пагаварыць з табою i забраць цябе.
- Забраць?
- Але. Я дзiўлюся, як ты яшчэ ходзiш на свабодзе. Бацька думае, цябе ўжо няма, а ты, дзякаваць Богу, водзiш да сябе й паненак. Ды пiльнуйся! Будзе позна. Будзеш шкадаваць, што не паслухаў мяне. Пойдзем з хаты цяпер во! За ноч i датупаем. Я ведаю, дзе хаваецца бацька. Адсюль недалёка. Можа з дзесятак кiлямэтраў якiх. Кiдай ўсё. Я дам табе зброю (не баюся прызнацца табе) i грошы. Вунь ляжыць гэта ўсё ў сакваяжы.
Генадзь Кандраценя ўпацёмку нагнуўся пад стол i дастаў адтуль сакваяж.
- На, бяры i тое i другое - спатрэбiцца.
- Нi таго, нi другога ня хочу. Скажы мне, дзе хаваецца бацька?
- Цяжка сказаць. Сам ты не спаткаешся з iм. Трэба, каб i я быў з табою.
- Заўтра я мушу пайсьцi на заняткi - у мяне экзамен.
Генадзь Кандраценя думаў.
- Я прыйду да цябе заўтра ўначы, як i сёньня.
Раман нiчога не адказаў, тым ня менш Кандраценя папрасiў яго не пазьнiцца заўтра дахаты i чакаць.
- А гэта вось лiст ад бацькi - прачытаеш.
Генадзь Кандраценя ўстаў i не разьвiтаўшыся, пакiнуў Раманаву кватэру. Корзюку здавалася - Кандраценя стаiць, прытаiўшыся за дзвярыма й слухае яго, бо ня чутно яшчэ было ягоных крокаў на ганку. Ня чутно iх было i пазьней - усё было напоўнена начой, i нiводнага выразнага зыку, апрача толькi шораху- плынi самой цемры, не магло злавiць насьцярожанае вуха Рамана. Яму хацелася цяпер быць разам з Валяй, дармо што яна такая адменная й не заўсёды згодная з iм. Спаць не хацеў Корзюк. Бы схамянуўшыся, ён зiрнуў на вакно - там квола прарэзваўся восеньскi ранак. Мутны, ляны дзень упаўзаў у хату, пакiдаючы на шыбах, як пасьля сухавею, толькi адну смагу. Ужо й без сьвятла ён мог прачытаць бацькаў лiст.
'Дарагi сыну, я пiшу яшчэ раз усё, як ёсьць. Ты, спадзяюся, ўсё зразумееш. (Гэты лiст перадае табе надзейны чалавек, якога й ты, я думаю, трохi знаеш.) Мы ўсе мусiм уцякаць. За мною ганяюцца i, ўрэшце, зловяць. Мацi й сястра твая жывуць у абрабаванай нашай хаце, як заложнiкi. Незаводна прыйдзi з чалавекам да мяне. Трэба ўсё абмеркаваць i ўсiм збавiцца. Кiдай навуку. Яна толькi згубiць цябе. Не пападайся ў рукi. Прыедзь, глядзi-ж. Твой бацька.'
У Рамана набеглi сьлёзы. Ён дакараў сябе, чаму ён адразу-ж не пайшоў да бацькi. Хоць пайсьцi азначала-б ужо не вярнуцца. А ён гэтага не хацеў. Няўжо так i абарваць раптам усё, i можа недарэчна. Цi-ж такiя ён вызначаў сабе шляхi? Перад iм адчыняўся сьвет, прывабны, з вялiкiмi магчымасьцямi, а цяпер ён замыкаўся, вузеў, i як-бы ня было цяпер у iм для Рамана месца. Пайсьцi? Кiнуць? Лёгка сказаць! Што мяне чакае там, у iншым сьвеце? Не патое ён кiнуў бацькоў i хутар, каб варочацца туды. Чым ён дапаможа бацьком? Яны-ж самi выганялi мяне ў сьвет шукаць шчасьця, каб хоць я не прапаў, калi ўжо яны прападаюць. Гэта-ж яны самi казалi зрачыся нават роду свайго Корзюкава, каб нiхто ня ведаў, хто я й адкуль, каб хоць для мяне не зачынялiся дзьверы. Ды я не магу зрачыся. Мяне ўсюды ведаюць, як Рамана Корзюка, сына кулака. Кулак? Я ведаю - гэта ня ганьба. На мяне глядзяць зайздроснымi вачыма якраз таму, што я кулак. Мяне выгналi з тэхнiкуму, але я застаўся там у душах, як кулак непакорны, непадкупны, дужы, адчынены й наважны. Мяне пасадзяць у турму? Мне не дадуць скончыць навукi ў iнстытуце? Я скончу яе ў турме, але не паддамся й не саступлю. Вось толькi сапраўды - бацькi! Няўжо яны й мяне зацiснуць у свой вузел? Што сталася з бацькам? Я не пазнаю яго - гэта не ў натуры Корзюкаў хавацца i ўцякаць. А тым болей забойства. Што гэта такое?
Гаспадыня пастукалася прыбраць, запыталася, чаму ён ня йдзе на заняткi. Раман адказаў, што ў iх няма сёньня першай лекцыi i што ён зьбiраецца на трэйцюю. Пасьпешна выпiў гарбату i, узяўшы партфэль, пакiнуў кватэру.
Калi Раман увайшоў у будынак Галоўнага корпусу Ўнiвэрсытэцкага гарадка, студэнты ягонага курсу ўжо клумiлiся перад дзьвярыма аўдыторыi 312, чакаючы, калi пачнуцца экзамены. Раман апранутым мiнуў распранальню, сьпяшаючыся да сваiх сяброў.
- Здымеце галёшы й пальто, - закрычэлi на яго з распранальнi.
Корзюк толькi азiрнуўся i падаўся далей.
- Вярнецеся, нельга ў галёшах!
Раман размахваў партфэлем, ня бяручы ўвагi на крыкi й просьбу.
- Вам хочацца да дырэктара, цi каб мы выклiкалi мiлiцыю? - дагнала Рамана жанчына з распранальнi й спынiла яго за рукаў.
- Толькi бяз рук!
- А ты чаго прэшся - тры пуды гразi на нагах. Красьцi хадзiў, цi што? Называецца, культурны чалавек, студэнт! Нечага з вамi валаводзiцца! Да дырэктара, або ськiнуць галёшы!
- Не магу - пальцы голыя, дык таму i галёшы.
- Пакажы, тады паверу.
Корзюк ськiнуў з нагi галёшу й паказаў на падзёрты чаравiк. Жанчына з распранальнi пагардлiва зiрнула на нагу i дэманстрацыйна пакiнула Рамана.
Студэнты зьбеглiся на iнцыдэнт i прысукалi да Корзюка.
- Да чаго ты дажыў - жанчыны пачынаюць распранаць!
- Гэта-ж нахабства. Дзiўна, як ты ёй паддаўся?
- Што ты хочаш ад яго - яго ўчора згрэбла Валя Камоцкая i павязла дахаты.
Раман, нiчога не адказваючы i ня спыняючыся, хутка йшоў па карыдоры, хмуры i ўцьвелены. Побач яго i ззаду, як вучнi, драбязою беглi студэнты, не ўпраўляючыся за iм. Вышэйшы за iх на галаву, Раман зупынiўся толькi каля самых дзьвярэй аўдыторыi 312.
З другога боку, супроцьлежнага таму, адкуль узяўся Корзюк, наблiжаўся выцягнуты, як струна, вышэйшы яшчэ за Корзюка, стары, ў пэнснэ, прафэсар, выкладчык дыялектычнага матэрыялiзму. Але прафэсар, як-бы нiкога не пазнаючы з сваiх студэнтаў, гледзячы некуды праз iхныя галовы, наткнуўся толькi вачыма на Корзюка i папытаўся:
- Гэта аўдыторыя 312?
- Вы не памылiлiся, - адказаў Раман.
- Заходзьце вы першы i яшчэ адзiн! Упушчаць i, зразумела, выпушчаць буду толькi па двох, - засьмяяўся прафэсар i ўпяршыню глянуў унiз, на студэнтаў.
Раман увайшоў у аўдыторыю. Толькi цяпер яму прыйшло ўдум, што Валi няма на карыдоры, што яна ня прыйшла на экзамены i, напэўна, ня прыйдзе - пазьнiцца яна ня любiць. Раман занепакоiўся. Калi-б яна была там, за дзьвярыма, чакала свае чаргi, у ягонай душы ўсё-б было ў парадку, нiчога-б, здавалася, ня трывожыла-б яго i ўсё было-б паранейшаму - гэты дзень, як i ўсе днi, не зачапляў-бы яго, не адкладаўся-б гэтак балюча i шчымлiва i, галоўнае, ён не адчуваў-бы сябе вiнаватым перад ёй, калi-б яна была цяпер тут. А так - яе няма, i можа яна пакрыўджаная чым-небудь, злуецца на яго, знарок ня прыйшла, каб памсьцiцца яму хоць гэткiм спосабам. I гэтак заўсёды - калi яе няма, яму хочацца яе, калi яна ёсьць - ён кпiць i глумiцца з яе. Ён заўсёды дакарае сябе за гэта, ды нiчога ня выходзiць - ня можа сябе перарабiць. Ад таго ён можа сам для сябе стварыў гэтулькi пакутаў. Ня любiў сябе Корзюк за свой характар, хоць i ведаў - ён застанецца такiм, як ёсьць, супярэчлiвым i зьменным. Пра тое-ж, што яго сёньня чакае на квартэры, Раман стараўся ня думаць.
Прафэсар у пэнснэ, седзячы, корпаўся ў сваiм партфэлi i, як-бы нiчога не знайшоўшы ў iм, хутка замкнуў яго, падпёршы над сталом свой худы падбародавiч абедзьвюма даланямi. Утрымваючы гэткiм спосабам сваю галаву на лакцёх, ён уставiўся вачыма ў столь i, выяўна задаволены сваiм тонам, сфармуляваў Раману Корзюку тэму 'Законамернасьць i выпадковасьць у гiстарычным працэсе'.
Да Рамана, як праз сон, ледзьве дайшла гэтая тэма, i ён яшчэ не хацеў думаць над ёй. Ён таксама, як i прафэсар, некуды бяздумна глядзеў i схамянуўся толькi тады, калi прачытаў на дошцы, што стаяла насупраць яго, напiсанае крэйдай вялiкiмi лiтарамi 'Раман Камоцкi'. Ах, якi дасьцiпны жарт! Дарослыя, а - як дзецi. Але падумаў - нядрэнна гучыць: Раман Камоцкi. Але - не! Камоцкая гэта толькi яна, Камоцкая. У гэтым прозьвiшчы яна ўся: прывабная, далiкатная i адначасна вульгарная. Але якраз вульгарнае ў яе выходзiць далiкатным. Яно якраз i прыцягвае да яе. Пайду, папытаюся ў ейных сябровак, дзе яна i што з ёю?
- Выбачайце, прафэсар, я блага сябе адчуваю, мне трэба выйсьцi... на хвiлiначку.