працэс (ён тут пагаджаўся з Цiмошкам) сапраўды не аплацiцца. Купала мае iмя, але характарам сваiм ён для працэсу, трэба пагадзiцца, не падыходзiць: нейкi сарамяжы, асьцярожны, палiтычна неразвiты. Склалася-б уражаньне, што ён - пакутнiк, якi ня ведае, за што яго судзяць. Быў-жа ён тут у нас. Усё, што мы пабачылi ў iм - гэта ягоную рашчуленасьць, псыхiчную няўстойлiвасьць, што можа прывесьцi - у часе ягонай большай пачуцьцёвасьцi - да нейкага непажаданага кроку - да самагубства. Нашто нам такая ахвяра?

Бэрману прыйшоў на думку калектыўны аўтарытэт: Гартны-Чарот-Зарэцкi. Ён паклiкаў да сябе сьледчага Пушкiна.

- Як Жылуновiч?

- Хворы.

- Што з iм?

- Баюся - прызнакi вар'яцтва.

- Сымулюе, мабыць?

- Ня думаю.

- Што-ж тады? З чым мы можам пачаць працэс? Далей нельга адкладваць. У Маскве чакаюць громкага нацдэмаўскага працэсу. Мы павiнны вызначыць канкрэтную дату працэсу. Хто на вашую думку (Бэрман больш не разьлiчваў на Цiмошку) з усiх арыштаваных падыходзiў-бы найбольш для галоўнай ролi на працэсе - Гартны, Чарот, Зарэцкi?

- Нiводзiн з iх. Яны мала вядомыя палiтычна. Нам патрэбны для галоўнай ролi не пiсьменьнiкi, а палiтык. Пiсьменьнiкi - у дадатак. I я бачу такога палiтыка, - усьцешаны сваёю думкай, усьмiхаючыся, ласкава пазiраючы ў вочы Бэрману, нiбы iнтрыгуючы яго, - спакушаў Пушкiн Бэрмана.

- Хто ён, гэты палiтык?

- Чарвякоў, Аляксандр Рыгоравiч.

- Як гэта ня прыйшло мне ў голаў раней - надзвычайная, адзiна правiльная, адзiна магчымая iдэя, - радаваўся Бэрман. - Сапраўды - маеце слушнасьць Чарвякоў постаць дастатковая, калярытная - у мiнулым эсэр, цяпер старшыня Цэнтральнага Выканаўчага камiтэту Беларусi, прэзыдэнт, можна сказаць.

- Да таго-ж - не забывайма - Чарвякоў - душа нацдэмаў, - ушчаў Пушкiн. Чарвякоў пад iхным уплывам, у згодзе з iмi, праводзiць iхную нацыяналiстычную палiтыку, варожую рабочаму класу.

- Вы ня ўзялi-б на сябе абавязак скампанаваць сцэнарый працэсу, паводля якога мусiў-бы праходзiць працэс? Я ўпаўнаважваю, загадваю вам гэта зрабiць як найхутчэй. У трохдзённы тэрмiн. У гэтую пятнiцу пакладзеце гэты сцэнарый мне на стол. Цiмошка, не захаваю ад вас, адхiлены i будзе пакараны за зрыў кампанii. Згода?

- Я зраблю ўсё магчымае, - запэўнiў Пушкiн Бэрмана.

Пушкiн быў рады свайму новаму абавязку, а найболей магчымасьцi насалiць Цiмошку, якога ён ненавiдзеў у душы, усяк маскуючы сваю няпрыхiльнасьць да яго. Пушкiн выстаўляў сябе сябрам Цiмошкi i быў з iм на ты. У Пушкiна быў свой плян: заняць у Бэрмана месца Цiмошкi, як стратэга ў нацдэмаўскай справе.

Бэрмана трывожыла толькi адно: цi апрабуе Масква, у прыватнасьцi Калiнiн, ордэр на арышт Чарвякова - усё-ж гэта фiгура ўсесаюзнага значэньня. Але сама iдэя ўзначаленьня нацдэмаўскага працэсу Чарвяковым падабалася Бэрману, i ён загадаў сваiм падначаленым узьняць, схаваныя дасюль матэрыялы аб дзейнасьцi Чарвякова з тым, каб яны былi гатовыя да партыйнай чысткi, якую Чарвякоў, як i ўсе члены партыi, мусiць неўзабаве прайсьцi.

Машына закруцiлася. Настаў той дзень чысткi Чарвякова. Спэцыяльная камiсiя па чыстцы была незадаволеная паводзiнамi Чарвякова: ён недастаткова, на думку Камiсii, высьветлiў сваё мiнулае, ня прызнаў усiх сваiх памылак, не раскаяўся да канца ў сваiх палiтычных грахох, у прыватнасьцi - эсэраўскiх, у сваiх кантррэвалюцыйных сувязях з нацдэмамi. З Камiсii ён пайшоў сумны, расквелены i бездапаможны. У 'Правде' зьявiўся артыкул, што абвiнавачваў яго ў правым ухiле. На наступнай чыстцы Чарвякова прыдзiрлiвымi пытаньнямi i запалохваньнем давялi да сьлёз. На Зьезьдзе Саветаў БССР першы сакратар ЦК КПБ Шаранговiч, у прысутнасьцi Чарвякова, абвiнавацiў яго ў патураньнi 'нiкчэмным нацдэмаўскiм замыслам', адначасна прыпiсваючы яму вiну за ўсе гаспадарчыя няўдачы ў Беларусi, у прыватнасьцi за недасягненьне ў рэспублiцы стану суцэльнай калектывiзацыi. Чарвякоў ня мог вытрымаць зьнявагi i пакiнуў прэзыдыюм Зьезду, у якiм ён сядзеў разам з Шаранговiчам. Шаранговiч яшчэ гаварыў, з трыбуны, як пачуўся стрэл з кабiнэту Чарвякова, сумежнага з саляй, у якой адбываўся Зьезд. Стрэл прагучэў на ўсю Беларусь, ён забраў ейнага кiраўнiка. Карта Пушкiна з Бэрманам была бiта.

33

Дзяжурны па карыдору пачаў заўважаць, што зьняволены трэйцi дзень ня есьць свае пайкi хлеба. Прыймае, але ня есьць. Адчынiўшы дзьверы ў камэру, дзяжурны пытаецца:

- Сват! (Гэтак ён заўсёды зьвяртаўся да зьняволенага.) Чаму ты складаеш свае пайкi хлеба на стол, а не сюды (ён паказаў на свой жывот)?

Зьняволены ня ведаў што адказаць i толькi зьбянтэжана ўхмыляўся. Дзяжурны не пакiдаў свайго:

- Цi не таму, што ня прыносяць больш смачнейшых абедаў, з сталовай начальства? Значыць, ня ў ласцы ты, калi пасадзiлi на звычайны, турэмны паёк? Яно зразумела, пасьля катлетаў баланда ня лезе ў рот, - жартаваў дзяжурны па карыдору.

Зьняволены на ўсё гэта нiяк не рэагаваў, хоць, здавалася, i хацеў нешта сказаць, ды ня ўмеў ад нейкай сарамлiвасьцi.

Цiшка Гартны прызнаваўся на допытах ува ўсiм, i яму дастаўлялi ў камэру абеды з сталовай НКВД - белы хлеб, першае i другое, нават з дэсэртам кампотам цi кофэ. Забясьпячаўся ён i iншымi недазволенымi для звычайных арыштантаў рэчамi: алавiкамi, газэтамi, паперай, кнiжкамi. У беларускай 'Звяздзе', здаралася, ён чытаў пра сябе артыкулы, у якiх падавалiся цэлымi кавалкамi вытрымкi з ягоных паказаньняў на допытах. Цяпер ён баяўся сказаных iм слоў. Уначы, калi ён гаварыў iх сьледчаму, яны здавалiся яму звычайнымi словамi, цяпер-жа ў газэце яны, страшныя, быццам стралялi ў яго. Iх чытаюць цяпер iншыя i можа дзiвяцца, як ён мог сказаць усё гэта. Ён думаў, што ягоныя словы не праб'юцца праз муры, заглохнуць у iх навекi, як глухне тут усё. Такая акалiчнасьць ня стрымлiвала яго нi ў чым, нават падахвочвала яго гаварыць следчаму патрэбнае i непатрэбнае. Ён сьпiсаў за год сядзеньня ў турме цэлыя стосы паперы, каб - дзiўная рэч - дагадзiць сьледчаму, паказаць, што ён не абы якi чалавек, што ён нешта значыць, iнакш - iм-бы не зацiкавiлiся i ён ня быў-бы тут. Часамi ён нават думаў, што чым болей ён будзе надаваць сабе вагi ў сваёй пiсанiне, тым болей з iм будуць лiчыцца i тым меншая яму будзе кара. Дапушчаў, што яго могуць нават пусьцiць дахаты, як гэта, зрэшты, даваў яму зразумець i сьледчы. Ён рабiў усё, каб ня зьнiзiць свайго вобразу, заставацца на вышынi лiдэра нацдэмаўскай арганiзацыi. Ён аформiў яе ў сваiх паказаньнях паводля задумы i пляну Цiмошкi, як антысавецкую, кантррэвалюцыйную, шпiёнска-дывэрсыйную, тэрарыстычную нацдэмаўскую арганiзацыю. Ён уцягнуў у яе можа палавiну беларускiх пiсьменьнiкаў i паэтаў, знаёмых i незнаёмых яму. Падаў нямала iмёнаў з Беларускай Акадэмii навук, дзе ён працаваў, з тэатру, iмёны ўсiх сваiх блiзкiх знаёмых.

Цяпер ён спалохаўся ўсяго гэтага, уясьнiў, што гэта ўсё ня жарты, што за ўсё гэта трэба будзе расплачвацца i можа цаною жыцьця.

Сьледства ў ягонай справе закончанае, ён падпiсаў фармальны пратакол аб заканчэньнi, i цяпер яго ўжо болей ня выклiкаюць на допыт i ня прыносяць ранейшых спэцыяльных абедаў. Дасюль ён праседжваў начамi ў сьледчага на допытах, або займаў сябе пiсанiнай у камэры, i яму ня было гэтак сумна, як цяпер. На прагулку яго ня выводзяць, газэтаў для яго ня купляюць, i яму зрабiлася нясьцерпным жыцьцё ў камэры. Яму было страшна аднаму. Уначы, асаблiва, калi неба было зорнае, ён усiмi сваiмi сiламi хацеў далезьцi да вакна, але яно было высока, i ён з сьлiзкага каменнага падваконьнiка, ня здолеўшы ўхапiцца за краты, спаўзаў унiз. Але не здаваўся - рабiў тое самае зноў. Яму хацелася зiрнуць у неба, схавацца ў iм, але змрок у камэры, здавалася, цягнуў яго назад, хапаў за плечы i ён, абясьсiлены, падаў долу. Тады ён браў з кутка мятлу i нiбы якую лесьвiцу стаўляў яе да сьцяны, думаючы, што такiм спосабам ён дабярэцца да вакна. Ды такое 'ўладжаньне' анiяк не дапамагала яму, i ён у роспачы адкiдаў яе ў кут.

Дзяжурны па карыдору, што назiраў за ягонымi патугамi праз 'ваўчок', адчынiўшы дзьверы, сьмяяўся з яго, але па нейкiм часе, бачачы, што той ня спыняе сваiх практыкаваньняў, быў схiльны думаць, што ягоны падапечны хiба што рэхнуўся, i данёс пра сваю здагадку начальству.

Гартны худзеў, нiчога ня браў у рот. Яго квялiла думка: шго ён нарабiў? Стукаўся ў дзьверы, каб сказаць дзяжурнаму, што ён хоча бачыць свайго сьледчага, хоча, каб ён выклiкаў яго.

...Я ўсё запярэчу... Адмоўлюся... Скажу, што ўсё няпраўда... Што нахлусiў... Што каб ня верылi мне... Што

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату