шынках, дык можна дужа засмуцiць галовы тым, у каго мазгi праз алкаголь i без таго размяклi.
Мэгрэ адчуваў на сабе жорсткi iнквiзiтарскi позiрк. Мэр гаварыў павольна, чаканiў словы, усё роўна як прамаўляў абвiнаваўчы акт.
- З другога боку, палiцыя анi разу не звярнулася да кампетэнтных органаў улады!.. Я, мэр, нiчога не ведаю тое, што адбываецца ў порце...
- Ваш садоўнiк носiць сандалii на вяровачнай падэшве?
Мэр хутка зiрнуў на паркет, дзе вiднелiся сляды. Малюнак вяровачнай падэшвы быў выразны.
- Адкуль я ведаю?
- Прабачце, што перапынiў вас... Проста ў галаву прыйшла адна думка... Дык вы кажаце?..
Але працягваць свой наступ на камiсара мэр не стаў.
- Перадайце мне, калi ласка, скрынку з цыгарамi... Вось гэтую... Дзякую...
Ён запалiў цыгару i прастагнаў, бо занадта шырока разявiў рот.
- Увогуле, што вам удалося даведацца? Вы, напэўна, багата што высветлiлi...
- Так мала!
- Дзiўна... У партавiкоў фантазii хапае, асаблiва пасля некалькiх чарак аперытыву...
- Мяркую, вы адправiлi жонку ў Парыж, каб уберагчы яе ад хваляванняў, звязаных з усiмi гэтымi драматычнымi падзеямi?.. I тымi, што могуць яшчэ здарыцца?..
З абодвух бакоў адчувалася непрыязнасць. Урэшце, камiсар i мэр былi людзi з розных грамадскiх класаў, вельмi непадобныя адзiн на аднаго.
Мэгрэ выпiваў у партовым шынку з рыбакамi i шлюзаўшчыкамi.
Мэр прымаў паноў з пракуратуры, частаваў iх чаем з лiкёрамi i пiрожнымi.
Мэгрэ быў просты чалавек, сацыяльную прыналежнасць якога цяжка было вызначыць.
Пан Гранмэзон належаў да мясцовае знацi, паходзiў са старадаўняй буржуазнай сям'i, меў рэпутацыю самавiтага суднаўладальнiка, прыбыткi якога няспынна растуць.
Вядома, паводзiнам мэра была ўласцiвая дэмакратычнасць. Ён размаўляў на вулiцы з простымi людзьмi. Але гэтая дэмакратычнасць была маскаю, якую трэба надзяваць, каб мець поспех i на наступных выбарах. Гэта была частка абдуманай жыццёвай лiнii.
Камiсар трымаўся вельмi ўпэўнена. А з пухлага ружовага твару пана Гранмэзона спакваля сыходзiла важнасць, саступаючы месца разгубленасцi.
Каб не выдаць сябе, мэр зрабiў выгляд, што сярдуе.
- Пан Мэгрэ, - пачаў ён, вымавiўшы гэтыя два словы так, нiбыта збiраўся дэкламаваць. - Пан Мэгрэ, я дазволю сабе нагадаць вам, што ў якасцi мэра абшчыны...
Камiсар падняўся - i зрабiў гэта так нязмушана, што субяседнiк шырока расплюшчыў вочы. Мэгрэ падышоў да дзвярэй у гасцёўню i спакойна адчынiў iх.
- Ды ўваходзьце ўжо, Луi! Гэта дзейнiчае на нервы - няспынна бачыць, як дрыжаць дзверы, i чуць, як вы за iмi сапяце!
* * *
Калi Мэгрэ спадзяваўся на тэатральны эфект, дык яго чакала расчараванне. Вялiкi Луi, скасабочыўшы як звычайна плечы i нахiлiўшы галаву, пакорлiва ўвайшоў у кабiнет i ўтупiўся вачыма ў падлогу.
Гэта была поза чалавека, якi трапiў у далiкатнае становiшча: як мог ён, просты матрос, апынуцца ў доме ў такой важнай i багатай асобы?
Што ж да мэра, дык гэты зацягваўся цыгараю, выпускаў густыя клубы дыму i глядзеў некуды нерухомымi вачыма.
У пакоi ўжо амаль нiчога не было вiдаць. На вулiцы запалiлi лiхтар.
- Я запалю святло, з вашага дазволу, - сказаў Мэгрэ.
- Хвiлiнку... Закрыйце спярша шторы... Мiнакам неабавязкова бачыць... Вось так... Левы шнур... Асцярожна...
Вялiкi Луi застыў пасярод пакоя. Мэгрэ павярнуў выключальнiк, падышоў да камiна i паварушыў вуголле.
Гэта была яго старая звычка. Яшчэ ён мог, калi быў заклапочаны, стаяць каля печы, заклаўшы рукi за спiну, пакуль не пачынала пячы ў бакi.
Але ж цi змянiлася хоць крыху сiтуацыя? Гранмэзон па-ранейшаму насмешлiва пазiраў на камiсара, якi на хвiлiну задумаўся.
- Вялiкi Луi быў тут, калi... калi з вамi гэта здарылася?
- Не! - суха адказаў мэр.
- Шкада! Вы маглi б упасцi, скажам, на яго кулак...
- Што дазволiла б вам яшчэ больш растрывожыць некаторыя галовы, расказваючы ў партовым шынку розныя фантастычныя гiсторыi... Лепей, мусiць, скончыць з гэтым, камiсар?.. Гэтай драмай трэба заняцца нам абодвум... Вы прыехалi з Парыжа... Прывезлi мне адтуль капiтана ў вельмi нецiкавым стане, i ўсё гаворыць за тое, што не ў Вiстрэаме яго так апрацавалi... Вы былi тут, калi яго забiлi... Следства вы ведзяце, як вам заманецца...
У голасе ў мэра гучала рашучасць.
- Я мэр гэтага гарадка ўжо дзесяць гадоў, ведаю ўсiх яго жыхароў i лiчу сябе адказным за ўсё, што з iмi здараецца. I як мэр кiрую адначасова i мясцовай палiцыяй... Дык вось!...
Ён спынiўся на нейкi момант, каб зацягнуцца цыгараю. Попел упаў i рассыпаўся ў яго на халаце.
- Пакуль вы бегаеце па шынках, я таксама не сяджу склаўшы рукi, хай гэта вас не пакрыўдзiць...
- I выклiкаеце Вялiкага Луi...
- Я выклiкаю i iншых, калi знаходжу гэта патрэбным... А цяпер, мяркую, вы не маеце больш нiчога iстотнага паведамiць мне?..
Ён устаў, каб праводзiць наведнiка да дзвярэй. Было вiдаць, што ногi ў яго трохi зацяклi.
- Спадзяюся, - цiха сказаў Мэгрэ, - вы не будзеце мець нiчога супраць, калi Луi пойдзе са мною... Учора ноччу ён ужо даваў мне паказаннi... Мне трэба задаць яму яшчэ некалькi пытанняў...
Гранмэзон паказаў жэстам, што яму гэта ўсё роўна. Але сам Вялiкi Луi i з месца не скрануўся, усё адно як здранцвеў, - стаяў, апусцiўшы вочы.
- Пакуль што не, - буркнуў ён як звычайна.
- Заўважце, - сказаў мэр, - я зусiм не супраць таго, каб ён iшоў з вамi. I хачу, каб вы зафiксавалi гэты факт у сваёй памяцi i не закiдалi мне, што я ўстаўляю вам палкi ў колы... Я выклiкаў Вялiкага Луi для высвятлення некаторых акалiчнасцей... Калi ён пажадаў застацца ў мяне, значыцца, яму ёсць яшчэ што мне сказаць...
Аднак цяпер у вачах у мэра была трывога - не, панiка! Вялiкi Луi ўсмiхаўся з нейкiм жывёльным задавальненнем.
- Я пачакаю вас на вулiцы! - сказаў Мэгрэ матросу.
Але адказу камiсар не пачуў. Толькi мэр выцiснуў з сябе:
- Да сустрэчы, пан камiсар...
Дзверы былi адчыненыя. З кухнi прыйшла служанка i моўчкi, з незадаволеным тварам праводзiла Мэгрэ да дзвярэй вiлы, якiя адразу ж i зачынiла, толькi ён выйшаў.
Дарога была пустынная. Метраў за сто ад вiлы ў акне нейкага дома гарэла святло, i далей свяцiлiся агеньчыкi, але адлегласць памiж iмi была вельмi вялiкая: пабудовы ўздоўж дарогi Рыва-Бэла танулi ў велiзарных садах.
Засунуўшы рукi ў кiшэнi i ссутулiўшыся, Мэгрэ ступiў некалькi крокаў i апынуўся ў канцы садовага плота, за якiм пачыналася пустка. Усе вiстрэамскiя дамы цягнулiся ўздоўж дзюнаў. За садамi не было нiчога, апроч пяску i асакi.
У цемры з'явiлася чыясьцi постаць. Пачуўся голас:
- Гэта вы, камiсар...
- Люка? - адгукнуўся Мэгрэ.
Яны хутка сышлiся.
- Чалавек з драгi...
- Выйшаў адсюль? - перапынiў Мэгрэ.
- Не, яшчэ тут.
- Даўно?