несапраўднасцi, а значыць, i вiны. Двухдумства спачывае ў самiм сэрцы Ангсоцу, бо асноўны метад Партыi палягае ў тым, каб свядома чынiць махлярства, захоўваючы пры гэтым цвёрдасць намераў, заснаваных на поўнай шчырасцi. Наўмысна казаць хлусню, шчыра верачы ў яе, забыцца на факты, што сталiся неадпаведнымi бягучаму моманту, а калi зноў будзе неабходна, вярнуць iх з забыцця якраз настолькi, наколькi трэба, адмаўляць iснаванне аб'ектыўнае рэчаiснасцi, але ўвесь час лiчыцца з гэтай адмоўленай рэчаiснасцю - усё гэта абсалютна неабходна. Нават ужываючы слова 'двухдумства', трэба праявiць двухдумства, бо той, хто ўжывае гэтае слова, разумее, што тым самым фальшуе рэчаiснасць, i каб сцерцi са свядомасцi гэтае разуменне, неабходны новы акт двухдумства - i так да бясконцасцi, прычым мана заўсёды будзе на адзiн крок апераджаць праўду. Партыя здолела - i, як усе мы ведаем, яшчэ тысячы гадоў будзе здольная - спыняць хаду гiсторыi.
Усе былыя алiгархii страцiлi ўладу або праз тое, што яны закасцянелi, або праз тое, што змякчэлi i адрузлi. Яны або сталiся напышлiвымi i фанабэрнымi, няздольнымi прыстасавацца да зменлiвых абставiн, i былi зрынутыя; або, стаўшы лiберальнымi i баязлiвымi, саступалi там, дзе мусiлi ўжыць сiлу, i таксама былi зрынутыя. Гэта значыць яны загiнулi або праз свядомасць, або праз несвядомасць. Дасягненнем Партыi было тое, што яна выпрацавала сiстэму думак, у якой абедзве ўмовы могуць iснаваць адначасова. I толькi на гэтай iнтэлектуальнай падставе панаванне Партыi магло ўсталявацца навечна. Той, хто пануе i хоча працягнуць сваё панаванне, мусiць умець дэфармаваць пачуццё рэчаiснасцi. Бо сакрэт панавання палягае ў тым, каб спалучаць веру ў сваю бясхiбнасць з уменнем вучыцца на сваiх памылках.
Наўрад цi трэба казаць, што найбольш спрактыкаваныя ў двухдумстве тыя, хто вынайшаў двухдумства i ведае, што гэта - шырокая сiстэма разумовага махлярства. У нашым грамадстве тыя, хто найлепш ведае, што адбываецца навокал, якраз найменш за ўсiх здольныя ўспрымаць свет, якiм ён ёсць. Увогуле: чым болей разумення, тым болей аблуды, чым чалавек больш iнтэлiгентны, тым менш у яго здаровага розуму. Яскравы прыклад гэтаму - факт, што ваенная iстэрыя павышаецца разам з падняццем угору па сацыяльнай лесвiцы. Найбольш наблiжаецца да разумнага ўспрымання вайны жыхарства спрэчных тэрыторый. Для гэтых людзей вайна - гэта проста бясконцае бедства, што пракочваецца па iх зямлi, як прылiў i адлiў. Якi з бакоў перамагае - iм абсалютна ўсё адно. Яны ведаюць, што змена ўладара значыць толькi, што яны будуць рабiць тую самую працу, што i раней, на новых гаспадароў, якiя будуць ставiцца да iх гэтаксама, як i старыя. Трошкi меней заняволеныя рабочыя, якiх мы называем 'проламi', усведамляюць сутнасць вайны толькi часткова. Калi неабходна, у iх можна распалiць шал страху i нянавiсцi, але калi iх не чапаць, яны могуць надоўга забыцца, што iдзе вайна. Сапраўдны ж ваенны запал можна сустрэць у шэрагах Партыi, i асаблiва Ўнутранай Партыi. Найбольш непахiсна ў заваёву свету вераць тыя, хто ведае, што гэта немагчыма. Гэтае адмысловае злучэнне процiлегласцяў - ведаў з невуцтвам, цынiзму з фанатызмам - адна з галоўных характэрных рысаў акiянiйскага грамадства. Афiцыйная iдэалогiя перапоўнена супярэчнасцямi, хоць у гэтым няма нiякае практычнае патрэбы. Так, Партыя адкiдае i зневажае ўсе тыя прынцыпы, на якiх першапачаткова грунтаваўся сацыялiстычны рух, сцвярджаючы, што робiць гэта ў iмя сацыялiзму. Яна заклiкае да нечуванай у былыя стагоддзi пагарды да рабочага класа, а тым часам апранае сваiх сябраў ва ўнiформу, што калiсьцi насiлi рабочыя, i якраз таму выбраную. Яна сiстэматычна разбурае сямейныя сувязi, але называе свайго лiдэра iмем, якое непасрэдна звязана з пачуццём сяменнае лучнасцi. Нават назвы чатырох Мiнiстэрстваў, якiя намi кiруюць, выдаюць бессаромнае i адкрытае перакручванне фактаў. Мiнiстэрства Мiру займаецца вайною, Мiнiстэрства Праўды - хлуснёй, Мiнiстэрства Любовi катаваннямi, а Мiнiстэрства Дастатку морыць людзей голадам. Супярэчнасцi гэтыя невыпадковыя, яны выклiканы не звычайнай крывадушнасцю - гэта свядомае ўжыванне двухдумства. Бо толькi прымiрыўшы супярэчнасцi, можна захаваць уладу навечна. Нiяк iначай стары лад гiсторыi не можа быць разбiты. Калi неабходна пазбегнуць роўнасцi ўсiх людзей - калi Вышэйшыя, як мы iх назвалi, збiраюцца захаваць свае пазiцыi навечна, - дык тады пераважным ладам мыслення мусiць стацца кантраляванае вар'яцтва.
Але застаецца адно пытанне, якое мы дагэтуль амаль не закраналi: чаму неабходна пазбегнуць роўнасцi ўсiх людзей? Дапусцiм, што сам механiзм дзеяння грамадства быў дакладна апiсаны. Дык чым жа выклiкана гэтая гiганцкая, дасканала спланаваная спроба спынiць плынь гiсторыi ў пэўны момант?
Тут мы падыходзiм да цэнтральнага сакрэту. Як мы ўжо бачылi, таемнасць Партыi, i перадусiм Унутранай Партыi, грунтуецца на двухдумстве. Але яшчэ глыбей ляжыць першапачатковая прычына, нiколi не стаўлены пад сумненне iнстынкт, якi прывёў спачатку да захопу ўлады, а пасля спарадзiў двухдумства, Палiцыю Думак, перманентную вайну i ўсе iншыя неабходныя прыналежнасцi. На самай справе прычына гэтая палягае ў...
Ўiнстан заўважыў, што ў пакоi зрабiлася цiха - гэтак, як заўважаеш нейкi новы гук. Яму здалося, што ўжо нейкi час Джулiя маўчыць. Яна ляжала на баку, раздзетая вышэй пояса, паклаўшы шчаку на далонь, цёмная пасмачка валасоў упала ёй на вочы. Яе грудзi павольна i мерна падымалiся i апускалiся.
- Джулiя.
Маўчанне.
- Джулiя, ты спiш?
Маўчанне. Яна спала. Ён загарнуў кнiгу, асцярожна паклаў яе на падлогу, лёг сам i накрыў сябе i Джулiю коўдрай.
Ён усё яшчэ не ведаў галоўнага сакрэту. Ён разумеў як, але не разумеў чаму. I ў раздзеле I, i ў раздзеле III ён не прачытаў нiчога, чаго б ён ужо не ведаў, ён проста ўпарадкаваў свае веды. Але прачытаўшы, ён яшчэ болей упэўнiўся, што не быў вар'ятам. Тое, што ты ў меншасцi, нават калi меншасць гэтая складаецца толькi з аднаго чалавека, яшчэ не значыць, што ты вар'ят. Iснуе праўда i няпраўда, i калi ты трымаешся праўды, нават насуперак усяму свету, значыць, ты не вар'ят. Косы прамень вячэрняга сонца зазiрнуў у пакой i ўпаў на падушку. Ўiнстан заплюшчыў вочы. Сонца ў яго на твары i дотык гладкага цела дзяўчыны напоўнiлi яго здаровым i супакойлiвым пачуццём надзейнасцi. Ён быў у бяспецы, усё было добра. Ён прашаптаў: 'Здаровы розум не паддаецца вымярэнню', адчуваючы, што ў гэтай заўвазе хаваецца глыбокая мудрасць, i спакойна заснуў.
10
Калi ён прачнуўся, яму здалося, што спаў ён вельмi доўга, але, зiрнуўшы на старамодны гадзiннiк, ён убачыў, што было яшчэ толькi дваццаць трыццаць. Ён яшчэ трошкi падрамаў, пакуль з двара не пачуўся знаёмы грудны голас:
То была безнадзейная мара,
Што сплыла, як вясною вада.
Ды ад позiркаў тых i ад слоў дарагiх
Назаўжды ў маiм сэрцы нуда.
Гэтая бязглуздая песня, вiдаць, усё яшчэ была папулярная. Яна гучала адусюль i перажыла нават 'Песню Нянавiсцi'. Спевы абудзiлi Джулiю, яна з асалодай пацягнулася i ўстала з ложка.
- Я хачу есцi, - сказала яна. - Давай зварым яшчэ кавы. Халера! Керагаз патух, i вада астыла, - яна падняла керагаз i патрэсла. - Газа скончылася.
- Я думаю, можна пазычыць у старога Чэрынгтана.
- Дзiўна, але мне здавалася, што ён быў поўны. Я адзенуся, - дадала яна. Здаецца, пахаладнела.
Ўiнстан таксама ўстаў i адзеўся. Нястомны голас працягваў:
Кажуць, з часам загояцца раны
I не ўспомнiш пра боль, пра ману.
Але слёзы i смех тых далёкiх уцех
Закрануць майго сэрца струну.
Зашпiлiўшы папругу свайго камбiнезона, ён прайшоў праз пакой да акна. Сонца ўжо схавалася за дамамi i болей не асвятляла двор. Брук быў мокры, нiбы яго толькi што памылi, i яму здалося, што неба таксама толькi што памылi, такi свежы i бледны быў блакiт памiж комiнамi. Жанчына нястомна хадзiла сюды-туды, займаючы рот зашчэпкамi i вызваляючы яго, спяваючы i замаўкаючы, чапляючы i чапляючы на вяроўку пялюшкi, адну за адной. Ён падумаў: цi яна зарабляе праннем на жыццё, цi проста рабыня дваццацi або трыццацi ўнукаў. Джулiя падышла i стала побач. Яны стаялi разам i з нейкiм захапленнем пазiралi на мажную постаць унiзе. Ён глядзеў на жанчыну, што стаяла ў сваёй звычнай позе, падняўшы тоўстыя рукi да вяроўкi i выставiўшы магутны кабылiн азадак, i ўпершыню яму прыйшла ў галаву думка, што яна прыгожая. Дагэтуль ён нiколi не задумваўся над тым, што цела пяцiдзесяцiгадовай жанчыны, распертае да пачварных памераў шматлiкiмi цяжарнасцямi, зацвярдзелае i агрублае, зморшчанае, як пераспелая рэпа, можа быць прыгожае. Але гэтак было, дый урэшце чаму так не магло быць? Магутнае, бясформеннае, як глыба гранiту, цела, грубая чырвоная скура былi ў параўнаннi з дзявочым целам, як плод шыпшыны ў параўнаннi з кветкаю. Чаму ж плод мусiць цанiцца нiжэй за кветку?