даляцеў цiхi звон на многа галасоў, што ўсё роўна пелi дзе далёка на полi ў жыце бабы... Песня была на адным тоне, лезла ў вушы як з-пад зямлi, i трэба было натапырыцца, каб яе пачуць.

Пасля Боганчыку здалося, што ные зямля: у яго пад нагамi, пад нагамi ў жарабка i ў людзей, i ля самай крушнi камення, дзе ён быў упаў i счасаў локцi...

- Назад! Галовы!.. - намогся крыкнуць ён зноў, ажно пачуў, што шэпча, не можа гаварыць, што яго не чуюць i ён нiчога не чуе; толькi ные за лазой, дзе пажар, зямля... Ад таго, мусiць, i звiнiць увушшу...

Угары над Людвiновам расплылося белае воблака, што ад ветру, i ападала на лес. За лазой бушаваў агонь i мiтусiўся ў вачах палосамi: знiзу ўверх.

На поле папоўз дым, засцiлаючы дарогу ля загумення. Не было ветру, i дым, спёрты, клаўся на зямлю, не хочучы iсцi ў неба.

У Боганчыка звiнела, не ацiхала, у вушах, i ён падумаў, што возьме абвалiцца, не ўстоiць на нагах...

- Наза-а-ад!.. Назад! На Завiшына... За раку. Не стойце!.. - закрычаў ён зноў.

Затрашчаў за лазой у Людвiнове, недзе ў самым канцы ля студнi, кулямёт. Пок-пок... - чуваць былi пасля рэдкiя стрэлы, усё роўна як лопалiся сухiя порхаўкi пад нагамi на дарозе. Высока над галовамi, над лесам засвiсталi кулi. Стралялi ў гэты бок - у расцяроб.

Ля калёс усе маўчалi; глядзелi, утаропiўшыся, на агонь, нiбыта яго, Боганчыка, не чулi. Замычаў толькi ля калёс Янук, паказваючы рукамi ў кут, на поле, i сцiх.

Тады Боганчык пачуў, як на дарозе, што iшла з шашы ў Людвiнова i якой яны ля могiлак яшчэ ля Сушкава збiралiся ехаць, загудзелi машыны. Гудзелi доўга i моцна, iшлi пад гару, ад iх стагнаў лес. Пасля машыны паказалiся на полi ў самым куце.

- Немцы!.. Назад!.. - зноў закрычаў Боганчык.

Убачыў пасля, як прыцiснулiся адзiн да аднаго ля калёс людзi, збiўшыся ў кучку, i ён астаўся адзiн на дарозе, воддаль ад усiх...

Поле засцiлаў дым аж да самага лесу...

6

Алёшу зноў вяла галава. Пад бокам рабiлiся мяккiя мяхi, што сена, i грэлi. Угары былi вiдаць сухiя дзiдаватыя яловыя лапкi, i Алёша падумаў, што мужчыны, абмiнуўшы Людвiнова, паехалi лесам на Завiшына.

Калыхала на мяхах, лiплiся вочы, i яму здавалася, што ён дома, за хатай на качэлях...

За хатай, у гародзе пад раку, у iх усягды свяцiла сонца, за хатай i паставiлi качэлi. Укапалi слупы на згон зiмы, калi яшчэ не адтала добра зямля ля прызбы i ямкi на дне трэба было дзяўбсцi старым сагнутым ломам. Дзёўб ён, Алёша, дзе была мёрзлая груда i яе не брала рыдлёўка. Слупы прывязлi з-пад Карчаватак, зрэзаўшы адумысла сасну: аскаблiлi на двары ля дрывотнi, пакруцiлi вялiкiм тэбалем, пазычыўшы ў Панка, дзiркi i, падняўшы слупы, апусцiлi iх у гародзе ў ямы.

Апускалi ўсёй сям'ёй. Нават мацi выйшла на гарод i ўзялася за рыдлёўку, але яе адвёў пад прызбу бацька i пасадзiў на калодачку. Мацеры цяжка, яна ўжо ледзь ходзiць. Не было на гародзе толькi Юзюка: павёз у Камена за раку кутузаўцаў. Кутузаўцы прыйшлi ноччу i доўга драгалi ў дзверы, пакуль iшла адчыняць мацi. Iх было многа - пабралi коней з усёй вёскi.

Качэлi складалi на зямлi, уставiлi вось у слупы - у дзiркi - i заклiнавалi ў ёй дубовым клiннем палкi, да якiх была ўнiзе прыбiта лавачка з яловай дошкi - ляжала на жалезных прантах. Лавачку вышчапiў бацька з калодкi, ачасаў тапаром i выгаблiў старым Панковым габэлькам.

Апусцiўшы слупы, iх абкiдалi ў яме каменнем i зямлёй, абтапталi пасля, далi падпоркi, i Алёша стаў на лавачку, разуўшыся: кiнуў дзеравяшкi пад прызбу.

Алёшу, калi ён узяўся рукамi за палкi, падпiхнуў бацька, упёршыся ў плечы. Алёша пачуў, як яго пацягнула ўперад, падняло ўгару ад зямлi аж да верхняй шалёўкi ў акне. Калi яго адкiнула назад - заскрыпела над галавой вось: туга хадзiла ў дзiрках, Алёша, каб не стаць, сагнуў у каленях ногi i сам падбiў лавачку...

Чуў пасля, як кратаюцца ў зямлi слупы, не памагаюць i падпоры, як бацька сказаў: 'Ну-ну...' - i адышоўся далей пад прызбу; як зноў пачала на яго, Алёшу, крычаць мацi, што ён зверне галаву.

У вачах мiгнуўся гарод - чорная ралля ад хаты аж да логу - з паламаным з зiмы плотам, ацiснутым i паваленым ля град; апынулася пад нагамi вулiца з чужымi парасятамi, што рылiся пад парканам; закалыхаўся ўзад-уперад гародчык ад вулiцы з сукаватым бэзам i сiвымi, стаптанымi курамi i палёгшымi на зямлю яшчэ з восенi квятамi - марозам.

Блiшчала ў акне сонца, бiла ў вочы, калi ён згiнаў каленi i ляцеў да варыўнi. Сонца зайшло з гароду, але ў ногi было холадна. У ногi холадна было i на зямлi: яна адтала яшчэ не глыбока. Ля прызбы пайшла расцi толькi адна крапiва, чырвоная, што старое шчаўе летам на Выганчыку, i вылез на раллi ля мяжы, паказаўшы белае лiсце, хрэн.

Усюды яшчэ была чорная пасля снегу зямля.

Чорная была i сырая сцяна ад гароду ў варыўнi, i ўвесь канец вёскi здалёку быў чорны i пусты, усё роўна як яго вымела за зiму ветрам.

Алёшу здавалася: ён скача з самай верхняй перакладзiны ў салому ў вялiкай калгаснай пунi, што да вайны стаяла ля лесу i якую, разрэзаўшы страху, разабралi людзi, перавёзшы на загуменне сабе на пунi.

Калi Алёша косiцца на двор, бачыць дрывотню i студню. Хлеўчыка не вiдаць, ён паказваецца толькi, як моцна падаб'еш лавачку. Вiдаць тады старая дранiца на страсе; з краю, ад гароду, дзе цякло на парасят, ляжыць разасланая шэрая яловая кара, прыцiснутая старым пашчапаным карытам, у якiм перш давалi свiнням. У тым кутку - пад вуглом ад гароду - няслiся куры.

Учора вечарам ля курынага гнязда на зямлi пад леташнiм рудым лiсцем ад дзядоўнiку ён схаваў мiну ад нямецкага мiнамёта. Знайшоў яе на пасецы ля iмшары - ля леташнiх акопаў, якiх нарылi ўвосень, калi стаяў у вёсцы 'Жалязняк'. Па 'Жалезняку' бiлi немцы з Сушкава, з мiнамётаў. Мiна ўехала ў зямлю, вiдаць была толькi пята з новымi чырвонымi жалезнымi крыльцамi. Пята высока тырчала з зямлi - на ўсе пальцы. На ёй было дванаццаць крыльцаў Алёша доўга не мог злiчыць, - i яны, мусiць, былi стальныя, бо, калi ён стрэпаў па iх ногцямi, яны звiнелi. Пасярод пяты блiшчаў жоўценькi капсуль, як начышчаны. У iм была ямка - вялiкая, у яе лез кончык дубчыка. Пад крыльцамi на тонкiм хвасце ў мiны чарнелi дзiркi, як вымазаныя ў сажу, маленькiя i круглыя, усё роўна што яе патачылi жукi. Ад зямлi дзiркi былi пазабiваны жоўтым пяском i чырвонай глiнай. Пясок усох, не хацеў выкалупвацца, калi Алёша торкаў у дзiркi дубчыкам. Глiны накарэла i на самым хвасце мiж крыльцаў. Тырчала мiна недалёка ад ямы, шырокай i мелкай; ля яе ўсё роўна што куры падралi зямлю.

Каб мiна не кранулася адразу ў зямлi ад рукi, ён бы яе не зачапiў, пабаяўся б. А то яна лёгка пайшла з пяску, што моркавiна з грады, калi Алёша, сагнуўшыся, учапiўся рукой за крыльцы i пацягнуў уверх. Мiна была лёгкая, яе можна было падняць у руцэ i нясцi.

Алёша перанёс яе ў соснiк, да ям, а з цямном, узяўшы ў падол, прынёс перад сабой дамоў i паклаў ля паркана ў дзядоўнiку. У нядзелю ён пакажа яе Юзюку, i яны пойдуць глушыць рыбу ў Верх-возера.

На качэлях стала холадна: вецер ганяў ля плячэй сарочку; раз'ехаўся на грудзях замочак. Стары зусiм, разнасiўся: мацi да вайны купiла, калi ў вёсцы была лаўка. Мацi пашыла тады сацiнавую сарочку з замком i з кiшэнькай на грудзях. Алёша знасiў ужо дзве сарочкi з адным замочкам: мацi выпорвала замок са старой i ўшывала ў новую. Цяпер яна ўшыла замочак у сарочку з кужалю, якую пасля кiпяцiла на двары ў вялiкiм гаршку ў мучанiчнiку разам з маткамi i насiла на грэблю мачыць у руду ў канаве...

Скрыпяць за хатай ад вулiцы вароты. Мацi клiча з двара бацьку, мусiць, стоячы на ганку, - пайшла з-пад хаты, Алёша не агледзеў калi. Павярнуўшыся, ён глядзiць на двор, але праз паркан нiчога не бачыць. Вiдаць толькi, як б'юцца на сасне, што на дзядзiнцы ля фермы, бацяны: зганяюць адзiн аднаго з голай бараны - яны толькi ўчора прыляцелi з балота, гняздо, можа, будуць рабiць сёлета. З лесу едуць на падводах партызаны, расцягнулiся ад ям аж у вёску. Гэтулькi падвод было, як вазiлi талакой з лесу бярвенне Януку на новую хату, калi згарэла ў яго старая перад самай вайной у вялiкi пажар...

Бацька, нiчога не сказаўшы, пайшоў на двор, пасля зноў вярнуўся i крыкнуў здалёку праз паркан:

- Марш дамоў... Паставiлi шыбенiцу... - Бацька быў нейкi iнакшы. Ля ганка пагладзiў яго, Алёшу, па галаве i, гледзячы на загуменне, сказаў: Бяжы да Насты. Гародам, дзе сушэй... Хай прыйдзе да нас. Не стой.

На гародах Алёша пачуў, як закрычала дома на ўсю хату мацi. Аглянуўшыся, убачыў, што ходзiць па двары ля дрывотнiка бацька.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату