адновiць свет. Пролы засталiся чалавечнымi. Яны не счарсцвелi душой. Яны захавалi простыя пачуццi, якiм яму даводзiлася вучыцца нанава са свядомым намаганнем. Пры гэтай думцы ён згадаў, без вiдавочнай сувязi, пра тое, як некалькi тыдняў таму, убачыўшы на бруку адарваную руку, ён скiнуў яе нагой у канаву, нiбы капусную храпку.
- Пролы - гэта людзi, - гучна прамовiў ён. - А мы - не людзi.
- Чаму? - спыталася Джулiя, прачнуўшыся зноў.
Ён падумаў хвiлiнку.
- Цi прыходзiла табе калi ў галаву, - сказаў ён, - што найлепш нам было б проста пайсцi адсюль, пакуль не позна, i нiколi болей не сустракацца?
- Так, мой любы. Я не раз пра гэта думала. I ўсё ж я нiколi гэтага не зраблю.
- Дагэтуль нам шанцавала, - сказаў ён, - але доўга гэтак цягнуцца не можа. Ты маладая, выглядаеш нармальнай i бязвiннай. Калi ты будзеш трымацца далей ад такiх, як я, дык пражывеш яшчэ гадоў пяцьдзесят.
- Не. Я пра ўсё гэта думала. Я буду рабiць тое, што i ты. I не глядзi так змрочна на свет. Я так проста памiраць не збiраюся.
- Магчыма, мы будзем разам яшчэ паўгода, можа, год, але ўрэшце мы, напэўна, расстанемся. Цi ты сабе ўяўляеш, якiя мы будзем самотныя? Калi мы трапiм iм ў рукi, мы нiчога, абсалютна нiчога не зможам зрабiць адно аднаму. Калi я прызнаюся, яны цябе расстраляюць, i калi я не прызнаюся, яны ўсё роўна цябе расстраляюць. Што б я нi сказаў, што б я нi зрабiў, нават калi б я адмовiўся гаварыць, - я не здолею адкласцi тваю смерць хоць на пяць хвiлiн. Нiводзiн з нас не будзе ведаць, жывы другi цi ўжо мёртвы. Мы будзем абсалютна бяссiльныя. Адзiнае, што будзе важна, гэта не здрадзiць адно аднаму, хоць, урэшце, гэта нiчога не зменiць.
- Што да прызнанняў, - сказала яна, - дык мы прызнаемся так цi так. Усе прызнаюцца. Нiчога не зробiш. Там катуюць.
- Я маю на ўвазе не прызнанне. Прызнацца - не значыць здрадзiць. Важна не тое, што ты скажаш цi зробiш. Важна тое, што ты будзеш адчуваць. Калi яны прымусяць мяне перастаць цябе кахаць - вось тады будзе сапраўдная здрада.
Яна задумалася.
- Яны не здолеюць гэтага зрабiць, - сказала яна ўрэшце. - Гэта адзiнае, што iм не пад сiлу. Яны могуць прымусiць нас сказаць усё, што захочуць, але яны не могуць змусiць нас у гэта паверыць. Яны не могуць залезцi нам у душу.
- I праўда, - сказаў ён, трохi акрыяўшы духам. - Праўда, яны не могуць залезцi ў душу. Калi адчуваеш, што варта заставацца чалавекам, значыць, ты перамог.
Ён падумаў пра тэлегляд з заўсёды настаўленым вухам. Яны могуць сачыць удзень i ўначы, але, калi не губляеш развагi, можна iх абдурыць. Нягледзячы на ўсю iх хiтрасць, яны так i не знайшлi сакрэту, якi б дазволiў iм даведацца, пра што людзi думаюць. Iнакш бывае, напэўна, калi трапiш iм у рукi. Нiхто не ведае, што адбываецца ў Мiнiстэрстве Любовi, але можна было здагадацца: катаваннi, наркотыкi, адчувальныя прыборы, што вымяраюць нервовыя рэакцыi, паступовае знясiльванне волi бяссоннем, адзiнотай i няспыннымi допытамi. У любым выпадку, фактаў ад iх не схаваеш. Яны высвятлялiся пад час следстваў, кат выцягваў любыя прызнаннi. Але калi важна не застацца жывым, а застацца чалавекам, дык цi не ўсё роўна, дазнаюцца яны пра што цi не. Яны не маглi змянiць пачуццяў. Нават самому iх было не змянiць, нават i захацеўшы. Яны маглi да апошняй дробязi дазнацца пра тое, што ты сказаў, зрабiў або падумаў. Але самыя глубiнi душы, схаваныя нават ад самога чалавека, былi iм недасяжныя.
8
Нарэшце яны зрабiлi гэта!
Яны стаялi ў доўгiм мякка асветленым пакоi. Гук у тэлеглядзе быў прыглушаны да цiхага шэпту. Раскошны сiнi дыван быў пяшчотны, як аксамiт. У другiм канцы пакоя за сталом пад лямпай з зялёным каптуром сядзеў О'Браэн. Абапал яго на стале ляжалi стосы паперы. Ён нават не падняў вачэй, калi слуга ўвёў Джулiю i Ўiнстана.
Сэрца Ўiнстана калацiлася так моцна, што ён баяўся, цi здолее гаварыць. Яны зрабiлi гэта - была яго адзiная думка. Было неабачлiвым глупствам увогуле прыйсцi сюды, i ўжо сапраўдным вар'яцтвам - з'явiцца ўдваiх; хоць яны i прыйшлi рознымi дарогамi i сустрэлiся толькi каля самых дзвярэй О'Браэна. Нават каб проста хадзiць у гэтых мясцiнах, патрабавалася адчайная адвага. Толькi ў рэдкiх выпадках можна было пабачыць, як жывуць сябры Ўнутранай Партыi, цi хоць трапiць у квартал, дзе яны жывуць. Уся атмасфера вялiзнага дамовага блока, пышнасць i раскоша ўсяго, што было навокал, нязвычныя пахi добрай ежы i добрага тытуню, бясшумныя i неверагодна хуткiя лiфты, што паднiмалiся i апускалiся без штуршкоў, слугi ў белых марынарках, што сноўдалi сюды-туды - усё гэта наводзiла на страх. Хоць Ўiнстан i меў важкую прычыну сюды прыйсцi, усё ж на кожным кроку яго мучыў страх, што з-за рага з'явiцца патрульны ў чорнай унiформе, запатрабуе ў яго дакументы i загадае выйсцi. Аднак слуга О'Браэна сустрэў iх абаiх без пярэчанняў. Гэта быў нiзенькi чарнявы чалавечак, падобны да кiтайца, апрануты ў белую марынарку, з ромбападобным безуважным тварам.
Калiдор, па якiм ён iх вёў, быў засланы пышным дываном, на сценах былi крэмавыя шпалеры i белая шалёўка, усё блiшчала ад чысцiнi. I гэта таксама дадавала страху. Ўiнстан не памятаў, цi бачыў ён калi ў жыццi калiдор са сценамi, не запэцканымi плямамi ад дотыкаў чалавечых цел.
О'Браэн трымаў у руках кавалачак паперы i, здавалася, уважлiва яго вывучаў. Яго важкi твар, нахiлены так, што былi вiдны абрысы носа, здаваўся адначасова страшным i iнтэлiгентным. Секунд дваццаць ён сядзеў нерухома. Пасля падсунуў да сябе мовапiс i прадыктаваў распараджэнне на гiбрыдным мiнiстэрскiм жаргоне:
- 'Пункт адзiн коска пяць коска сем цалкам прыняты кропка прапанова пункт шэсць звышплюссмешны блiзка думзлачын скасаваць кропка спынiць будаўнiцтва перадмець плюс поўны разлiк тэхнiка кропка канец распарад'.
Ён паспешна падняўся з крэсла i выйшаў iм насустрач па дыване, што мякка заглушаў яго крокi. Нешта афiцыйнае, здавалася, адляцела ад яго разам з навамоўнымi словамi, але твар у яго быў змрачнейшы, чым звычайна, быццам ён быў незадаволены, што яго патурбавалi. Да страху, якiм быў ахоплены Ўiнстан, цяпер дадалося i нейкае звычайнае замяшанне. Яму здалося цалкам магчымым, што ён зрабiў недарэчную памылку. Бо i сапраўды, якi ён меў рэальны доказ, што О'Браэн - нейкi палiтычны змоўшчык? Адзiн толькi абмен позiркамi i нязначная двухсэнсоўная заўвага. Ну i яшчэ яго ўласныя патаемныя меркаваннi, заснаваныя на даўнiм сне. Ён не мог нават спаслацца на тое, што прыйшоў толькi каб узяць слоўнiк, бо тады немагчыма было б растлумачыць прысутнасць Джулii. Калi О'Браэн праходзiў мiма тэлегляда, яму ў галаву прыйшла нейкая iдэя. Ён спынiўся, павярнуўся i нацiснуў кнопку на сцяне. Штосьцi рэзка пстрыкнула. Голас змоўк.
Джулiя крыкнула ад здзiўлення. Нягледзячы на свой страх, Ўiнстан быў так уражаны, што не змаўчаў.
- Вы можаце яго выключыць! - сказаў ён.
- Так, - адказаў О'Браэн. - Мы можам яго выключыць. Мы маем такую прывiлею.
Цяпер ён стаяў перад iмi. Яго магутная постаць узвышалася над iмi, выраз твару ўсё яшчэ быў непранiкальны. Ён чакаў, нават з нейкай непрыязнасцю, пакуль Ўiнстан пачне гаварыць. Але што яму было сказаць? Нават i цяпер цалкам можна было дапусцiць, што О'Браэн проста вельмi заняты чалавек, якi раздражнёна пытаўся, нашто яго патурбавалi. Усе маўчалi. Пасля таго як быў выключаны тэлегляд, у пакоi запанавала мёртвая цiша. Пакутлiва цягнулiся секунды. Ўiнстан працягваў напружана глядзець у вочы О'Браэну. Раптам змрочны твар памякчэў, на iм прамiльгнуў лёгкi цень усмешкi. Сваiм характэрным рухам О'Браэн падправiў на носе акуляры.
- Ну што, сказаць мне цi вы самi скажаце? - запытаўся ён.
- Скажу я, - паспешлiва прамовiў Ўiнстан. - Гэтая штука сапраўды выключаная?
- Так, усё выключана. Мы адны.
- Мы прыйшлi, каб...
Ён спынiўся, упершыню адчуўшы цьмянасць i невыразнасць сваiх памкненняў. Ён папраўдзе i не ведаў, якое дапамогi чакае ад О'Браэна, i таму яму было цяжка сказаць, чаму ён прыйшоў. Ён працягваў, адчуваючы, што словы яго гучаць напышлiва i непераканаўча.
- Мы думаем, што iснуе нейкая таямнiчая падпольная арганiзацыя, якая дзейнiчае супраць Партыi, i што