можа быць пяшчотнасьцi - яна ачарсьцвела ад грубасьцi.
Дзецi пыталiся, куды гэта паехаў тата. Рыва адказвала, што ён хутка вернецца, хоць ужо й трывожылася сама. Што ў iх там такое? Нi дня, нi ночы. Як на сенакосе якiм. Пэўна, прывезьлi некага важнага i ня ведаюць, з чаго пачаць. Што i як... Глупства ўсё... У тэатр ужо позна...
Бэрман пад'ехаў да варотаў сваёй установы. Вартавы хадзiў уздоўж будынку ўзад i ўпярод - выпаўняў сваю звычайную службу, не зьвяртаючы асаблiвай увагi на машыну што пад'ехала: ён ведаў, хто ў ёй - ня ўпяршыню-ж. Вароты адчынiлiся, i Бэрман апынуўся на двары, шчыльна атуленым з усiх бакоў будынкамi ягонага наркамату. Варта была i тут. Бэрман узьняцьцем рукi, як Гiтлер, прывiтаўся з ёю i хуткiмi крокамi накiраваўся да ўваходу ў нiжнi этаж. Варта пры ўваходзе i ў нутры не затрымлiвала яго. Ён уваходзiў i выходзiў тут кажны раз. Iдучы карыдорам па мяккай дарожцы да свайго кабiнэту, Бэрман адчуў - ад таго, мабыць, што тут было цёпла i не хапала сьвежага паветра - што ён ап'янеўшы. У галаве няясна i ў нагах - слабасьць. Рады быў апынуцца ў сваiм крэсьле. Толькi занадта зыркае сьвятло. Жмурыў вочы. Жонка пазванiла, цi ён даехаў добра. Бэрман паклiкаў свайго намесьнiка. Але замест яго, у кабiнэт увайшоў зусiм незнаёмы яму чалавек, у цывiльным з вялiкiм пакетам у руках.
- Гэта вам, - падыходзiў незнаёмы да стала. - Пэрсанальна вам.
- Хто вы? Якi пакет? Недарэчна. Чаго вы тут?
Схапiўся за тэлефон - адключаны. Узяўся за другi - таксама.
- Здрада! Варта! Сюды! - закрычэў.
Незнаёмы iшоў на яго. Ня йшоў, а сунуўся - спакойна, з iранiчнай ухмылкай. Гэтак iшоў Нiкалаеў на Кiрава. Бэрман у сьмяртэльным страху завойкаў:
- Не страляйце! Не страляйце!
Незнаёмы праваю рукою палез у кiшэню.
- Не страляйце! - узьняў угару рукi Бэрман.
Незнаёмы цэлiўся.
Бэрман у няпрытомнасьцi разьзявiў рот, быццам хацеў праглынуць кулю, шта гатова была вiда-вiда вырвацца з дула.
- Не палохайцеся! Вы толькi арыштаваныя i ня больш. Думалi, вы будзеце абараняцца. Тым лепш.
З арыштам Ягоды, у першую-ж ноч была арыштаваная ўся ягоная намэнклатура, у тым лiку i начальнiк беларускага НКВД Бэрман.
36
Камоцкая знайшла сабе пакойчык на Кляра Цэткiн. Танны, без асаблiвых выгодаў. Але яна была задаволенай сваiм прыватным жыцьцём. Яна любiла цяпер быць самой. Думаць над сабой. Пастарэла на цэлае стагодзьдзе, дзiвiлася сама што яна ня тая. На шмат старэйшая, яна нiбы прасьвятлiлася, ачысьцiлася, i гэтае новае адчуваньне - вышэйшае - да спадобы ёй, натхняе яе, з iм добра ёй. У пачуцьцях сваiх - багацейшых цяпер - яна ўзьнялася да нейкай новай эстэтычнасьцi, якая перашкаджала ёй задавальняцца абы чым. З усiх ейных дасюлешнiх сябровак добрымi душамi яна лiчыла толькi Ларысу, Дзiчкоўскую i ў меншай ступенi - Цыпiну. Да яе ёй трэба сёньня зайсьцi. Яна ня ведала, што Цыпiна ўжо ходзiць цяжарная. У iнстытуце-ж дазналiся аб гэтым толькi ўчора, калi яна папрасiла ў рэктара даць ёй на год водпуск. Гэты факт быў, аднак, прыняты там без асаблiвага зьдзiўленьня. Камоцкая ня бачыла Цыпiнай ад часу, калi яна была арыштаваная на ейнай кватэры. Будзе пра што гаварыць.
Яны прывiталiся сардэчна, аглядаючы адна другую. На твары Цыпiнай ужо адбiлася цяжарнасьць. Гэта адразу кiнулася ў вочы Камоцкай, але яна зрабiла выгляд, што нiчога не заўважае. Сама-ж Камоцкая паказалася Цыпiнай непазнавальнай, ня той, ранейшай. Цыпiна чула ўжо, што Камоцкая выпушчана.
- Ну, Валечка, я цябе цяпер баюся. Раней ты была антысавецкай, i мне добра было з табою такой, а цяпер ты - аддана савецкая. - Цябе-ж выпусьцiлi хiба ня так сабе - далi нейкае заданьне, - нi то сур'ёзна, нi то жартам выпалiла Цыпiна. - Пецьку-ж майго не адпушчаюць.
Каб Камоцкая не пакрыўдзiлася, дадала:
- Даражэнькая, я-ж жартую. Добра, што цябе выпусьцiлi. Я вельмi рада. Можа ты ведаеш што пра Пецьку. Сама я нiчога не дабiлася. За што яго арыштавалi i што з iм - невядома.
- Ува ўсiх iх адна справа - беларускi нацыяналiзм. Арганiзацыя. Ты хiба й ня ведала, што твой Пятрок у арганiзацыi? - з ноткай iронii ў голасе запыталася Камоцкая.
- Але ўсё-ткi, як ты думаеш - чаму цябе выпусьцiлi?
- Ня ведаю сама. Нiхто з нас нi ў чым ня вiнаваты. Мусiць таму, што я больш цьвярдзейшай была на допытах. Не пагаджалася з хлусьнёю. А можа-ж i яшчэ каго выпусьцяць. Суд будзе - можа каго апраўдаюць. Але я не хачу цябе суцяшаць. Не выглядае гэтак.
Камоцкая спахвацiлася, цi не зашмат яна гаворыць - дала-ж абяцаньне маўчаць. Нiчога не гаварыць пра свой турэмны вопыт. Хоць што i каму яна можа расказаць? Апрача Рамана, яна нiкога там ня бачыла. Iх трымаюць строга iзалявана.
Аднак Камоцкай крыўдна было, што ейнае вызваленьне з турмы ўспрыймаецца падазрона. На занятках у iнстытуце з ёй абыходзяцца падкрэсьлена ветлiва, але лiшняга з ёй, як раней, не гавораць, нават ухiляюцца гаворкi з ёю.
- Ведаеш, Бася, там дрэнна кормяць. Зрыхтуем перадачы: ты для Пятра, я для Рамана.
- Я ўжо спрабавала - ня прыймаюць. Ларыса таксама Раману насiла - тое самае. Мне сказалi, мусiць быць дазвол на перадачы ад сьледчага. Я тады папрасiла была дазволiць мне пабачаньне. I гэтай просьбы таксама не задаволiлi.
Камоцкая слухала, а ў пямяцi яе ўсплыў малюнак: ля турэмных варот жанчыны з перадачамi. Гэта яна пабачыла, калi выходзiла з будынку НКВД, ужо вызваленая. 'Няўжо нi ў кога з iх ня прыймаюць?'
Сяброўкi радзiлiся, гаварылi, успамiналi. Перабралi па костачках усiх сваiх знаёмых. Зблiзiлiся.
Цыпiна запыталася ў Камоцкай, цi ёсьць усё-ткi ў каго-небудзь з арыштаваных вiна якая?
- Ну, якая вiна ў твайго Пецькi?
- Можа тое, што Пецька займаўся пiсанiнай i ўжо пачаў друкавацца? Помнiш яго апавяданьне ў газэце 'Лiтаратура i мастацтва'? Там нешта ў яго знаходзiлi. А можа таму, што сябраваў з Раманам? Скажы, ну чаго з дуру яго пагнала ў тую Польшчу? Гэтым ён пашкодзiў i сабе i ўсiм. Ня ты яго туды зманьвала?
Цыпiна была перакананая, што Пятрок сядзiць з-за Рамана, хоць прама й не гаварыла пра гэта Камоцкай. Не хацела з ёю сварыцца.
Камоцкая мела сваё меркаваньне.
- Ты-ж ведаеш, Бася, пiсаць пабеларуску, друкавацца - ужо гэта адно ў нас ня добра. Гэта ўжо нацыяналiзм. Глядзi, апрача Рамана, лiчы, усе нашыя хлопцы пiсалi: хто для сябе, хто для друку. Пiсалi-б яны парасейску, дальбог, iх не чапалi-б. Дык твая здагадка ў нейкiм сэньсе правiльная. (Абараняць Рамана Камоцкая ня стала - быццам з-за яго сеў i Пацька.)
Цыпiна ня зусiм была згоднай з Камоцкай:
- Пiсаць-жа пабеларуску не забаронена?
- Так, не забаронена, але ўсё яно ня так проста.
Камоцкая не хацела, устрымалася ад удакладненьня пытаньня. Цыпiна ня ведае ўсяго. Яна сама ня ведала, пакуль не пабывала там. Толькi там стаецца ўсё зразумелым.
Камоцкая не сказала Цыпiнай пра суд над бацькам Рамана i што яна была на гэтым судзе ў якасьцi сьведкi. Хацела сказаць, але адумалася. Ёй стрэлiла думка (такая раптоўная!), а мо яе выпусьцiлi, каб яна сьведчыла супраць Рамана? 'Такою цаной я зарабiла сабе свабоду?'
Цыпiна перабiла гэтую думку сваiм запрашэньнем за стол i нешта зьесьцi.
- За тваё вызваленьне, Валя! - узьняла Цыпiна пазалочаную чарачку з каньяком. (Цыпiну забясьпячала правiянтам i ўсiм iншым ейная сястра з закрытага магазыну, куды яна мела доступ, як жонка высокага партыйнага работнiка).
- Лепш-бы ты, Бася, не прагалашала такога тосту. Ён дужа горкi, - сказала ў адказ Камоцкая i ейная чарчына засталася не паднятай.
- Ты сапраўды пакрыўдзiлася? Зрэшты, разумею. Выбачай! Былi i будзем добрымi таварышкамi. Я рада, што ты завiтала да мяне. Цяпер я адна. Мацi ў шпiталi... I ведаеш - я ўжо чую, як ён шаволiцца ў мяне ў нутры. Ты-ж разумееш, пра што я гавару... Ты-ж хiба прыкмецiла... А што ён будзе ён я ў гэтым упэўнена. Пецька хацеў яго, i асаблiва стараўся, каб ён быў ён.
Цыпiна сьмяялася, але разам i пусьцiла сьлязу, што Пецькi няма.
- Не забывай мяне. Заходзь. Мы-ж, можна сказаць, цяпер з табой удовы. Але што гэта я? Яны-ж не