Сименон Жорж

Порт у тумане (на белорусском языке)

Жорж Сiмэнон

Порт у тумане

Пераклад: Алесь Асташонак

I. КОШКА Ў ДОМЕ

Калi а трэцяй гадзiне дня яны ад'язджалi з Парыжа, яшчэ свяцiла няшчодрае восеньскае сонца. Не паспелi даехаць да Манту, як у купэ запалiлi лямпы. А калi мiнулi Эўрэ, за акном была ўжо цемрадзь. Нарэшце запацелае шкло аблажыў такi густы туман, што ў iм танулi нават чыгуначныя агнi.

Уладкаваўшыся ямчэй у куце, Мэгрэ прытулiў галаву да сцяны i, прыплюшчыўшы вочы, машынальна назiраў за двума пасажырамi насупраць - такiмi непадобнымi адно да аднаго.

Капiтан Жарыс спiць. Парык з'ехаў набок - вiдаць яго абсалютна голы, што тое калена, чэрап. Гарнiтур памяты.

А Жулi, склаўшы рукi на сумачцы са штучнай, пад кракадзiлавую, скуры, стараецца, нягледзячы на стомленасць, захоўваць задуменны выгляд.

Камiсар крымiнальнай палiцыi Мэгрэ прывык, што ў яго жыццё вiхурай урываюцца незнаёмыя людзi, цэлымi днямi, тыднямi, месяцамi патрабуюць пiльнай увагi, а пасля зноў знiкаюць у безаблiчным натоўпе.

Пад стук колаў мерна цякуць яго думкi, заўсёды адны i тыя самыя ў пачатку кожнай новай справы. Якая яна будзе гэтым разам: агiдная цi трагiчная, заiнтрыгуе цi не?

Мэгрэ глядзiць на Жарыса, ледзь прыкметна ўсмiхаецца. Дзiўны чалавек! На набярэжнай Арфэўр* яго пяць дзён называлi - 'гэты чалавек', нават iмя не ўдавалася высветлiць.

* На набярэжнай Арфэўр знаходзiцца галоўны камiсарыят крымiнальнай палiцыi Парыжа.

Падабралi яго на Вялiкiх бульварах - кiнулася ў вочы, як ён кiдаўся то ўзад, то ўперад у патоку аўтобусаў i легкавых машын. Загаварылi з iм па-французску. Нi слова адказу. Паспрабавалi распытаць яго на сямi цi васьмi мовах. Зноў маўчанне. Мiгаў глуханямых таксама не зразумеў.

Вар'ят? У кабiнеце Мэгрэ яго абшукалi. Гарнiтур, бялiзна, чаравiкi - усё на iм было новае. Усе меткi з адзежы зрэзаны. Нi дакументаў, нi кашалька. Але ў адной кiшэнi - пяць зусiм новенькiх купюр па тысячы франкаў.

Невясёлы, нiчога не скажаш, пачатак расследавання! Пошукi ў службовых журналах, у антрапаметрычнай картатэцы. Тэлеграмы ва ўсе канцы Францыi i за мяжу. А 'гэты чалавек', як нi мучаюць яго надакучлiвымi допытамi, толькi лагодна ўсмiхаецца з ранiцы да вечара!

На выгляд яму гадоў пяцьдзесят. Каржакаваты карантыш. Нiякiх прыкмет неспакою або незадаволенасцi не выказвае. Усмiхаецца, i ўсё. Iншы раз, праўда, здаецца, намагаецца нешта ўспомнiць, але надоўга яго не хапае. Страта памяцi? Знялi парык i ўбачылi: не далей як два месяцы назад чэрап чалавеку раскавялiла куля.

Дактары ў захапленнi ад хiрургавай працы: нячаста даводзiцца сустракацца з гэтакiм майстэрствам!

Новыя тэлеграмы ў шпiталi i клiнiкi Францыi, Бельгii, Германii, Галандыi...

Праходзяць пяць дзён карпатлiвага пошуку. Вынiкi аналiзу плямаў на адзежы i пылiнак у кiшэнях бянтэжаць.

Знойдзена рэштка высушанай i скрышанай трасковай iкры, якую апрацоўваюць гэтакiм чынам на поўначы Нарвегii i выкарыстоўваюць як прынаду пры лоўлi сардзiн.

Выходзiць, што 'гэты чалавек' - адтуль? Можа, скандынаў? Некаторыя прыкметы паказваюць на тое, што ён зрабiў доўгае падарожжа па чыгунцы. Але як мог ён ехаць адзiн - без'языкi. перапалоханы недарэка, якi адразу звяртае на сябе ўвагу?

Змясцiлi яго фота ў газетах. Атрымалi тэлеграму з Вiстрэама: 'Незнаёмы апазнаны'.

За тэлеграмай прыехала жанчына, дакладней будзе сказаць - дзяўчына. I вось яна ў кабiнеце ў Мэгрэ. Твар стомлены, са слядамi памады i пудры. Завуць яе Жулi Легран, яна - служанка 'гэтага чалавека'.

Зрэшты, таго ўжо больш так не называюць, бо ведаюць, хто ён такi.

Гэта Iў Жарыс, былы капiтан гандлёвага флоту, цяпер начальнiк вiстрэамскага порта.

Жулi плача. Яна нiчога не разумее! Упрошвае свайго гаспадара сказаць ёй хоць слова. А той адно глядзiць на яе пяшчотна i зычлiва - як i на ўсiх астатнiх.

Капiтан Жарыс знiк з Вiстрэама шаснаццатага верасня. Цяпер канец кастрычнiка.

Што здарылася з iм за гэтыя паўтара месяцы?

'У той вечар ён як звычайна, - расказала Жулi, - пайшоў у порт на начное шлюзаванне. Я легла спаць. А назаўтра, устаўшы, не знайшла яго ў доме...'

Спачатку вырашылi, што Жарыс няўдала ступiў i ўпаў у ваду - якi ж густы быў у той вечар туман. Шукалi яго бусакамi. Пасля падумалi, што капiтан уцёк, - была, вiдаць, на тое нейкая прычына.

- Лiзьё! Прыпынак тры хвiлiны.

Каб размяцца, Мэгрэ выйшаў на платформу, зноў набiў люльку. Ён ужо столькi палiў у дарозе, што ў купэ стала шыза.

- Цягнiк адпраўляецца!

Жулi скарысталася адсутнасцю Мэгрэ i прыпудрыла кончык носа. Вочы ў яе яшчэ чырвоныя ад слёз.

Дзiўна, але яна то здаецца прыгожай i нават вытанчанай, то невядома чаму робiцца раптам няўклюдай, манеры якой проста бянтэжаць.

Цяпер яна папраўляе парык на галаве ў капiтана, свайго 'гаспадара', як сама яго называе. Робячы гэта, Жулi глядзiць на Мэгрэ, нiбыта заяўляе: 'Гэта маё права - даглядаць яго!'

Сям'i ў Жарыса няма. Ужо шмат гадоў Жулi жыве ў яго доме. Капiтан называў яе сваёй ахмiстрыняй.

'Ён любiў мяне, як родную дачку', - усхвалявана падкрэслiла Жулi.

Ворагаў у яго не было! Чалавек самавiты, нiякiх благiх звычак не меў.

Пасля трыццацiгадовай службы на моры ён не змог прывыкнуць да бяздзейнасцi i, нягледзячы на пенсiйны ўзрост, папрасiў назначыць яго начальнiкам вiстрэамскага порта. Збудаваў сабе ў гарадку маленькi домiк...

I вось увечары шаснаццатага верасня ён раптам знiкае, а праз паўтара месяцы аказваецца ў Парыжы ў гэтакiм выглядзе!

Жулi проста сумелася, калi ўбачыла свайго гаспадара ў шэрым крамным гарнiтуры. Яна прывыкла бачыць яго толькi ў форме марскога афiцэра.

Яна нервуецца, ёй не па сабе. Кожны раз, калi глядзiць на капiтана, на твары ў яе i замiлаванасць, i няясны страх, i нейкая неадольная трывога. Гэта, вядома, ён, яе 'гаспадар', але ў той жа час i не зусiм ён.

'Ён паправiцца, праўда?.. Я буду яго даглядаць...'

Па шкле сцякаюць цяжкiя кроплi. Вагон уздрыгвае, i масiўная галава Мэгрэ кiваецца з боку на бок... Камiсар спакойна назiрае за спадарожнiкамi. Жулi, мусiць, думае, што можна было ўсё-такi абысцiся, як яна казала, вагонам трэцяга класа - гэтак яна звычайна i робiць. Жарыс час ад часу прачынаецца i азiраецца, нiчога не разумеючы, па баках.

Яшчэ адзiн прыпынак у Кане, пасля - Вiстрэам.

'У гэтым гарадку каля тысячы жыхароў, - сказаў камiсару адзiн саслужывец, родам з тых мясцiн. - Порт невялiкi, але важны, бо звязаны з Канам каналам, па якiм праходзяць караблi ў пяць тысяч тон i болей'.

Мэгрэ не спрабуе ўявiць сабе гэты гарадок. Ён ведае па вопыце, што ўсё роўна памылiцца. Пакуль што ён проста едзе туды, i позiрк яго раз-пораз падае на парык, якiм прыкрыты ўсё яшчэ ружовы шрам.

Да таго, як капiтан знiк, у яго былi густыя, вельмi цёмныя валасы з ледзь прыкметнай сiвiзною на скронях. Яшчэ адна прычына адчаю Жулi: яна бачыць не можа гэты голы чэрап! I кожны раз, калi парык спаўзае, яна спяшаецца паправiць яго.

'Я так думаю, што яго хацелi забiць', - сказала Жулi ў кабiнеце.

У яго стралялi, гэта факт! Але потым давялi да ладу такiя выдатныя дактары...

Калi ён знiк, грошай пры iм не было. А знайшлi яго з пяццю тысячамi франкаў у кiшэнi!

Ёсць над чым падумаць.

А тут яшчэ Жулi адкрывае раптам сумачку.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×