навыдумляў... Што нават няма тых людзей у жывых, якiх я падаў iм. Iх проста няма... I арганiзацыi няма... Яны самi выдумалi яе... Божа-ж мой, як буду глядзець я людзям у вочы - наплююць... Калi толькi яны пабачаць мяне... Натварыў ячэек па ўсёй Беларусi... А йдзе яны?.. Усё пайшло ад мяне... Не, ад сьледчых... Гарту ў мяне няма... Якi я Гартны?.. Чым я выкуплю вiну сваю перад усiмi невiнаватымi?.. Яны сядзяць во побач мяне ў кожнай камэры... Я чую iх стогны i плач... Яны пасылаюць мне праклён за тое, што я прыцягнуў iх сюды... Ня толькi мяне, дзяцей маiх праклянуць... Кнiжкi паляцца... Навошта мы пiсалi iх?.. Усе цяпер тут... Сяджу во ў гэтым закутку... Сьмерць настала-б хутчэй... Лягчэй было-б... Ага... дзьверы ўсё-ткi адчыняюцца... Спатрэбiўся... На допыт... Вось добра... Усё цяпер напраўлю... Штосьцi не пазнаю свайго сьледчага... Гэта ня ён... Гэта iншы... Той быў лепшы... Мякчэйшы... Пагражаеце?? Што?.. Ня выпусьцiце?.. Згiну тут?.. Быў добры... Цяпер не... Важкiя паказаньнi, грамадзянiн Жылуновiч! Для расстрэлу дастаткова... Сьцерцi гэтага вы ўжо ня можаце... Моцна запiсана... Ну, гэтак... Праўда... Нагаварыў-жа i напiсаў... пад расстрэл... Цi-ж можна было падумаць?.. Яшчэ й Сталiна прычапiлi... Казалi, што яны самi яго прыбяруць... Зьнiшчаць, душагуба... Пыталiся, цi ён варты таго... Я, каб быць з iмi ў згодзе, казаў што варты... А яны тады... я хацеў забiць Сталiна. Iм гэта трэба было, каб мяне расстраляць... Божа-ж мой... Я хацеў забiць Сталiна?..
Ён падлазiў пад стол, прыкаваны да сьцяны, думаў, што схаваецца, i яго не павядуць на расстрэл... Калi яму дзяжурны падаваў хлеб, ён адмаўляўся, ня браў, казаў: 'Ежце самi... Мяне ўжо ня будзе...' А то прасiў купiць яму беларускую газэту, каб пабачыць, што пра яго там пiшуць. Цi сапраўды яго расстраляюць? Лез на вакно, да зораў. Уцякаў з камэры. Зьдзiраў пазногцi, лезучы да вакна. Дзяжурныя сьмяялiся, абыякава глядзелi на дзiвакаватага вязьня. Але прыйшоў аднойчы на дзяжурства той, што называў яго 'сватам'. Адчынiў дзьверы, хацеў нешта сказаць 'свату', як 'сват', ударыўшы пад рукi, выскачыў на карыдор. Пабег на круг, ухапiўся за рычагi i пачаў адчыняць iмi камэры. (Было такое ўладжаньне ў 'амэрыканцы', пры дапамозе якога дзверы ў камэрах аўтаматычна адчынялiся i зачынялiся.) Наскочыла болей дзяжурных... Схапiлi... Пацягнулi ў больнiцу...
У начальнiка беларускага НКВД Бэрмана адпала яшчэ адна магчымасьць для адкрытага працэсу нацдэмаў.
34
Аляксандр Цьвiкевiч быў рады пазнаёмiцца з Раманам Корзюкам, беларускiм студэнтам. Жывучы доўга на выгнаньнi, па-за межамi Беларусi, ён ня ведаў пра настроi беларускай моладзi, што яна думае, чым жыве, пагатоў студэнцкая моладзь. Дзiўна, Цьвiкевiч вельмi ўсьцешыўся, калi даведаўся, што Корзюка абвiнавачваюць у беларускiм нацыяналiзме. Жыве, думаў ён, яшчэ душа беларуская. Цьвiкевiч распытваў Корзюка пра ўсё-ўсенькае, дзiвiўся адкрытасьцi, наiўнасьцi i безабароннасьцi Корзюка, неяк шкадаваў яго. Корзюк у сваю чаргу, з вялiкай увагай, захапленьнем i павагай слухаў свайго старэйшага кампаньёна па камэры, асаблiва, калi той, спачатку насьцярожана, потым адкрыта i свабодна, паблiскваючы сваiм пэнснэ, апавядаў яму пра свой жыцьцёвы шлях, пра сваю грамадзскую i палiтычную дзейнасьць. Аляксандр Цьвiкевiч гаварыў цiха, седзячы на сваiм ложку, адзiным ува ўсёй камэры. Ягоны сьледчы загадаў паставiць яму ложак быццам ў знак пашаны да яго, былога мiнiстра ў эмiграцыйным урадзе Беларускай народнай рэспублiкi (БНР). Камэрнiкi былi зьдзiўленыя такой прывiлеяй i глядзелi на Цьвiкевiча з зайздрасьцяй i адначасна з нянавiсьцяй, спрабуючы разгадаць, хто ён за такая шышка. Цьвiкевiч нi з кiм ня ўступаў у гаворку, не шпацыраваў, як iншыя, па камэры, сядзеў на сваiм ложку, аб нечым думаючы, як-бы бiўся над вырашэньнем нейкай важнай праблемы. Камэрнiкаў зьдзiўляла, што ён цяпер разгаварыўся з Корзюкам, новапрыбылым чалавекам. Цьвiкевiч, запрасiўшы Корзюка сесьцi на ягоны ложак, бубнiў яму пра сваю ролю ў беларускiм нацыянальным руху, у прыватнасьцi ва ўрадзе БНР, гаварыў, што ў беларуса яшчэ ня вырасьлi зубы, што ён мусiць прабiваць сабе дарогу ў жыцьцё, не баючыся пушчаць у ход кулакi. Здавалася, ён выхоўваў, навучаў Корзюка. Корзюк прыйшоўся яму да спадобы, нават i тым, што добра выйшаў ростам. Не ўшаноўваў толькi Корзюкаву 'спантаннасьць'. Ад Корзюка Цьвiкевiч даведаўся аб арыштах студэнтаў у пэдiнстытуце. Гэта было для Цьвiкевiча доказам, што беларуская справа не памёрла. Цьвiкевiч гаварыў Корзюку, што той факт, што НКВД стварае беларускую нацыянальную арганiзацыю i абвiнавачвае арыштаваных у iхным iмкненьнi адасобiць Беларусь, адарваць яе ад Саюзу сьведчыць, што беларуская праблема iснуе i што яна турбуе цэнтральны ўрад. Цьвiкевiч разьвiваў перад Раманам сваю думку адносна вырашэньня беларускага пытаньня i, захапiўшыся, гаварыў грамчэй, i толькi, заўважыўшы, што яго пачынаюць падслухоўваць камэрнiкi, змаўкаў i адпушчаў Рамана. Той у роздуме, падагрэты iдэямi Цьвiкевiча, распачынаў сваю хаду па камэры, ня надта асьцерагаючыся, каб не наступiць каму-небудзь на ногi - арыштанты, ня маючы сваiх ложкаў, ляжалi на цамэнце ўпокат, i ня вельмi любiлi, калi нехта расхаджваў па камэры.
Была ўжо дванаццатая гадзiна, поўнач, калi Рамана Корзюка выклiкалi на допыт. Цьвiкевiч сьпяшаўся нешта сказаць яму, выглядала - настаўляў яго, падтрымлiваў на духу. Цьвiкевiч як-бы ўглядаў у Корзюку нейкую зьмену сабе. За час выгнаньня ён зьняверыўся, яму здавалася нерэальнай надзея на магчымасьць адраджэньня беларускага нацыяналiзму, пасьля разгрому яго на самым пачатку трыццатых гадоў. I як-жа ён быў зьдзiўлены - прыемна зьдiўлены, калi ў Корзюку ўгледзеў новыя парасткi гэтага нацыяналiзму. Абрадваны, у гутарках з Корзюкам ён прасiў яго рацыянальна мацаваць у сабе беларускую сьвядомасьць, каб яна праяўлялася ў iм ня стыхiйна, а ўсьвядомлена, мела здольнасьць цягласьцi.
Сьледчы Палiтыка сустрэў Рамана ветлiва, доўга гаварыў з iм пра рэчы пабочныя, ня зьвязаныя з ягонай справай. Сказаў Корзюку, што ён пахудзеў, парадзiў яму абстрыгчыся, каб уберагчыся ад выпадзеньня валос. Да суду, пад сьледствам, арыштаваны мае яшчэ права, калi ён таго хоча, насiць прычоску, пасьля-ж выраку яго ўсё роўна абстрыгуць, хоча ён таго цi ня хоча. Такая тут рэгуляцыя.
- Вас абстрыгуць, таварыш Корзюк. Суд вас не апраўдае i дахаты вы ня пойдзеце. Нашто вам прычоска? - нi то жартаваў, нi то зьдзекваўся Палiтыка.
Корзюк, успомнiўшы навуку Цьвiкевiча быць у сваiх пачуцьцях рацыянальным, спахапiўся ў час i нiяк не рэагаваў на кпiны сьледчага. Чакаў, пакуль ён ня прыступiць да справы.
- Тады пачнём. Цi дакладней - давайце канчаць. Справа вашая ясная i яе час скiраваць у суд. Мы, сьледчыя, зрабiлi сваё. Доказна ўстанавiлi прыналежнасьць вашай ячэйкi, кiраўнiком якой вы зьяўляецеся, да разгалiнаванай нацдэмаўскай арганiзацыi. Доказна ўстанавiлi вашую сувязь з польскай дэфэнзывай. Гэта галоўныя пункты абвiнавачаньня. Што вы сын забойцы, гэта вам не iнкрымiнуецца. Як сказаў Сталiн, дзецi не адказваюць за злачынствы сваiх бацькоў. Дык калi ў вас нiчога няма дадаць да вашых ранейшых паказаньняў, будзем пiсаць пратакол аб заканчэньнi сьледства. На судзе вы можаце апраўдвацца, колькi вам захочацца, тут-жа - справа скончана. Як я сказаў, яна перадаецца ў суд.
- У якi? - мэханiчна запытаўся Корзюк.
- У Спэцыяльную Калегiю Вярхоўнага суду БССР. Дарэчы, вы былi ўжо, у якасьцi сьведкi, на завочным судзе вашага бацькi i ўжо мелi магчымасьць пазнаёмiцца з гэтай Калегiяй. Як вам спадабалася?
Цынiзм сьледчага абурыў Корзюка.
- У iншым месцы я вам не дараваў-бы гэтага.
- Таму вы тут, у нас.
- Калi-небудзь вы будзеце ў нас.
- Але вам доўга давядзецца чакаць. Пагражаеце, га? Вось яно што!
Палiтыка стукнуў прэс-пап'е па сталу i пачаў, заклаўшы рукi ззаду, кружыць вакол свайго стала.
- Не патрэбна й пратаколу. Падпiшаце гатовую спэцыяльную формачку аб заканчэньнi сьледства i ўсё. Хопiць з мяне вас.
У кабiнэт Палiтыкi ўвайшлi тры сьледчыя, вясёлыя, знарок шумныя. Пытаюцца ў Палiтыкi:
- Ну, як усё?
- Усё, - многазначна адказаў Палiтыка.
- Тады ў парадку. Значыцца, групу Корзюка здаём пад суд? - запытаўся найменшы з траiх.
Корзюк ня ўстрымаўся:
- У мяне няма нiякай групы.
Найменшы з траiх:
- Як-жа няма? Трынаццаць чалавек - чортава тузiна. Вы завадзiла гэтай тузiны.
Корзюк пакаяўся, што ня змоўчыў перад правакатарамi, што можа й прыйшлi, каб падражнiць яго, вывесьцi з раўнавагi. Рагочачы невядома чаго, трое пакiнулi кабiнэт Палiтыкi, скандуючы: 'Рот фронт!'
У кабiнэт, на вялiкае зьдзiўленьне Корзюка, быў уведзены Генадзi Кандраценя. Сьмела, нечакана для Корзюка, з нейкай засмучанай мiнай, Кандраценя працягнуў яму руку i Раман, зьбянтэжаны, машынальна падаў сваю. Кандраценя ўхапiўся за яе абяруч, прыцiскаў да грудзей, здавалася гатовы быў пацалаваць