не мог вымавiць нi слова.

Толькi праз некалькi мiнут ён трохi апамятаўся, i тады садоўнiк занёс яго назад на лужок.

Глюмдальклiч была ўжо там.

Бедная, залiваючыся слязамi, яна кiдалася сюды-туды i клiкала Гулiвера.

Садоўнiк з паклонам уручыў ёй пана Грыльдрыга.

Дзяўчынка ўважлiва агледзела свайго выхаванца, убачыла, што ён цэлы i здаровы, i з палёгкай уздыхнула.

Выцiраючы слёзы, яна пачала дакараць садоўнiка за тое, што ён пусцiў сабаку ў прыдворны сад. Садоўнiк i сам быў не рады гэтаму. Ён бажыўся i кляўся, што больш нiколi не падпусцiць нiводнага сабакi - нi свайго, нi чужога - нават i блiзка да агароджы саду, хай толькi панi Глюмдальклiч i пан Грыльдрыг не расказваюць пра гэты выпадак яе вялiкасцi.

На тым i пагадзiлiся.

Глюмдальклiч маўчала, бо i сама баялася, каб каралева не раззлавалася на яе, а Гулiверу таксама не хацелася, каб прыдворныя смяялiся з яго i расказвалi адзiн другому пра тое, як ён пабываў у зубах нейкага шчанюка.

Пасля гэтага выпадку Глюмдальклiч цвёрда вырашыла не адпускаць ад сябе Гулiвера нi на хвiлiну.

Гулiвер даўно ўжо баяўся такога рашэння i таму ўтойваў ад сваёй нянечкi розныя дробныя прыгоды, якiя раз-пораз здаралiся з iм, калi яе не было паблiзу.

Аднойчы каршун, якi лётаў над садам, раптам каменем рынуўся на яго. Але Гулiвер не разгубiўся, выхапiў з ножан сваю шпагу i, размахваючы ёю, кiнуўся ў кусты.

Калi б не гэты спрытны манеўр, каршун, напэўна, панёс бы яго ў сваiх кiпцюрах.

Другi раз у час прагулкi Гулiвер залез на вяршыню нейкага пагорка i раптам правалiўся ў нару, выкапаную кротам.

Цяжка нават расказаць, як нялёгка было яму выбрацца адтуль, але ён усё-такi вылез сам, без чужой дапамогi, i нi словам нiводнай жывой душы не расказаў пра гэтае здарэнне.

Трэцi раз ён вярнуўся да Глюмдальклiч накульгваючы i сказаў, што вывiхнуў нагу. На самай жа справе, гуляючы i ўспамiнаючы сваю мiлую Ангельшчыну, ён напароўся на ракавiну смаўжа i ледзь не зламаў сабе нагу.

Дзiўнае пачуццё валодала Гулiверам у час такiх адзiнокiх прагулак: яму было i добра, i жудасна, i сумна.

Нават самыя маленькiя птушачкi зусiм не баялiся яго: яны спакойна рабiлi сваю справу - скакалi, мiтусiлiся, шукалi чарвякоў i казявак, як быццам Гулiвера i не было каля iх.

А то неяк адзiн смелы дрозд, весела цырыкнуўшы, падскочыў да беднага Грыльдрыга i выхапiў у яго з рук кавалак пiрага, якi Глюмдальклiч дала яму на снеданне.

Калi Гулiвер спрабаваў злавiць якую-небудзь птушку, яна спакойна паварочвалася да яго i старалася дзеўбануць у галаву цi ў працягнутыя рукi. Гулiвер мiмаволi адскокваў.

Але неяк ён усё-такi злаўчыўся, запусцiў тоўстую дубiну ў адну непаваротлiвую канаплянку, i тая ўпала як нежывая. Гулiвер схапiў яе аберуч за шыю i ўрачыста пацягнуў да нянечкi, каб хутчэй паказаць ёй сваю здабычу.

I раптам птушка ажыла.

Аказалася, яна не была забiта, а толькi аглушана моцным ударам палкi.

Канаплянка пачала крычаць i вырывацца. Яна бiла Гулiвера крыламi па галаве, па плячах, па руках. Ударыць яго дзюбай яна не магла, бо Гулiвер трымаў яе на выцягнутых руках.

Ён ужо адчуваў, як рукi яго слабеюць i канаплянка вось-вось вырвецца i паляцiць.

Але тут падаспеў адзiн з каралеўскiх слуг. Ён адкруцiў раз'юшанай канаплянцы галаву i занёс паляўнiчага разам са здабычай да панi Глюмдальклiч.

На другi дзень па загаду каралевы канаплянку засмажылi i падалi Гулiверу на абед.

Птушка была крыху большая, чым лебедзi, якiх ён бачыў у сябе на радзiме, i мяса яе было цвердаватае.

11

Гулiвер часта расказваў каралеве пра свае ранейшыя марскiя падарожжы.

Каралева слухала яго вельмi ўважлiва i аднойчы спытала, цi ўмее ён абыходзiцца з ветразямi i вёсламi.

- Я карабельны доктар, - адказаў Гулiвер, - i ўсё сваё жыццё правёў на моры. З ветразем я спраўляюся не горш за сапраўднага матроса.

- А цi не хочаш ты, мой мiлы Грыльдрыг, пакатацца на лодцы? Я думаю, гэта было б вельмi карысна для твайго здароўя, - сказала каралева.

Гулiвер толькi ўсмiхнуўся. Самыя маленькiя лодачкi ў Брабдынгнегу былi куды большыя i цяжэйшыя за першакласныя ваенныя караблi яго роднай Ангельшчыны. Не было чаго i думаць справiцца з такой лодкай.

- А калi я закажу для цябе цацачны караблiк? - спытала каралева.

- Баюся, ваша вялiкасць, што яго чакае лёс усiх цацачных караблiкаў: марскiя хвалi перавернуць i панясуць яго, як арэхавую шкарлупiну.

- Я закажу для цябе i караблiк i мора, - сказала каралева.

Праз дзесяць дзён цацачны майстар зрабiў па малюнку i ўказаннях Гулiвера прыгожую i трывалую лодачку з усiмi снасцямi.

У гэтай лодачцы маглi б размясцiцца сем весляроў звычайнай чалавечай пароды.

Каб праверыць гэту цацку, яе спачатку пусцiлi ў балею з вадой, але ў балеi было цесна, Гулiвер не мог нават паварушыць вяслом.

- Не бядуй, Грыльдрыг, - сказала каралева, - хутка будзе гатова тваё мора.

I сапраўды, праз некалькi дзён мора было гатова.

Па загаду каралевы цясляр зрабiў вялiкiя драўляныя ночвы даўжынёю трыста крокаў, шырынёю пяцьдзесят i глыбiнёю больш сажня.

Ночвы добра прасмалiлi i паставiлi ў адным з пакояў палаца. Кожныя два-тры днi ваду з iх вылiвалi, i двое слуг за паўгадзiны напаўнялi iх свежай вадой.

Па гэтым цацачным моры Гулiвер часта катаўся на сваёй лодцы.

Каралева i прынцэсы вельмi любiлi глядзець, як спрытна працуе ён вёсламi.

Часам Гулiвер ставiў ветразь, а прыдворныя дамы, размахваючы сваiмi веерамi, то наганялi спадарожны вецер, то ўздымалi цэлую буру.

Калi яны стамлялiся, на ветразь пачыналi дзьмуць пажы, i Гулiверу не так проста было справiцца з такiм моцным ветрам.

Пасля катання Глюмдальклiч несла лодку да сябе ў пакой i вешала на цвiк, каб яна прасохла.

А аднойчы Гулiвер ледзь не ўтапiўся ў сваiх ночвах. Вось як гэта здарылася.

Старая прыдворная дама, настаўнiца Глюмдальклiч, узяла Гулiвера двума пальцамi i хацела пасадзiць у лодку.

Але ў гэту хвiлiну нехта паклiкаў яе. Яна азiрнулася, адпусцiла пальцы, i Гулiвер выслiзнуў з рукi.

Ён бы абавязкова ўтапiўся або разбiўся, упаўшы з шасцiсажневай вышынi на край ночваў цi на драўляны памост, але, на шчасце, зачапiўся за шпiльку, якая тырчала з касынкi старой дамы. Галоўка шпiлькi прайшла ў яго пад поясам i пад кашуляй, i небарака павiс у паветры, замёршы ад страху, баючыся паварушыцца, каб не сарвацца.

А старая дама разгублена лыпала вачыма i нiяк не магла зразумець, куды ж падзеўся Гулiвер.

Але тут падбегла Глюмдальклiч i асцярожна, стараючыся не зрабiць яму балюча, зняла Гулiвера са шпiлькi.

У гэты дзень прагулка на лодцы была адменена. Гулiвер адчуваў сябе нядобра, яму было не да катання.

Другi раз яму давялося правесцi ў час прагулкi сапраўдны марскi бой.

Слуга, якому было даручана мяняць у ночвах ваду, недаглядзеў i прынёс у вядры вялiзную зялёную жабу. Ён вылiў ваду разам з жабай i пайшоў.

Жаба прытаiлася на дне i, пакуль Гулiвера садзiлi ў лодку, сядзела спакойна. Але як толькi Гулiвер адплыў ад берага, яна рэзкiм скачком сiганула ў лодку. Лодка так моцна нахiлiлася на адзiн бок, што Гулiвер павiнен быў усiм целам навалiцца на другi борт, iнакш бы яна абавязкова перакулiлася.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату