Яна ўжо была павярнулася, каб пайсцi, але ўсё ж з раздражненнем падышла. Яна нават схiлiлася над урвiшчам, каб убачыць мясцiну, якую ён паказваў. Ён стаяў ззаду i трымаў яе за талiю. Раптам ён адчуў, якiя яны самотныя. Нiдзе не было нiводнае чалавечае iстоты, нiводны лiсток не варушыўся, нiводная птушка не абудзiлася. У такiм месцы можна было амаль не баяцца, што недзе схаваны мiкрафон, а нават калi б ён i быў, ён запiсаў бы толькi лёгкi шоргат. Была самая спякотная, самая сонная гадзiна. Сонца палiла, пот цёк па Ўiнстанавым лобе. I тады яму прыйшла ў галаву думка...

- Што ж ты яе не штурхануў? - спыталася Джулiя. - Я абавязкова яе скiнула б.

- Так, каханая, ты б скiнула. I я таксама, калi б я быў тады такi, як цяпер. А можа... нават не ведаю.

- Ты шкадуеш, што не зрабiў гэтага?

- Так, увогуле шкадую.

Яны сядзелi побач на пыльнай падлозе. Ён прытулiў яе да сябе. Галава Джулii ляжала ў яго на плячы, i прыемны водар яе валасоў перабiваў пах галубiнага памёту. 'Яна маладая, - падумаў ён, - яна яшчэ нечага чакае ад жыцця. Яна не разумее, што, калi скiнеш са скалы таго, хто табе не даспадобы, гэта яшчэ нiчога не вырашыць'.

- Па праўдзе кажучы, гэта нiчога б не змянiла, - сказаў ён.

- Дык чаму ж ты шкадуеш?

- Таму што я прыхiльнiк пазiтыўных рашэнняў, вось i ўсё. У гульнi, у якую мы гуляем, мы не можам выйграць. Ёсць толькi паражэннi, менш балючыя за iншыя паражэннi, i болей нiчога.

Ён адчуў, як плячо Джулii варухнулася на знак пярэчання. Яна заўсёды пярэчыла яму, калi ён казаў штосьцi падобнае. Яна не згаджалася з тым, што iснуе нейкi прыродны закон, згодна з якiм паасобны чалавек заўсёды прайграе. Яна таксама неяк усведамляла, што яна асуджаная, што раней цi пазней Палiцыя Думак схопiць яе i заб'е. Але, з другога боку, яна спадзявалася, што можна пабудаваць свой патаемны сусвет, дзе можна жыць, як хочаш. На гэта былi патрэбныя толькi ўдача, хiтрасць i адвага. Яна не разумела, што шчасця не iснуе ўвогуле, што адзiная перамога чакае ў будучынi, ужо пасля смерцi, i што з таго моманту, як ты абвясцiў вайну Партыi, лепш адразу лiчыць сябе мёртвым.

- Мы мёртвыя, - сказаў ён.

- Мы яшчэ не мёртвыя, - празаiчна адказала Джулiя.

- Не, не фiзiчна, вядома. Можна дапусцiць, што мы пратрымаемся яшчэ шэсць месяцаў, год, пяць гадоў. Я баюся смерцi. А ты маладая, ты, напэўна, баiшся яшчэ болей за мяне. Вядома ж, мы будзем адсоўваць канец, колькi здолеем. Але гэта мала дапаможа. Пакуль людзi застаюцца людзьмi, памiж жыццём i смерцю рознiцы няма.

- Усё гэта лухта! З кiм ты хочаш спаць? Са мною цi са шкiлетам? Цi ты не задаволены, што жывы? Цi табе не падабаецца адчуваць, што гэта ты, гэта твая рука, гэта твая нага, што ты сапраўдны, трывалы, жывы? А вось гэта, скажы, хiба гэта табе не падабаецца? Яна павярнулася i прытулiлася. Ён адчуў праз камбiнезон яе спелыя, пругкiя грудзi. Здавалася, ад цела Джулii яму перадалiся яе маладосць i сiла.

- Гэта мне падабаецца, - адказаў ён.

- Дык перастань тады гаварыць пра смерць. А цяпер слухай, каханы, нам трэба дамовiцца аб наступнай сустрэчы. Мы зноў можам прыйсцi на палянку ў лесе. Ужо мiнула дастаткова часу. Але гэты раз мы пойдзем туды другой дарогай. Я ўсё прадумала. Ты сядзеш на цягнiк... Глядзi, я табе намалюю.

I, са сваёй заўсёднай практычнасцю, яна зграбла грудок пяску, разраўняла яго i, выцягнуўшы з галубiнага гнязда галiнку, пачала маляваць карту.

4

Ўiнстан акiнуў позiркам убогi пакойчык на другiм паверсе крамы пана Чэрынгтана. Вялiкi ложак каля акна быў засланы падранай коўдрай, на iм ляжала падушка без навалачкi. На камiннай палiчцы цiкаў старасвецкi гадзiннiк з дванаццацiгадзiнным цыферблатам. У куце на складным столiку лагодна свяцiлася ў прыцемку шкляное прэс-пап'е, якое ён купiў, калi апошнi раз быў тут.

На камiннай кратцы стаялi керагаз, рондаль i два кубачкi, пазычаныя ў пана Чэрынгтана. Ўiнстан запалiў керагаз i пачаў гатаваць ваду. Ён прынёс з сабою пакецiк кавы 'Перамога' i некалькi кавалачкаў сахарыну. Стрэлкi гадзiннiка паказвалi сем дваццаць. А было дзевятнаццаць дваццаць. Яна мелася прыйсцi ў дзевятнаццаць трыццаць.

