Яму далi квiтанцыю на асабiстыя рэчы, якiх нельга браць з сабою ў камэру, i павялi. Паднялiся на другi паверх. У цэнтры акружыны, якая станавiла сабою падлогу таго паверху, стаяў чалавек i круцiў, як здавалася Корзюку, нейкае кола. Але гэта было ня кола, а прост рычагi, пры дапамозе якiх дзьверы камэраў у выпадку патрэбы адчынялiся i зачынялiся. Не пасьпеў Корзюк апынуцца перад дзьвярыма 27, як яны адчынiлiся, паказаўшы Раману тое, што называецца камэрай-адзiночкай. Корзюк у нерашучасьцi спынiўся: ня камэра, а труна, вузкая ад дзьвярэй i трохi шырэйшая ў процiлежным канцы. Ззаду Корзюка лёгенька папхнулi. Толькi ён перанёс свае ногi праз парог, як дзьверы зачынiлiся за iм з такiм гулам, быццам хвалi шторму з усёй сiлай ударылi ў каюту, схлынуўшы назад у сваiм адступленьнi.
25
- Раскажэце, Шаркевiч, як вы хадзiлi з свайго хутару ў Польшчу?
- Я ў Польшчы ня быў i хутар той ня мой.
- Што хутар ня ваш, гэта мы добра ведаем. I што вы былi ў Польшчы, гэта мы ведаем таксама. Але мы хочам, каб вы прызналiся ў гэтым самi. Будзе меншая кара... Дык колькi разоў вы былi ў Польшчы?
- Я вам сказаў, што нi разу.
- А каго вы вадзiлi туды?
- Нiкога.
- I самi ня былi?
- Не, ня быў.
- Ну, а хто вас туды пасылаў?
- Як я там ня быў, дык нiхто мяне туды й ня пасылаў.
- Добра адказваеце. I скажаце, Генадзь Кандраценя ня быў у вас на хутары?
- I Кандраценi нiякага ня ведаю!
- А калi я пакажу вам яго?
- Ну дык што - што пакажаце. Вы ўсё можаце паказаць.
- Цяпер адкажэце мне на такое пытаньне: начзаставы да вас часта заяжджаў?
- Гэны бываў.
- Можа ён перакiдваў вас сам?
- Дрэнны быў-бы ён начзаставы.
- Можа ён i ёсьць такi.
- Такога вы ня трымалi-б. Ён-жа ваш.
- Ён i ваш.
Палiтыка з Шаркевiчам гаварыў сёньня лагодна, як-бы пасяброўску. Прост гуляў з iм. Ня тое што ўчора i пазаўчора - душу выцягваў. Шаркевiч бачыў, што ягоны сьледчы змораны, хоча спаць, пазяхае i час-ад-часу заплюшчвае вочы. Даўно ўжо перавалiла за поўнач. Колькi разоў Палiтыка, седзячы за сталом, браўся за трубку тэлефону i цiхiм голасам перакiдваўся, як здавалася Шаркевiчу, з жонкай кароткiмi словамi, абяцаў ёй прыйсьцi а чацьвёртай. Шаркевiч, канешне, прыкiдваўся, што ня слухае ягонай гутаркi, знарок ёрзаў на сваiм крэсьле, але на самай справе прыслухоўваўся да кожнага слова, сказанага сьледчым. Шаркевiч ня ведаў, колькi цяпер часу, вычуваў толькi, што каля трох i ўжо, можна сказаць, не баяўся, што Палiтыка будзе й сёньня прыцiскаць ягоныя каленi другiм крэслам, зробленым як-бы адмыслова для таго, каб прычыняць Шаркевiчу боль, такi нясьцерпны, хоць крычы... Возьме крэсла, трохi вышэйшае за тое, на якiм, звычайна, сядзiць Шаркевiч, i пачынае неўзаметку й пацiху, як-бы жартуючы, сунуць да Шаркевiча. Дагонiць шчыльна да каленяў Шаркевiча i спынiцца, прыглядаючыся, цi акуратна прыставiў да самых храшчыкаў у суставах. Потым бярэцца за крэсла зноў i гэтым сваiм крэслам пхне Шаркевiча на ягоным крэсле да сьцяны. Вось тады i пачынаецца прыцiсканьне. Шаркевiч крычыць. Тады сьледчы перапыняе свою работу i пытаецца ў соты раз пра адно i тое-ж - хто пасылаў у Польшчу?
Сёньня-ж Палiтыка, як ня той. Жартуе й гаворыць так, абы гаварыць. Быццам i яму абрыдла таўчы ваду ў ступе. Мала таго, Палiтыка расказаў Шаркевiчу пра ягоных, Шаркевiчавых, дзяцей, што яны жывуць без яго на хутары лепей, чым з iм - дзяржава дапамагае, дармо, што iхнi бацька польскi шпiён... Апрача старэйшай дачкi, усе ходзяць у школу. Адным словам, дагледжаны, сыты - савецкая ўлада не дапусьцiць, каб дзецi прапалi. I таму Шаркевiчу няма чаго турбавацца.
Такая чуласьць i дабрыня сьледчага пужала й насьцярожвала Шаркевiча. Ён ня верыў яму. Але Палiтыка - як-бы яго хто падмянiў - быў сапраўды ласкавым, частаваў яго папяросамi, паклаўшы перад iм цэлую пачку - 'Казьбек'. Упяршыню сьледчы дазволiў яму сядзець з iм за адным сталом. I як-бы там нi было, а Шаркевiчу ад такой гутаркi было ня так страшна заставацца аднаму са сьледчым уначы.
Найболей баяўся Шаркевiч, калi ягоны сьледчы змаўкаў, застаючыся нярухомым i сутуленым у сваiм крэсьле. Тады Палiтыка разглядаў Шаркевiча, мацаў яго сваiм, быццам нятутэйшым, павольным зрокам, сьлiзгаўся па iм тупым, халодным паглядам заспаных вачэй, шукаючы для сябе нейкага адказу. Шаркевiч разумеў гэта пасвойму: сьледчы ўпiваецца ў яго для таго, каб канчальна вырашыць Шаркевiчаў лёс, знайсьцi адказ. Шаркевiч добра ведаў, што яго чакае, але ня гледзячы на гэта, хацеў спадзявацца, што той ягоны лёс вырашыцца неяк iнакш i таму баяўся 'канчальнага' вырашэньня, якое магло высьпець у санлiвым мазгу сьледчага. Шаркевiч тады курчыўся на крэсьле, млеў, вернападдана глядзеў у вочы сьледчаму, быццам хацеў гэтым зьмякчыць той магчымы вырак, што можа прыйсьцi ў кожную сэкунду.
Змаўкаў сьледчы, змаўкала i ноч у НКВД. У габiнэце рабiлася так цiха, што Шаркевiч чуў нават плынь i шорах начы. Змаўкаў вулiчны гул, галасы звонку не даходзiлi сюды. Не, Шаркевiч баяўся, калi сьледчы маўчаў.
Сьледчы пачынаў гаварыць, i ажываў габiнэт, цiшыня некуды адступала, Шаркевiчу станавiлася лягчэй, i той страх выраку, што толькi палохаў яго, зьнiкаў, замяняўся сэкундаю надзеi...
- Чаму вы, як вярталiся з Польшчы, зайшлi ў iмшанiк, а не адразу ў хату?
- Я йшоў ня з Польшчы, а ад свае канякi. Глядзеў, цi з начы куды не закалдыбала. А ў хату ня йшоў, бо хацеў прыймацца ўжо за работу.
- Якiя вы старанныя!.. Ну, добра... Хто яшчэ быў у iмшанiку, апрача начзаставы, у той час, калi вы зайшлi туды.
- Я нiколi ня бачыў чалавека, што браў мяне разам з начзаставы. Ня ведаю яго.
- Добра... Колькi часу вы прабылi пад арыштам на заставе, перад тым, як вас адправiлi ў Менск?
- Ня доўга. Начзаставы дапытваў мяне толькi адзiн раз.
- Пра што ён у вас пытаўся?
- Пра тое, што й вы.
- Але яму вы гаварылi праўду. Ня так, як мне. Хочаце паслухаць пратакол?
- Там усё няпраўда.
- Вы-ж падпiсалiся пад тым, што вы гаварылi!
- Мяне бiлi, каб я падпiсаўся.
- Бiлi? Вось як... Мы ня б'ём.
Пасьля паўзы:
- Зрэшты, ня важна, што ў пратаколе напiсана. Важна тое, што мы ведаем самi i, канешне, тое, што вы скажаце. Вось, напрыклад, што вас змусiла зьвязацца з Кандраценем? Дружба? Атрымалi ад яго шмат грошай? Вам дрэнна жылося? Мы пасадзiлi вас на хутар не для таго, каб вам было блiжэй да Польшчы. Вамi мы хацелi заткнуць хоць адну з дзiрак, што, нажаль, яшчэ ёсьць у нас на пагранiччы. А вы што-ж? Палезьлi праз дзюрку самi! Забойцаў, кантррэвалюцыянэраў, шпiёнаў i iншую хлудзь прапхнулi. Што вы былi ў Польшчы i можа не аднойчы (тут Палiтыка кiнуў на Шаркевiча хуткi i пранiкнёны зрок), гэта абсалютна вядома нам. Але мы, паўтараю, хочам даведацца ад вас, чаму вы сталi на шлях здрады? Чаму былы батрак, пастух не палiчыўся нi з чым - нi з сям'ёю, нi з намi, нi, нарэшце, з сваiм сумленьнем - i пайшоў на службу да ворага? Возьмем зноў Кандраценю! Як ён змог зацягнуць вас у сваё логава? Вы зноў скажаце, што ня ведаеце яго? Да часу мы даём вам магчымасьць гаварыць усё, што хочаце, але раней цi пазьней мы ўсё-ткi змусiм вас загаварыць пасапраўднаму. Генадзя Кандраценю выкiнула да нас Польшча. I трэба сказаць, ён дабiўся тут, у нас, некаторых посьпехаў - знайшоў вас i такiх, як вы, пралез i ў больш далiкатныя месцы. Спрабуе нават займацца палiтыкай. Але ўсё гэта, бачу, для вас няцiкава i мала зразумела. I я ня зьбiраюся доўга гаварыць пра гэта. Вы патрэбныя нам, як жывы чалавек, як доказ, як сьведка, як дэталь ведаеце, як вiнцiк ад машыны. Мы зьбiраем цяпер вялiкую машыну i нам не хапае шмат якiх вiнцiкаў-шрубак, такiх, як вы. Дык мы й пярэйдзем цяпер блiжэй да справы. Пачнём ад пачатку.
Палiтыка ўзяў аркуш паперы i нарыхтаваўся запiсваць.