такое ўражанне.
Палiцэйскi прывёў Дэдэ i таксама, як i камiсар, выйшаў i зачынiў за сабою дзверы.
- Як справы, Жуль?
Уладальнiк гаража з вулiцы Акацый быў у тым жа клятчастым гарнiтуры. У яго толькi забралi, згодна правiлам, гальштук i шнуркi ад чаравiкаў, што надавала яму трошкi неахайны выгляд. Мэгрэ нерашуча сеў за стол камiсара.
- Я рады, што вас не дужа пакалечылi, - сказаў Дэдэ. -Можаце запытацца ў гэтых ажанаў: першае, што я спытаў, калi прыбыў сюды, што з вамi.
- Вы ведалi, хто я, так?
- Яшчэ б, не ведаў - чорт пабяры!
- I я таксама ведаў, што вы ведаеце, - кiўнуў Мэгрэ.
- I вы што ж, не разумелi, што вам морду наб'юць? А калi б з вамi расправiлiся па-сапраўднаму?
- Сядай.
- Добра. Мне падабаецца, што вы са мной на 'ты'.
Мэгрэ ведаў, што тут прыняты менавiта гэткiя паводзiны з арыштантамi, але яшчэ не прывык да гэтага.
- Мне вядома i шмат што iншае, i, я думаю, мы здолеем паразумецца.
- Сумняваюся, - адказаў Дэдэ.
- Граф мёртвы.
- Вы так думаеце?
- Ноччу з 15 на 16 красавiка ты прывёз графа ў сваiм 'дыён-бутоне' на вулiцу Шапталь i чакаў яго там, не выключаючы матора.
- Не прыпамiнаю.
- Потым у адным з пакояў расчынiлася акно, жанчына закрычала, i раздаўся стрэл. Тады ты ўцёк на вулiцу Фантэн. Аб'ехаў вакол квартала. Прыпынiўся на вулiцы Вiктор-Масэ, затым яшчэ раз праехаў па вулiцы Шапталь, каб паглядзець, цi не выйшаў Боб.
Дэдэ глядзеў на яго i спакойна ўсмiхаўся.
- Прадаўжайце, - сказаў ён. - У вас не знойдзецца цыгарэты? Гэтыя свiннi падчысцiлi ўсё, што было ў маiх кiшэнях.
- Я куру толькi люльку. Табе было вядома, навошта граф заявiўся ў той дом.
- Працягвайце, працягвайце.
- Ты зразумеў, што там адбылося нешта паганае. Назаўтра ты нiчога не знайшоў у газетах. Граф не вяртаўся. На наступны дзень зноў нiчога.
- Вельмi цiкава.
- Ты зноў наведаўся на вулiцу Шапталь - нiчога новага. Потым, здагадваючыся, што здарылася, ты адправiўся да Рышара Жандро. Не дадому, канешне, а ў офiс.
- I што ж я сказаў гэтаму субчыку?
- Што за пэўную суму, ну, тысяч так за пяцьдзесят, ты згодны маўчаць. Бо, ведаючы, што Боб меўся рабiць на вулiцы Шапталь, ты ведаеш, чаму яго забiлi.
- Гэта ўсё?
- Усё.
- Што вы мне прапануеце?
- Нiчога. Гаварыць.
- Што б вы хацелi, каб я сказаў?
- Граф ведаў Жандро. Ён неаднойчы наведваўся ў госцi да дзяўчыны. Ён быў яе палюбоўнiкам?
- Вы калi-небудзь бачылi яго?
- Не.
- Калi б вы бачылi яго, вы не задалi б мне гэтага пытання. Гэта не той хлопец, што ўпусцiць сваё.
- Яны хацелi пажанiцца, праўда?
- А ведаеце, вы мне падабаецеся. Гэта ж самае я казаў i Люсiль: шкада, што ён палiцэйскi! I як толькi вам узбрыло ў галаву - стаць шпегам? Гэта пры вашай паставе i магчымасцях?
- Табе больш даспадобы турма?
- Чаму?
- Калi ты скажаш, то, магчыма, табе даруюць шантаж Рышара Жандро.
- Вы думаеце, ён паскардзiцца?
- Даруюць i спробу забойства, ахвярай якога я аказаўся.
- Паслухай, Жуль. Шанцы ў нас с табой няроўныя. Не распiнайся дарэмна, мяне проста верне ад усяго гэтага. Ты слаўны хлопец. Магчыма, калi-небудзь мы сустрэнемся i раздавiм разам пляшачку. Але тут - мы не на роўных. Ты проста харыст. Цябе абвядуць вакол пальца - i вокам не мiргнуць.
- Хто?
- Няважна! Я хачу толькi вось што сказаць табе: Боб быў хлопец што трэба. Ён меў уласныя думкi наконт таго, як паводзiць сябе ў жыццi. Ён не мог без агiды глядзець на пэўныя мурлы. Але ён быў няздатны на подласць. Ушалопай гэта сваёй мазгаўнёй.
- Ён мёртвы.
- Магчыма. Я нiчога не ведаю. А калi i ведаю нешта, то да гэтага нiкому няма справы. I па-таварыску раю табе: 'Кiнь!' Разумееш? Кiнь, Жуль. Мне няма чаго сказаць. Я нiчога не скажу. Такiя фокусы табе не пад сiлу. Дапусцiм, што гэта вышэй нашага разумення - i твайго, i майго. Я нiчога не ведаю, нiчога не бачыў, нiчога не чуў. Пяцьдзесят тысяч франкаў? Я паўтару гэта столькi разоў, колькi спатрэбiцца: я выйграў iх на скачках. Што да таго, як мне выбрацца адгэтуль, то - сляпы сказаў - пабачым! - Ён неяк шматзначна пасмiхнуўся, кажучы гэта. - Цяпер, калi можаш, зрабi такую ласку, не дужа прыставай да небаракi Люсiль. Яна сапраўды кахала свайго Боба. Ты можаш зразумець гэта? Можна быць шлюшкай i па-сапраўднаму кахаць. Не муч яе, магчыма, калi-небудзь я аддзячу табе за гэта. Усё.
Ён устаў i рушыў да дзвярэй.
- Дэдэ! - аклiкнуў яго Мэгрэ, таксама ўстаючы.
- Баста! Я набiраю ў рот вады. Ты не пачуеш ад мяне болей нi слова.
I Дэдэ расчынiў дзверы, паклiкаў палiцэйскiх.
- Мы скончылi, - сказаў ён са з'едлiвай усмешкай.
- Прывесцi жанчыну? - запытаў у Мэгрэ брыгадны.
Люсiль адмовiлася сесцi, стала ля стала.
- Вы ведаеце, пры якiх абставiнах памёр Боб?
Яна ўздыхнула.
- Я нiчога не ведаю.
- Яго забiлi ў адным доме на вулiцы Шапталь.
- Вы думаеце?
- Ён быў палюбоўнiкам адной дзяўчыны.
- Я не раўнiвая.
- Чаму вы не хочаце гаварыць?
- Таму, што мне няма чаго сказаць.
- Калi б вы ведалi, што Боб жывы, вы не паехалi б у Бельгiю?
Яна маўчала.
- Чаму вы не хочаце адпомсцiць за Боба?
Яна закусiла вусны i адвярнулася.
- Некалькi банкнотаў даражэй вам за яго забойцу?
- Вы не маеце права казаць так.
- Тады кажыце вы.
- Я нiчога не ведаю.
- А калi я дапамагу вам?
- Я нiчога не скажу.
- Хто бачыўся з вамi, пасля таго як вы апынулiся тут?