Мы не маем права ўспацець. I перапачыць не маем права. У прахалодзе гэтага ранку ўсяго толькi васемнаццаць адсоткаў вiльгацi. Вецер дзьме з нетраў пустынi. I пад гэтай пяшчотнай вераломнай ласкай выпарваецца наша кроў.

У першы дзень мы з'елi трошкi вiнаграду. За тры днi - палова апельсiна i палова вiнаграднай гронкi. Есцi мы ўсё роўна не змаглi б, у нас прапала слiна. Але голаду я не адчуваю, толькi смагу. Цяпер жа мне здаецца, што мацней, чым смага, мяне мучаць яе вынiкi. Гэтае перасохлае горла. Гэты драўляны язык. Гэты хрып i гэты гiдотны прысмак у роце. Нязвыкла i дзiка. Безумоўна, вада б усё загаiла, але ўва мне не засталося нiводнага ўспамiну, звязанага з ёю як з лекам. Смага ўсё болей i болей робiцца хваробай i ўсё меней i меней - жаданнем пiць.

Мне здаецца, крынiцы i садавiна абуджаюць ува мне ўжо меней пакутлiвыя вобразы. Я забываю сакоўнасць апельсiна, як, здаецца, забываю ўсё, што мне дорага. Я ўжо, мабыць, забыў усё чыста.

Мы сядзiм, але трэба iсцi далей. Нам ужо не пад сiлу доўгiя пераходы. Адолеўшы з паўкiламетра, мы падаем ад стомы. I такая асалода расцягнуцца на пяску. Але трэба iсцi далей.

Краявiд мяняецца. Каменне трапляецца ўсё радзей. Цяпер пад нагамi пясок. Наперадзе, за два кiламетры ад нас - дзюны. На гэтых дзюнах сям-там цямнеюць дробныя кусцiкi. Гэты пясок мне падабаецца больш, чым сталёвы панцыр. Гэтая пустыня - светлая. Гэта Сахара. Мне здаецца, я пазнаю яе...

Цяпер мы адпачываем ужо праз кожныя дзвесце метраў.

- Мы ўсё-такi будзем iсцi, прынамсi, дойдзем хоць да тых кусцiкаў.

Гэта наш крайнi рубеж. Праз тыдзень, калi мы на машыне вернемся за рэшткамi нашага 'сiмуна', выявiцца, што ў гэты апошнi паход мы адолелi восемдзесят кiламетраў. А я ўжо прайшоў каля двухсот. Дзе ж было ўзяць сiлы iсцi далей?

Учора я брыў без нiякай надзеi. Сёння самое слова 'надзея' страцiла сэнс. Сёння мы iдзём таму, што iдзём. Гэтак, мабыць, брыдуць валы ў сваiх ёрмах. Учора я марыў пра райскiя апельсiнавыя гаi. Але сёння для мяне ўжо не iснуе нiякага раю. Я ўжо не веру ў iснаванне апельсiнавых гаёў.

Я ўжо нiчога не адчуваю, сэрца ўва мне высмагла. Я вось-вось упаду, але роспачы няма. Я нават не смуткую. А шкада: смутак здаўся б мне салодкiм, як вада. Калi шкода сябе - плачашся самому сабе, як сябру. Але ў мяне няма болей нiводнага сябра на свеце.

Калi мяне знойдуць, убачаць мае выпаленыя вочы, то падумаюць: як ён пакутаваў, як ён клiкаў на дапамогу! Але нашы парываннi, шкадаваннi, пакуты душы - гэта ж таксама скарбы. А ў мяне ўжо не засталося нiякiх скарбаў. Юныя нявесты ў першую шлюбную ноч спазнаюць смутак i плачуць. Смутак неаддзельны ад трапятання жыцця. А я ўжо не смуткую...

Я сам - пустыня. Ува мне не ўтвараецца не толькi слiна, ува мне ўжо не ўтвараюцца i мiлыя вобразы, якiя мог бы я аплакваць. Сонца выпетрыла ўва мне крынiцу слёз.

Але - што гэта? Подых надзеi слiзгануў па мне, як лёгкi зыб па моры. Што так раптоўна ўсхвалявала ўсю маю iстоту, хоць свядомасць яшчэ нiчога не ўлавiла? Нiчога ж не змянiлася, i ўсё-такi змянiлася ўсё. Гэты пясчаны абрус, гэтыя пагоркi i рэдкiя плямкi зяленiва - усё гэта ўжо не краявiд, а сцэна. Сцэна яшчэ пустая, але яна ўжо напагатове. Я гляджу на Прэво. Ён таксама нечым уражаны, але i да яго яшчэ не даходзiць сэнс яго адчуванняў.

Клянуся, зараз нешта адбудзецца...

Клянуся, пустыня ажыла. Клянуся, гэтае бязлюддзе, гэтая моўча раптам сталi больш хвалюючыя, чым тлум гарадской плошчы...

Мы выратаваны, на пяску сляды!..

Ах, мы страцiлi след роду чалавечага, мы былi адцяты ад свайго племенi, мы апынулiся адным-адны ў цэлым свеце, быццам рэшткi вялiкага перасялення, - i вось мы натыкаемся на ўрэзаныя ў пясок цудадзейныя сляды чалавека.

- Глядзiце, Прэво, тут разышлiся двое...

- А тут апусцiўся на каленi вярблюд...

- А тут...

I ўсё ж мы пакуль яшчэ не выратаваны. Нам зусiм недастаткова толькi чакаць. Праз некалькi гадзiн нас ужо немагчыма будзе выратаваць. Як толькi пачнецца кашаль, атака смагi будзе маланкавая. А нашы горлы...

Але я веру: дзесьцi ў пустынi мерна рухаецца караван.

Мы iдзём далей, i нечакана аднекуль даносiцца спеў пеўня. Гiёмэ расказваў мне: 'Пад канец я чуў - у Андах спявалi пеўнi. А яшчэ чуў, як iшлi цягнiкi...'

Я ўспамiнаю пра гэта ў тое ж iмгненне, як заспяваў певень, i кажу сабе: 'Спачатку мяне ашукалi вочы. Канечне, гэта смага вiнавата. А вось цяпер i слых падводзiць'. Але Прэво хапае мяне за руку.

- Чулi?

- Што?

- Певень!

- Значыць... Значыць...

Дурню, ну вядома ж, гэта значыць - жыццё...

У мяне ўсё-такi была яшчэ адна галюцынацыя, апошняя: я бачыў трох сабак, якiя беглi адзiн за адным. Прэво, якi таксама паглядзеў у той бок, не ўбачыў нiчога. А вось бедуiна мы бачым абодва. Мы працягваем да яго рукi. Мы абодва клiчам яго штосiлы. I абодва смяёмся ад шчасця!..

Але нашы галасы не чутны i за трыццаць метраў. Галасавыя звязкi ўжо даўно перасохлi. Мы зусiм iцха размаўлялi памiж сабою i нават не заўважалi гэтага!

А вось бедуiн са сваiм вярблюдам, якiя выплылi з-за пагорка, паволi, паволi аддаляюцца ад нас. А раптам гэты чалавек тут адзiн? Жорсткi дэман толькi паказаў нам яго - i забiрае...

А ў нас ужо няма сiлы бегчы!

З-за дзюны паказваецца яшчэ адзiн араб. Крычым як можам - усё роўна ледзь чутна. Тады мы пачынаем махаць рукамi, здаецца, на ўсю пустыню вiдны нашы адчайныя сiгналы. Але бедуiн па-ранейшаму глядзiць убок...

Ды вось ён нетаропка, чуць-чуць паварочвае галаву. У тую ж секунду, як толькi ён павернецца да нас тварам, адбудзецца цуд. У тую ж секунду, як толькi ён гляне ў наш бок, знiшчацца i смага, i смерць, i мiражы. Ён толькi чуць-чуць павярнуў галаву, а свет ужо выначыўся. Адным рухам свайго тулава, промнем аднаго свайго позiрку ён стварае жыццё, i мне здаецца, ён падобны на бога...

Гэта цуд... Ён iдзе да нас па пяску, як нейкi бог па моры...

Араб проста паглядзеў на нас. Паклаў рукi нам на плечы, i мы падпарадкавалiся яму. Мы ляжым на пяску. I няма болей нi рас, нi моў, нi размежаванняў... Ёсць толькi гэты бедны качэўнiк, якi ўсклаў на плечы далонi архангела.

Мы ляжалi i чакалi. I вось мы п'ём, уткнуўшыся ў таз, як цяляты. Бедуiна палохае наша прагнасць, i ён зноў i зноў прымушае нас перадыхнуць. Але як толькi ён адпускае нас, мы зноў прыпадаем да вады.

- Вада!

Вада, ты не маеш нi смаку, нi колеру, нi паху, табе немагчыма даць азначэнне, цябе проста п'юць, не разумеючы, што ты такое. Ты не проста неабходная для жыцця: ты само жыццё. Ты пранiкаеш у нас нейкай асалодай, якую немагчыма растлумачыць словамi. Разам з табой да нас вяртаюцца ўсе сiлы i якасцi, якiя былi ўжо выраклiся нас. З тваёй ласкi ў нас зноў ажываюць усе перасохлыя крынiцы сэрца.

Ты сама вялiкi i сама далiкатны скарб з усiх скарбаў свету, ты, вада, такая чыстая ў нетрах зямных. Можна памерцi ля ручая, калi ў iм ёсць прымесь магнiю. Можна памерцi за два крокi ад саланчаковага возера. Можна памерцi, нават маючы цэлых два лiтры расы, калi ў ёй змяшчаюцца немаведама якiя солi. Ты не згаджаешся нi на якiя дамешкi, ты не выносiш нiякiх скажэнняў, ты загадкавае бажаство, якое так лёгка спудзiць...

Але ты дорыш нам бязмежна простае шчасце.

А ты, лiвiйскi бедуiн, ты - выратавальнiк, але твой воблiк сатрэцца з маёй памяцi. Я нiколi не змагу прыпомнiць рысаў твайго твару. Ты - Чалавек, i ў табе я пазнаю ўсiх людзей. Ты нiколi раней не бачыў нас, але ты пазнаў нас. Ты - любы брат мой. I я таксама пазнаю цябе ў кожным чалавеку.

Ты з'явiўся перада мною, поўны годнасцi i спагады, як усемагутны бог, якi ўладны наталiць спрагненых. У табе адным усе мае сябры i ўсе ворагi iдуць мне на дапамогу, i ў мяне няма ўжо анiводнага ворага ў свеце.

VIII. ЛЮДЗI

1

Зноў я даткнуўся да так i няўцямнай iсцiны. Я бачыў сваю пагiбель, быў на самым дне безнадзейнасцi, але як толькi змiрыўся з гэтым - набыў душэўны спакой. У такiя моманты, здаецца, i спазнаеш сябе самога, знаходзiш у сабе сябра. Нiшто не зраўнаецца з гэтым адчуваннем

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату