пяшчота, якую ён яшчэ нiколi да яе не адчуваў, апанавала яго. Яму хацелася б, каб яны былi жанатыя ўжо дзесяць гадоў. Яму хацелася б, каб яны маглi гуляць па вулiцы, так як цяпер, але адкрыта, не баючыся, i гаварыць пра звычайныя рэчы, купляючы нейкую дробязь для гаспадаркi. А больш за ўсё хацеў, каб у iх было месца, дзе яны маглi б заставацца адны, не мусячы пры кожнай сустрэчы займацца каханнем. Але iдэя наняць пакой у пана Чэрынгтана прыйшла яму не тады, а праз дзень. Калi ён сказаў пра гэта Джулii, яна згадзiлася з нечаканай гатовасцю. Абое ведалi, што гэта вар'яцтва. Яны нiбы самахоць наблiзiлiся да магiлы. I пакуль ён сядзеў на краi ложка i чакаў, яму зноў падумалася пра сутарэннi Мiнiстэрства Любовi. Было дзiўна, як гэты непазбежны наканаваны жах то з'яўляўся, то знiкаў са свядомасцi. Ён быў тут, у найблiжэйшай будучынi, ён непазбежна папярэднiчаў смерцi, як дзевяноста дзевяць папярэднiчае сотнi. Пазбегнуць гэтага было немагчыма, можа, толькi адкласцi; аднак жа час ад часу людзi свядома, наўмысна скарачалi час, што iм заставаўся да жахлiвага наканавання.

Са сходаў пачулiся хуткiя крокi. Джулiя ўварвалася ў пакой. Яна трымала ў руцэ торбу з грубага бурага палатна, ён часта бачыў яе з гэтай торбай у мiнiстэрстве. Ён кiнуўся, каб абняць яе, але яна хуценька вырвалася з абдымкаў, усё яшчэ трымаючы торбу.

- Хвiлiнку, - сказала яна. - Я толькi пакажу табе, што я прынесла. Ты прынёс гэтую паскудную каву 'Перамога'? Я так i думала. Можаш выкiнуць яе. Яна нам не спатрэбiцца. Глядзi.

Яна ўпала на каленi, адкрыла торбу i выкiнула адтуль ключы i шрубакрут, што ляжалi зверху. Пад iмi было некалькi чыстых папяровых пакецiкаў. Першы пакецiк, якi яна падала Ўiнстану, выклiкаў дзiўнае, але неяк няясна знаёмае пачуццё. У iм было цяжкае сыпкае рэчыва, мяккае навобмацак.

- Што гэта? Цукар? - спытаўся ён.

- Сапраўдны цукар. Не сахарын - цукар. А вось бохан хлеба, сапраўднага белага хлеба, а не гэтага паскудства, а вось - слоiк з варэннем. А вось малако. Але глядзi! Гэта сапраўдная раскоша. Я мусiла нават абгарнуць тканiнай, бо...

Але ёй не трэба было казаць, нашто яна абгарнула. Пах ужо разлiўся ў пакоi - багаты i густы пах, падобны да пахаў ранняга маленства, якi часам сустракаўся нават i цяпер. Часам ён чуўся ў нейкiм праходзе, пакуль з грукатам не зачынялiся дзверы; ён загадкава лунаў у натоўпе людзей, паяўляўся i губляўся зноў.

- Гэта кава, - прашаптаў ён, - сапраўдная кава.

- Гэта кава для сябраў Унутранай Партыi. Тут цэлы кiлаграм, - сказала яна.

- Як ты ўсё гэта дастала?

- Гэта ўсё прадукты для Ўнутранай Партыi. У гэтых свiнняў ёсць усё, абсалютна ўсё. Але, вядома, афiцыянты, слугi, людзi крадуць патроху i... Глядзi, тут яшчэ ёсць пакецiк з гарбатай.

Ўiнстан прысеў побач з ёй. Ён абарваў ражочак пакета i раскрыў яго.

- Гэта сапраўдная гарбата. Не парэчкавае лiсце.

- Нядаўна завезлi вялiкую партыю гарбаты. Яны заваявалi Iндыю цi нейкую iншую краiну, - сказала яна няпэўна. - Але паслухай, любы мой. Адвярнiся, калi ласка, на тры хвiлiны. Сядзь на той край ложка. Не надта блiзка да акна. I не паварочвайся, пакуль я не скажу.

Ўiнстан няўважна глядзеў праз муслiнавую фiранку. Унiзе, у двары, жанчына з чырвонымi рукамi ўсё яшчэ сноўдалася памiж балеяй i вяроўкай. Яна дастала з рота дзве драўляныя зашчапкi i натхнёна заспявала:

Кажуць, з часам загояцца раны

I не ўспомнiш пра боль, пра ману.

Але слёзы i смех тых забытых уцех

Закрануць майго сэрца струну.

Здавалася, яна ведала на памяць усе словы гэтай iдыёцкай песнi. Яе голас, мiлагучны i шчаслiва-сумны, гучаў у цёплым летнiм паветры. Здавалася, што яна i сапраўды шчаслiвая, толькi б гэты чэрвеньскi дзень цягнуўся бясконца, а балея з бялiзнай была бяздонная; яна мела б за шчасце заставацца тут тысячу гадоў, развешваць пялюшкi i спяваць розную лухту. Ўiнстана ўразiў дзiўны факт: ён нiколi не чуў, каб сябра Партыi спяваў адзiн i сам сабе. Гэта здалося б трошкi нядобранадзейным, гэта быў бы небяспечны выбрык, як размова з самiм сабой. Можа, толькi людзям, якiм пагражае галодная смерць, няма чаго баяцца, i яны спяваюць.

- А цяпер можаш павярнуцца, - сказала Джулiя.

Ён павярнуўся i нейкую хвiлiну не мог яе пазнаць. Ён чакаў убачыць яе голую, але яна была не голая. Перамена, што адбылася ў ёй, была значна дзiўнейшая. Яна нафарбавала твар.

Напэўна, яна зайшла ў нейкую крамку ў пролаўскiх кварталах i купiла поўны касметычны набор. Вусны ў яе былi цёмна-чырвоныя, шчокi нарумяненыя, нос напудраны. Нават пад вачыма было нешта, што дадавала iм бляску. Зроблена гэта было не надта ўмела, але Ўiнстанавы веды ў гэтай галiне каштавалi няшмат. Нiколi раней ён не бачыў i не мог сабе ўявiць партыйную жанчыну з нафарбаваным тварам. Перамена ў яе аблiччы была неверагодная. Усяго некалькi штрыхоў там, дзе трэба, i яна зрабiлася не толькi прыгажэйшая, але i больш жаноцкая. Кароткiя валасы i хлапечы камбiнезон толькi ўзмацнялi ўражанне. Калi ён абняў яе, у нос яму ўдарыў пах штучных фiялак. Ён прыгадаў прыцемкi кухнi ў сутарэннi i пусты рот жанчыны. Парфума была такая самая, але цяпер, здавалася, гэта было неiстотна.

- I парфума таксама! - сказаў ён.

- Так, каханы, i парфума. А ведаеш, што я зраблю другiм разам? Я дастану сапраўдную жаночую сукенку i надзену яе замест гэтых iдыёцкiх штаноў. У мяне будуць шаўковыя панчохi i туфлiкi на высокiх абцасах. У гэтым пакоi я буду жанчынай, а не таварышам па Партыi.

Яны раздзелiся i залезлi ў вялiзны ложак з чырвонага дрэва. Упершыню Ўiнстан раздзяваўся перад ёй. Дагэтуль ён саромеўся свайго бледнага i худога цела, разбухлых жыл на нагах i бясколернай плямы над костачкай. Бялiзны не было, але коўдра, на якую яны леглi, была працертая i гладкая. Памеры i мяккасць ложка ўразiлi iх абаiх.

- Гэты ложак, напэўна, поўны клапоў? - сказала Джулiя.

Такiх ложкаў на дваiх болей нiдзе нельга было ўбачыць, хiба што толькi ў пролаў. У дзяцiнстве Ўiнстану даводзiлася спаць у такiм ложку. Джулiя, наколькi яна памятала, нiколi на такiм ложку не ляжала.

Яны на хвiлiнку заснулi. Калi Ўiнстан прачнуўся, стрэлкi на гадзiннiку ўжо перасунулiся на лiчбу 'дзевяць'. Ён не варушыўся, бо Джулiя спала, паклаўшы галаву яму на плячо. Большая частка касметыкi была цяпер на Ўiнстанавым твары i на падушцы, але лёгкае ружовае адценне яшчэ трымалася, падкрэслiваючы прыгажосць яе твару. Жоўты прамень закатнага сонца ўпаў на ложак i асвятлiў камiн, дзе ў рондалi кiпела вада. Унiзе, у двары, жанчына ўжо не спявала, але адтуль даляталi прыглушаныя крыкi дзяцей. Ўiнстан задумаўся, цi ў скасаванай мiнуўшчыне лiчылася нармальным, калi свежым летнiм вечарам мужчына i жанчына ляжалi вось у такiм ложку раздзетыя i займалiся каханнем, калi хацелi, гаварылi, пра што хацелi, не адчуваючы патрэбы ўставаць, проста ляжалi i слухалi спакойныя гукi з вулiцы. Напэўна, не было такiх часоў, калi б гэта лiчылася натуральным... Джулiя прачнулася, працерла вочы, прыўзнялася i абаперлася на локаць, каб паглядзець на керагаз.

- Палова вады выкiпела, - сказала яна. - Зараз я ўстану i зраблю кавы. У нас яшчэ ёсць гадзiна. Калi ў цябе тушаць святло?

- У дваццаць тры трыццаць.

- У маiм iнтэрнаце ў дваццаць тры. Але табе трэба вярнуцца раней, бо... Гэй! Пайшла прэч, паганая жывёлiна!

Яна перавярнулася ў ложку, схапiла з падлогi туфлiк i з размаху шпурнула яго ў кут, рэзкiм юнацкiм узмахам рукi, зусiм гэтак, як аднойчы ўранку яна кiнула слоўнiк у Гольдштэйна пад час Двуххвiлiнкi Нянавiсцi.

- Што гэта было? - здзiўлена запытаўся ён.

- Пацук. Ён высунуў свой паскудны нос з-за шалёўкi. Там дзiрка. Але я добра яго напалохала.

- Пацукi, - прашаптаў Ўiнстан. - У гэтым пакоi!

- Ды яны тут паўсюль, - безуважна сказала Джулiя i легла зноў. - У нас у iнтэрнаце яны ёсць нават на кухнi. У Лондане ёсць раёны, дзе яны кiшма кiшаць. Ты ведаеш, што яны нападаюць на дзяцей? Але, на дзяцей. На некаторых вулiцах жанчыны баяцца пакiнуць дзiця адно на дзве хвiлiны. Вялiкiя бурыя пацукi. А самае жахлiвае, што гэтыя паганыя стварэннi заўсёды...

- Не кажы далей! - закрычаў Ўiнстан, шырока расплюшчыўшы вочы.

- Каханы! Ты ўвесь збялеў! Што з табою? Цi не ад пацукоў табе так блага?

- З усiх жахаў на свеце... пацук!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату