прыгодаў. У сваiх марах ён ужо адважна валiў тура на вачах у чароўнай Рынгайлы i, стаўшы на адно калена перад яе канём, прапанаваў ёй сваю руку й меч да паслугаў, у сiле якiх яна мае нагоду пераканацца...
Вечарам усе чужаземцы зыйшлiся ў пакоi Графа дэ ля Шэр. Прыйшоў i Камандор фон Кройцэнбэрг, завiтаўшы ў Трокi па дарозе на Мальборк.
- Шаноўны Камандорэ! - не ўстрымаўся пры яго выглядзе Граф. - Што з Вамi сталася? Клянуся ўсiмi Сьвятымi - вы болей падобны на свой цень, чым на самаго сябе!
- Ня дзiва, Граф, змарнець, калi вас абкружаюць толькi няўдачы й непрыемнасьцi. Вось шаноўнаму Мак Марцiмеру шанцуе... - адказаў неахвоча Кройцэнбэрг, i, павярнуўшыся да Шкота, спытаў - Цi ня праўда?
- Так, так! Мне надзвычайна пашанцавала ў Лiтве! Нават сам Вялiкi Князь Вiтаўт запрапанаваў мне сваю ласку й апеку! Можаце мне пазайздросьцiць!
- Вiтаю, але не зайздрошчу, Марцiмер! Хачу нагадаць, што лiса вы не забiлi...
- О! Я гэта ведаю й сам! I ведаю нават, што ён мне не прабачыў. Праўда, Камандорэ?
- Гэтага я вам не скажу - пачаў Кройцэнбэрг - Але...
- Але, - з запалам перабiў Олiвер, - лiс мусiць ведаць, што шляхетны Марцiмер Мак Марцiмер - не адзiн! Мой меч i шчыт заўсёды да яго паслугаў!
- Добра сказана! - усьмiхнуўся Шкот. - Дзякую!
Кройцэнбэрг з жалем усьмiхнуўся й прамовiў:
- Вы яшчэ надта малады, Олiвер, i мне вас шкада, бо вам муцiць галаву гарачая кроў вашых вялiкiх продкаў! Якiя не апраўдалi-б вашых учынкаў, будзь яны сёньня жывыя!...
- Не засланяйцеся маiмi продкамi, Камандорэ! Вы на гэта ня маеце нiякага права! Яны былi людзьмi шляхетнымi й сумленнымi! Апошнi зь iх - Слаўны Гэнрых дэ Арно - выпраўляючы мяне ў сьвет, заклiнаў мяне паступаць так, як загадвае Рыцарскае Права, маё сумленьне й Гонар! Ён-жа - Слаўны Гэнрых дэ Арно - узяў зь мяне страшную клятву, што я нiколi ня стану на баку зла, несправядлiвасьцi й маны, а буду ўсё жыцьцё зь iмi змагацца, нават калi гэта будзе пагражаць мне вернай пагiбельлю!...
- Дык вы, няшчасны, лiчыце нашы Вялiкi Ордэн iлжывым, несправядлiвым i злым? О, няшчасны!
- Выбачце, Камандорэ, але я анi словам ня ўспомнiў пра Вашы Ордэн! усьмiхнуўся Бургундзец.
Кройцэнбэрг зьмяшаўся й злосна буркнуў:
- Сунецеся вы туды, дзе нiчога не разумееце, i дзе магло-б зусiм добра абыйсьцiся й бяз Вас!
- Памыляецеся, Камандорэ! - рашуча ўмяшаўся Граф. - Олiвер, хоць i малады, але мае ўжо залатыя шпоры, каторыя нялёкка дастаюцца й старэйшым! А разважае ён так, як падабае й сумленнаму Рыцару! I я ў сваю чаргу, урачыста прысягаю на Сьвятога Юр'я[20], што аднадумна й згодна з Олiверам дэ Арно буду баранiць праўду, справядлiвасьць i гонар!
Кройцэнбэрг закусiў губу й перавёў гутарку на заўтрашняе паляваньне (на якое ня быў запрошаны). Але й тут не сустрэўшы спачуваньня й адчуваючы прыхаваную непрыязнасьць, хутка адкланяўся й адыйшоў. У душы яго накрэсьлiвалiся пляны будучае жорсткае помсты, якая будзе страшней за сьмерць...
У гэты вечар Троцкi замак рана зацiх. Паляўнiчыя й служба адпачывалi перад заўтрашнiм днём. Толькi час ад часу пераклiкалiся вартавыя, ды ў псярнi абзывалiся сабакi.
Ранiцай, яшчэ да сьвiтаньня, вырушылi загоншчыкi на чале зь Вялiкiм Лоўчым, якi мусiў, разьвёўшы загоны й заставы, чакаць на Гаспадара ў Лясным Замку. Па дарозе да загоншчыкаў мелiся далучыцца навакольныя сяляне й пешыя аддзелы войска, каб, стаўшы пад каманду лясьнiкоў, шчыльным колам агарнуць вялiзарныя абшары пушчы. Мароз прыцiскаў, не шкадуючы, пакрываючы белай намаразьзю бароды й вусы людзей, каўняры кажухоў ды конскiя грывы. Наладаваныя санi са скрыпам выкотвалi за браму, пад соннае гiканьне вожчыкаў. Яскравыя агнi паходняў суцэльным патокам разгарнулiся па дарозе, адным канцом губляючыся ў пушчы, другiм - у мурох i валах Замку.
Людзкi гоман i тупаценьне, скрып палозаў, сабачы брэх i конскае йржаньне напоўнiлi замкавы дзядзiнец.
Паляўнiчыя, адзiн за другiм, прабуджаныя шумам, неахвоча падымалiся зь цёплых пасьцеляў, хаця на цёмным небе яшчэ яскрава зiхацелi зоркi.
З адыходам загоншчыкаў, заварушылiся конюхi, збраяносцы й iншая чэлядзь. Гул на плошчы ўзрос.
Разьвiднелася.
Дзень наступiў яркi, марозны, якi бывае толькi ў Лютым, калi зiма, чуючы свой блiзкi канец, лютуе з поўнай сiлай. Яскравае, але ня грэючае сонца, сярэбрыла асьляпляючым бляскам сьнег на палетках i кустах.
Рух на Замкавым пляцы ўзрастаў з кожным момантам, па меры таго як пасоўваўся час.
- Не разумею! - ускрыкнуў Олiвер, назiраючы, як час наблiжаецца да апоўдню. - Цi мы сёньня вырушым, цi не? Цi можа паляваньне абыйдзецца й бяз нас? Дзе Вялiкi Князь?
- Цярпеньне! Цярпеньне, дарагi зямляк! - усьмiхнуўся Граф дэ ля Шэр. Вось паабедаем i вырушым.
- Як гэта? А паляваць у ночы? Пры паходнях?
- Навошта? Паляваць будзем у дзень. Але адлегласьцi тут ня тыя, што ў нас у Францыi цi Бургундыi. Ды й звычаi iншыя, вось прыглядайцеся, знаёмцеся.
- Ну ды што-ж рабiць? - разгубiўся Бургундзец.
- О! Калi захочаце, то знойдзеце што рабiць: падрыхтаваць зброю, пераверыць каня й рыштунак, ды мала-лi чаго яшчэ. Абы была ахвота!
Гарачы Бургундзец трохi супакоiўся i, сьледуючы парадам Графа, выйшаў на пляц.
Усюды мiтусiлiся служкi з заклапочанымi тварамi. Ладавалiся санi спажывай i пiцьцём. Канюхi разьмiналi коней, паляскваючы пугамi. Сабачы брэх аглушаюча разьлiваўся над Замкам.
Олiвер адчуў у грудзях радасную трапечучую насалоду агульнага напружаньня, i, закiнуўшы плашч за плечы, закрочыў, парыпваючы сьнегам, да стайняў. Ён ужо ня нудзiўся ад чаканьня, а ўсёй сваёй палкай iстотай улучыўся ў агульнае хваляваньне перадад'езных клопатаў. Яму раптам прыпомнiлася, што ў каня адна падкова была безь зiмовых шыпоў, што ў апошняй паездцы ён адчуў, як цяжкi крупэр вольна соўваецца па конскай сьпiне, што кольцы ў цуглях ужо даволi ладна сьцёрлiся, i шмат iншых дробязяў, ад якiх часам залежыць посьпех, а часам i жыцьцё коньнiка.
Малады Рыцар увайшоў у стайню з душой, перапоўненай хваляваньнем i трывогай, лаючы сам сябе за такую нядбаласьць. Але, убачыўшы кругленькую постаць свайго конюха Кляўса (у нязьменным сiнiм камзоле), пад чэравам шэрага жарэбчыка, трохi супакоiўся. А прыкмецiўшы новыя кольцы ў цуглях, праста ўзрадаваўся. Добры стары Кляўс ужо паклапацiўся аб усiм.
Жарабец цiхенька зайржаў, пазнаўшы свайго гаспадара, i прыняўся ўзмахваць галавой, побразгваючы нашыйнай кальчугай i муштукамi.
Кляўс жвава ўскочыў на ногi й кiнуўся насустрач Олiверу з такою жвавасьцю й хуткасьцю, якiх цяжка было спадзявацца, пры яго малым росьце й таўшчынi.
- Вашая Сьветласьць! Вашая Сьветласьць! - гукаў ён на бягу, разводзячы рукамi. - Што за дурны народ тут жыве! Прашу ў iх дзёгцю, каба капыты змазаць, не разумеюць. Паказваю iм, што вось, капыты наўкола трэба памазаць, каб чорныя былi й блiшчэлi, дык яны мне вухналi й падковы цягнуць, вунь зiрнiце, Вашая Сьветласьць, якую купу наносiлi! А Адзi дык зусiм дагадаўся: стары капыт прынёс! Я сварыцца пачаў, а яны рагочуць... Дурны... народ, зусiм дурны!...
- Ня думаю, Кляўс, - усьмiхнуўся Олiвер.
- Як-жа не, Вашая Сьветласьць? Што нi кажы iм, нiчога не разумеюць, як аслы.
- А ты паспрабаваў-бы разтлумачыць.
- Прабаваў, Вашая Сьветласьць! Лупяць вочы й рагочуць, а каб зразумець, дык нi-нi.
- А вось мы зараз пабачым, - прамовiў Олiвер, убачыўшы праходзячага мiма барадатага Лiтоўца, па выгляду лясьнiка.
- Гэй! - махнуў ён рукой барадачу.
- Ваша Сьветласьць! - загутарыў Кляўс. - Надарэмна вы прабуеце, усё роўна нiчога не зразумее, гэта той самы, што капыт прынёс...
Але Лiтовец ужо падыйшоў i, усьмiхаючыся сабе ў бараду, знакамi паказаў, што не разумее мовы Кляўса й таму ня ведае, чаго той хоча.
Олiвер супакойна адсунуў мiтусячагася Кляўса ўбок i паказаў на конскiя капыты. Барадач зьдзiўлена пацiснуў плячыма й, выразна зiрнуўшы на купу вухналёў i падкоў, разгублена разьвёў рукамi.