i думаюць, каб зрабiць ёй якое паскудства. Каб вы толькi ведалi, якая яна скупая, i гэта ў яе ўзросце! Знарок пакiне навiдавоку грошы, пералiчыўшы спачатку, а потым цiкуе, абкрадаюць яе цi не. Пакаёўка, якая была да Мары, спакусiлася, узяла, дык адразу ж была разлiчана.
- Ёй даводзiлася прымаць графа ў сваёй спальнi?
- Можа, у самой спальнi i не, а вось у будуары, што побач са спальняй, прымала.
- А гадзiне ночы?
- А што? Я чытала кнiгу пра Лiзавету, каралеву Ангельскую... Не чыталi? Раман, а вiдаць, усё праўда... Дык яна, аказваецца, была халодная жанчына, разумееце?.. Па-мойму, i мадэмуазель Жандро гэткая ж ягадка.
Жэрмена ўсё расчэсвалася, раз-пораз аглядваючы Мэгрэ ў люстра. Грэбень цiха патрэскваў у валасах.
- На шчасце, я зусiм не такая!
- Пачуўшы на трэцiм паверсе шум, месье Рышар мог прыбегчы туды з рэвальверам?
Яна пацiснула плячыма.
- Чаго яму там?
- Каб застаць знянацку палюбоўнiка сястры...
- От ужо на што яму сапраўды напляваць! Для гэткiх людзей значэнне маюць адны грошы!
Яна не пераставала круцiцца вакол Мэгрэ, не сумняваючыся, што ён быў далёка, што ён быў там, у пакоi, на вулiцы Шапталь, спрабуючы расставiць людзей на адпаведныя месцы, як на сцэне.
- Граф д'Ансеваль прыходзiў калi-небудзь са сваiм прыяцелем?
- Магчыма. Але ў такiм выпадку яго прымалi ўнiзе, а я спускаюся ўнiз рэдка.
- Мадэмуазэль Элiз тэлефанавала графу калi-небудзь?
- Не думаю, каб у яго быў тэлефон. Яна яму не званiла; сам ён дык тэлефанаваў гады ў рады, хутчэй за ўсё з якой-небудзь забягалаўкi.
- Як яна яго называла?
- Жакам, як жа яшчэ.
- Колькi яму год?
- Ды гадоў дваццаць пяць. Красун, але даволi нахабны з выгляду. Так i гатовы, здаецца, пакпiць з каго- небудзь.
- Гэткi чалавек можа насiць зброю ў кiшэнi, як вы думаеце?
- Безумоўна.
- Чаму вы так упэўнены?
- Таму, што гэта якраз такi суб'ект! Вы чыталi 'Фантамаса'?
- Месье Фелiсьен, бацька, на баку дачкi цi на баку сына?
- Нi на чыiм ён баку. А калi хочаце ведаць, дык на маiм. Ён часам заходзць да мяне ў пакой. Гузiк, кажа, прышыць трэба. У доме не дужа рупяцца пра яго. Слугi абзываюць яго старым хрычом альбо вусачом. Што да Альбера, ягонага лакея, дык той больш языком меле, чым робiць. Бо ўсе ведаюць, што стары пустое месца! Аднойчы я заявiла яму проста ў вочы: 'Калi вы будзеце гэтак распальвацца, паралюш вам забяспечаны. Зусiм мала засталося!' Ды на яго няма ўпыну. Цяпер на чарзе Мары, i от ужо не ведаю, цi выкруцiлася яна... Скажыце, вас не бянтэжыць назiраць, як жанчына наводзiць свой марафет?
Мэгрэ ўстаў, пацягнуўся за кацялком.
- Куды гэта вы? Няўжо так i пакiнеце мяне адну?
- У мяне важныя сустрэчы. Праз хвiлiну да вас прыйдзе мой сябар, той, якi прывёз вас, ён пабудзе з вамi.
- А дзе ён?
- Унiзе.
- Чаму ж вы адразу не прывялi яго? Прызнайцеся, вы ўсё-такi нешта мелi наўме! Каго вы баiцеся? Жонкi?
Яна ўжо налiла ў тазiк вады, каб памыцца, i Мэгрэ ажно ўявiў, як яна зараз скiне кашулю, шлеечкi якой пры кожным яе руху ўсё болей апаўзалi з плячэй.
- Я яшчэ сустрэнуся з вамi днём, спадзяюся, - адчыняючы дзверы, сказаў ён.
Жустэн Мiнар сядзеў на залiтай сонцам тэрасе i пiў каву са смятанкай.
- Толькi што тут была ваша жонка, - сказаў ён.
- Чаго?
- Адразу па вашым адыходзе з дому прынеслi вось гэта тэрмiновае пiсьмо. Яна пабегла ўслед за вамi, хацела дагнаць.
Мэгрэ сеў i, не падумаўшы, што яшчэ зусiм рана для гэтага, заказаў куфаль пiва. Потым разарваў канверт. Запiска была падпiсана Максiмам Лё Брэ.
'Прашу вас зайсцi ранiцай у камiсарыят. Сардэчна ваш'.
Вiдаць, пiсьмо пiсалася дома, на бульвары Курсэль, бо ў камiсарыяце Лё Брэ скарыстаў бы службовы бланк. Ён быў вельмi педантычны адносна формы. У яго былi ў запасе гатункi чатырох вiзiтных картак на ўсе выпадкi жыцця: месье i мадам Лё Брэ дэ Плуiнак, Максiм Лё Брэ дэ Плуiнак, Максiм Лё Брэ, камiсар палiцыi...
Запiсачка, напiсаная яго рукой, сведчыла пра пэўную блiзкасць памiж iм i яго сакратаром. Ён, вiдаць, доўга ламаў галаву, як пачаць яе: 'Мой дарагi Мэгрэ'? 'Дарагi месье'? 'Месье'? У рэшце рэшт, знайшоў выйсце: абышоўся ўвогуле без звароту.
- Скажыце, Мiнар, у вас сапраўды ёсць час?
- Канешне. I ён належыць вам.
- Паненка наверсе. Я не ведаю, калi вызвалюся. Адну ж яе пакiдаць боязна, каб часам не пайшла на вулiцу Шапталь ды не растрапала iм пра ўсё.
- Ясна.
- Калi вы пойдзеце з ёю куды-небудзь, пакiньце мне запiску, дзе вас шукаць. Калi захочаце пазбавiцца ад яе, адвядзiце да маёй жонкi.
Праз чвэрць гадзiны ён быў ужо ў камiсарыяце, i саслужыўцы глядзелi на яго з зайздрослiвым захапленнем, як глядзяць звычайна на тых, хто адпраўляецца ў водпуск альбо ў спецыяльную камандзiроўку, цi на тых, хто нейкiм цудам аказаўся збаўлены ад паўсядзённай службовай сумоты.
- Камiсар тут?
- Даўно.
У iнтанацыi, з якой Лё Брэ прывiтаў Мэгрэ, свяцiлася тое ж адценне, што i ў запiсцы. Ён нават падаў яму руку, чаго звычайна нiколi не рабiў.
- Не пытаюся, на якой ступенi знаходзiцца следства, бо лiчу, што яшчэ ранавата пытацца пра гэта. А папрасiў я вас прыйсцi... Мне хацелася б, каб вы правiльна зразумелi мяне, бо склалася даволi далiкатная сiтуацыя. Само сабой зразумела, тое, што я даведаўся на бульвары Курсель, абсалютна не тычыцца службовых спраў камiсара палiцыi. З другога ж боку...
Твар яго быў свежы, вiдно было, што чалавек выспаўся. Лё Брэ хадзiў па кабiнеце. Бадзёры i энергiчны, ён з яўным задавальненнем пацягваў цыгарэту з залатым муштуком.
- Я не магу дапусцiць, каб вы тапталiся на месцы з-за адсутнасцi неабходных звестак. Учора вечарам мадэмуазель Жандро званiла маёй жонцы.
- Яна званiла з 'Атэль дзю Луўр'?
- Вы ўжо ведаеце пра гэта?
- Яна паехала туды на рамiзнiку ў другой палове дня.
- У такiм выпадку... У мяне ўсё... Я разумею, як цяжка выведаць, што адбываецца ў пэўных дамах...
Здавалася, ён нават устрывожаны, i цяпер мучыцца пытаннем: а што яшчэ вядома Мэгрэ па гэтай справе?
- Яна не збiраецца вяртацца на вулiцу Шапталь, а мяркуе прывесцi ў парадак асабняк свайго дзеда.
- На авеню дзю Буа?
- Там. Я бачу, вы ўжо шмат у чым дасведчаны.
- Дазвольце задаць вам пытанне, - асмялеў Мэгрэ. - Вы знаёмы з графам д'Ансевалем?