стале пакммечаныя шматкi, а то й цэлыя балонкi якой-небудзь газэцiны. Напрыклад, ёй удалося вычытаць, што скончыў самагубствам Чарвякоў, арыштаваны Галадзед, Шаранговiч, Жылуновiч (Цiшка Гартны), Кудзелька (Мiхась Чарот), Касянкоў-Зарэцкi, Дайлiдовiч-Дудар i г.д. Такiя i iншыя навiны як-бы жывiлi Валю, яна вычувала, што насоўваецца нешта вялiкае i што ў гэтым вялiкiм, можа стацца, i яна знойдзе нейкае сваё месца. Але зноў - цесныя сьцены камэры сьцiскалi яе ў сваiх каменных абдымках, не давалi ходу, i ўсяго, што ёй заставалася - гэта той нязводны кавалак неба, што сiнеў у ейным высокiм вакне, перахрышчаным кратамi.

Валю Камоцкую ня толькi не выклiкалi на допыт, але i не вадзiлi на прагулку. Стоячы пад дзьвярыма i падслухоўваючы рух на карыдоры, Камоцкая чула, як там тупацелi, пацiху гаварылi i сыходзiлi ўнiз па гулкай лесьвiцы. Камоцкая здагадвалася, што гэта вядуць зьняволеных на прагулку, бо хутка яны вярталiся i тупаценьне ўзнаўлялася. Валя чакала, што вось павядуць i яе, але нiхто не падыходзiў да яе дзьвярэй i не адчыняў iх, i яна, зьняможаная ў чаканьнi, садзiлася за свой каменны столiк у кутку.

Увечары выблiснулi за кратамi зоры i паказаўся ў небе новы, тонкi ў сваiх абрысах месяц. Ён крышыўся ў кратах вакна, i, паламаны, сыпаўся аськепкамi сьвятла ўнiз, па той бок сьцяны. Валi здавалася, што калi-б яна магла падставiць свае прыгаршчы, гэтыя аськепкi, упаўшы, апяклi-б ёй далонi. Але гэта ёй толькi здалося. З суседняй камэры дробненька забарабанiлi ў сьцяну. Па рытму гэта нагадвала ёй азбуку Марзэ. Камоцкая пашкадавала, што яна не разумее гэтага коду i выклiк на размову застаўся без адказу. Валя, узяўшы лыжку, толькi чыркнула ёй па сьцяне. I неводомы ёй сусед цi суседка замоўк. Але ад усьведамленьня, што нехта жыве побач яе i, напэўна, мучыцца гэтаксама, як i яна, ёй рабiлася весялей. Яна пачынала сваю няспынную хаду па камэры, да яе вярталася сiла, i недзе ў iмглiстай далечынi як-бы ўспыхвала надзея, то няясная, то зыркая, дастаткова звабная, каб натхняць яе i аддаляць ад усяго, што яе трымае тут.

I месяц, i зоры за вакном, i той паўзмрок у камэры, якога не магла перамагчы лямпачка ўгары, i той, нарэшце, выклiк з-за сьцяны - усё гэта вытварыла ў Валi нязвычайны настрой.

На карыдоры дзённая зьмена дзяжурных перадае сваю 'паству' начной. Значыць дванаццаць гадзiн. Адчыняюцца дзьверы, i начная зьмена прыймае 'тавар' ад дзённай, запiсваючы ў журнал колькi таго 'тавару' ў наяўнасьцi.

- Колькi ўсяго? - трымаючы журнал i алавiк напаготове, пытаецца начная зьмена ў дзённай.

- Колькi ўсяго? Ня бачыш? Адна! - сьмяючыся, адказвае старая зьмена.

Дзьверы зачыняюцца, крокi зацiхаюць i вее жудасьцяй ад мёртвага турэмнага гмаху.

Праходзiць яшчэ паўгадзiны, i Валя, сьцiшаная, кладзецца ў ложак.

Толькi Камоцкая ўладкавалася, як адчынiлiся дзьверы i чалавек у форме прыглушаным голасам, але ўладна прагаварыў:

- Зьбiрайцеся на допыт! Хутка!

Камоцкая хутка была гатова. Праз хвiлiну яна ўжо зыходзiла з другога паверху ўнiз, устрывожаная i спалоханая нечаканым выклiкам.

На двары зоры з вышынi калолi яе сьвятлом, што сьцякала з iх, як iз штыхоў. Хутка яна апынулася ў тым будынку, у якiм яна была на першым допыце. Гэты будынак выглядаў цяпер больш прыплюснутым, здавалася, што ягоная столь у карыдоры гатова ўпасьцi на галаву ў кожную хвiлiну. Карыдор хутка скончыўся крутымi сходкамi ўнiз, i Валя была ўжо ў другiм карыдоры, даўжэзным i вузкiм. У канцы яго адчынiлiся дзьверы, i яркае сьвятло выбухнула навонкi. З дзьвярэй выйшаў чалавек у форме i, угледзеўшы Валю, чакаў яе, пакуль яна не падыйдзе да яго.

- Бачаце, як мы вас сустракаем? - усьмiхнуўся ёй Палiтыка. - Заходзьце вось сюды! Мы вас ужо даўно чакаем!

Потым Палiтыка зьвярнуўся да чалавека, што прывёў Валю, i сказаў:

- Вы свабодны. Можаце йсьцi.

I ўжо да Камоцкай:

- Сюды! Сюды! Вось у гэты пакой!

У зырка асьветленым пакоi, куды ўвайшла Валя, ня было нiкога. Палiтыка пасадзiў Валю за стол i, перабiраючы нейкiя паперы на столiку, запытаўся:

- Як вам сядзiцца? Я пасьпяшаўся трохi з выклiкам - вы яшчэ за такi кароткi час нiчога не пасьпелi надумаць. Цi можа ўжо?

Палiтыка, адыйшоўшыся ад столiку, не чакаючы адказу, нацiснуў кнопку.

- Зараз я вам пакажу такое, чаго вы, пэўна, не спадзяецеся пабачыць. Я, уласна, i выклiкаў вас сюды, каб зрабiць вам прыемнасьць. Мы народ спагадлiвы...

З двума сьледчымi ў габiнэт увайшоў Раман Корзюк. Наступiла цiшыня, якой нiхто не парушаў. Сьледчыя адыйшлiся, як-бы ня хочучы перашкаджаць i назiралi зводдаль. Камоцкая, седзячы, бяз нiякага, здавалася, зьдзiўленьня, спакойна i моўчкi глядзела на Рамана, сваiм поглядам шукаючы яго вачэй, якiя ён хаваў пад спушчанымi павекамi. Але гэта цягнулася можа якую тысячную долю сэкунды i Раман, пад пiльным поглядам Валiных вачэй, зiрнуў на яе i iх кiдкiя погляды зьбеглiся, збочлiва i коратка. З iх нiхто яшчэ не сказаў нiводнага слова.

- Рамантычная сустрэча не ўдалася, пачнём рэалiстычную. Можа гэта ўдасца лепей! - ня вытрымаў Палiтыка, з халоднай усьмешкай паглядзеўшы на сваiх сяброў-сьледчых. - Грамадзянiн Корзюк, сядайце!

Корзюк сеў за сталом насупраць Валi. Селi й сьледчыя за асобны столiк.

- Валя Камоцкая, вы ведаеце Рамана Корзюка? - пачаў Палiтыка. - Усё душэўнае вы мусiце цяпер адкiнуць! Адказвайце на маё пытаньне: вы ведаеце Рамана Корзюка?

- Вы ведаеце добра, што гэта лiшняе пытаньне.

- Раман Корзюк, вы ведаеце Камоцкую?

- Валя, падумай толькi - нiчога ня сталася. Усё будзе добра! Чаго ты нахохлiлася? Сягоньня мы вялiкiя акторы! Грайма-ж!

- Ц-с-с. Адказвайце на пытаньне!

- Ня зьдзеквайцеся!

- Бацькоў i сястру Рамана Корзюка ведаеце, Камоцкая?

Валя Камоцкая глядзела на Рамана i ня ведала, што гаварыць.

- Валя, гавары! Гавары! Нiчога ня бойся! Усё, як было! Толькi гавары годна! Грай! Чым большай ты будзеш акторкай, тым больш будуць задаволеныя табой нашыя рэжысэры.

- Не хачу я граць!

- Правiльна - граць ня трэба! Валя Камоцкая, адказвайце на маё пытаньне! Бацькоў i сястру Рамана Корзюка вы ведаеце?

- Нiкога i нiчога я ня ведаю... Досыць... Досыць мучыць мяне...

Валя Камоцкая зайшлася гiстэрычным плачам, рукамi закрыўшы свой твар. Сьледчыя пераглянулiся мiжсобку. Двое з iх узялi пад рукi Камоцкую i вывелi яе ў суседнi пакой, пакiнуўшы дзьверы адчыненымi. Корзюк бачыў, як Валю пасадзiлi там на дыван. Немаведама адкуль узяўшыся, моўчкi цьвёрдаю хадой перасекла пакой 'Галя', тая самая 'Галя', што сустракала Корзюка на першым яго допыце тут. 'Галя' села каля Валi i сьледчыя вярнулiся.

- Нiчога! Пасядзiць трохi i ачухаецца. Гэта яшчэ нiшто! А тымчасам паклiчам сюды яшчэ аднаго героя.

Палiтыка пазванiў i прывялi Шаркевiча.

- Пазнаеце адзiн аднога, сябры?

Раман пакiнуў пытаньне без адказу.

Палiтыка пачаў званiць. Хутка ў вялiкi пакой Палiтыкi ўвялi пад зброяй пяць чалавек, у тым лiку i Генадзя Кандраценю. За сьпiною ў кожнага з iх пасталi чырвонаармейцы з вiнтоўкамi. Як толькi прыведзеныя селi, увайшлi двое ў ваеннай форме, на выгляд - высокае начальства. Палiтыка i двое ягоных паплечнiкаў павайсковаму аддалi iм чэсьць. Высокае начальства села за стол, пакрыты чырвоным сукном. Паабапал начальства селi сьледчыя. У пакой 'Галя' ўвяла Камоцкую.

Узьняўся Палiтыка:

- Гэта яшчэ ня суд. Суд будзе. Справядлiвы, але бязьлiтасны суд.

Палiтыка сеў, а адзiн з высокага начальства - высачэзны i кантаваты падняўся, вiдавочна, прызвычаены

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату