перакрэсьлiвалi Раманаў твар i асьвячалi яго, як маланкай.

Калi Раман Корзюк дайшоў да свае кватэры, з адчыненай брамкi выбег суседскi сабака, сеў на тратуары i па воўчаму завыў, уставiўшы на Рамана сваю мызу. Раней, падбягаючы да Рамана, ён вiтаўся з iм, як вiтаюцца сабакi, але цяпер сядзеў на воддалi i трывожыў сваiм выцьцём вулiцу, трывожную i без таго ў гэты позьнi час. Месяц быў ужо ззаду, за домам. Корзюк ступiў на ганак асьцярожна й няўпэўнена, быццам ён уваходзiў у чужую, незнаёмую для яго хату.

Ужо з свайго пакойчыку, у задняе вакно, Раман зноў пабачыў у месячным сьвятле сабаку. Але цяпер ён ня выў, як на вулiцы, а толькi сядзеў i, здавалася, глядзеў у вакно, падобны болей на ваўчанё. Корзюку здавалася, што ў сваiм пакойчыку, як на талерцы, ён вiдзён з усiх бакоў. Упяршыню ён ня чуўся забясьпечаным ад напасьцяў. Каб мог, ён засланiў-бы вокны дзяругай, каб пацямнела i можна было-б лажыцца спаць. Але засланiць ня было чым, i Раман лёг, накрыўшыся коўдрай з галавой. Сабака пачаў драпаць сьцяну i скуголiць, быццам просячыся ў хату. Ды Корзюку не хацелася ўжо паднiмацца з ложку, ён сагрэўся i засыпаў. Ужо заснуў... Сьпiць. Сабака цяпер на ганку бразгацiць клямкай, хочачы адчынiць дзьверы, i гыркае. Але нехта ласкава адганяе яго ад дзьвярэй, гладзiць i дае нешта коўтнуць. Коўтнуўшы, сабака зноў пачынае гыркаць. I тады яму добра даюць пад рэбры ботам. Сабака, яўкнуўшы ад болю, бяжыць у свою будку. I ўжо адтуль пачынае скуголiць зноў. Што-б гэта значыла? Пэўна Кандраценя iдзе мяне вучыць цi зноў расказваць пра Цiмошку... Але не... Цяпер я ўжо сплю i мой салодкi сон будзе трываць доўга-доўга. Нi сабака, нi Кандраценя не перарвуць яго. Так добра ў цёплым ложку пасьля дзённай зморы! Высплюся й вылежуся. Каб толькi даўжэй... Сабакi ня чутно i ўжо месяц схаваўся. Патухлi й вокны. Iх замазала ноч, i ў хаце - як спаць. Ценi ня трывожаць i ня шныраць па дарогах. Сады ахiнулiся iмглой i таксама сьцiшылiся. Iм утульней i бясьпечней ад гэтага, як утульна мне пад коўдрай. Утульна, як пасьля вялiкага шчасьця, што перамагло цябе i кiнула ў нябыт...

Дзыгу-дзыгу... Дзаг-дзаг-дзаг... Дзагу-дзагу... Дзаг-дзаг-дзаг - ходзiць ходарам клямка. Ды дзьверы не адчыняюцца. Моцныя! А от у вокнах шкло дзынкае трывожней: тук-тук-тук! тук-тук-тук! Нешта-ж ёсьць такое, калi гэтак брынчаць. Ды гэта нiшто. Сон ёсьць сон. Сон смачна сьвiшча ў носе, булькае ў горле, захлiпаецца. Перарвецца на сэкунду, паслухае сябе самога i зноў за сваё...

Нешта-ж такi ўсхадзiлася гаспадыня... Во як бухнула ў перагародку! Яшчэ-б трохi, дык i ў жывот... Чым бы гэта? Нагой?

Раман Корзюк пачуў галасы ў кухнi. Скрозь шчылiны ў перагародцы адтуль калола сьвятло i даставала Рамана, як штыхамi. Гаспадыня прыглушаным голасам прасiла Рамана адчынiць дзьверы. Корзюк скокнуў з ложку, адкруцiў на дзьвярох закрутку i нырнуў назад пад коўдру.

Як i ўчора, калi ён быў з Кандраценем, гаспадыня спынiлася ў дзьвярох з лямпай у руках:

- Устаньце!

Накiравалася да другiх дзьвярэй, што на вулiцу, i адклала заслон, якiм заўсёды запiраўся Корзюк нанач. Няўгледна, як па камандзе, увайшлi людзi двое з дзьвярэй i двое - з кухнi.

Пад стольлю зырка загарэлася лямпачка. Гаспадыня пасьпяшалася выйсьцi.

- Адзявайцеся! Вы арыштаваныя!

Раману Корзюку не паказалi нават ордэр на арышт. Пiльна прыглядалiся да яго, калi ён надзяваўся. Потым загадалi яму сесьцi за стол, вiдавочна, каб забясьпечыць сябе ад магчымых нечаканасьцяў з боку арыштаванага. Двое стаялi перад Раманам, ня зводячы з яго вачэй, а двое другiх пачалi рабiць вобыск.

Перавярнулi ўсё дагары дном.

- Аддайце зброю!

- Вам ня трэба было-б шукаць яе, каб яна была ў мяне.

- Вы хочаце сказаць, што яна заявiла-б аб сабе сама?

- Патое-ж яна зброя.

- Гм-м... Дасьцiпна.

- Вы самi напрасiлiся на такi досьцiп.

Спрабавалi мясьнiцы, вадзiлi далонямi па шпалерах. Самi адчынялi чамаданы й поркалiся ў iх. Узрылi пасьцель, нечым перакалолi матрас.

- Пакажыце вашы кнiгi.

- Яны ўсе тут.

Перабралi i перагарталi даводнай. Тыя з iх, у якiх былi якiя-небудзь надпiсы, заўвагi, падкрэсьленьнi, закладкi, адкладвалi на бок, а iншыя стаўлялi на месца. Кнiгi на беларускай мове забiралi, не гартаючы, усе, колькi было. Да гэтай катэгорыi належылi й кнiжкi на польскай мове. Канспэкты i лiсты зьвязвалi асобна. Склалi ў мяшок фатаграфii, што былi наклееныя на паперу на сьцяне. Прыглядалiся да партрэта Валi, якi яна падаравала яму, паставiўшы яго ў зграбнай рамачцы на ночным столiку. Знайшлi й вузялок-перадачу для Валi, якога ня прынялi ўчора ў Рамана, бо ня было прыёму i якi цяпер ляжаў у шафцы.

Раман Корзюк абыякава глядзеў на працэдуру вобыску, хацеў, каб яны канчалi хутчэй i вялi ўжо. Але людзi з НКВД не сьпяшалiся, яны толькi зрэдку пазiралi на гадзiньнiкi, абменьваючыся кароткiмi, толькi iм зразумелымi позiркамi. Калi ўжо было ўсё гатова, упакавана i пасартавана, пачалi пiсаць пратакол. Падпiсалi яго Раман i гаспадыня, якую яны паклiкалi. Гаспадыня прынесла Раману бялiзну, цукру i слоечак масла.

- Яму ўсё гэта не патрэбна. Ён хутка вернецца.

- Каб-жа-ж...

- Пайшлi!

На вулiцы кiнуўся сабака з брамкi, але адразу-ж адбегся i, як перад гэтым, сеўшы, завыў.

Месяц не паказваўся. Яго перамаглi хмары, i вулiцы - глухiя, з садамi й гародамi - нiклi ў перадранiшняй iмгле.

У машыне людзi з НКВД сядзелi побач Рамана, сьцiскаючы яго, быццам якiмi клямарамi. Ехалi цiха, не гаворачы. Каб хто якiм словам перакiнуўся! Гэтую маўчанку Раман ледзве перамагаў. Каб ён не баяўся паказацца наiўным, ён сам першым загаварыў-бы да сваiх 'суседзяў' i яму было-б ня гэтак прыкра, як цяпер, але загаварыць Корзюк ня мог, i блiзiня, якую Корзюк адчуваў, седзячы памiж сваiмi 'целахранiцелямi', мучыла яго, злавала i выдавалася надта абразьлiвай. Толькi нейкая звышнатуральная сiла паўстрымоўвала яго ад таго, каб ня рынуцца на iх. У вадзiн мамэнт - варта было яму толькi, напружынiўшыся, тоўхнуць сваiмi моцнымi i доўгiмi нагамi ў вадзiн i ў другi бок, як уся ягоная кампанiя поруч - Раман вычуваў у сабе такую сiлу - апынулася-б вонках машыны. Але Корзюк ехаў цяпер туды, i ўсьведамленьне гэтага стрымлiвала ягоную натуру. Той дзень, аб якiм гаварыў яму ўчора Кандраценя, настаў i цi варта цяпер адхiляць яго такiм спосабам. Тым больш, што такога дня Корзюк чакаў сам, iшоў да яго, i ў гэтым фiнале сваiм мусiць-жа ён, нарэшце, сьцiшыцца. За плячыма Корзюка, здавалася яму, ехала ягонае мiнулае i быццам праводзiла яго ў новую дарогу.

Па Чыгуначным мосьце праходзiў цяпер якраз замежны цягнiк на Стоўбцы. Вокнамi цягнiк сьвяцiўся ў цемры, нясучы сваё калыхлiвае сьвятло ў нейкi iншы, зваблiвы сьвет, да якога ён, здавалася, бег здалёку, з таго боку начы. Корзюк меў магчымасьць праводзiць вачыма цягнiк аж да таго часу, пакуль чырвоны лiхтар, матляючыся ззаду апошняга вагону, ня згас у вiльготнай i зябкай каламуцi.

За Чыгуначным мастом пачыналася Савецкая. Адно вакно ў Цыпiных ужо сыгналiзавала сьвятлом, што там нехта прачнуўся - хутчэй за ўсё Бася: сьвятло такое трапяткое i чырвонае, як яна сама. А вось праплывае ў паўзмроку сонны яшчэ манастыр - сьпяць. Сапраўды, як пасьля Кастрычнiка! I чаму-б iм ня спаць? Нiхто ня сьпiць мацней за жанчын.

Усё ўжо ззаду: i Цыпiна, i мастыр, i iнстытут, i Дом ураду з сьвяточным партрэтам Сталiна.

Перад варотамi на Ўрыцкага машына доўга чакала, гурчэла, быццам скардзячыся, што яе ня пушчаюць. Нарэшце, адчынiлiся вароты - на чатыры крокi ўшыркi - i аўта рванулася на двор. Пад'ехала да нейкiх дзьвярэй, спынiлася.

У Камэндатуру Корзюка ўвялi з двара. Адразу-ж, з парогу, Корзюк нырнуў (яго вялi туды) у падвал- скляпеньне, асьветленае моцнымi лямпачкамi. Iшла 'апрацоўка' арыштаваных: iхную адзежу распасьцiралi на стале, абмацвалi кожнае шво, абразалi гузiкi i спражкi, выцягвалi з бацiнак шнуркi, забiралi рэмнi, гальштукi, грошы. А ў вадным кутку - зусiм голыя - некалькi чалавек прысядалi, распасьцiраючы рукi, i, прысеўшы, заставалiся з сэкунду ў такой пiкантнай позе, пакуль тыя, што аглядалi iх, не казалi iм узьняцца.

Корзюк баяўся, што яму загадаюць рабiць тое-ж самае, але, нашчасьце, гэтай атлетыкай яму ня прыйшлося займацца: значыць, яго ня лiчаць такiм небясьпечным арыштантам, як тых, у кутку.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату