- Iкра i ўсё астатняе. Робiм з галоў i печанi рыбiн тлушч, з касцей угнаенне...

- Выдатна! Проста выдатна! Застаецца толькi высветлiць, што вы рабiлi ў Вiстрэаме ў ноч з шаснаццатага на семнаццатае верасня...

Незнаёмы не разгубiўся, паволi азiрнуўся i адказаў:

- Мяне не было ў Вiстрэаме.

- Дзе ж вы былi?

- А вы?

Усмiхнуўшыся, ён растлумачыў свой адказ:

- Я хачу сказаць: цi б маглi вы самi вось гэтак раптоўна сказаць, што вы рабiлi ў якi-небудзь дзень, гадзiну, калi з тае пары прайшло ўжо больш за месяц?

- Вы былi ў Нарвегii?

- Магчыма.

- Трымайце!

I Мэгрэ працягнуў субяседнiку асадку з залатым пяром, якую нарвежац, падзякаваўшы, спакойна паклаў у кiшэню.

Дальбог, прыгожы мужчына! Прыкладна таго ж узросту i росту, што i мэр, але больш статны i дужы. У яго цёмных вачах можна было ўгадаць напружанае ўнутранае жыццё. А ўсмешка тонкiх вуснаў казала пра вялiкую ўпэўненасць чалавека ў сабе.

На камiсаравы пытаннi ён адказваў пачцiва.

- Мяркую, - сказаў ён, - наша сустрэча - простая памылка, i быў бы рады зноў адправiцца ў дарогу...

- Гэта ўжо iншае пытанне. Дзе вы пазнаёмiлiся з Вялiкiм Луi?

Але незнаёмы, насуперак чаканню Мэгрэ, i не паглядзеў на матроса.

- Вялiкiм Луi? - перапытаў нарвежац.

- Вы пазнаёмiлiся з капiтанам Жарысам, калi ён яшчэ плаваў?

- Прабачце. Я не разумею.

- Вядома! А калi я спытаю ў вас, чаму вы начуеце на борце развалiны-драгi замест таго, каб уладкавацца ў гатэлi, вы таксама будзеце здзiўлены?

- А як вы думаеце? Згадзiцеся, што на маiм месцы...

- I, аднак, учора вы прыбылi ў Вiстрэам на борце 'Сэн-Мiшэля'. Пры ўваходзе ў порт пераселi са шхуны ў шлюпку. Потым перабралiся на драгу i правялi там ноч. Сёння пасля абеду абышлi вiлу, у якой мы цяпер знаходзiмся, потым узялi ровар i паехалi ў Кан. Купiлi там машыну. Выехалi ў Парыж. I цi не з панi Гранмэзон вы павiнны былi сустрэцца ў гатэлi 'Лютэцыя'? У такiм выпадку няма патрэбы нiкуды ехаць. Або я дужа памыляюся, або яна будзе тут сёння ноччу.

Маўчанне. Мэр ператварыўся ў статую. Позiрк у яго быў настолькi нерухомы, што ў iм не адчувалася нiякага жыцця. Вялiкi Луi пачэсваў раз-пораз патылiцу i пазяхаў, усё яшчэ седзячы, тым часам як усе астатнiя стаялi.

- Вас завуць Марцiно?

- Але, Жан Марцiно.

- Ну дык вось, пан Жан Марцiно, падумайце! Цi сапраўды вам няма чаго паведамiць нам? Вельмi нават магчыма, што адзiн з тых, хто тут прысутнiчае, хутка ўстане перад судом.

- Мне не толькi няма чаго вам сказаць, але i хочацца папрасiць вашага дазволу папярэдзiць нарвежскага консула, каб ён прыняў неабходныя меры.

I гэты туды ж! Гранмэзон пагражаў ужо, што паскардзiцца, цяпер i Марцiно збiраецца зрабiць тое самае! Хiба што адзiн Вялiкi Луi нiкому нiчым не пагражаў, згодзен цярпець што хочаш, было б толькi што выпiць.

Чуваць было, як бушаваў шторм, якi з прылiвам дасягнуў свайго пiку.

Позiрк у Люка быў вельмi красамоўны. Канечне, ён думаў: 'Ну i ўлiплi ж мы ў гiсторыю! Хоць бы што- небудзь высветлiлася!..'

Мэгрэ хадзiў па пакоi, сердаваў, палiў.

- Значыць, вы нiчога не ведаеце, нi адзiн, нi другi, пра знiкненне капiтана Жарыса i яго смерць?

Абодва моўчкi пакруцiлi галавою. Раз-пораз Мэгрэ спыняў свой позiрк на Марцiно.

У гэты момант звонку пачулiся хуткiя крокi i стук у дзверы. Пасля кароткiх ваганняў Люка пайшоў адчыняць. Убегла Жулi. Яна цяжка дыхала. Спынiўшыся, ледзь вымавiла:

- Камiсар, мой брат...

I адразу ж здзiўлена змоўкнула, убачыўшы перад сабою гiганцкую постаць Вялiкага Луi, якi ўстаў з крэсла.

- Ваш брат?.. - перапытаў Мэгрэ.

- Нiчога... Я...

Яна паспрабавала ўсмiхнуцца, усё яшчэ цяжка дыхаючы. Адступаючы спiнаю назад, наткнулася на Марцiно, павярнулася да яго.

- Прабачце, пан...

Стала ясна, што яна не знаёмая з iм.

Праз адчыненыя дзверы ў пакой урываўся вецер.

IХ. ЗМОВА МАЎЧАННЯ

Жулi спяшалася ўсё расказаць:

- Я была дома зусiм адна... Мне было страшна... Легла спаць не раздзеўшыся. Раптам у дзверы моцна пастукалi... Прыйшоў Ланэк, братаў капiтан...

- 'Сэн-Мiшэль' у порце?

- Ён быў у шлюзе, калi я праходзiла мiма... Ланэк хацеў тэрмiнова пабачыць брата... Здаецца, яны спяшаюцца адплыць... Я сказала яму, што Луi нават не заходзiў да мяне... I ўстрывожылася за яго, бо ён плёў нешта дзiўнае, я нават не разабрала нiчога...

- Чаму вы прыйшлi сюды? - спытаўся Мэгрэ.

- Хацела даведацца, цi няма для Луi якой небяспекi... Ланэк сказаў, што небяспека ёсць i што, мажлiва, нiчым ужо не паможаш... А ў порце мне перадалi, што вы тут...

Незадаволены матрос пацiснуў плячыма, быццам казаў тым самым, што жанчыны часта хвалююцца праз любую драбязу.

- Вам пагражае небяспека? - спытаўся Мэгрэ, спрабуючы злавiць яго позiрк.

Вялiкi Луi засмяяўся. Смех у яго быў штучны i здаўся iдыёцкiм.

- Чым устрывожаны Ланэк?

- А я адкуль ведаю?

Агледзеўшы прысутных, камiсар задуменна, з горыччу вымавiў:

- Значыцца, вы нiчога не ведаеце! I ўсе ў аднолькавым становiшчы. Вы, пан мэр, не знаёмы з панам Марцiно i не ведаеце, чаму Вялiкi Луi, якога вы прымаеце, як добрага знаёмага, гуляеце з iм у шашкi, кормiце i поiце, пачынае раптам бiць вас па твары кулакамi, проста м а л а ц i ц ь...

Нi слова ў адказ.

- I гэта яшчэ не ўсё! Вы лiчыце такiя паводзiны матроса натуральнымi! Не баронiцеся! Адмаўляецеся нават падаць на яго скаргу. Ды што там - i не думаеце выставiць 'вашага сябра' за дзверы!

Камiсар павярнуўся да Вялiкага Луi.

- Вы таксама нiчога не ведаеце! Праводзiце ноч на дразе, але хто там быў з вамi - сказаць не можаце... Вас прымаюць у гэтым доме, як дарагога госця, а за гасцiннасць вы плацiце гаспадару лупцоўкаю... I, вядома, вы, як i ўсе, нiколi не сустракалiся з панам Марцiно!..

Нiхто нават не ўздрыгнуў. Усе ўпарта разглядвалi карункi на сурвэце.

- I вы, пан Марцiно, таксама ведаеце не больш за iншых. Вам вядома хоць, на чым вы прыбылi з Нарвегii ў Францыю? Не?.. Вам ямчэй спаць на старой канапе на борце драгi, чым у мяккiм ложку ў гатэлi... У Парыж вы едзеце спачатку на ровары, пасля купляеце машыну... Але вы не ведаеце нiчога i нiкога! Нi пана Гранмэзона, нi Луi, нi капiтана Жарыса... Ну, а вы, Жулi, натуральна, ведаеце пра ўсё гэта яшчэ менш за iншых!..

Камiсар разгублена зiрнуў на Люка. Той зразумеў: i думаць нават не прыходзiлася, каб арыштаваць усiх.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату