акуляраў. Ён кiнуў на Ўiнстана адзiн востры позiрк, нiбы апазнаючы яго асобу, i болей не звяртаў на яго ўвагi. Яго яшчэ можна было пазнаць, але гэта быў ужо зусiм iншы чалавек. Ён пазграбнеў i здаваўся вышэйшым. У твары адбылiся вельмi дробныя змены, але ён стаў зусiм iншы. Чорныя бровы парадзелi, зморшчыны знiклi, усе лiнii твару неяк перамянiлiся, нават нос здаваўся цяпер карацейшым. Гэта быў насцярожаны халодны твар чалавека гадоў трыццацi пяцi. Ўiнстан падумаў, што ўпершыню ў жыццi ён дакладна ведаў: перад iм стаiць супрацоўнiк Палiцыi Думак.
Частка трэцяя
1
Ён не ведаў, дзе ён. Можна было здагадвацца, што ён быў у Мiнiстэрстве Любовi, але праверыць гэта не было як.
Ён знаходзiўся ў камеры без вокнаў, з высокай столлю, са сценамi з блiскучае белае кафлi. Схаваныя лямпы залiвалi яе халодным святлом, аднекуль чулася нiзкае няспыннае гудзенне, звязанае, як меркаваў Ўiнстан, з падачай паветра. Вузкая, толькi каб сесцi, лава цягнулася ўздоўж сцен i перарывалася толькi дзвярыма i, ля сцяны, што насупраць дзвярэй, унiтазам без драўлянага седала. У камеры былi чатыры тэлегляды, па адным на кожнай сцяне.
Ён адчуваў глухi боль у жываце. Жывот пачаў балець з таго моманту, як яны запхнулi яго ў закрыты фургон i некуды павезлi. А яшчэ яго мучыў голад, нейкi агiдны, угрызлiвы голад. З таго часу, як ён еў, прайшло ўжо, мабыць, дваццаць чатыры гадзiны, а можа, i трыццаць шэсць. Ён усё яшчэ не ведаў i, вiдаць, нiколi ўжо не даведаецца, калi яго арыштавалi, - ранiцай або вечарам. З таго часу, як ён быў арыштаваны, яго не кармiлi.
Ён сядзеў цiха, як толькi мог, на вузкай лаве, склаўшы рукi на каленях. Ён ужо навучыўся сядзець цiха. Калi зрабiць нечаканы рух, яны закрычаць з тэлегляда. Але голад рабiўся ўсё больш нясцерпны. Больш за ўсё ён марыў цяпер пра лустачку хлеба. Ён падумаў, што ў кiшэнi камбiнезона павiнна быць трохi хлебных крыхотак. Магчыма нават - ён падумаў так, бо час ад часу здавалася, быццам нешта ўпiнаецца ў сцягно, - што там быў ладны акрайчык. Урэшце спакуса праверыць перасiлiла ягоны страх. Ён засунуў руку ў кiшэню.
- Смiт! - закрычаў голас з тэлегляда. - 6079 Смiт У.! Рукi прэч з кiшэняў! Забараняецца засоўваць рукi ў кiшэнi ў камеры!
Ён зноў цiхенька сеў i склаў рукi на каленях. Перш чым трапiць сюды, ён прабыў нейкi час у iншым месцы - гэта была звычайная турма або проста часовая арыштоўня, куды патрулi завозiлi затрыманых. Ён не ведаў, колькi часу ён там прабыў, але некалькi гадзiн то пэўна. Без гадзiннiка i без дзённага святла вельмi цяжка было вымераць час. Гэта было тлумнае смуроднае памяшканне. Яны кiнулi яго ў камеру, падобную да той, у якой ён быў цяпер, але агiдна брудную i ўвесь час запоўненую дзесяццю-пятнаццаццю чалавекамi. Большасць з iх былi простыя крымiнальнiкi, але было сярод iх i некалькi палiтычных зняволеных. Ён цiхенька сядзеў, прыцiснуўшыся да сцяны, штурханы бруднымi целамi, занадта засяроджаны на сваiм страху i на болю ў жываце, каб зважаць на тое, што адбываецца навокал, i, аднак, яму кiнулася ў вочы дзiўная рознiца ў паводзiнах памiж сябрамi Партыi i астатнiмi зняволенымi. Партыйцы былi заўсёды маўклiвыя i напалоханыя, а звычайным крымiнальнiкам, здавалася, было на ўсё напляваць. Яны лаялiся на ахоўнiкаў, зацята супрацiўлялiся, калi тыя спрабавалi канфiскаваць iх рэчы, пiсалi непрыстойнасцi на падлозе, елi кантрабандную ежу, якую яны выцягвалi з таемных схованак у вопратцы, i нават заглушалi сваiмi крыкамi тэлегляд, калi той спрабаваў навесцi парадак. З другога боку, здавалася, што некаторыя з iх былi ў добрых адносiнах з ахоўнiкамi, звалi iх па iменi i спрабавалi выцыганiць у iх цыгарэты праз вочка ў дзвярах. Дый ахоўнiкi таксама ставiлiся да крымiнальнiкаў з нейкай спагаднасцю, нават калi мусiлi абыходзiцца з iмi сурова. У камеры шмат гаварылася пра лагеры прымусовай працы, у якiя, як меркавалася, мелi выслаць большасць зняволеных. Як з гэтых размоў, дык у лагерах было 'нiшто сабе', калi маеш добрае знаёмства i трохi клёку ў галаве. Там буяла хабарнiцтва, фаварытызм i вымаганне ўсiх гатункаў, там iснавала мужаложства i прастытуцыя, там нават падпольна гналi спiрт з бульбы. Важныя пасады там давяралiся толькi крымiнальнiкам, асаблiва рабаўнiкам i забойцам, якiя складалi нешта накшталт арыстакратыi. Усю брудную працу рабiлi палiтычныя.
Насельнiкi камеры ўвесь час мянялiся, няспыннай чарадою то заводзiлi, то выводзiлi самых розных вязняў: гандляроў наркотыкамi, зладзеяў, бандытаў, спекулянтаў, прапойцаў, прастытутак. Некаторыя п'яныя гэтак буянiлi, што iншыя вязнi мусiлi разам iх супакойваць. Вялiзную кабецiшчу гадоў шэсцьдзесят з вялiкiмi адвiслымi грудзьмi i рэдкiмi пасмамi сiвых валасоў, павыдзiраных у бойках, уцягнулi ў камеру чатыры ахоўнiкi, хоць яна i ўпiралася, нема гарлаючы i таўхаючы iх нагамi. Яны сцягнулi з яе боты, якiмi яна спрабавала iх убрыкнуць, i звалiлi яе акурат на каленi Ўiнстану, ледзь не паламаўшы яму сцегнавыя косцi. Яна падхапiлася i закрычала iм наўздагон: 'Сраныя выблядкi!' Пасля, заўважыўшы, што сядзiць на нечым нетрывалым, яна з'ехала з Ўiнстанавых каленяў на лаву.
- Прабачай, каханенькi, - сказала яна. - Я на цябе не села б, каб гэтыя засранцы не пасадзiлi. Не ведаюць, як з жанчынай абыходзiцца, цi што? - яна памаўчала, пачухала грудзi i адрыгнула. - Прабачай, - сказала яна, - мне трохi няможацца.
Яна нахiлiлася наперад, i яе званiтавала на падлогу.
- Во так лепей, - сказала яна, адхiлiўшыся назад i заплюшчыўшы вочы. Нiколi не трымай у сабе, во што я кажу. Рыгай, пакуль цёпленькае.
Яна ачомалася, павярнулася, каб яшчэ раз паглядзець на Ўiнстана, i, здаецца, адразу яго ўпадабала. Сваёй вялiзнай рукою яна абняла яго i прытулiла да сябе, дыхаючы яму ў твар пiвам i ванiтамi.
- Як цябе завуць, каханенькi? - спыталася яна.
- Смiт, - адказаў Ўiнстан.
- Смiт? - здзiвiлася жанчына. - Во смешна. Маё прозвiшча таксама Смiт. А што, - дадала яна расчулена, - я магла б быць тваёй мацi!
'Яна магла б быць маёй мацi', - падумаў Ўiнстан. Узрост i знешнасць падыходзiлi, i было цалкам верагодна, што людзi мянялiся, адбыўшы дваццаць гадоў у лагеры прымусовай працы.
Больш нiхто з iм не гаварыў. Было дзiўна, што крымiнальнiкi не звярталi нiякай увагi на зняволеных партыйцаў. 'Палiты', - называлi яны iх з абыякавай знявагай. Зняволеныя сябры Партыi, здавалася, страшна баялiся з некiм загаварыць, асаблiва ж адзiн з адным. Толькi аднойчы, калi два сябры Партыi, дзве жанчыны, апынулiся побач на лаве, прыцiснутыя ў цясноце адна да адной, Ўiнстан расчуў у гамане галасоў некалькi паспешлiва прашаптаных словаў, сярод якiх ён здолеў разабраць нешта накшталт 'пакой сто адзiн', але не зразумеў, што гэта значыць.
Сюды ж яны перавялi яго дзве цi тры гадзiны таму. Глухi боль у жываце не праходзiў, часам балела меней, часам болей, адпаведна з гэтым думкi яго то пашыралiся, то сцiскалiся. Калi балела мацней, ён думаў толькi пра сам боль i пра жаданне есцi. Калi адпускала, яго ахоплiвала панiка. Былi хвiлiны, калi ён з такой дакладнасцю ўяўляў сабе ўсё, што яго чакае, што ў яго займала дух, а сэрца пачынала шалёна калацiцца. Ён адчуваў, як яго будуць бiць дубiнкамi па локцях i каванымi ботамi па костках; ён бачыў, як будзе поўзаць па падлозе, просячы лiтасцi праз выбiтыя зубы. Ён амаль не думаў пра Джулiю. Ён не мог засяродзiць на ёй свае думкi. Ён кахаў яе i не збiраўся ёй здрадзiць; але гэта было голае сцверджанне, ён проста ведаў гэта, як ведаў правiлы арыфметыкi. Ён не адчуваў кахання да яе, i наўрад цi яго цiкавiла, што з ёй сталася. Ён думаў часцей пра О'Браэна, думаў з нейкай мiгатлiвай надзеяй. О'Браэн павiнен ведаць, што яго арыштавалi. Братэрства, казаў ён, нiколi не спрабуе ўратаваць сваiх сябраў. Але ж лязо, яны прыслалi б лязо, калi б маглi. Прайшло б, можа, секунд пяць, перш чым ахоўнiк паспеў бы ўварвацца ў камеру. Лязо ўвайшло б у яго з нейкай пякучай сцюдзёнасцю i нават парэзала б да касцей пальцы, што яго трымалi. Усё гэта адгукалася ў яго нямоглым целе, якое дрыгатлiва сцiскалася ад найменшага болю. Ён не быў пэўны, цi ўжыве ён лязо, нават калi будзе мець такую магчымасць. Было ўсё ж натуральней iснаваць ад хвiлiны да хвiлiны, згаджаючыся пажыць яшчэ дзесяць хвiлiн, нават ведаючы, што пасля iх цябе чакае катаванне.
Часам ён спрабаваў падлiчыць колькасць кафляных плiтак у сцяне камеры. Гэта нiбыта было i няцяжка, але ён заўсёды збiваўся на тым або iншым месцы. Часцей яго хвалявала, дзе ён i каторая цяпер гадзiна. Нейкi момант ён адчуваў напэўна, што звонку быў дзень, у наступны ж момант яму з гэткай жа пэўнасцю здавалася, што там апраметная цемра. Тут жа, як ён здагадваўся, святло не выключалася нiколi. Гэта было месца, дзе няма цемры: цяпер ён зразумеў, чаму О'Браэн разгадаў яго намёк. У Мiнiстэрстве Любовi не было вокнаў. Яго камера магла знаходзiцца ў самай сярэдзiне будынка або пры яго вонкавай сцяне, на дзесятым паверсе пад зямлёй або на трыццатым над ёю. Ён у думках пераносiў сябе з месца на месца i спрабаваў вызначыць з цялесных адчуванняў, вiсеў ён высока ў паветры цi быў пахаваны глыбока пад зямлёй.
Пачуўся тупат ботаў. Сталёвыя дзверы з бразгатам расчынiлiся. Малады афiцэр, спраўная постаць у