выяжджаючы на Люблiнскi шлях.

Пад вечар карчма напоўнiлася людам. Гутаркi й сьпевы, сваркi й лаянка доўга не змаўкалi ў духаце напаўцёмнае пiўнушкi.

Цяпло, вiнны апар i стома хiлiлi Януша да сну, i нарэшце перамаглi. Стары ваяка апусьцiў галаву на сагнутую руку, ды, так седзячы, i заснуў, соладка насьвiстваючы адагрэлым носам.

Прачнуўся ён ад моцнага ўструсу. Здавалася, што вось толькi на момант заплюшчыў вочы, толькi так сабе прыкархнуў. Аднак у карчме было цiха - нi гоману, нi сьпеву. Толькi ў супрацьлежным куту, каля печы, пахрапваў на лаве купец, ды сапцелi насамi ягоныя служкi, паўкладаўшыся покатам на падлозе. За вакном чарнела ноч.

Пан Януш памацаў капшук, зброю, i толькi тады зiрнуў на двох мужчын, стаяўшых за сьпiнаю. Першы быў карчмар з васковай сьвечкай, другi - незнаёмы, дужы й зграбны, апрануты ў скураную падзьдзеўку i зь лёккiм мячом пры баку.

- Лазiнскi... - прамовiў цiха незнаёмец. - З Камянца. Пан мяне клiкаў.

- Пэўна клiкаў, пся маць! Чаго так доўга?

- Дарога далёкая, Яснавяльможны Пане, - з павагай адказаў Лазiнскi, на якога ўзбраеньне й вопратка Януша зрабiлi належнае ўражаньне. - Пакуль ганец туды, ды я сюды, дык i ноч надышла.

- Давай мёду! - павярнуўся Януш да карчмара.

Пакуль непаваротны карчмар злазiў у склеп, абодва суразмоўцы моўчкi разглядалi адзiн аднаго. Першаму карцiла даведацца, чаго яго так сьпешна выклiкалi, другi - вывучаючы й мяркуючы, на колькi можна даверыцца.

Нарэшце падагрэўшыся мёдам, Януш спытаў:

- Яснавяльможнага Пана Станiслава, Ваяводу Крэўскага, ведаеш?

- Пэўна ведаю! Ня раз ужо службу служыў яго мiласьцi саслужыў. Але вось дайсьцi да яго нiколi не пашчасьцiла. Ён дык, хiба, i ня чуў пра мяне?

- Каб ня чуў, пся маць, дык не выпраўляў бы мяне сюды! - запярэчыў Януш.

- Дык, чуў? Ведае? О, хвала Ўсявышняму!

- Ведае. Кажа мне: 'Едзь у Берасьце. I з карчмы 'Залаты рог' хай клiчуць пана Лазiнскага!'

- Так i сказаў 'Пана Лазiнскага'?

- Так i сказаў... А ты што, пся маць, мне ня верыш?

- Баранi Божа, Яснавяльможны Пане! Як ня верыць?

- Эгэ, брат! Я выдумляць не люблю, не маёй галавы гэта справа, ды ня мой звычай! Дык вось паслаў ён мяне да цябе й загадаў... - Януш азiрнуўся на сьпячых i нахiлiўся да суразмоўцы.

- Што загадаў? - падсунуўся й Лазiнскi блiжэй.

- Загадаў, каб выставiлi варту на ўсiх шляхах, што вядуць з Кракава ў Лiтву, i пiльнавалi, калi будзе варочацца з пасольства Фёдар, Ваявода з Грозава! - Лазiнскi ўвесь напружыўся ад шэпту Януша, а той працягваў - Пакуль будзе ехаць Кароннымi землямi, хай сабе едзе, нават сьцерагчы варта, каб нiчога зь iм не сталося. А як мяжу пераедзе, ды падасца на Вiльню, тут яго трэба й узяць!... Але жыўцом! Яснавяльможны Пан Станiслаў зь iм гутарыць жадае...

- А як з пачотам? - перабiў Лазiнскi.

- Выцяць у пень, пся маць! Каб i духу не засталося!

- Добра! А цi вялiкi пачот?

- Ня ведаю, цi вялiкi, але зацяты, пся маць! Зьнянацку iх трэба браць, бо ў адкрытую наўрацьцi пакладзем.

- Пакладзем! - запэўнiў Лазiнскi рашуча.

- Не хвалiся прадчасна! Бачу з гарачага ты заводу - глядзi, каб не перахвалiўся, - спынiў Януш. - Спачатку скажы, цi ёсьць тут зацiшнае мейсца з добрым скляпом?

- Ёсьць - у Турна. I Турнаўскi ўласьнiк нашы...

- А людзей збройных цi ёсьць дастаткова?

- Ёсьць i людзi! Гайдукi Турнаўскiя й Камянецкiя, а як забракуе гэтых, то можна й апрышак клiкнуць. Досыць будзе!

Пан Януш задумаўся. Ён хаця й верыў словам Лазiнскага, аднак пабойваўся за посьпех прадпрыемства, якое ў выпадку няўдачы вяло проста пад сякеру ката.

- Трэба як найхутчэй выслаць ганца ў Ёзерск, - прамовiў ён. - Каб прывёў з сабой тузiн халопаў, усё пэўней будзе.

- А калi Яснавяльможны Пан ганца хоча пасылаць?

- Дык хоць зараз, пся маць! Чаго марудзiць?

- Зараз?... Добра! - Лазiнскi ўстаў i выйшаў з карчмы.

Праз кароткi час ён вярнуўся з дужым малайцом у дарожным адзеньнi.

- Гайдук з Камянца... Свой!

Януш даў гайдуку ўказаньнi - куды ехаць i што рабiць. Зьявiўся йзноў карчмар. Маўклiва выслухаў загад Лазiнскага, i павёў ганца, каб вывесьцi яго патаемным ходам за сьцены Берасьця.

- Ну, а зараз, вось што, - iзноў загутарыў Януш. - У Берасьцi я заставацца не магу, каб не прыцягнуць увагу. Таму трэба кагось iншага пакiнуць тут пiльнаваць Ваяводу Грозаўскага, а мне, пся маць, прэч з вачэй!

- Я так думаю, - запрапанаваў Лазiнскi пасьля нядоўгага разважаньня - што Вяльможнаму Пану найлепей будзе выехаць у Турна, ды, там падрыхтаваўшы гайдукоў - чакаць, а я застануся тут сачыць. Як што якое, то прышлю чалавека, альбо сам прыеду. Толькi... - Лазiнскi з разгубленым выглядам замоўк.

- Што, 'толькi'?

- Коратка ў мяне... - i Лазiнскi выразна пацёр палец аб палец.

- Што коратка, пся маць? - iзноў не зразумеў Януш.

Цяпер Лазiнскi зьбянтэжыўся зусiм i, адвярнуўшыся ўбок, ледзь чутна прашапацеў:

- Грошаў на доўга ня хопiць...

Януш моўчкi адвязаў капшук i адлiчыў пяць залатых.

- Бяры, пся маць, ды ўважай, каб Ваявода ня высьлiзнуў!

- Зловiм, лiха яго галаве! Нiдзе ён ня дзенецца!

Ранiцай, ледзь засьвiтала й паадчынялiся гарадзкiя брамы, пан Януш, у суправодзе Турнаўскага гайдука, выбраўся ў дарогу. Берасьце прачыналася, але нi варта, нi мяшчане не зьвярнулi ўвагi на Рыцара з маладым збраяносцам, пасьпяшаючага па Наваградзкай дарозе...

Лазiнскi даў карчмару адзiн залаты, закупiўшы сабе гэтым мёд i пастой на даўжэйшы час, але нi паўсловам не нацякнуўшы аб неспадзяванай шчодрасьцi пана Януша. Дый па што? Карчмар застаўся задаволены й так. Дапамагаў ён Ваяводзе Станiславу часта, але ня часта даставаў ад яго ўзнагароду. А калi й здаралася, што Ваявода рашчодрыцца, дык нiколi болей за срэбную грыўну не даваў. Цяпер-жа, загарнуўшы залатоўку й лiкуючы ў душы, мог-бы разсыпацца цэлым патокам удзячнасьцi, каб ня ўроджаная маўклiвасьць.

Вырашыўшы, што Ваявода Фёдар нiякай iншай дарогай не паедзе, як толькi празь Люблiн i Берасьце, Лазiнскi прымасьцiўся каля вакна карчмы. Прыкладаючыся да глечыка пiва, пастанавiў не спускаць вачэй з гарадзкое брамы, а для большае пэўнасьцi выставiў на вулiцы гайдука.

Iншыя дарогi абсадзiў сваiмi людзьмi карчмар.

Так ва ўпартым чаканьнi паплылi днi. Наведвальнiкi 'Залатога рогу' спачатку зь цiкавасьцю прыглядалiся маўклiваму пастаяльцу. Потым пачалi загутарываць да яго. Калi гэта нiчога не дало - задзiрацца. Але тут умяшаўся карчмар, i хутка паклаў крэс дакучлiвай цiкаўнасьцi, прыгразiўшы цяжэразным секачом у тры лакцi даўжынёй.

Спрачацца супраць такога красамоўнага доваду ахвотнiкаў не знайшлося, i Лазiнскага пакiнулi ў супакоi.

15. У ЛЯСНЫМ ЗАМКУ

Олiвер дэ Арно зь нецярпеньнем чакаў надыходу дня, вызначанага Вiтаўтам.

Паляваньне павiнна было быць надзвычайна цiкавае. У сябе на бацькаўшчыне малады Бургундзец часта паляваў на дзiка, аленя й рознага драбнейшага зьвяра. I хаця дзiк быў даволi злоснай i небясьпечнай жывёлай, аднак зубра, тур цi мядзьведзь непараўнальна перавышалi яго як моцай, так i адвагай. Небязьпека, злучаная са спрытам i ўменьнем, пры такiм паляваньнi, разпальвала маладога шукача

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату