- Бачыце, Ваша Сьветласьць, дурны як асёл! - паясьнiў абрадаваны Кляўс.

- Не сьпяшайся! - запярэчыў Олiвер i, узяўшы барадача за плячо, падвёў яго да сьцяны, на якой вiсела вялiзарнае драўлянае кола, i паказаў на рэшткi дзёгцю ў дзiрцы ад восi.

Лiтовец адразу гучна зарагатаў, разумеючы кiўнуў галавой i выйшаў са стайнi.

Кляўс недаверлiва глядзеў яму ўсьлед, але без папярэдняй пэўнасьцi.

Хутка барадач вярнуўся й прынёс цэлае вядро чорнай масьлянiстай вадкасьцi. Ён па сяброўску ляпнуў Кляўса па плячу (так, што той аж прысеў) i, паказваючы на ўсьмiхаючагася Олiвера, зрабiў знак рукой, даючы зразумець, што той мае разумную галаву. Кляўс зьбянтэжана ўзяў дзёгаць i прысеў каля конскiх капыт.

Олiвер, працягваючы ўсьмiхацца, выйшаў са стайнi й убачыў Мак Марцiмера, уважна назiраючага за праходкай коняў. Яго здаравенны руды скакун, ускiдаючы храпай, цяжка рысiў на кордзе.

Марцiмер радасна прывiтаў Олiвера й, указваючы на каня, прамовiў:

- Слаўна йдзе! Аж зямля гнецца!

Олiвер прыпынiўся каля Шкота, i разам зь iм прыняўся прыглядацца жвавай i ўзбуджанай падрыхтоўцы да ад'езду.

- Як на вайну рыхтуюцца! - адзначыў Марцiмер. - Я яшчэ нiдзе ня бачыў чагось падобнага.

- Так! Паляваньне павiнна быць надзвычайнае! У нас i Каралi так не выбiраюцца...

Нарэшце наступiў абед, а за iм i час ад'езду.

Замкавая брама насьцеж адчынiлася, i зь яе галёпам выляцеў малады Лiтоўскi Драб, ды што духу паскакаў да Ляснога Замку зь весткай: 'Гаспадар вырушыў!'

За iм лёккай рысьсю, на малых кудлатых конiках - сотня капейшчыкаў з доўгiмi дзiдамi пры назе й вялiкiмi прастакутнымi шчытамi за сьпiнай. На iх шоламах, пагрозьлiва паўнахiленыя ўперад адпалiраваныя рогi зубра - адзнака ведамага на ўвесь сьвет Белавескага Палка.

Чужаземцы зь непрыхаванай пашанай i зайздрасьцю прыглядаюцца суровым i магутным постацям у панцырах блакiтнае сталi.

За Белавескай Сотняй пад Бел-Чырвона-Чорнай харугвай з вышытай золатам Пагоняй, на белым жарабцу едзе сам Гаспадар Вялiкi Князь Вiтаўт Кейстутавiч, абкружаны багатым i зiхацячым пачотам. На шчытах i плашчах пачоту мiгацяць гэрбы Полаччыны, Наваградчыны, Смаленшчыны, Тутаўшчыны, Гомелю, Бранску, Берасьця, Гораднi, Кiева, Астрога й рэшты Княстваў ды Ваяводзтваў неабдымнае Лiтвы.

Чужаземцы прылучаюцца да пачоту, i пышныя гэрбы сыноў Францыi, Бургундыi, Лётарынгii, Шкотыi, Iталii перамешваюцца з простымi, але выразнымi гэрбамi Лiтоўскiх Драбаў.

Далей едзе сотня лучнiкаў Тураўшчыны, з воўчымi скурамi замест плашчоў.

- Гляньце на гэтых стралкоў, - паказвае Граф на iх Олiверу. - Яны сваёй цэльнасьцю не ўступаюць Ангельскiм Лучнiкам, а часам i перавышаюць iх!

- Штось цяжка паверыць... - сумняваецца Олiвер, зь недаверам прыглядаючыся нязграбным на вiд стралкам.

- На паляваньнi будзеце мець нагоду пераканацца, i клянуся Сьвятым Андрэям, маiм Патронам, зьдзiвiцеся!

- А хiба й простыя воi прымуць удзел у паляваньнi?

- Дарагi земляча! Я вам ужо казаў, што Лiтва гэта ня Францыя цi Бургундыя, дзе паляваньне зьяўляецца прывiлеем Каралёў i шляхты. Тут гэта забава для ўсiх, i нiхто не бывае ў крыўдзе.

- То ў такiм разе, нам застанецца толькi назiраць, як гэтыя малайцы будуць класьцi дзiчыну!

- Чаму? - зьдзiвiўся Граф.

- Бо цi можа быць столькi дзiчыны, каб хапiла на такую масу паляўнiчых?

- Не забывайце, што гэта Лiтва!

- Хай сабе й Лiтва! Але, як вы кажаце, гэтыя Лучнiкi найлепшыя ў сьвеце стралкi, то цi магчыма нам, простым сьмертным, спаборнiчаць зь iмi?

- О, дарагi Олiвер, можаце супакоiцца й не хвалявацца. Дзiчыны будзе столькi, што няхай тут будзе хоць цэлы полк гэтых Лучнiкаў, яе хопiць на ўсiх!

- Цяжка паверыць, Граф. Каб гэта казаў хто-небудзь iншы, а ня Вы, то я проста абазваў-бы яго йлгуном!

- Паверыць цяжка, але вельмi лёкка пераканацца! Не пазьней як заўтра, Вы самi, дарагi Олiвер, будзеце сьведкай таго, чаму ня хочаце верыць сёньня! Граф крыху памаўчаў i потым дадаў. - Я нiколi на Вас ня крыўдзiўся, дарагi Олiвер, за Вашы недавер. Ня крыўджуся й зараз. Некалькi гадоў таму, я таксама мусiў прывыкаць i дзiвiцца гэтаму надзвычайнаму Краю й яго звычаям. Пройдзе час, прызвычаiцеся й Вы, i палюбiце Лiтву, цi Белую Русь, называйце як хочаце, так, як палюбiў яе я. Я пачынаю адчуваць, што мяне ўжо не цягне ў Францыю...

- Пабачым... Пабачым...

Суразмоўнiкi змоўклi й, лёкка пакачваючыся ў сёдлах, прынялiся разглядаць маляўнiчыя, i ў той-жа час суровыя ваколiцы.

Няроўная мясцовасьць, па якой пралягала дарога, адчыняла iх паглядам папераменна, то неабдымныя абшары дрымучай пушчы, зьнiкаючай у блакiтнай далечынi гарызонту, цi, зьехаўшы ў нiзiну, непрыступныя й глухiя сьцены лясное гушчы, захапляючыя сваiм дзiкiм недаторкнутым хараством, упрыгожаныя сьляпячай бялiзной сьнегу.

За лучнiкамi разьцягнулiся санныя абозы, перасыпаныя коннымi прыслугамi паляўнiчых. Адтуль у марозным паветры, далёка разносiлiся песьнi й рогат, аддаючыся гучным тысячагалосым рэхам у пушчы.

Лясная дарога, выгiнаючыся мiж узгоркаў i зарасьнiкаў, час ад часу перасякае прасторныя, зiхацячыя срэбрам, паляны. Парослыя шыпшынай i лазой балотцы, пахваляваныя сьнежнымi гурамi, i глыбокiя яры з адхоннымi абсыпаўшымiся берагамi, густа зарослыя дзiкiм малiньнiкам, ажынай i цёрнам.

Замак вынырнуў зь лясное пушчы зусiм неспадзявана. Ён шырока раскiнуўся на паляне, абкружаны зямляным валам, драўляным мурам i абведзены шырокiм ровам са стромкiмi берагамi, уторканымi вострым жалезьзем. З-за муру вiднелася невысокая каменная вежа з зубчастым верхам. Побач яе зiхацеў пазалотай крыж прысадзiстай, але ўмястоўнай Царквы з каменнай званьнiцай. Вежа й Царква былi калiсь цэнтрам невялiкага абароннага Замку, каменны мур якога творыць зараз як-бы другi нутраны пярсьцень абароны, у разросшайся ўдоўж i ўшыр цытадэлi.

Як толькi зь лесу паказалiся першыя шэрагi Белавескiх Капейшчыкаў, у Замку ўдарылi ў звон. Зарыпела вонкавая брама, i адтуль, у поўным узбраеньнi, выехаў сiвы Гараднiчы[21] Варкула Бялецкi.

Адсалютаваўшы мячом Гаспадару, ён лёкка саскочыў зь сядла й, зь непакрытай галавой, падышоў да Вiтаўта.

- Хлебам i сольлю прымаем Гаспадара Вялiкага Князя нашага, Вiтаўта Кейстутавiча! - пакланiўся ён, непрыкметна скрывiўшыся ад невытрыманага болю ў плячы. Выпрастаўся з самым спакойным выглядам, але прыкметна збляднеўшы. Гэта не схавалася ад вачэй Вiтаўта, якi сваiм хуткiм розумам адразу здагадаўся, у чым рэч i ад чаго Гараднiчы зьбялеў.

Варкула, не даючы Гаспадару часу на запытаньнi, коратка й выразна паведамiў, што загоны разведзены, заставы вызначаны, сецi напагатове, i ўсё падрыхтавана.

- Добра, Варкула! Вельмi добра! - пахвалiў Вiтаўт. - Пазнаю ў гэтым тваю руку! Але дзе-ж нашы адважны Падгараднiчы Праклош? Чаму яго ня бачна?

- Ваша Высокасьць ня прыйме мне гэта за злое, але я адпусьцiў яго перад двума днямi на паляваньне... - пахмура адказаў Варкула, скрыпнуўшы пры гэтым зубамi.

- Цiкава! - усьмiхнуўся Вiтаўт. - Адпусьцiў з паляваньня на паляваньне! Мусiць, дзiчына паважней зубра?

Але Варкула ня стаў болей аб гэтым гутарыць, ведаючы, што Вiтаўт здагадваецца й не злуецца.

- Дзе, Ваша Высокасьць, пажадаеце спынiцца? Цi ў новых пакоях, цi ў Старой Вежы? - пацiкавiўся ён, ведаючы, што Гаспадар вельмi любiць гэтую вежу, навяваючую ўспамiны былых сутычак з Крыжакамi. Гэтая-ж вежа, у свой час, паслужыла першым прытулкам Вiтаўту, пасьля яго ўцёкаў з Крэўскага Замку.

- Не пытайся, Варкула! Вядзi ў вежу, а ў новых пакоях разьмясьцi гасьцей, хай адпачнуць...

Прызвычаены да паслухмянасьцi Варкула, моўчкi выйшаў уперад i правёў Гаспадара ў яго памяшканьне. Тады заняўся гасьцямi й iх службамi, ды разьмясьцiў iх хутка, старанна й дабрасумленна. Гэты чалавек

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату