Дык вось: чаму яна кiдаецца да акна, расхiнае шторы i клiча на дапамогу?
Хвiлiначку, хвiлiначку, месье камiсар... Не забывайце пра Мiнара флейтыста, бо менавiта Мiнар парушыць планы...
Нiхто не паспеў выйсцi з дому, калi Мiнар пазванiў у дзверы, а менавiта тады, як ён вёў перагаворы з Луi, з лесвiцы данёсся мужчынскi голас: 'Не марнуйце часу, Луi!'
I легкавушка Дэдэ рванулася з месца. Увага! Яна знiкла не назусiм. Толькi зрабiла круг вакол квартала. Значыць, Дэдэ некага чакаў.
Але вось ён вярнуўся. I што, ён толькi праехаў па вулiцы? Нiдзе не спынiўся? Цi сеў у машыну той чалавек, якога ён чакаў?
Чорт пабяры, хай пакiнуць яго ў спакоi! Ён не жадае болей пiць. З яго даволi! Ён працуе. Чуеце? Я працую!
Я ўзнаўляю ўсё ў памяцi!
Яму душна. Ён адбiваецца. Ён нiкому не дазволiць здзекавацца з яго, нават уласнай жонцы. Проста да слёз крыўдна. Яму сапраўды хочацца плакаць, гэта жорстка - так прынiжаць яго. Нельга пагарджаць iм i смяяцца з кожнага яго слова толькi таму, што ён сядзiць на тратуары.
Яму болей не давераць весцi следства. Яму ж i гэту справу даручылi без асаблiвай ахвоты. Хiба гэта яго вiна, што, дзеля таго каб даведацца, што ў людзей наўме, ты часам вымушаны пiць з iмi?
- Жуль...
Ён адмоўна кiвае галавой.
А вось ён возьме i не расплюшчыць вачэй - назло iм. Ён сцiскае зубы. Ён хоча, каб твар яго меў злосны выгляд.
- Жуль, гэта...
- Ну, дружа Мэгрэ? - чуецца яшчэ нечы голас.
Клятва iмгненна забыта. Мэгрэ адным рухам выпростваецца, i яго працiнае такi боль, нiбы ён урэзваецца ў столь. Ён iнстынктыўна хапаецца рукой за галаву i здагадваецца, што яна ўся забiнтавана.
- Выбачайце, месье камiсар...
- Прашу прабачэння, што разбудзiў вас.
- Я не спаў.
Жонка таксама тут, яна ўсмiхаецца яму i падае з-за спiны Лё Брэ нейкiя незразумелыя знакi.
- Якая гадзiна?
- Палова адзiнаццатай. Я толькi на рабоце даведаўся, што здарылася.
- Яны напiсалi рапарт?
Рапарт на яго! Якая ганьба. Звычайна рапарты пiсаў ён, i ён выдатна ведае, як гэта робiцца.
'Сёння ноччу ў дваццаць тры гадзiны сорак пяць хвiлiн, будучы на пасту на авеню дэ Ваграм, мы былi паклiканы...'
Затым радкi накшталт:
'...да нейкага суб'екта, якi валяўся на тратуары i заявiў, што яго завуць Мэгрэ, Жуль-Амедэ-Франсуа...'
Камiсар быў, як заўсёды, бадзёры, свежы, апрануты ва ўсё перламутрава-шэрае, з кветкай у пятлiцы. Да Мэгрэ данёсся пах партвейну камiсар часам браў зранку чарку гэтага вiна.
- Палiцыя на Паўночным вакзале паспела арыштаваць iх.
Ты глядзi! А ён амаль забыўся пра iх! I яму раптам так захацелася паўтарыць любiмы выраз флейтыста: 'Гэта не мае значэння!'
I ён сказаў бы праўду. Таму што для яго цяпер не мае значэння нi Дэдэ, нi Люсiль, нi нават баксёр, якi, як павiнна быць сказана ў рапарце, ледзь не забiў яго 'тупым прадметам'.
Яму няёмка ляжаць у ложку ў прысутнасцi свайго шэфа, i ён высунуў ногi з-пад коўдры.
- Ляжыце спакойна.
- Я добра адчуваю сябе, паверце.
- Доктар гэтаксама думае. I тым не менее, вам неабходны яшчэ некалькi дзён спакою.
- Нiзавошта!
У яго хочуць свiснуць распачатую iм справу. Яму ўсё ясна. Не, ён не дапусцiць гэтага!
- Супакойцеся, Мэгрэ.
- Я спакойны, выключна спакойны. I ведаю, што кажу... Нiшто не замiне мне пайсцi куды трэба.
- Ды гэта ж не спешна. Я разумею вашу нецярплiвасць, але што да вашай справы, паверце, будзе зроблена ўсё, што вы палiчыце неабходным.
Ён сказаў 'вашай справы', - ну канешне, ён жа пачцiвы чалавек. Лё Брэ машынальна запалiў цыгарэту i збянтэжана паглядзеў на мадам Мэгрэ.
- Не саромцеся, калi ласка. Мой муж з ранку да вечара смокча сваю люльку, нават у ложку.
- Дарэчы, падай мне люльку.
- А можна?..
- Хiба доктар сказаў, што мне няможна палiць?
- Не, пра гэта ён нiчога не гаварыў.
- У такiм разе?..
Яна расклала на туалетным столiку ўсё, што знайшла ў яго кiшэнях, i прынялася набiваць яму люльку, потым падала яе разам з запалкамi.
- Пакiдаю вас, - сказала яна i падалася на кухню.
Мэгрэ хацеў прыгадаць усё, пра што думаў усю ноч. Але ў галаве застаўся толькi цьмяны ўспамiн, i, аднак, у яго было адчуванне, што ён наблiзiўся да праўды. Максiм Лё Брэ сеў на крэсла; адчувалася, што ён нечым заклапочаны. Ягоны сакратар павольна, памiж дзвюма зацяжкамi прамовiў:
- Граф д'Ансеваль мёртвы.
- Вы ўпэўнены? - спахмурнеўшы, спытаў ён.
- Я не маю доказаў, але гатовы паклясцiся...
- Мёртвы... па якой прычыне?
- Гэта ў яго стралялi з рэвальвера.
- На вулiцы Шапталь?
Мэгрэ сцвярджальна кiўнуў галавой.
- Вы думаеце, што Рышар Жандро...
Пытанне зададзена ў лоб. Мэгрэ яшчэ не мог адказаць з усёй пэўнасцю. Элiз Жандро праз акно крыкнула ратаваць. Потым яе нехта адцягнуў назад. I толькi потым раздаўся стрэл.
- А пры чым Дэдэ ва ўсёй гэтай гiсторыi?
- Ён чакаў на вулiцы за рулём 'дыён-бутона'.
- Ён сам прызнаўся ў гэтым?
- А няма нiякай патрэбы ў яго прызнаннi.
- А жанчына?
- Гэта палюбоўнiца графа, якога завуць проста Бобам. Мiж iншым, вы ведаеце гэта не горш за мяне.
Мэгрэ з радасцю садраў бы з галавы гэты недарэчны цюрбан павязкi, якi толькi перацiскае скронi i лоб.
- Дзе яны цяпер? - запытаўся ён у сваю чаргу.
- Пакуль што пад следствам.
- Пакуль што?
- Зараз iх вiнавацяць у вулiчным узброеным замаху на жыццё. Вiдаць, iм можна было б iнкрымiнаваць i крадзеж.
- Чаму?
- У кiшэнях памянёнага Дэдэ аказалася сорак дзевяць банкнотаў па тысячы франкаў кожная.
- Ён iх не ўкраў.
Камiсар, вiдаць, зразумеў, што Мэгрэ меў на ўвазе, таму што азмрочыўся яшчэ болей.
- Вы хочаце сказаць, яму iх далi?