Рамана. Корзюк, апамятаўшыся, пашкадаваў свае падатлiвасьцi, ды было ўжо позна - Кандраценя завалодаў iм:
- Казаў-жа я табе, Ромусь, твой дзень прыйшоў, станавiся! Станавiся на ногi! Скажы сваё слова! Громкае, важкае слова перад высокiм судом. Будзь варты Корзюкаў!
Палiтыка маўчаў, задаволены наступам на Корзюка. Было ясна, што нiхто iншы, як ён, наладзiў гэту дзiўную сустрэчу i цяпер вось пасьмейваецца з iх абодвых, назiраючы, што выйдзе з гэтай сустрэчы.
- Ня бойся суда. Гэта будзе твой судны дзень. Ня трэба карэжыцца. Гавары праўду! Ты беларус i змусь суд паважаць цябе, як беларуса. Скажы сьмела, што ты сам i твая трынаццатка ў 'Саюзе вызваленьня Беларусi'. Рабi гiсторыю! Стварай яе! У нас не хапае актыўнай гiсторыi...
Кандраценя на момант спынiўся. Азiрнуўся на Палiтыку, i прыняўшы маўклiвасьць Корзюка за знак згоды з iм, пачаў зноў:
- Я даў табе, Ромусь, прытулак у Польшчы. Я ратаваў цябе ад арышту, але ты вярнуўся адтуль. Там, канешне, цябе завербавалi; дык i скажы на судзе, з якой ты мiсiяй тут. Чым больш ты будзеш рашучым, тым больш цябе будзе паважаць (а ты думаў, што?) сам суд. Не абы якi, а Вярхоўны суд твае рэспублiкi. Будзь варты гэтага суду! Рабi, кажу, гiсторыю. Мая поўная падтрымка табе. Не падумай - я таксама ролю адыгрываю. Я, уласна, шкадую цябе, а можа болей - тваю мацi.
Кандраценя гаварыў i гаварыў, а Корзюк зацята маўчаў, анi не рэагуючы на ўгаворы Кандраценi, i дзеля гэтага Палiтыцы невядома было, цi Корзюк прыймае наказы Кандраценi, цi адкiдае iх.
Палiтыка ўсё-ткi лiчыў, што гаворка Кандраценi даходзiць да Рамана i што ён цяпер у стане ўнутранага ўзрушэньня, а гэта ўжо нядрэнны знак. Корзюк-жа ў душы сьмяяўся з гэтай сцэны i чакаў, калi яна толькi скончыцца. Дасюль ён думаў, што Палiтыка ўсё-ж больш разумнейшы чалавек i на такi танны мэтад допыту ня пойдзе.
Кандраценя, ўрэшце, быў адпушчаны. Палiтыка даў падпiсаць Корзюку 'формачку' аб заканчэньнi сьледства i Рамана адвялi назад, у камэру.
35
У Бэрмана нiчога ня выходзiла з нацдэмамi: iмi занята ўся 'Амэрыканка' i цэлы паверх на Валадарскага, а кiраўнiка, якi iх павёў-бы, няма. Няма папулярнай, аўтарытэтнай асобы, якая ўзначалiла-б iх на адкрытым працэсе. Шмат драбязы - паэтаў, настаўнiкаў, артыстаў, студэнтаў i няма постацяў дзяржаўнага маштабу. За год, што прайшоў ад часу, калi мы пачалi плянаваць нацдэмаўскую арганiзацыю, нацдэмы, а пасутнасьцi - ёлапнi нагаварылi сьледчым, пад цiскам i добраахвотна, гэтулькi ўсяго неверагоднага, што неяк боязна выводзiць iх на сцэну. Шмат каму з iх нат хочацца, каб мы iх абвiнавачвалi ў беларускiм нацыяналiзме: за адсутнасьцяй такога ў рэчаiснасьцi, яны радыя яго ствараць у сьценах НКВД. Выглядае, як-бы яны згаладалiся па гэтым нацыяналiзме. Дзiўны фэнамэн. Iншая рэч, што iнiцыятыва была тут ўсё-ткi нашая. Праявы нацыяналiзму то тут, то там - пераважна ў навучальных установах - былi спантанныя, мала ўсьвядомленыя. Гэтыя правы так-бы й заглохлi пры няспрыяльных умовах. Але мы надалi гэтым праявам выгляд, скiраванасьць. Мы аформiлi кволыя парасткi нацыяналiзму ў стройную арганiзацыю з пэўнымi палiтычнымi мэтамi. Мэта нам цалкам удалася, тут ёсьць нават перавыкананьне. Але нам патрэбныя постацi. Постацi! А iх якраз i няма. Тут у нас, можна сказаць, поўны правал. I ёсьць пагроза зрыву нацдэмаўскай кампанii. Стаўка на Жылуновiча правалiлася, на Чарвякова - таксама. Адзiны козыр, што ў нас яшчэ застаўся - Убарэвiч - i той адпаў: яго няма ўжо ў жывых. Значыцца, iдэя збройнай падтрымкi нацдэмаў адпадае. Няма ў жывых Галадзеда - усёткi гэта была-б нейкая фiгура. Дывэрсыi i забойствы - ня надта ўматываваныя. Сувязь з польскай дэфэнзывай - эфэмэрная. Антысавеччына? Гэтага колькi хочаш. Хоць адбаўляй. Ды нам ня гэта трэба. Гэта звычайныя рэчы... Мы прывезьлi з сылкi Лёсiкаў, Некрашэвiчаў, Цьвiкевiчаў, Ульянавых, але з iх толку мала - гэта ўжо асобы ўчарайшага дня. Iхныя iмёны былi яшчэ прыцягальныя, калi мы судзiлi iх першы раз. Судзiць iх паўторна дохлае дзела. Адным словам, апраўдацца нам будзе цяжкавата. Асаблiва мне. Цiмошку што? Ён апраўдаецца. Але цi апраўдаюся я? Ды я мушу апраўдацца! Урэшце, я знайду выхад: паклiчу Ульрыха, ён прыедзе сюды i нацдэмам будзе крышка. Ваенны трыбунал надта не разьбiраецца. Калi немагчымы адкрыты працэс, дык ня будзе нiякага працэсу. Яшчэ ляпей. Свае галавы я не падстаўлю.
Апрача навiслай пагрозы правалу нацдэмаўскай кампанii, Бэрман ня чуўся пэўным i ў iншым дачыненьнi: iшлi арышты трацкiстаў, i ён, ня гледзячы на свой чэкiсцкi стаж, пабойваўся свайго трацкiзму. У 1927 годзе ён галасаваў супраць выключэньня Троцкага з партыi. А якраз такiх цяпер i падбiраюць. Бэрман пакладаўся на Ягоду, якi паставiў яго на чале беларускага НКВД, але Ягода не ўсемагутны. Бэрман трывожыўся за свой лёс, ён ня чуў болей пад нагамi апоры. У яго i сярод падначаленых былi працiўнiкi, хоць-бы той-жа Цiмошка. Ляпнуў-жа ён у прысутнасьцi маiх супрацоўнiкаў: я - трацкiст.
У кабiнэт Бэрмана ўвайшла ягоная сакратарка i запыталася, цi не хацеў-бы ён чаю. Ён папрасiў, i калi тая прынесла, ён улiў у яго ладную порцыю каньяку, што быў у яго тут-жа пад бокам, у шафцы. Ён хацеў заглушыць сваю трывогу, адпружыцца, але заспакаеньне ня прыходзiла, у сваiм уяўленьнi небясьпекi для яго ён даходзiў да скрайнасьцi, яму здавалася, што ягоную трывогу прыкмячаюць i толькi чакаюць, калi ён адыйдзе, зьнiкне. На ноч ён не хацеў, як звычайна, заставацца тут, у сваiм кабiнэце, вырашыў пайсьцi дахаты. Шафёра не захацеў, паехаў сам. Было ўжо цёмна, калi ён стаўляў машыну ў гараж. Ён не тэлефанаваў жонцы з працы, што прыедзе на абед дамоў. Першымi яго сустрэлi ў хаце дзецi, абрадвалiся ягонаму прыходу - яны рэдка бачылi яго. Жонка не чакала яго i была сабраная ўжо ў тэатр. Бэрман папрасiў яе застацца дома, нiкуды ня йсьцi i тая, хоць i неахвотна, засталася. Загадала прыслузе рыхтаваць абед. Прыглядалася да мужа, бачыла, што ён мае кепскi настрой, але нi пра што ў яго ня пыталася. Ськiнула сваё выхадное ўбраньне i перад люстэркам пачала сьцiраць непатрэбную ўжо памаду. Бэрмана крыўдзiла ейная няўважлiвасьць да яго. Ён, увайшоўшы ў хату i пабачыўшы жонку, гатовую да выхаду, не пацалаваў яе, як гэта ён рабiў заўсёды, i мусiць таму, думаў ён, яна такая абыякавая да яго.
- Ну, запытайся-ж пра што-небудзь! Што гэта ты гэткая?
Ён хацеў, каб яна загаварыла з iм, паказала сваю душэўнасьць.
- У вас-жа там усё тое самае. Пра што пытацца? Давай, прызнавайся! Давай, прызнавайся! Вось i ўся вашая грамата.
- Рыва, што з табой? Табе мая работа няцiкавая? Табе ўсё роўна?
- А чаго ты разьнюнькаўся? Няўжо ты такi i на сваёй рабоце? Мяккi?
- Ведаеш, штосьцi я цябе не пазнаю. Я магу быць i цьвярдым. Хочаш, каб я i ў хаце завёў чэка? Магу. Калi табе падабаецца.
Бэрман папрасiў кухарку падаць яму якую-небудзь закусь.
- Будзе-ж абед, - сказала тая.
- Няважна. Прынясi што-небудзь!
Ён налiў сабе ў шклянку каньяку i, як-бы злуючыся, выпiў адным дыхам.
- Ты як-бы некуды сьпяшаешся? - лагодна запыталася жонка. - Прыйшоў, дык i пасядзеў-бы спакойна.
Бэрман скоса зiрнуў на яе, нiчога не сказаўшы. Узяўся за яду.
Адазваўся тэлефон. Жонка падняла:
- Цябе.
Бэрман не сьпяшаўся, выглядала, быццам ён баяўся падыходзiць.
- Алё... Ага... Разумею... Што яшчэ?.. Неверагодна!.. Ня можа быць... Гэта факт?.. Зараз буду... Канешне... Пасылаць за мной ня трэба.
Спалохана кiнуў на жонку вачыма. Засьпяшаўся. Схапiўшы нешта з сваiх рэчаў, выбег.
Было чуваць, як спачатку не заводзiлася машына. Жонка падумала - ад нэрвовасьцi... Ага, ад'ехаў... Рыва зiрнула яшчэ ў вакно: ноч асьляпiла яе, i яна адыйшлася. Ёй здавалася, што хтосьцi ходзiць на двары. Два разы ляпнула калiтка.
Рыва ня ўпяршыню бачыла свайго мужа раздражнёным, ня ў гуморы, неахвотным на слова, незадаволеным, але сёньня ён - як ня свой. Нейкi расьцярушаны. Шкадавала, што ня прытулiла. Калi ў яго што-небудзь ня ладзiлася на рабоце, ён, прыйшоўшы дахаты, прасiў ласкi. Лез ёй пад крыло. Прасiў абняць.
- Няўжо чэкiсты ведаюць ласку? - жартавала яна.
- А як-жа. Гэта iм неабходна. Бяз нейчай ласкi яны ня вытрымалi-б, адказваў ён. Прасiў у часе пяшчотаў нi пра што ня пытацца ў яго, толькi ўтуляць яго i каб усю ноч, абнятага, трымаць яго ў руках.
Ён рабiўся мне працiўным. Я адпiхнула-б, яго, каб не баялася. Ён усё прылiпае, кажа, што, скончыўшы працу, яму недзе дзецца. Толькi ў яе ён можа схавацца, у ейных абдымках. Але што мне? У чэкiста няма, ня