Вялiкага Стахава, усю ноч не вылазiў зь сядла.
Ужо зашарэў сьвiтанак, калi, напаўжывыя ад стомы й холаду, пяць коньнiкаў спынiлiся каля першае-жа карчмы, на ўскраiне Iгуменя.
Не пасьпеў заспаны карчмар управiцца ў стайнях з конямi, як госьцi ўжо спалi мёртвым сном. Паўкладалiся, хто дзе змог, нават не паадшпiльвалi зброю.
У Iгумернi адпачывалi ўвесь дзень i ноч, адаграючыся ад начное гонкi. Станiслаў увесь час хмурыўся, раздратаваны ўчорашнiм здарэньнем. Яго людзi, ведаючы свайго пана, старалiся лётам выконваць яго загады. Нават Ксёндз Карафа, якi дазваляў сабе часам спрачацца з Ваяводай, зараз пазьбягаў выклiкаць чым-небудзь ягоны гнеў. Ведаў, чым гэта магло-бы скончыцца.
Таму ранiцай, другога дня, ледзь зашарэў сьвiтанак, невялiкi пачот Ваяводы моўчкi выехаў за сваiм панам з умацаваньяў Iгуменя.
Станiслаў злосна паганяў каня, далёка выперадзiўшы свай пачот. Нестрыманы гнеў яшчэ не прайшоў, i яго прыгожы твар заставаўся злосным i змрочным. Гора таму, хто трапiўся-бы зараз яму пад руку.
Адпачнуўшыя конi бадзёра ўмiналi дарогу, пафыркваючы на марозе. Цёмны лес, блiзка насунуўшыся на шлях, мiльгаў мiма коньнiкаў сваiмi засьнежанымi прагалкамi, прасекамi й палянамi. Лапчастыя сiвыя ялiны, як заварожаныя воi, зграбна вылучалiся мiж карчакаватых дубоў i грабаў, сумных бярэзiн, вольхаў, раскiнуўшыхся на неабдымных абшарах.
Часам праз дарогу пераходзiць горды зубр цi магутны тур, i тады ў Станiслава ўспыхваюць вочы, i рука сама цягнецца к луку. Крывi! Ваявода прагне крывi! Але неасьцярожны волат пушчы зьнiкае ў густых зарасьнiках, пакiдаючы за сабою толькi асаблiвы пах - стойла, малака, ветру й абамшэлага каменя. Ад чаго ў Ваяводы шырока разьдзiмаюцца ноздры на сухiм, храшчаватым носе, вочы набягаюць крывёю, i сутаргава бегаюць жаўлакi.
З кожным такiм спатканьнем - едучы з тылу ксёндз, напаўгалос (каб ня чуў Станiслаў) пачынае чытаць модлы, просячы Бога, каб яно было апошнiм. Бо ведае, верны духоўнiк, што гэта дратуе Ваяводу ўсё болей i болей, ды добрым ня скончыцца. Збраяносец i два чэляднiкi - перапалохана жагнаюцца, не разумеючы лацiны, але ведаючы, да Каго ён зварочваецца, уяўляюць сабе, што знаходзяцца дзесь каля брамы самаго пекла, дзе мiтусяцца й варушацца драўляныя й глiняныя, намацальныя й ненамацальныя бажкi, чэрцi, духi й наагул розная погань, маючая сiлу й здольнасьць ператварыць любога зь iх у чорнага гругана, абамшэлы пень, мокры камень, цi мала там у вашто. I толькi Ксёндз ды Крыж Сьвяты, маглi ад гэтага абаранiць. Вялiкая сiла, дадзеная ксяндзу!
Пасьля палудзённага перапынку, у часе якога Станiслаў не прамовiў нi слова, ксёндз з жахам назiраў за бледным тварам свайго пана. Гнеў, нялюдзкi гнеў расьпiраў душу Ваяводы. Здавалася, што ўсе сiлы пекла ўсялiлiся ў гэтага самалюбнага й самаўладнага чалавека.
Прыгнуўшыся нiзка да грывы, ён раз за разам убiваў вострыя шпоры ў крываточачыя бакi каня. Але, не зважаючы на ўсе высiлкi, прыйшлося заначаваць над Пцiччу. Княжы лясьнiчы з ахвотай саступiў госьцям сваю хату, уклаўшыся з сынамi ў сенцах.
Ваявода ўсю ноч ня спаў, перакiдаўся з боку на бок, i ранiцай выглядаў жудасна. Бязьмежны гнеў i бязсоньне наклалi свой адбiтак на ягоны твар, ад выгляду якога мiмаволi прабiралi дрыжыкi.
У поўдзень па льду перайшлi Случ, i, абыйшоўшы прыбярэжныя балоты, гразкiя й зiмой, накiравалiся ў Слуцак, спадзяючыся дастацца туды яшчэ да цямна.
Станiслаў кусаў сабе вусны ад неспагнанае злосьцi: 'Хоць-бы хама якога спаткаць!' - у роспачы падумаў ён, углядаючыся ўперад.
I ў гэты момант, як-бы iдучы насустрач ягоным жаданьням, на дарозе паказаўся коньнiк. За iм другi й трэцi. Горб дарогi хаваў iх дасюль ад вачэй i выставiў зараз, як жаданы падарунак.
Ваявода, ня ведаючы ад чаго, адчуў шалёную радасьць. Спынiў каня й падняўся ў страмёнах.
Сустрэчныя спынiлiся таксама.
