ўсё на месцы i не змянiлася...
- Гэй! - крыкнуў яму Мэгрэ.
Матрос аж падскочыў. Але падысцi да камiсара цi пакiнуць шхуну ён не рашаўся. А калi ўбачыў раптам, што Раймон на волi, здзiвiўся не менш за Люка:
- Як гэта?..
- Калi 'Сэн-Мiшэль' зможа выйсцi ў мора?
- Хоць зараз! Усё ў поўным парадку! Цуд, а не судна, клянуся!..
Луi дапытлiва глядзеў на Раймона. Той вымавiў:
- У такiм выпадку прагуляйся на шхуне з Ланэкам i Сэлестэнам...
- Яны тут?
- Зараз прыйдуць... Некалькi тыдняў марской прагулкi... Далей адсюль... Каб пра 'Сэн-Мiшэль' тут ужо болей не гаварылi...
- Я мог бы прыхапiць з сабою i сястру - займалася б кухняю... Ведаеце, Жулi не з палахлiвых...
I ўсё ж такi яму было няёмка перад Мэгрэ. Перад вачыма стаялi падзеi апошняй ночы. I ён яшчэ не ведаў, цi можна ўсмiхнуцца, маючы iх на ўвазе.
- Вы хоць не прастудзiлiся?
Яны стаялi на краi шлюза, i Мэгрэ адным штуршком адправiў матроса ў ваду.
- Здаецца, мой цягнiк адыходзiць у шэсць, - сказаў пасля камiсар. Аднак ён не рашаўся пайсцi. Глядзеў вакол сябе з сумам: гэты маленькi порт стаў яму дарагi. Усё ж такi цяпер яму былi знаёмыя ўсе яго закуткi... I ў якое толькi надвор'е не давялося яму пабываць цi не ў кожным з iх: i пад слабым яшчэ ранiшнiм сонцам, i ў буру, i ў дождж, i ў непраглядны туман...
- Вы едзеце ў Кан? - спытаўся Мэгрэ ў Раймона, якi ўсё яшчэ стаяў каля яго.
- Не адразу. Думаю, так будзе лепш... Трэба, каб прайшоў нейкi час...
- Час, - скончыў за яго Мэгрэ.
Калi праз чвэрць гадзiны вярнуўся Люка i спытаў, дзе Мэгрэ, яму паказалi на 'Марацкi прытулак', дзе ўжо гарэла святло.
Праз запацелыя вокны шынка iнспектар угледзеўся ў камiсара...
Той сядзеў, ёмка ўладкаваўшыся на саламяным крэсле, з люлькаю ў зубах i кухлем пiва ў руках, i слухаў розныя гiсторыi, якiя расказвалi вакол яго людзi ў марскiх фуражках i гумавых ботах...
У цягнiку, гадзiн каля дзесяцi вечара, Мэгрэ ўздыхнуў.
- Мусiць, сядзяць цяпер усе трое ў кубрыку ў цяпле...
- У якiм кубрыку? - спытаўся Люка.
- На 'Сэн-Мiшэлi'... На зрэзаным стале - лямпа, цяжкiя шклянкi i бутэлька галандскага джыну... Печ патрэсквае... Дай мне запалкi!..