Лё Брэ, уражаны, нахмурыў бровы, як чалавек, якi спрабуе зразумець, што тут да чаго. Маўчаў ён даволi доўга.

- Ага! Ну, ясна. Бальтазары купiлi замак д'Ансеваль. Вы гэта мелi на ўвазе? Але я не бачу нiякай сувязi.

- Мадэмуазель Жандро i граф д'Ансеваль часта сустракаюцца.

- Вы ўпэўнены? Цiкава, цiкава.

- Вы знаёмы з графам?

- Асабiста не, i не шкадую. Але шмат чуў пра яго. Што мяне здзiўляе. Хiба, магчыма, яны зналiся яшчэ дзецьмi... Альбо яна не ведае... Цi бачыце, Боб Д'Ансеваль пайшоў па дурной дарожцы. Яго нiдзе не прымаюць, ён не бывае ў свеце, i, калi я не памыляюся, Аддзел правапарушэнняў свецкiмi асобамi неаднойчы ўдастойваў яго сваёй увагай.

- Вы не ведаеце яго адраса?

- Кажуць, ён бывае ў пэўных сумнiцельных барах на авеню дэ Ваграм i ў квартале Тэрн. Магчыма, у гэтым аддзеле ведаюць пра яго падрабязней.

- Вы не будзеце супраць, калi я звярнуся туды за даведкамi?

- Пры ўмове, што вы не будзеце ўпамiнаць Жандро-Бальтазараў.

Ён быў яўна азадачаны. Некалькi разоў, быццам разважаючы сам з сабой, буркнуў сабе пад нос:

- Цiкава! Цiкава!

А Мэгрэ распытваў з усё большай адвагай:

- Скажыце, мадэмуазель Жандро, па-вашаму, нармальная асоба?

На гэты раз Лё Брэ падскочыў, i ў першае iмгненне ягоны позiрк, кiнуты на сакратара, быў мiжволi суровы.

- Выбачайце! Я не разумею вас.

- Прашу прабачэння, я, магчыма, не так паставiў пытанне. Цяпер я абсалютна ўпэўнены, што ў тую, вядомую вам ноч у пакоi служанкi я бачыў менавiта Элiз Жандро. Значыць, у яе ўласным пакоi нешта адбылося, i нешта даволi сур'ёзнае, раз узнiкла неабходнасць у такiх выкрутасах. Што да паказанняў музыканта, якi ў той час праходзiў па вулiцы i чуў стрэл, то ў мяне няма нiякiх падстаў сумнявацца ў iх праўдзiвасцi.

- Прадаўжайце.

- Верагодна, што мадэмуазель Жандро была не адна з братам у сваiм пакоi.

- Што вы хочаце сказаць?

- Па ўсiх даных, трэцiм чалавекам быў граф д'Ансеваль. Калi стралялi, калi ў пакоi сапраўды мелася трое чалавек, калi ў некага пацэлiлi...

Мэгрэ ў глыбiнi душы ганарыўся, што выклiкаў такое здзiўленне ў позiрку ягонага шэфа.

- Якiя факты яшчэ ў вашым распараджэннi?

- Нешматлiкiя.

- Мне думалася, што ў тую ноч вы агледзелi ўвесь дом.

- За выключэннем пакояў, якiя размешчаны над стайняй i гаражом.

Упершыню драма, што разыгралася ў асабняку на вулiцы Шапталь, паўстала перад Лё Брэ ва ўсёй сваёй вiдавочнасцi. Цяпер камiсар не мог не прызнаць: сапраўды там магло адбыцца крывавае здарэнне - забойства, злачынства. I яно адбылося ў свеце, да якога належаў i ён, адбылося мiж людзей, да якiх ён хадзiў у госцi, з якiмi сустракаўся ў сваiм клубе, - у доме дзяўчыны, блiзкай прыяцелькi яго ўласнай жонкi!

Цiкава ўсё-такi бачыць свайго шэфа ўсхваляваным. Цяпер Мэгрэ канчаткова пераканаўся, што напаў на след злачынства. Гэта была ўжо не проста задача, якую неабходна вырашыць. Справа тычылася чалавечага жыцця, а магчыма, i не аднаго.

- Мадэмуазель Жандро вельмi багатая, - урэшце з жалем уздыхнуў камiсар. Яна, магчыма, адзiная спадчыннiца адной з самых буйных скарбонак Парыжа.

- Магчыма?

Шэф ведаў яўна болей, чым гаварыў, але Лё Брэ, свецкаму чалавеку, было вiдочна гiдка прыйсцi на дапамогу Лё Брэ - камiсару палiцыi.

- Цi бачыце, Мэгрэ, на карту пастаўлена надта многае. З самага маленства Элiз Жандро ўводзiлi ў вушы, што яна пуп зямлi. Яна нiколi не была звычайнай дзяўчынкай, як усе. Яна заўсёды адчувала сябе спадчыннiцай 'Кавы 'Бальтазар', больш таго, духоўнай спадчыннiцай Гектора Бальтазара.

I ён з жалем дадаў:

- Няшчасная дзяўчына.

I працягваў з непрытоенай зацiкаўленасцю:

- Вы ўпэўнены ў тым, што сказалi мне наконт графа д'Ансеваля?

Ён быў свецкi чалавек, i гэтае пытанне вельмi цiкавiла яго, хоць да канца паверыць расказанаму ён не мог.

- Яму часта даводзiлася бываць у мадэмуазель Жандро позна ўвечары, калi не ў яе спальнi, то, прынамсi, у будуары, якi размешчаны побач.

- Ну, гэта зусiм iншая справа.

Няўжо рознiцы памiж спальняй i будуарам дастаткова, каб ён адчуў пэўную палёгку?

- Калi дазволiце, месье камiсар, я хацеў бы задаць яшчэ адно пытанне. Цi мадэмуазель Жандро калi- небудзь раней ужо мела намер выйсцi замуж? Яе цiкавяць мужчыны? Цi, магчыма, гэта ёй i не ў галаве?

Лё Брэ не мог апамятацца. Ён са здзiўленнем глядзеў на свайго сакратарыка, якi раптам завёў з iм такую размову, ды яшчэ пра людзей, пра якiх i ўяўлення не меў. У позiрку шэфа адбiлася адначасова i мiжвольнае захапленне, i пэўная насцярожанасць, нiбыта ён раптам твар у твар сутыкнуўся з фокуснiкам.

- Ды людзi шмат чаго гавораць на гэты конт. Яна сапраўды адхiлiла некалькi блiскучых партый.

- У яе былi якiя-небудзь любоўныя прыгоды?

Камiсар яўна зманiў, калi адказаў:

- Не ведаю.

I трошкi сушэй дадаў:

- Мушу прызнацца, што я не дазваляю задаваць мне такiя пытаннi пра сяброў маёй жонкi. Цi бачыце, юны мой дружа...

Ён ледзьве не загаварыў зноў пагардлiвым тонам, якiм, вiдаць, прывык размаўляць на бульвары Курсэль, але своечасова спахапiўся:

- ...наша прафесiя патрабуе бясконцай асцярожнасцi i такту. Я нават пачынаю сумнявацца...

Мэгрэ адчуў, як яго спiну абдало халадком. Зараз яму скажуць, што следства спыняецца, што яму пара заняць сваё месца за чорным сталом i каратаць днi за рэгiстрацыяй розных паперак, выдаваць даведкi аб месцы жыхарства.

На некалькi секунд канец фразы быццам павiс у паветры. На шчасце, дзяржаўны чыноўнiк Лё Брэ ўзяў верх над свецкiм чалавекам, i ён закончыў:

- Мая вам парада: будзьце вельмi i вельмi асцярожныя. У выпадку, калi вас нешта збянтэжыць, званiце мне дадому. Здаецца, я вам ужо казаў гэта. У вас ёсць нумар майго тэлефона?

I ён запiсаў лiчбу ўласнаручна на шматку паперы.

- Калi я прасiў вас зайсцi сюды сёння, дык толькi таму, што я не хацеў, каб вы тапталiся на месцы. Я не мог уявiць сабе, што вы ўжо так далёка прасунулiся.

Тым не меней, ён не падаў яму рукi на развiтанне. Мэгрэ зноў застаўся звычайным палiцэйскiм, ды яшчэ палiцэйскiм, якi пасмеў груба ўварвацца ў той свет, куды дае доступ адзiна вiзiтная картка 'Месье i Мадам Лё Брэ дэ Плуiнак'.

* * *

Амаль апоўднi Мэгрэ пераступiў парог будынка Галоўнай палiцыi на Набярэжнай Арфеўр. На левым баку калiдора праз расчыненыя дзверы ён убачыў пакой, сцены якога былi цалкам завешаны адрасамi мэбляваных кватэр. Упершыню ён паднiмаўся па гэтай шырокай запыленай лесвiцы не па даручэнню камiсарыята, як яму неаднойчы даводзiлася рабiць, а ў пэўнай ступенi выконваючы сваё ўласнае заданне.

Уздоўж доўгага калiдора цягнулiся дзверы з шыльдачкамi, на якiх былi ўказаны прозвiшчы камiсараў,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату