Ён нарэшце ўсё зразумеў. Яго змусiлi чакаць зусiм не таму, што камiсар быў заняты. Аддзелы Вышукной палiцыi, якiя займалiся апазнаннем асоб злачынцаў i iх ахвяр, - тыя, 'наверсе', - былi звязаны з Набярэжнай Арфеўр.

Цi прайшоў Дэдэ праз антрапаметрыю? Цi перанесла Люсiль медыцынскi агляд? Мала верагодна.

Амаль неабвержна было другое: што нехта ўжо дапытваў iх, нехта з Вышукной.

Калi Мэгрэ прыйшоў сюды, прайшло не меней гадзiны, як Лё Брэ пакiнуў бульвар Рышар-Ленуар.

Цяжка было даць веры, аднак хiба цi i не сам Дэдэ намякнуў Мэгрэ, што яго проста абдурылi?

Ён выйшаў з кабiнета, i яму здалося, што ён заспеў усмешкi на тварах палiцэйскiх. Нiбыта выпадкова, якраз у гэты самы момант вярнуўся камiсар.

- Ну як, дружа? Можна павiншаваць з поспехам? Яны загаварылi?

- Што вы мяркуеце рабiць з iмi?

- Яшчэ не ведаю. Чакаю распараджэнняў.

- Ад каго?

- Ад начальства, як звычайна.

- Дзякуй вам.

Калi ён апынуўся на Набярэжнай, хлынуў лiвень. Мэгрэ раптова ахапiў такi адчай, што ён гатовы быў занесцi камiсару заяву аб звальненнi.

'Ты толькi харыст', - сказаў яму ўладальнiк гаража з адценнем шкадавання.

Ён, каму так хацелася быць прыналежным да гэтага дома, адкуль ён выйшаў з апушчанай галавой i з камяком у горле!

Ён зайшоў у пiўную 'Дафiн', дзе заўсёды можна было сустрэць аднаго-двух iнспектароў з Набярэжнай Арфеўр, якiя заходзiлi сюды на куфаль пiва. Ён ведаў iх у твар, але сам быў для iх нечым не вартым увагi.

Спачатку ён прыняў пiлюлю, якую даў яму доктар, у надзеi, што яна падбадзёрыць яго. Затым выпiў вялiкую чарку гарэлкi.

Вось яны. Нядбайна развалiўшыся ў крэслах, сядзяць за сталом i абменьваюцца навiнамi, такiя задаволеныя сабой! Яшчэ б! Яны маюць доступ усюды, куды спатрэбiцца, яны ў курсе ўсяго на свеце!

Цi Мэгрэ ўсё яшчэ хацелася быць адным з iх? Цi не быў ён на шляху да адкрыцця, што погляд, якi склаўся асабiста ў яго пра палiцыю, быў памылковы?

Пасля другой чаркi ён быў гатовы адправiцца да свайго высокага начальнiка i заступнiка Ксаўе Гiшара i выказаць яму ўсё, што на душы набалела.

Яго пакiнулi ў дурнях. Лё Брэ выведаў у яго ўсе звесткi. Ля дзвярэй яго чакаў экiпаж. Безумоўна, ён адразу ж адправiўся на Набярэжную Арфеўр, а Мэгрэ прымусiлi чакаць.

'Мой сакратар проста звар'яцеў. Ён можа натварыць бог ведае што i давесцi справу да скандалу'.

Хто ведае, цi не звярнуўся ён вышэй, да прэфекта, напрыклад, або да самога мiнiстра ўнутраных спраў?

А можа - чаму б не? - мiнiстр унутраных спраў таксама сутрапезнiк тых буржуа з вулiцы Шапталь?

Цяпер Мэгрэ быў перакананы: справу аддалi яму - ды яшчэ з гэткiмi папярэджаннямi аб асцярожнасцi! - толькi для таго, каб ён скруцiў сабе шыю.

'Вы хочаце дапытаць Дэдэ? Чаму б не? Калi ласка, дружа!'

Толькi спачатку яны самi як след пагавораць з уладальнiкам гаража. Бог ведае што было паабяцана Дэдэ за тое, каб ён маўчаў. Купiць яго маўчанне было лёгка: арыштоўваўся ён не ўпершыню. Што да Люсiль, то, калi яна не будзе маўчаць, яе ў любы момант маглi на адпаведны час запраторыць у Сэн-Лазараўскi вендыспансер.

'Ты толькi харыст'.

Ён ухмыльнуўся, таму што некалi сапраўды быў харыстам, калi жыў у вёсцы.

Яны ўтапталi ў гразь яго веру, апаганiлi яго палiцыю. Ён не меў злосцi на тое, што яны ўкралi ў яго поспех. Пачуццё яго куды глыбей, яно хутчэй нагадвала расчараванне ў любвi.

- Гарсон!

Ён хацеў заказаць трэцюю чарку, але перадумаў, расплацiўся i выйшаў з уражаннем, што тыя чацвёра з-за свайго стала правялi яго iранiчнымi позiркамi.ь

Ён разумеў, што цяпер увесь час будзе натыкацца на падтасоўку. Што яму заставалася? Далучыцца да флейтыста. Таму што адзiным козырам, якiм ён валодаў у сваёй гульнi, быў флейтыст! Менавiта пра Жустэна Мiнара Лё Брэ распарадзiўся ў першы ж дзень сабраць звесткi.

Хай сабе ён, Мэгрэ, злуе, а калi што якое, то можна будзе сцвердзiць, што ад удару па галаве ў яго, беднага, цяпер проста не ўсе дома.

Ён ускочыў у папутны аўтобус i застаўся стаяць на пляцоўцы, насуплена ўдыхаючы пах мокрага сабакi, якi зыходзiў ад плашча. Яму стала душна. А можа, ён трошкi тэмпературыў?

Дабраўшыся да вулiцы Шапталь, ён ледзьве не павярнуў назад, прыгадаўшы Памэля, гаспадара 'Старога Кальвадоса', якi таксама глядзеў на яго з паблажлiвасцю.

Хто ведае, можа, усе яны маюць рацыю? У рэшце рэшт, можа, ён проста перабольшыў свае магчымасцi, можа, ён абсалютна няздатны да прафесii палiцэйскага?

Аднак як слаўна адчуваў бы ён сябе, калi б яму развязалi рукi i ён давёў справу да канца! У гэтым доме, за якiм Мэгрэ назiраў з вулiцы, не засталося б нiводнага невядомага яму куточка, нiводнага невядомага яму насельнiка - i ўсё стала б яму ясна, ён раскусiў бы iх усiх, ад нябожчыка старога Бальтазара да Лiзы Жандро i Луi.

Тое, што адбылося ў ноч з 15 на 16, якраз не самае iстотнае, бо гэта ўсяго толькi завяршальны этап. Калi б ён выведаў думкi кожнага, яму было б няцяжка выявiць праўду, тое, што прывяло да развязкi.

Але гэты дом, як i дом на авеню дзю Буа, - крэпасць з замкнёнымi для яго дзвярыма. Па самай нязначнай трывозе да яе адсюль спяшалiся на помач. Дэдэ неспадзявана набiраў у рот вады, а Люсiль пакутлiва працiвiлася жаданню адпомсцiць за свайго Боба.

Ён злавiў сябе на тым, што на хаду размаўляў сам з сабою, пацепаўся плячыма i рэзка штурхнуў дзверы ў рэстаранчык.

Жустэн стаяў ля стойкi з чаркай у руцэ. Ён нiбыта падмянiў Мэгрэ пры сустрэчы з Памэлем. Апошнi не выказаў анiякага здзiўлення, убачыўшы новага клiента.

- I мне гэтага ж, - загадаў Мэгрэ.

Дзверы былi расчынены насцеж. Лiвень сцiхаў, праз рэдкую дажджавую сетку ззяла сонца. Маставая блiшчала, адчувалася, што яна хутка прасохне.

- Я так i думаў, што вы яшчэ завiтаеце сюды, - сказаў гаспадар. - Мяне толькi дзiвiць, што вы не разам з тымi ветрагонамi.

Мэгрэ рэзка павярнуўся да Жустэна Мiнара, якi не рашуча памуляўся, але ж усё прамовiў:

- У доме людна. Наехалi з паўгадзiны таму.

Машын на вулiцы не было. Значыць, госцi прыбылi на рамiзнiках.

- Хто?

- Не ведаю, але, па-мойму, судзейскiя. Там i нейкi белабароды месье, i малады службовец. Можа, пракурор з сакратаром?

Сутаргава сцiскаючы чарку, Мэгрэ запытаў:

- Яшчэ хто?

- Бог iх ведае. Мне не даводзiлася сустракацца з гэтымi людзьмi.

Жустэн з далiкатнасцю казаў не тое, што думаў.

- Калегi вашы, - буркнуў Памэль. - Не з камiсарыята. З Набярэжнай. Я пазнаў аднаго.

Бедны Мiнар! Ён не ведаў, куды падзець вочы. Выходзiла так, нiбыта Мiнар i яго падвёў пад дурнога хату. Мiнар быў перакананы, што менавiта Мэгрэ вядзе следства - флейтыст са шчырай душой памагаў яму.

I вось, аказваецца, Мэгрэ нiчога не варты, яго нават не папярэдзiлi, што збiраюцца рабiць.

Яшчэ раз ён ледзь стрымаўся, каб не вярнуцца дадому, у ярасцi скласцi заяву аб адстаўцы i легчы ў пасцель. Галава яго гарэла, ажно расколвалася ад шчымлiвага, таргатлiвага болю. Гаспадар трымаў пляшку кальвадосу. Мэгрэ кiўнуў галавой, каб налiваў.

Напляваць! Яго абышлi па ўсiх швах. Яны маюць рацыю. Ён усяго толькi харыст!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату