бязьлiтаснай, памсьлiвай рукой кулака Савосты Корзюка. Усьведамляючы сваё злачыннае действа i баючыся панесьцi кару, кулак Савоста Корзюк, з дапамогай агентаў польскай дэфэнзывы, уцёк у Польшчу. Каб не пакiнуць у нас нават семя свайго, ён забраў з сабой i сваiх дзяцей - сына Рамана i дачку Наталку. Сына польская разьведка вярнула да нас назад з мэтай правядзеньня падрыўной дзейнасьцi. Але нядрэмнае вока нашых органаў бясьпекi перагарадзiла дарогу такой дзейнасьцi, i шпега чакае таксама заслужаная кара.
Пасля паўзы, Старшыня Калегii Карпiк усё тым-жа высокiм, урачыстым тонам працягваў:
- Абвiнавачваны Кандраценя! (Кандраценя ўзьняўся.) У сваiм папярэднiм дазнаньнi вы прызналi свой удзел у афэры Корзюка Савосты - у перакiдцы яго за мяжу, у Польшчу. Пацьвярджаеце сваё прызнаньне?
Кандраценя, пераступаючы з нагi на нагу, цягнуў з адказам на пытаньне. З ухмылкай на твары ён як-бы зьдзiўляўся, што яму было пастаўленае такое пытаньне. Старшыня Калегii, занепакоены адцяжкай з адказам, гатовы ўжо быў паўтарыць пытаньне, як Кандраценя, хiтра ўхмыльнуўшыся, з нейкай весялосьцяй адказаў:
- Пацьвярджаю... Пацьвярджаю...
- Сядайце! Абвiнавачваны Шаркевiч! (Ён узьняўся.) Вы тая асоба, што практычна пераправiла сям'ю Корзюкаў у Польшчу? Вы прызнаеце гэта?
- Я не асоба. Я чалавек, i каб мяне ня змушалi я не рабiў-бы таго...
- Чаго?
- Таго, пра што пытаецеся.
- Канкрэтна - вы пераводзiлi Корзюкаў праз мяжу?
- Ну што-ж тут круцiцца - пераводзiў. Але змушаў мяне гэта рабiць пан Кандраценя, што сядзiць во побач.
Кандраценя нават не зварухнуўся на сваiм месцы.
- Пра 'пана Кандраценю' я ў вас ня пытаюся. З нас хопiць вашага пацьверджаньня. Сядайце!
Старшыня Калегii зьвярнуўся да iншага члена Калегii, цi ў яго ёсьць якое-небудзь пытаньне да падсуднага. Той запытаўся ў Кандраценi:
- Вам вядома было, што, перапраўляючы Корзюка праз мяжу, вы ратавалi забойцу?
- Не.
- Вы супярэчаце сваiм паказаньням на папярэднiм сьледстве. У пратаколе допыту ад 21 верасьня, падпiсаным вамi, вы пацьвердзiлi факт выкананьня акту забойства Савостам Корзюкам.
- Я не пацьвердзiў-бы, каб НКВД не прасiла мяне зрабiць гэта.
- Вы хлусiце, узводзiце паклёп на органы НКВД.
- Дазвольце ў вас запытаць: хто я сьведка, цi я падсудны? Паводля ўмовы я - сьведка.
- Адказвайце на пытаньне: Савоста Корзюк забойца цi не?
- Я ўжо адказаў на вашае пытаньне. Адкажэце вы на маё.
- Паклiкаць сьведку! - спынiў палемiку старшыня Калегii.
У салю суду ўвялi суседа Корзюка, таксама хутаранiна, Платона Грамовiча, аброслага шчацiнай да самых вачэй, ад чаго яны блiшчэлi як з нейкага падпольля. Зьдзiўляла, аднак, што ён быў добра апрануты i пры гальштуку.
- Якiя ў вас доказы таго, што першага сакратара райкома партыi Ленскага застрэлiў Корзюк Савоста? I што аб гэтым забойстве ведаў падсудны Кандраценя?
- Ведаючы пра антысавецкiя настроi кулака Савосты Корзюка, а больш за ўсё як зацятага працiўнiка калгасаў (ён, каб не забралi ягонага дабра, як у кулака, гатовы быў-бы забiць ня толькi сакратара райкома партыi, а й самога Сталiна), я ўвайшоў з iм, Савостам Корзюкам, у цесныя сувязi, быў ягоным (я йграў гэтую ролю) 'саўдзельнiкам', 'прыхiльнiкам' усiх ягоных дзiкiх актаў помсты. Не захаваю перад судом - iдэя забойства Ленскага, якi асабiста кiраваў раскулачваньнем Корзюка, належыць нiкому iншаму, як Генадзю Кандраценю. Ён дастаў для Савосты зброю, навучыў яго страляць, распрацаваў ува ўсiх дэталях, з указаньнем часу i месца, усю апэрацыю забойства. Кандраценя абяцаў Савосту Корзюку вялiкую ўзнагароду за выкананьне акцыi i гарантаваў яму абсалютную бясьпеку, пацяшаючы яго, што за iм, Кандраценем, стаiць цэлая партыя - 'Саюз вызваленьня Беларусi', якая, з падтрымкай Польшчы, здольная будзе ўзьняць усебеларускае паўстаньне супраць калектывiзацыi. Калектывiзацыя будзе адмененая (Сталiн маўляў ужо б'е адбой у сваiм артыкуле 'Головокружение от успехов'). У вынiку ўсяго гэтага Савоста Корзюк, абяцаў Кандраценя, атрымае сваё багацьце назад. I Савоста Корзюк пагадзiўся на забойства, пайшоў на яго i выканаў яго. Седзячы ў засадзе разам з Корзюкам, я быў сьведкам гэтага забойства.
Кандраценя сядзеў спакойна, нiчым не паказваючы свайго ўзрушэньня, спадзяючыся, што калi яго i судзяць, дык толькi фармальна, для паказу толькi, што - ня можа-ж таго быць - каб Органы не ацанiлi ягоных заслугаў перад iмi.
- Усё ясна. Неаспрэчныя, важкiя доказы. Паклiкаць наступнага сьведку!
У залю ўвайшоў чалавек сярэдняга веку ў новенькай форме мiлiцыянэра.
- Што вам вядома пра забойства Корзюкам сакратара райкома партыi Ленскага? - зьвярнуўся да яго ўжо iншы член Калегii.
- У мяне ёсьць неаспрэчныя доказы таго, што сакратара застрэлiў Савоста Корзюк.
- Якiя канкрэтна доказы?
- Зброя, якой быў забiты сакратар.
- Больш ясней.
- Я маю на ўвазе зброю, якой карыстаўся Савоста Корзюк i якой ён страляў у сакратара.
- Ня можаце больш падрабязна?
- Пры вобыску на кватэры Рамана Корзюка, сына Савосты, мы знайшлi ў яго два наганы i дзьве гранаты i ў вялiкай колькасьцi савецкiя грошы. Судовая экспэртыза ўстанавiла, што адным з гэтых наганаў быў застрэлены сакратар Ленскi.
- Як апынулася гэтая зброя на кватэры Корзюка Рамана ў Менску? Забойства-ж мела месца ў Заслаўскiм раёне?
- Яе перакiнуў туды грамадзянiн Генадзi Кандраценя пасьля ўжытку. На допыце ў нас гэта пацьвердзiла гаспадыня Рамана Корзюка i нават ягоная сяброўка Валя Камоцкая.
- Падсудны Кандраценя! Пацьвярджаеце вы паказаньнi сьведкi?
- Я пацьвярджаю ўсё, як i дамовiлiся. Служу да канца. Але прашу не зьвяртацца да мяне, як да падсуднага.
- Суд разьбярэцца, хто вы. Паклiкаць наступнага сьведку!
У салю суду ўвайшла Раманава гаспадыня, нясьмелая, згорбленая, у чырвонай хатняга вырабу хустцы, што хавала амаль увесь ейны твар. Калi яна азiрнулася i ўгледзела Рамана, яна спалохалася, ссутулiлася, i гэтае ейнае ўтрапеньне было ацэненае судзьдзямi, як знак таго, што яна не надзейны сьведка.
- Як вы 'обнаружили' зброю ў вашага кватаранта?
- Як падмятала хату.
- I заявiлi аб гэтым мiлiцыi?
- Спачатку я не хацела, але падумала, што Раману можа быць кепска i... сказала. Раман тут нi пры чым.
- А хто-ж 'пры чым'?
- Я ня ведаю.
- Вы чулi што-небудзь пра дзядзьку Рамана Корзюка?
- Заходзiўся да яго нейкi чалавек, але я ня ведаю яго.
- Вы маглi-б яго пазнаць? Ён тут, сярод нас, - член Калегii паказаў на Кандраценю. - Пазнаеце?
- Здаецца, ён.
Кандраценя заўважна для ўсiх заварушыўся на сваiм месцы.
- Вы свабодны. Паклiкаць наступнага сьведку!
У салю суду ўвайшла Валя Камоцкая.
- Вы ведаеце Рамана Корзюка? - запытаўся ў яе старшыня Калегii Карпiк.
- Ведаю.
- Былi вы ў яго на кватэры?