- Вы сказалi яму праўду?
- Але. I ўсё ж такi ён ажанiўся са мною. Дзiця нарадзiлася ў Iталii, дзе я правяла амаль год, каб пазбегнуць розных перасудаў. Я лiчыла, што муж паводзiў сябе проста гераiчна.
- А потым?
Яна адвярнулася, бо позiрк яе ўпаў на мужава цела. Уздыхнуўшы, загаварыла зноў:
- Не ведаю. Думаю, ён кахаў мяне па-свойму. Ён хацеў, каб я стала яго жонкаю, - i атрымаў мяне, вы гэта можаце зразумець? Чалавек, няздольны да парыву. Ажанiўшыся, ён жыў, як i раней, для самога сябе. Я была часткай яго дома. Нешта накшталт даверанай асобы ў канторы. Не ведаю, цi паведамлялi яму пасля што-небудзь пра стрыечнага брата, але калi аднаго разу сын убачыў фатаграфiю Раймона i спытаўся, хто гэта, Эрнэст толькi i сказаў:
- Стрыечны брат, якi дрэнна скончыў.
Мэгрэ быў крыху ўсхваляваны: перад яго вачыма прайшло цэлае жыццё. I жыццё не аднаго чалавека, а цэлага дома, сям'i!
I гэтак праляцелi пятнаццаць гадоў! Куплялiся новыя параходы. У гэтым вось пакоi ладзiлiся прыёмы, партыi ў брыдж i абеды, вячэры...
Лета праводзiлi ў Вiстрэаме i ў гарах.
А цяпер панi Гранмэзон адчувала толькi стомленасць. Яна апусцiлася ў крэсла, правяла рукою па твары.
- Не разумею, - прашаптала яна. - Гэты капiтан... Я яго нiколi раней не бачыла. Вы сапраўды думаеце, што?..
Мэгрэ прыслухаўся i пайшоў адчыняць дзверы. За iмi стаяў 'дзядзька Бернар'. Ён быў устрывожаны, але ўвайсцi ў пакой не асмельваўся. Клерк дапытлiва паглядзеў на камiсара.
- Пан Гранмэзон памёр. Паведамiце гэта яго доктару. А служачым i слугам скажаце крыху пазней.
Мэгрэ зачынiў дзверы, сунуў быў руку ў кiшэню па люльку, але перадумаў палiць.
У яго душы нарадзiлася дзiўнае пачуццё сiмпатыi, павагi да гэтай жанчыны, якая пры першай сустрэчы здалася яму вельмi банальнай iстотай.
- Гэта муж паслаў вас учора ў Парыж?
- Але. Я не ведала, што Раймон у Францыi. Муж мяне проста папрасiў забраць сына з калежа i правесцi з iм колькi дзён на поўднi. Я не разумела, нашто гэта трэба, аднак зрабiла, як ён хацеў. Але толькi я прыехала ў 'Лютэцыю', Эрнэст пазванiў мне i сказаў, каб я не iшла ў калеж, а вярталася дамоў.
- А сёння ранiцай вам званiў Раймон?
- Званiў. Прасiў тэрмiнова прывезцi яму крыху грошай. Кляўся, што ад гэтага залежыць наш далейшы спакой.
- Не вiнавацiў вашага мужа?
- Не. Там, у халупе, ён нават не ўспомнiў пра яго. Гаварыў пра нейкiх сяброў, маракоў, якiм ён павiнен заплацiць, перш чым паехаць з Францыi. Казаў яшчэ нешта пра нейкае караблекрушэнне.
Прыйшоў доктар, сябра сям'i. З жахам, не верачы вачам, глядзеў на труп.
- Пан Гранмэзон скончыў жыццё самагубствам! - цвёрда вымавiў Мэгрэ. - А вам трэба вызначыць хваробу, ад якой ён памёр. Вы мяне разумееце? Палiцыю я бяру на сябе...
Ён падышоў да панi Гранмэзон, пакланiўся ёй. Тая пасля некаторых ваганняў спытала:
- Вы не сказалi мне, чаму...
- Раймон вам калi-небудзь усё раскажа... Апошняе пытанне... Шаснаццатага верасня ваш сын быў у Вiстрэаме з вашым мужам, так?
- Так, ён заставаўся там да дваццатага.
Адышоўшы спiнай да дзвярэй, Мэгрэ выйшаў з пакоя. Цяжка ступаючы, ён спусцiўся па лесвiцы на першы паверх, прайшоў па калiдоры, адчуваючы нейкi цяжар на плячах i агiду ў душы.
На вулiцы ён глыбока ўдыхнуў свежае паветра. Нейкi час стаяў пад дажджом з голай галавою, як бы хацеў асвяжыцца, скiнуць з сябе ўсё тое жахлiвае, што вынес з дома Гранмэзонаў.
Зiрнуў апошнi раз на вокны. Пасля паглядзеў на дом насупраць, у якiм мэрава ўдава правяла сваю маладосць, i глыбока ўздыхнуў.
* * *
- Выходзьце!
Мэгрэ адчынiў дзверы камеры, у якой сядзеў Раймон, i знакам загадаў арыштаванаму iсцi за iм. Камiсар iшоў паперадзе, спачатку па вулiцы, пасля па дарозе ў порт.
Раймон дзiвiўся, не разумеючы прычыны гэтага раптоўнага вызвалення.
- Вы нiчога не хочаце мне сказаць? - кiнуў Мэгрэ наўмысна незадаволеным тонам.
- Нiчога!
- Вы дадзiце вынесцi вам прысуд?
- Я паўтару перад суддзямi, што нiкога не забiваў!
- Але праўды не скажаце?
Раймон апусцiў галаву. Удалечынi ўжо вiднелася мора, чулiся гудкi буксiра, якi iшоў да пiрса, ведучы за сабою на стальным тросе 'Сэн-Мiшэля'. Тады, быццам бы гэта было нешта зусiм звычайнае, кiнуў:
- Гранмэзон памёр.
- Га?.. Што вы сказалi?..
Раймон схапiў яго за руку i лiхаманкава сцiснуў яе.
- Ён?..
- Налажыў на сябе рукi. Гадзiну таму назад, у сябе дома.
- Ён усё расказаў?
- Не! Хадзiў туды-назад па гасцёўнi хвiлiн пятнаццаць, пасля стрэлiў. Вось i ўсё!..
Яны зрабiлi яшчэ некалькi крокаў. Удалечынi, на сценах шлюза, стаялi, назiраючы за выратавальнымi работамi, людзi.
- Цяпер вы можаце сказаць мне ўсю праўду, Раймон Гранмэзон... Зрэшты, я ўжо ведаю яе ў сама агульных рысах... Вы хацелi забраць з сабою вашага сына?
Нi слова адказу.
- Сярод людзей, у якiх вы прасiлi дапамогi, быў i капiтан Жарыс... Але, на жаль...
- Змоўкнiце! Калi б вы ведалi...
- Хадземце сюды. Тут меней народу...
Дарога вяла да пустыннага берага, на якi накатвалiся хвалi.
- Вы праўда ўцяклi некалi з касай?
- Гэта Элен вам сказала?..
Ягоны голас стаў з'едлiвы.
- Ну вядома!.. Эрнэст расказаў ёй усё па-свойму... Што ж, я не сцвярджаю, што быў святы... Наадварот!.. Жыў, як кажуць, весела... I адзiн час захапляўся гульнёю... Выйграваў, прайграваў... Праўда, аднаго разу я скарыстаўся грашыма кампанii, i кузен гэта прыкмецiў... Я абяцаў вярнуць паступова ўсе грошы i ўмольваў яго не даводзiць справу да скандалу... Ён усур'ёз сабраўся звярнуцца ў суд i згадзiўся толькi пры адной умове: каб я паехаў за мяжу i нiколi болей не вяртаўся ў Францыю!.. Цяпер вы разумееце? Ён хацеў, каб Элен стала яго жонкаю! I ён гэтага дабiўся!
Горка ўсмiхнуўшыся, Раймон нейкi час маўчаў, пасля пачаў зноў:
- Звычайна людзi адпраўляюцца на поўдзень або ўсход... А мне падабалася поўнач, i я пасялiўся ў Нарвегii... З радзiмы я нiякiх навiн не меў... Лiсты, якiя я пiсаў Элен, заставалiся без адказу, а ўчора я даведаўся, што яны нiколi да яе не даходзiлi... Я пiсаў i кузену таксама, але адказу нi разу не атрымаў... Не, я не збiраюся здацца вам лепшым, чым я ёсць на самай справе, або разжалiць вас гiсторыяй няшчаснага кахання. Спачатку я не думаў пра гэта шмат... Вы ўбачыце, што я кажу вам абсалютную праўду!.. Я працаваў... Былi ўсякiя цяжкасцi, пра iх трэба было думаць... Хiба што вечарамi на мяне находзiла настальгiя... Здаралiся i непрыемнасцi... У кампанii, якую я арганiзаваў, справы iшлi няважна... Гэтак i праходзiў год за годам, то лепш, то горш, у чужой краiне... Там я змянiў прозвiшча... Каб лепш было працаваць, прыняў нарвежскае падданства... Калi-нiкалi ў гасцях у мяне бывалi афiцэры з французскiх суднаў, вось ад iх я i даведаўся, што ў мяне ёсць сын... Я сумняваўся, але параўнаў даты - i зразумеў, што гэта праўда!.. Напiсаў у роспачы Эрнэсту... Умольваў дазволiць вярнуцца ў Францыю, хоць на некалькi дзён... Ён адказаў тэлеграмаю: 'Арышт пры перасячэннi мяжы'. Iшоў час. Я стаў апантана рабiць грошы...