Станiслаў, уважна прыгледзеўшыся незнаёмцам, але не прыкмецiўшы на iх дзiдах нiякiх сьцяжкоў, выдаўшых-бы чужаземцаў, гукнуў:
- Зьдзiслаў, дзiду!
Збраяносец пасьпешна выканаў загад. I, выцягнуўшы свой меч, стаў з тылу свайго пана.
Незнаёмцы, тым часам, бачачы ваяўнiчыя намеры сустрэчнага Рыцара, перакiнулiся некалькiмi кароткiмi словамi й таксама падрыхтавалiся да бою. Адзiн зь iх, сiвы i шыракаплечы, апрануты ў кажух паверх кальчугi, выехаў уперад i грамавым голасам гукнуў:
- Iмём Гаспадара Вялiкага Князя, загадваю схаваць зброю й сыйсьцi з дарогi!
У адказ на гэта Станiслаў моўчкi пахiлiў дзiду й ударыў шпорамi. Вочы яго сьвяцiлiся, на вуснах iграла прагавiтая ўсьмешка.
Шырокаплечы незнаёмец зьдзiўлена пацiснуў плячыма й, прыкрыўшыся шчытом, пусьцiў каня. Абодва яго спадарожнiкi панесьлiся сьледам.
Блiжэй i блiжэй зьяжджаюцца працiўнiкi. Адзiн у сталёвым панцыры, поўны гневу, жорсткасьцi й смагi крывi. Другi - у кальчузе й кажуху, зьдзiўлены, але ўпарты й пэўны сябе.
Ксёндз пасьпешна пералiчвае пацеркi ружанца й хуценька мармоча малiтву, не забываючыся пры гэтым, час ад часу, памацаць дзяржальну мяча.
Коньнiкi зьблiзiлiся. Стук i трэск разьлятаючыхся на кавалкi дзiдаў... I Станiслаў грузна выляцеў зь сядла.
У той жа момант упаў i Зьдзiслаў, з наканечнiкам дзiды ў горле.
- Пяру-у-у-ун! - голасна выгукваюць незнаёмцы, i на поўным скаку праносяцца мiма зьбянтэжаных i пачцiва разступiўшыхся рэшткаў пачоту Станiслава. Праз кароткi час пераможцы зьнiкаюць з вачэй.
- Ваявода!... Сын мой... Ваявода!... - кiдаецца ксёндз да свайго разпасьцёртага пана. Але Станiслаў страцiў прытомнасьць, i ляжыць на абледзянелай дарозе, нязграбна падкруцiўшы пад сябе руку. З-пад плашча выцякае струменчык крывi й хутка ўсмоктваецца ў сьнег...
- Хутка! У найблiжэйшае селiшча!... Па санi!... - загадвае перастрашаны ксёндз.
Адзiн з вояў кiдаецца ўскач выконваць загад. Другi дапамагае ксяндзу расшпiлiць панцыр Ваяводы. Выцiраюць на грудзях кроў. Нацiраюць яго сьнегам... Усё на дарэмна, Ваявода ня дыхае...
Зусiм к вечару зьяўляецца вой з саньмi. На санях двое барадатых сялянаў. Яны асьцярожна ўхутваюць бяспрытомнага Ваяводу кажухамi, падтыкаюць з бакоў саломай, i пасьпешна рухаюцца к Слуцку.
Забiтага Зьдзiслава вязе на сядле адзiн з вояў, каб са Слуцку адправiць у Загрэб, да ягоных заможных i шляхетных сваякоў.
14. ЗМОЎШЧЫКI КАРЧМЫ 'ЗАЛАТЫ РОГ'
Пан Януш прыскакаў у Берасьце змораны й замёрзлы. Вусы зьмерзлiся ў суцэльныя лядзякi. Пасiнелы нос напаўняўся, увесь час, набрыдлiвай вiльгацьцю. Скарчанелыя рукi адмаўлялiся слухацца, а ў жалезных ботах балюча шчымелi пальцы.
Мармычучы праклёны сабе пад нос, адшукаў указаную Ваяводай Станiславам карчму 'Залаты рог' i, кiнуўшы павады служцы, увалiўся ў напаўцёмнае памяшканьне. Прыемна агарнула цяплом i ўтульнасьцю.
Час быў ужо паабеднi, i некалькi сталых наведвальнiкаў карчмы старанна прыкладалiся да ўмястоўных кубкаў ды гучна гаманiлi.
Пан Януш прайшоў у кут, прысеў на шырокую лаву каля вакна i голасна гукнуў:
- Гэй! Паўкварты мёду, пся маць, i гарачага крупнiку!
Непаваротны як мядзьведзь карчмар моўчкi прынёс баклагу й кубак. Акiнуў дапытлiвым паглядам постаць госьця й хацеў быў iсьцi па крупнiк, як раптам Януш напаўголасу спытаў:
- Пана Лазiнскага ведаеш?
Карчмар спынiўся. Паправiў фартух i, углядаючыся на папiваючых, памалу адказаў:
- Ведаю... з Камянца...
- Дык я яго бачыць хачу, пся маць! Сёньня-ж! - пры гэтым на стол упала срэбная грыўна.
Карчмар загарнуў манэту й падаўся прэч з пакою.
Пан Януш напоўнiў пенiстым мёдам кубак i, са смакам яго сёрбаючы, прыслухаўся да гутаркi людзей.
Размаўлялi пра апрышак, пра вайну - то з Польшчай, то з Крыжакамi, пра цэны на тавары, пра якасьць вiна, пра наблiжаючуюся вясну...
За вакном бялела дарога, упiраючыся ў скляпенiстую браму, пад якой зьнiкалi сялянскiя вазы,