Вар'яцтва, вар'яцтва, гучала ў яго ў галаве. Свядомае, беспрычыннае, згубнае вар'яцтва. З усiх злачынстваў, якiя мог зрабiць сябра Партыi, гэтае было найцяжэй схаваць. Па праўдзе кажучы, гэтая думка спачатку прамiльгнула ў яго ў галаве, як нейкае вiдмо: шкляное прэс-пап'е, адлюстраванае на гладкай паверхнi стала. Як ён i прадбачыў, пан Чэрынгтан без нiякiх ваганняў здаў яму пакой. Ён быў вiдавочна задаволены, што мог зарабiць некалькi даляраў. Пры гэтым ён не надта здзiвiўся i не выказаў навязлiвага разумення, калi даведаўся, што пакой быў патрэбны Ўiнстану для спаткання з жанчынай. Наадварот, позiрк яго зрабiўся адсутны, ён пачаў гаварыць агульнымi словамi, з такiм далiкатным выглядам, што, здавалася, ён зрабiўся часткова нябачны. Вельмi важна мець магчымасць адасобiцца, сказаў ён. Кожны хацеў бы мець месца, дзе можна час ад часу пабыць аднаму, пры зручнай нагодзе. I калi такое месца знойдзецца, дык найбольшай пачцiвасцю з боку таго, хто пра гэта ведае, было б захоўваць маўчанне. Ён нават дадаў, ужо амаль цалкам растаўшы ў паветры i перастаўшы iснаваць, што ў доме ёсць два ўваходы, другi вядзе праз заднi двор у бакавы завулак.

Пад акном нехта спяваў. Ўiнстан, схаваны за муслiнавай фiранкай, выглянуў на вулiцу. Чэрвеньскае сонца стаяла яшчэ высока ў небе, а ўнiзе, у залiтым сонечным святлом дворыку жанчына з грубымi чырвонымi рукамi, з зрэбным фартухом, падвязаным за пояс, хадзiла, кульгаючы, ад вялiкай балеi да вяроўкi з бялiзнай. Пачварная i магутная, як рымская калона, яна вешала на вяроўку белыя чатырохкутнiкi, у якiх Ўiнстан пазнаў дзiцячыя пялюшкi. Як толькi яе рот вызваляўся ад зашчапак, яна спявала магутным кантральта:

То была безнадзейная мара,

Што сплыла, як вясною вада.

Ды ад позiркаў тых i ад слоў дарагiх

Назаўжды ў маiм сэрцы нуда.

Мелодыя была папулярная ў Лондане апошнiмi тыднямi. Гэта была адна з шматлiкiх, падобных адна да адной песенек, якiя падсекцыя музычнага аддзялення выпускала для пролаў. Словы iх складалi без нiякага ўдзелу чалавека прылады, што называлiся версiфiкатарамi. Але жанчына спявала так мiлагучна, што нават самая спрашная лухта ператваралася ў амаль што прыемную песню. Ўiнстан чуў, як спявае жанчына, як стукаюць па бруку яе абцасы, як крычаць на двары дзецi i як недзе далёка, глуха гудзе транспарт. Але пакой дзякуючы адсутнасцi тэлегляда здаваўся надзiва цiхiм.

'Вар'яцтва! вар'яцтва! вар'яцтва!' - зноў думалася яму. Было немагчыма ўявiць сабе, што яны маглi б спакойна наведваць гэтае месца больш чым некалькi тыдняў. Але спакуса мець патаемны прытулак, якi б належаў толькi iм, у памяшканнi, даступны, зусiм побач, была занадта вялiкая для абаiх. Пасля сустрэчы на званiцы нейкi час яны не маглi сустрэцца зноў. Напярэдаднi Тыдня Нянавiсцi працоўны дзень рэзка падоўжыўся. Тыдзень меўся пачацца болей чым праз месяц, але ён вымагаў грандыёзных i складаных падрыхтоўчых мерапрыемстваў, у вынiку чаго ўсiх перагружалi працай. Урэшце iм абаiм удалося выкраiць сабе ў адзiн дзень вольны вечар. Яны дамовiлiся сустрэцца зноў на лясной палянцы. За дзень перад тым яны на хвiлiнку спаткалiся на вулiцы. Як звычайна, Ўiнстан амаль не глядзеў на Джулiю, пакуль iх нёс натоўп. Але аднаго кароткага позiрку хапiла, каб заўважыць, што яна была бялейшая, чым звычайна.

- Нiчога не зробiш, - шапнула яна, як толькi адчула, што можна гаварыць не баючыся. - Я маю на ўвазе заўтра.

- Што?

- Заўтра ўвечары я не змагу прыйсцi.

- Чаму?

- А, звычайная прычына. Гэты раз пачалося раней.

На нейкi момант яго ахапiла шалёная злосць. За гэты месяц, што яны сустракалiся, яго пачуццё да яе змянiлася. Спачатку ў iм было мала сапраўднага жадання. Iх першы палавы кантакт быў проста валявым учынкам. Але пасля другога разу ўсё змянiлася. Пах яе валасоў, смак яе вуснаў, дотык яе скуры, здавалася, напоўнiлi яго самога i паветра вакол яго. Яна стала фiзiчнай неабходнасцю, нечым, чаго ён не проста хацеў, а адчуваў, што мае на гэта права. Калi яна сказала, што не зможа прыйсцi, яму здалося, быццам яна яму здраджвае. Але якраз у гэты момант натоўп прыцiснуў iх адно да аднаго i iх рукi выпадкова сустрэлiся. Яна хуценька пацiснула кончыкi яго пальцаў, каб абудзiць у iм не жаданне, а пяшчотную прыязнасць. Ўiнстану прыйшла думка, што, калi жывеш з жанчынай, гэтыя перыядычныя расчараваннi - звычайная рэч. Глыбокая

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату