж. Усё тыя ж пысы, усё тыя ж размовы... Як? Як вырвацца з гэтай ямы? Вы ня ведаеце? - жанчына наставiла на госьця свае шэрыя вочы, i госьць, ня ведаючы, што адказаць, таропка напоўнiў фужэры.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату