Было дзевяць гадзiн вечара, а яны ўсё яшчэ сядзелi за сталом, i шампанскае ўсё пенiлася ў iх келiхах. Мэгрэ з усiх сiл змагаўся з хмелем, якi апаноўваў яго.

- Жуль, ты нiчога не маеш супраць, калi я патэлефаную?

Тэлефонная будка знаходзiлася ў зале, i Мэгрэ са свайго месца мог бачыць яе. Дэдэ мусiў набраць два цi тры нумары, перш чым датэлефанаваўся да таго, каго шукаў. Было вiдно, як варушылiся яго вусны, але ўгадаць словы было немагчыма. Люсiль выглядала яшчэ больш знервавана, яшчэ больш устрывожана. Што да баксёра, якi запалiў агромнiстую цыгарэту, то ён цiхамiрна ўсмiхаўся, час ад часу коратка зыркаючы на Мэгрэ.

З-за шыбы тэлефоннай будкi Дэдэ, здавалася, аддаваў нейкiя распараджэннi, павольна вымаўляючы паасобныя словы. На яго твары не засталося i следу весялосцi.

- Прашу прабачэння, старына, але мне вельмi хацелася, каб ты не размiнуўся са сваiм сябрам Бобам.

Люсiль, нервы якой былi гранiчна напяты, зноў разрыдалася, уткнуўшыся ў насоўку.

- Вы гэта Бобу званiлi?

- Не зусiм, але амаль. Я проста паклапацiўся, каб вы ўсё-такi сустрэлiся. А гэта адно i тое ж, праўда? Табе ж не церпiцца пабачыцца з iм, праўда?

У гэтых словах, мусiць, мелася нешта выключна дасцiпнае, таму што баксёр прыйшоў у захапленне i аж закудахтаў ад асалоды.

Няўжо яны лiчылi, што Мэгрэ зусiм не разумее таго, што так добра разумелi яны? Граф альбо быў мёртвы, альбо нiчога не значыў, раз Дэдэ паабяцаў Мэгрэ наладзiць iх сустрэчу...

- Мне таксама трэба пазванiць, - як мага абыякава сказаў ён.

Нягледзячы на папярэджанне Максiма Лё Брэ, ён вырашыў падняць па трывозе свой камiсарыят: ён не смеў звярнуцца ў палiцыю iншага квартала. Сёння, здаецца, дзяжурыў Бесан альбо Каламбанi з брыгадным Дзюф'ё. Дастаткова будзе толькi расцягнуць час, каб яны паспелi прыехаць i паставiць пост каля аўтамашыны.

Тут нiхто не пасмее нiчога зрабiць яму. У рэстарацыi яшчэ сядзелi людзi, iх галасы даносiлiся з-за пераборкi, i нават калi большасць з iх мелi дачыненне да таго ж свету, што i Дэдэ, то маглi ж быць i iншыя.

- Каму пазванiць?

- Жонцы.

- Дык i жонка твая з табою? Во буржуi! Чуеш, Люсiль? Жуль жанаты. Так што не спадзявайся! I няма чаго цiснуць яму нагу пад сталом! За тваё здароўе, Жуль! Не турбуйся. Ангелiно пазвонiць замест цябе. Ангелiно! У якiм яна гатэлi, твая палова?

Гарсон паслужлiва чакаў i таксама, здавалася, цешыўся сiтуацыяй.

- Гэта не тэрмiнова.

Ён з гордасцю разгарнуў уласны партманет, напакаваны тысячафранковымi банкнотамi. Ён нават не глянуў на падрахунак, тыцнуў адну асiгнацыю ў руку Ангелiно i нядбайна кiнуў:

- Рэшты не трэба!

Цi не на тое было гэта разлiчана, каб заручыцца яго падтрымкай?

- А цяпер, дзеткi, у дарогу. Спачатку праводзiм Люсiль на вакзал, затым адправiмся да Боба. Як ты глядзiш на гэта, Жуль? Ты яшчэ трымаешся на нагах? Наш сябар Альберт паможа табе. Ды не пярэч, не пярэч!.. Вазьмi яго пад руку, Альберт. А я займуся Люсiль.

Было каля апоўначы. У гэтым канцы авеню дэ Ваграм толькi там-сям гарэлi лiхтары, яркае святло залiвала адно нiжнюю частку вулiцы, каля плошчы Тэрн. Гаспадар рэстарацыi неяк дзiкавата паглядзеў iм услед, i не паспелi яны зрабiць i дзесятка крокаў па тратуары, як ён кiнуўся паспешлiва зачыняць аканiцы, хоць у зале яшчэ сядзела двое цi трое клiентаў.

- Трымай яго мацней, Альберт. Не варта, каб ён прыпсаваў свой партрэт, а то яго сябар Боб яшчэ не пазнае яго. Сюдой, мадам i месье!

Калi б на рагу вулiцы стаяў палiцэйскi, Мэгрэ паклiкаў бы яго на дапамогу, таму што ён выдатна ведаў, што яго чакае. Яму занадта яскрава сказалi пра гэта, занадта яскрава паказалi. Ён разумеў, што з той самай хвiлiны, як ён зайшоў у iтальянскую рэстарацыю, лёс яго быў вырашаны.

