Тут толькi Кiрым заўважыў яшчэ аднаго каня, пакрытага грубай посьцiлкай. Праз посьцiлку абазначалася чалавечая постаць, перакiнутая цераз сядло. Няцяжка было здагадацца, хто быў гэты палонны, i Кiрым адчуў, як нэрвовыя дрыжыкi прабеглi па сьпiне.

- Што-ж рабiць? Цi жывы хаця Ваявода? - падумаў у роспачы Кiрым. - Як яму дапамагчы, калi жывы?

Але адзiн супраць цэлае банды не парадзiш. Застаецца толькi прасачыць, куды апрышкi павязуць Ваяводу, i, паклаўшыся на лёс, чакаць зручнага моманту. Але галоўнае - не прапусьцiць Кандрата, як ён будзе варочацца ў Кракаў. Так Кiрым i зрабiў. Памаленьку, на вялiкай адлегласьцi, ён падаўся ўсьлед за бандай.

У глыбiнi лесу апрышак чакаў канавод з асядланымi коньмi...

* * *

Аддзел, высланы Берасьцейскiм Пасаднiкам, знайшоў на дарозе ўжо скарчанелыя трупы людзей i коней. Воi разпазналi забiтых, i моўчкi паскiдалi шоламы. Але ўсiх зьдзiвiла, што памiж забiтых няма нi Ваяводы, нi Татарына.

- Напэўна жыўцом узялi... - прамовiў малады сотнiк. - Трэба хутчэй у Берасьце, ды дакласьцi Пасаднiку. Вось бяда...

Зусiм уночы, празь Берасьцейскiя заставы, сумна праехаў вярнуўшыся аддзел, вязучы захутаных у плашчы пасечаных спадарожнiкаў Фёдара...

18. ГНЕЎ УЛЁГСЯ

Чырванаватым сьвятлом залiвае ранiшняе сонца замкавыя муры. Сьвежым зямляным апарам дыхае паўднёвы вецер.

Ваявода Станiслаў моцна пацягнуўся на ложку й прыўзьняўся на локаць. Узяў кубак вiна i, зрабiўшы са смакам вялiкi каўток, прамовiў:

- Ну, сёньня паспрабую сесьцi ў сядло.

Ваявода памаленьку ўстаў i, не выклiкаючы нiкога на дапамогу, апрануўся. Убраньне яго было даволi багатае й прыгожае: мяккiя чырвоныя боцiкi-выцяжкi зь нiзкiмi халяўкамi, аксамiтныя порткi ў шырокую блакiтна-чырвоную палоску, прыгожа аблягаўшыя ягоныя мускулiстыя ногi, ясна-зялёная скураная падьдзеўка з шырокiм зубчастым каўняром i такiмi-ж рукавамi, i белая ядвабная сарочка з шырокiмi прарэзнымi рукавамi ды зашнураваная на грудзях чырвоным шнурком з 'фрэндзлямi'.

Прайшоўшыся раз-другi па пакою, Ваявода падпярэзаўся рыцарскiм пасам, прышпiлiў меч i падняў з услону цяжкi панцырны нагруднiк.

- Бач, сiлiшча! - прамармытаў ён, разглядаючы няроўную дзiрку ў нагруднiку. - Мала бракавала, каб зусiм дух зь мяне выпусьцiць... Шчасьце, што яшчэ дзьвюма толькi рабрынамi абыйшлося!

Накiнуўшы на плечы плашч, Станiслаў выйшаў на замкавы пляц i ўзыйшоў на мур. Ранiшнi халадок прыемна казытаў ноздры й пашчыпваў шчокi. Ваявода абапёрся аб забарола[29] й, мружачыся ад сонца, абвёў вачамi прачынаючыся Слуцак: хаты, Цэрквы, рынак, абаронныя муры й валы... Прыцiхлы гнеў з новай сiлай заклекатаў у грудзях.

- Пракляцьце! - ускрыкнуў ён, шалёна сьцiскаючы ручку мяча. - Амаль цэлы месяц прыйшлося праляжаць у гэтым балотным логаве, i ўсё з-за нейкага ўзброенага хама. - Ваявода аж скрыгатаў зубамi, i ня дзiва - ён нiяк ня мог сабе прабачыць за тое, што даўся непасаванаму вою выбiць сябе зь сядла. Звычайнаму хаму ў кажуху! Ушчымлены гонар мучыў i катаваў - яшчэ болей, чым пераламаныя рабрыны й разадраны бок.

Са сваiх спадарожнiкаў ён нiкога не хацеў бачыць, i, нават выпраўляючы ганца ў Берасьце да Януша, перадаў загад праз старога Бая. Аб Крэве нават не мармытнуў, каб у Слуцку ня ведалi, зь кiм маюць да чыненьня.

Бедны ксёндз Карафа цэлыя днi й ночы праводзiў у суседнiм пакоi, молячы Збавiцеля, каб зьлiтаваўся й паслаў успакаеньне разьюшанаму пану. Аднак нябесныя Сiлы ня ўмешвалiся, i Станiслаў заставаўся ўсё такi-ж змрочны i недаступны. Карафа, будучы доўгi час прыдворным духоўнiкам Ваяводы, моцна верыў у прыхiльнасьць Неба да свайго пана. Бо амаль не было таго дня, каб Станiслаў ня меў прыгоды небясьпечнай, адважнай i крывавай, але заўсёды выходзiў зь яе пераможцам. I гэта ўзмацняла веру ксяндза ў яго шчасьлiвую зорку. Толькi адзiн раз за ўвесь час Фартуна[30] здрадзiла свайму ўлюбёнцу. Памятае Карафа той жудасны вечар, калi перапалоханы вартаўнiк, трапечучы як у лiхаманцы, далажыў Станiславу, што Вiтаўт уцёк з Крэўскага падзямельля. Што тады рабiлася... Жудасна й успомнiць. Варту перавешалi, Гараднiчаму адсяклi галаву, палову замкавай службы закатавалi ў тых самых падзямельлях, а рэшту сяклi бiзунамi да безпрытомнасьцi. Станiслаў тады - пырскаў шумавiньнем i крывёй, нiкога не падпускаў i блiзка да сябе...

Так i зараз, толькi стары Бай ды Марыля маглi заходзiць у ягоныя пакоi. Стары Князь зь першага пагляду неўзьлюбiў паляка й таму зусiм не цiкавiўся яго здароўем ды як-бы не заўважаў яго прысутнасьцi ў замку.

Затое Марыля прыкладала ўсё сваё ўменьне й стараньне, каб найхутчэй i як найлепей вылекаваць параненага. Яна кармiла яго, умывала, змазвала й перавязвала яму рану.

Станiслаў з выглядам удзячнасьцi прыймаў яе клопаты, а даведаўшыся аб яе каханьнi, абяцаў па прыезьдзе ў Кракаў пабачыць Ваяводу Фёдара й дапамагчы яму ў яго мiсii. I нават, жартуючы, паабяцаў прыехаць на вясельле - 'калi будзем жывы й здаровы'.

Надта чыстая была ў Марылi душа, i надта моцным i чыстым было яе каханьне, каб яна магла западозрыць якое-небудзь ашуканства ў словах параненага.

Аднак Бай думаў iначай, хаця нiчога не казаў, i Станiслаў аб гэтым здагадаўся, таму з такой уцехай i нецярпеньнем чакаў першае пробы верхавой язды.

Замкавы двор паступова ажываў, напаўняючыся штодзённым клапатлiвым тупаценьнем, рыпам i гоманам.

Станiслаў маўклiва ўглядаўся ў блакiтную далячынь, адкрываючуюся з вышынi замкавых муроў. Ненавiсьцю палаў яго зоркi пагляд, i таямнiча варушылiся вусны...

З тылу пачулiся нерашучыя, баязьлiвыя крокi. Ваявода разпазнаў крадучуюся хаду ксяндза Карафы, i нэрвова прыкусiў нiжнюю губу.

Не даходзячы некалькi крокаў, ксёндз спынiўся й прыцiшана кашлянуў.

- Ну?... Што трэба? - не адварачваючыся, запытаў Станiслаў.

- Сыне мой, - пакорна пачаў Карафа - ня будзь на тое паважнай прычыны, я нiколi не патрывожыў-бы Вашага, так патрэбнага, адпачынку... Але сёньня, уночы, прыехаў ганец ад Януша з...

- Зь Берасьця? - ускрыкнуў, хуценька абарачваючыся, Станiслаў. - Дзе ён?

- Адпачывае, сыне мой. Кажа, што скакаў усю дарогу без адпачынку, двох коней насьмерць загнаў... Не адважылiся мы сон Ваш трывожыць... ды пабаялiся, каб тутэйшыя, баранi Госпадзi, чаго не падумалi...

- Што ён прывёз? Якiя весткi? Хто ён такi? Цi сам прыехаў?

- На выгляд, шляхцiц. Нiчога не захацеў казаць. Кажа, што пан Януш загадаў перадаць самаму Ваяводзе, а прыехаў сам, адзiн...

- Зараз-жа яго да мяне! - перабiў Станiслаў, i з б'ючымся сэрцам рушыў у пакоi. Карафа ледзь пасьпяваў за iм усьлед.

- Дык, кажаш, сам прыехаў?

- Здаецца, сам... - пасьледваў нерашучы адказ.

Ваявода нахмурыўся й прыбавiў кроку. Ксёндз адстаў трохi, а потым падабраўшы крысы доўгае сутаны, пусьцiўся прыбежкам да грыднiцы[31], дзе спаў ганец.

Станiслаў прыняў ганца ласкава, але насьцярожана. Быў гэта моцны мужчына ў скураной паддзеўцы, з-пад якой цьмяна паблiсквала кальчуга; доўгiя валасы замацованы праз лоб скураным паскам (так, як гэта робяць сяляне), але наагул меў выгляд незаможнага шляхцiца. Узбраеньне меў простае й лёккае - невялiкi меч i тонкi доўгi кiнжал, накшталт мiзэрыкордыi.

- Хай будзе пахвалёны Езус Хрыстус! - прывiтаўся ён, аддаючы нiзкi й пачцiвы паклон.

- На вякi вякоў! - ласкава адказаў Ваявода.

- Амэн! - пацьвердзiў Карафа.

- Хто такi будзеш? - адразу прыступiў да справы Станiслаў.

- Шляхцiц Лазiнскi. Гараднiчы Камянецкага Замку, i верны халоп Яго Каралеўскае Мосьцi ды Яснавяльможнага Пана Ваяводы!

- Ага! Гэта, значыцца, ты й ёсьць той самы Лазiнскi? Добра! Вельмi добра.

Па тону й захаваньню Лазiнскага, Станiслаў адразу зразумеў, што весткi ён прывёз суцяшальныя, i таму з палёккай i задавальненьнем загадаў:

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату