- Не.
- Я забяру гэтыя матэрыялы ў вас. - I праз нейкi момант. - Ну, а якiм спосабам вы хочаце адзьдзялiць Беларусь? - запытальна, але ласкава зiрнуў Цiмошка на мадэль.
- Пры дапамозе сiлаў Беларускай ваеннай акругi на чале з Убарэвiчам.
Тут Жылуновiч узьняў вочы на Цiмошку i паясьнiў яму:
- У падтрымку з боку Ўбарэвiча я асабiста ня веру, але на працэсе я буду гэта сьцьвярджаць, а менавiта, што такой падтрымкай мы заручылiся. Гэта, каб вашая, а разам i нашая нацдэмаўская арганiзацыя выглядала салiдна, каб на адкрытым працэсе нацдэмаў было вiдаць, што нашая арганiзацыя сапраўды iснуе рэальна, а ня выдумка НКВД i што яна дастаткова небясьпечная для савецкай улады, каб зь ёй змагацца.
- Надзвычайна... Надзвычайна. Мадэль патрапляе. Сьвядомая свайго заданьня мадэль, - як у трызьненьнi мармытаў Цiмошка.
Ён, абрадваны i ўсьцешаны, узьняўся з крэсла, пацiснуў руку Пушкiну i, паляпаўшы мадэль па плячы ў знак пашаны да яе, выйшаў з пакою.
Цiмошка прадаўжаў абход сваiх мадэляў. Змора яго ня брала, хоць ужо пачало шарэць у вокнах, наблiжалася сьвiтаньне - час, калi яму было цяжка ўстрымацца ад спакусы хоць на часiнку заснуць. У яго было вышэйшае заданьне - паставiць, выстраiць на сцэне перад аблiччам усёй Беларусi шарэнгу здраднiкаў, апрацаваных iм мадэляў, але такiх мадэляў, якiя-б не саромячыся, на ўвесь голас, як таго мы ад iх дамагаемся, заявiлi, куды i як яны хочуць пiхнуць нашую, iхную Беларусь.
Справа ад яго адчынiлiся дзьверы (выходзiў сьледчы) i Цiмошка пачуў нейкi жаласьлiвы стогн, ён адразу даўмеў, што гэта даводзяць да парадку якуюсь мадэль, абрадваўся i яму захацелася пабачыць яе. Увайшоў у пакой. На воддалi ад сьледчага сядзела мадэль, як ён адразу заўважыў - на войстрай ножцы перакуленай дагары табурэткi. Сьледчы загадваў ёй узьнiмацца i садзiцца, зноў узьнiмацца i садзiцца, i яна, акрываўленая паслухмяна выконвала каманду сьледчага, сударгава калоцячыся ад болю ўсiм целам. Цiмошку аж страсянула.
- У чым справа? - зьвярнуўся ён да следчага-стажора.
- Ня прызнаецца.
- У чым не прызнаецца?
- Што хацеў забiць Варашылава, калi той прымаў парад войскаў Беларускай акругi. Я хачу даказаць сувязь нацдэмаў з камандармам першага рангу Ўбарэвiчам. Гэты апошнi дзеля нейкiх прычынаў хацеў збавiцца ад свайго вышэйшага начальнiка i падшукаў во гэтага сабе шэльму.
Сьледчы паказаў пальцам на мадэль.
- Творчая iдэя, - пахвалiў Цiмошка сьледчага-практыканта. - Практыкуйцеся далей. Дамагайцеся прызнаньня i пацьверджаньня гэтага прызнаньня на судзе, публiчна. У вас у руках вельмi важная дэталь- мадэль. Але мадэль толькi тады мадэль, калi яе ўламаеш.
Цiмошка меў намер абыйсьцi гэтай начы ўвесь 'нацдэмаўскi калiдор' i пасьпяшаўся да аднаго з 'цэнтраўцаў' - да Кудзелькi - Мiхася Чарота пралетарскай мадэлi паводля свайго паходжаньня. Калi Цiмошка ўвайшоў у кабiнэт свайго сябры сьледчага Цiмахвеева, ён аж не паверыў сваiм вачам: за сталом, аблакацiўшыся на яго, драмала мадэль, штосэкунды дзюбаючы носам, як-бы кланяючыся свайму сьледчаму насупраць.
- Дужа-ж мiласьцiвы ты, браце мой - таго глядзi, ложак загадаеш прынесьцi, каб тваёй мадэлi было зручней спаць у нас.
Цiмошка кожнага арыштаванага нацдэма iнакш не называў, як толькi мадэляй.
- Хай адпачне нашая Кудзелька, я за ноч досыць яго накудзелiў.
I ўжо зусiм сур'ёзна:
- Кудзелька - Мiхась Чарот пайшоў на поўнае з намi супрацоўнiцтва. Ён забясьпечыць посьпех адкрытага працэсу нацдэмаў. Больш таго, ён дапаможа нам схiлiць да супрацоўнiцтва з намi i сваiх калегаў, што апынулiся ў нас. Ты ведаеш, нацдэмы Касянкоў - Зарэцкi, Дайлiдовiч - Алесь Дудар, Платон Галавач пакуль што неахвотна паддаюцца нашай апрацоўцы. Ты, як адказны за ўсю нацдэмаўскую кампанiю, мусiш i iх падцягнуць да агульнага назоўнiку.
- Падцягну. Падцягну. Ня турбуйся. Знойдзем сродкi падцягнуць i iх.
Перад тым, як пакiнуць пакой сьледчага, Цiмошку захацелася зiрнуць у вочы дрэмнай мадэлi. Ды неймаверна - мадэль храпла. Сьледчы Цiмахвееў даваў ёй, як прызвычаенай да алкаголю мадэлi, трохi коўтнуць i ў часе допыту, каб яна была больш лагоднай i згодлiвай. Вось i захрапла таму. Гэта нямала зьдзiвiла Цiмошку. Ён падыйшоў да мадэлi i - сонную - ткнуў у яе пальцам, ды яна не ўзьнялася, толькi перарвала на момант дыханьне, зацягнуўшыся хрыплым сьвiстам. Гэтак i не давялося Цiмошку зазiрнуць у вочы заслужанай мадэлi. Ён папярэдзiў Цiмахвеева, каб мадэль была сьвядомая сваёй ролi на судзе. З Дударам, Зарэцкiм, Галавачом - непаслухмянымi мадэлямi - ён будзе гаварыць асабiста.
Тымчасам ужо разьвiднелася, i Цiмошка, змораны сваiм начным абходам нацдэмаў, падаўся дахаты адпачыць.
30
Валя Камоцкая, выйшаўшы з турмы, не хацела вяртацца ў манастыр - яна хацела жыць адна, на прыватцы. Манастыр, з ягонымi насельнiкамi, у яе цяпер адпаў. Яна не змагла-б ужыцца з сваiмi колiшнiмi (так, цяпер ужо колiшнiмi) сяброўкамi, яны былi, здавалася, недзе ўжо ў мiнулым, перасталi iснаваць для яе. Яна i раней з iмi ня жыла ў згодзе, то было iнтэрнацкае, вымушанае сужыцьцё, цяпер немагчымае пасьля перавароту, перажытага ёю за тры месяцы сядзеньня ў адзiночнай камэры. Зрэшты, яна iшла да гэтага перавароту даўно, калi ёй кiнуўся ў вочы Раман i захапiў яе. Нi Ларыса, нi Оля Дзiчкоўская не змаглi прыручыць яго, хоць i бралi яго на прыцэл, 'на мушку', паводля выразу Розы Шкляр. Валя Камоцкая пусьцiла ў ход усе свае здольнасьцi, каб авалодаць Корзюкам, адбiць яго ад Ларысы не таму, што яна ўжо яго гэтак кахала, а найболей, магчыма, таму, каб не пакiнуць яго iншым. Тут было хутчэй больш жаночага эгаiзму, чымся каханьня. У змаганьнi за Рамана, Камоцкая, можна сказаць, вырабiла ў сабе iншы, не ўласьцiвы ёй характар: сваёй уяўнай баявiтасьцяй, якая межавала з вульгарнасьцяй, сваёй настырнасьцяй, 'арыгiнальнасьцяй' яна адказвала на такую-ж 'арыгiнальнасьць' Рамана Корзюка, сваёй 'нязгодай' адказвала на Раманаву 'нязгоду'. На самай-жа справе, пад 'вульгарнасьцяй' Валi хавалася цiхая пяшчота, пад найгранай весялосьцяй засмучанасьць. Сваёй 'вульгарнасьцяй' Камоцкая абараняла сваю душу ад вонкавага сьвету, засланялася ад яго, ня пушчала нiкога заглянуць у ейную душу. У гэтым змаганьнi за Корзюка i з самой сабой Камоцкая стамiлася, здалася, сьцiшылася, прыйшла да сябе самой, да сябе сапраўднай, да такой, якой яна была на самай справе. I ўласна, тут ня было перавароту, было толькi ўсьведамленьне сябе. Тры месяцы турэмнага жыцьця былi толькi завяршэньнем гэтага ўсьведамленьня, 'перавароту'. Аднак, з боку, для пабочнага вока яна магла здацца iншай, ня той ранейшай, якой яна была, а перароджанай, зламанай. Нават сьледчы не Палiтыка, а ўжо iншы, на ймя Беларус, што канчаў ейную справу быў зьдзiўлены лагоднымi паводзiнамi Камоцкай, розумам, якi яна нiбыта выявiла ў гутарцы зь iм. (Характарыстыка, дадзеная Камоцкай Палiтыкай была, на думку Беларуса, няправiльнай.) У гутарцы з Камоцкай Беларуса зьдзiвiла i iншая акалiчнасьць: Камоцкая баранiла не сябе, а Корзюка. Яна ня ведала яшчэ, што яе маюць выпусьцiць, для яе было загадкай, чаму ейная справа была перададзеная ў рукi iншага сьледчага з штучным, як ёй здалося, прозьвiшчам 'Беларус'.
'Беларус', старэйшы ўзростам чалавек, спакойны i, як здавалася, разважлiвы, пытаўся ў яе з нейкай бацькоўскай спагадай у голасе пра ўсё: пра бацькоў, чым яны займаюцца, у якiм яны веку, цi быў у iх дастатак, пра ейнае маленства, пра тое, як ёй падабалася праца настаўнiцы, нарэшце - цi хацела-б яна закончыць вышэйшую асьвету i стацца зноў настаўнiцай, не ў пачатковай школе, як раней, да паступленьня ў iнстытут, а ўжо ў сярэдняй школе. Зацiкаўленьне сьледчага ўва ўсiм гэтым, ягоная спагада выклiкала Камоцкую на шчырую, рашчуленую гаворку.
- Вы самi сабе напсавалi сваiмi сувязямi з Раманам Корзюкам i ягонай сям'ёй. Асаблiва сваiмi провадамi iх на хутар Баранкевiча. Вам хiба было няўцям, што хутар Баранкевiча - гэта шпiёнскае гняздо, - дапытлiва зазiрнуў Беларус у вочы Валi Камоцкай.
- Хутар той мне паказаўся падазроным i самой, але я хацела дапамагчы мацi i сястры Рамана, нi ў чым невiнаватым i пакiнутым жанчынам.
- Вашая спагадлiвасьць заслугоўвае пахвалы, але вам, савецкай студэнтцы, савецкай грамадзянцы, не да твару было апынуцца ў цянётах злачыннай шайкi-лейкi. Добра, што мы выцягнулi вас з гэтых цянётаў. Вы мусiлi-б у нас на сьледстве катэгарычна адмежавацца ад Рамана Корзюка, рашуча заявiць аб сваёй непрыналежнасьцi да справы Корзюкаў. Вы гэтага не зрабiлi, толькi бяз дай прычыны тармазiлi сваiмi