Але паставога нiдзе не было вiдно. На процiлеглым баку авеню ў паўзмроку прагульвалiся нейкiя дзявулi. У верхняй частцы авеню на канцавым прыпынку тармазiў трамвай, але ён быў пусты, праз шыбы сачылася жаўтлявае, каламутнае святло.

Мэгрэ мог спадзявацца, што яго 'прыяцелi' не стануць страляць. Таму што iм спатрэбiцца час, каб ускочыць у машыну i знiкнуць з квартала, перш чым усчнецца трывога.

Нож? Верагодна. Цяпер гэта модна. I Альберт-баксёр пад выглядам падтрымання так ушчамiў яго руку, што Мэгрэ не мог i варухнуць ёю.

Шкада, што Мэгрэ не сумеў-такi пракалоць шыну. Калi б ён тады пачакаў, пакуль паставы адвернецца, сiтуацыя цяпер была б зусiм iншая.

Хутка праб'юць куранты поўнач. Заставалася ўсяго два цягнiкi, адзiн на Бельгiю, з Паўночнага вакзала, i Вiнцiмiйскi - з Лiёнскага. Але Вiнцiмiй быў надта далёка.

Мадам Мэгрэ, мусiць, чакае яго за шытвом, Жустэн Мiнар iграе на кантрабасе ў рэстарацыi 'Клiшы', дзе на картонцы лiчбаю адзначаецца чарговы нумар выступлення. Цi ўдалося яму адкараскацца ад Жэрмены? Мэгрэ пабажыўся б, што яна сядзiць там, у рэстарацыi, i бедны музыкант ламае сабе галаву над тым, як яму быць далей.

На вулiцы Тыльзiт не вiдно было нi душы, анiводнага фiякра. Адзiн шэры аўтамабiль стаяў ля тратуара, i Дэдэ, уладкаваўшы на заднiм сядзеннi Люсiль, сеў за руль i спрабаваў завесцi матор.

Можа, яны надумалiся завезцi яго куды-небудзь яшчэ далей, на бязлюдны бераг Сены цi на канал Сэн- Мартэн, каб там прыкончыць i кiнуць цела ў ваду?

Мэгрэ не меў анiякага жадання памiраць, i, аднак, ён як бы амiрыўся з непазбежнасцю. Канешне, ён будзе абараняцца, колькi хопiць сiлы, але шанцаў на поспех у яго было вельмi мала. Левая рука яго сцiскала ў кiшэнi вязку ключоў.

Хоць бы матор не завёўся!.. Але, чмыхнуўшы накалькi разоў, ён запрацаваў роўна, машына мерна затрымцела.

Тужурка ляжала на спiнцы, Дэдэ не збiраўся апранаць яе. Няўжо гэта ён нанясе смяротны ўдар? Цi гэта зробiць баксёр, якi стаяў за спiной Мэгрэ i не выпускаў яго правай рукi?

Развязка наблiжалася, i... Хто ведае, цi не малiўся Мэгрэ ў гэту страшную хвiлiну: 'Божа, зрабi так, каб...'

Раптам пачулiся гучныя галасы. На авеню дэ Ваграм з'явiлiся двое мужчын, добра нападпiтку, у фраках i чорных палiто, трымаючы ў руках трысцiны з булдавешкамi i напяваючы модную кафэшантанную песеньку.

- Сядай, Жуль, сядай, дарагi, - прамовiў Дэдэ, вiдавочна спяшаючыся. Мэгрэ яшчэ паспеў адзначыць гэта.

У той момант, калi ён падняў правую нагу, каб ступiць у машыну, страшэнны ўдар абрушыўся на яго галаву. Ён iнтуiтыўна прыгнуўся, што зменшыла сiлу ўдару. Некалькi секунд ён яшчэ чуў наблiжэнне крокаў, галасы, шум матора - i страцiў прытомнасць...

Калi ён расплюшчыў вочы, то найперш пабачыў нечыя ногi, лакiраваныя туфлi, а потым - твары, якiя ў змроку здавалiся смяротна-бледнымi. Яму здалося, што людзей многа, цэлы натоўп, i толькi трошкi пазней ён са здзiўленнем адзначыў, што вакол яго стаяла ўсяго пяць чалавек.

Адзiн з твараў належаў мажнай маладзiцы, спеставанай i цiхамiрнай, якая, мабыць, якраз лавiла клiента на процiлеглым баку авеню i была прываблена сюды шумам. Адвячоркам ён бачыў яе разы са тры на вулiцы, пэўна, яна не мела поспеху, калi дагэтуль усё яшчэ была на паляваннi.

Абодва гулякi таксама былi тут, i адзiн з iх, зусiм 'цёпленькi', схiлiўшыся над Мэгрэ, упарта дапытваўся:

- Ну, дружок, табе лепш? Скажы, дружок? Табе лепш?

Скуль тут узялася карзiна i чаму так пахла фiялкамi? Ён паспрабаваў прыўзняцца на локаць. Гуляка дапамог яму. Цяпер Мэгрэ ўгледзеў старую гандлярку кветкамi, якая голасна залямантавала:

- А божачкi ж мае! Зноў хулiганнё! I дакуль жа гэта будзе працягвацца?!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату