Якой-жа была яго радасьць, калi нарэшце, празь сьнежныя хмары, ён прыкмецiў колеры Случчыны, трапятаючыеся на кончыках дзiдаў. Не памятаючы сябе ад уцехi й шчасьця, ён выскачыў з зарасьнiкаў i кiнуўся насустрач тром коньнiкам, зьявiўшымся на дарозе. Пярэднi быў у рыцарскiм панцыры й з рысяй скурай на плашчы...

- Кандрат!... Кандрат!... Галубок сакалiны! - закрычаў Кiрым, размахваючы шоламам.

Коньнiкi ад неспадзеўкi асадзiлi коняў й разам апусьцiлi дзiды, рыхтуючыся да абароны, бо хадзiлi чуткi, што дзесь непадалёку зьявiўся Сыч з хеўраю. Але, разпазнаўшы круглы ўзбуджаны твар, яны з трывогай кiнулiся насустрач, яшчэ не зусiм верачы сваiм вачам i вушам.

- Кiрым? - ускрыкнуў адзiн зь iх, нарэшце поўнасьцю разпазнаўшы сустрэчнага. - Што ты тут робiш?

Кiрым, тым часам, залiваючыся слязьмi шчасьця, кiнуўся на шыю зьдзiўленаму й устрывожанаму Кандрату, мала ня вывалiўшы яго зь сядла.

- Гэй! Кiрым, што з табою?

- Кандрат!... Кандраце, нарэшце я цябе пачакаў!

- Слухай, Кiрым! - раззлаваўся Кандрат. - Кажы, у чым рэч! I не душы мяне так, бо па карку дам!

Кiрым адразу схамянуўся й, азiрнуўшыся на дарогу, гукнуў:

- Хутка! За мною! - i рашуча накiраваўся ў зарасьнiк. - Але цiха!...

Коньнiкi чарадой пасунулiся за iм, намагаючыся як мага меней шумець.

Нарэшце, пасьля доўгай, маўклiвай язды, паказаўся цагляны комiн i начлег Кiрыма. Кандрат зьдзiўлена азiрнуўся й нерашуча запытаў:

- А Ваявода тут?...

- Не! Ён там... у маёнтак...

Кандрат дзiвiўся ўсё болей i болей:

- То, хiба, i мы давай туды-ж, у маёнтак?...

Кiрым нiчога не адказаў. Рыўком спынiў каня й рэшце загадаў зрабiць тое самае - на сьнягу, перад хлявом чарнелi сьвежыя купы конскага гною...

Сасьлiзнуўшы зь сядла й перабягаючы ад куста да куста, Кiрым уважна, з усiх бакоў, агледзеў свой прытулак. Вярнуўшыся да сваiх спадарожнiкаў, ён супакоена прамовiў:

- Людзi быў i пайшоў. Нiчога не знайшоў.

Разьмясьцiўшыся ў хляву й разьдзьмухаўшы агонь, Кiрым, перамагаючы радаснае ўсхваляваньне, загутарыў:

- Слухай, Кандрат, бяда! Ваявода там у маёнтак. Можа жывы, можа не, я ня ведаю...

- Дык што-ж ты тут робiш, лайдак ты няхрышчаны? - перабiў уражаны Кандрат.

- Цябе, Кандрат, чакаю. Сем дзён i начэй чакаю... Бяда!

- Навошта чакаеш? Чаго сюды прывёў, а не да Ваяводы?

- Няможна да Ваяводы, схапiлi яго...

- Як схапiлi? А пачот?...

- Забiтыя ўсе... Няма! Ваяводу яны ў маёнтак забраў, а рэшту кiнуў на дарозе... Нехта другi потым забраў. А я цябе чакаю, сем дзён ужо. Бяда!

- Хто схапiў? Хто забiў? А ты як уцалеў? Цi мо' на развод пакiнулi? злосна зарычэў Кандрат, хапаючыся за меч.

Кiрым трохi памаўчаў, як-бы зьбiраючыся зь сiламi, i як умеў па парадку разказаў аб здарыўшымся, пачынаючы ад ад'езду з Кракава й канчаючы на толькi-што адбыўшайся iх сустрэчы.

Кандрат выслухаў гэтае жудаснае апавяданьне, не перабiваючы, i доўга сядзеў моўчкi, ня ведаючы, за што ўзяцца. Надта страшным было злачынства.

- Вось каб Васiль Капыльскi быў тут... - нерашуча прамовiў ён, задумлiва ўглядаючыся ў тлеючае вугольле.

- Няма Васiль, нам трэба думаць! - ускочыў Кiрым. - Залога ў маёнтку зараз невялiкая. Можа трыццаць, а можа й не. Можна варту ў ночы з лука паздымаць, а перабраўся за гарод[32] - нажом рэзаць! Ваколiцу я ведаю добра, увесь гарод рукамi абмацаў. Сам адзiн, хацеў iсьцi Ваяводу шукаць...

- I пэўную сьмерць знайшоў-бы, нiчога болей! - перабiў Кандрат. - Тут трэба йначай... Адзiн ты рады ня даў-бы, не дамо й у чатырох! Пугай абуха не пераб'еш! Тут трэба падумаць, моцна падумаць. От-бы Васiля сюды...

У гэтую ноч, прыкрываючыся сьнежнай завеяй, дзьве постацi бязгучна перасоўвалiся пад высокай сьцяной дубовага частаколу, выслухваючы перагукi вартавых i вымерваючы вышыню сьцяны.

Завея бушавала ўсю ноч, сьпяваючы нудныя песьнi адыходзячай зiме. Сьнег вялiкiмi гурбамi перасоўваўся па адкрытых прасторах, завальваючы ровы й выбоiны. Каля зарасьнiкаў, кустоў i сьцен маёнтку, гурбы парасьлi амаль на вышыню самаго частаколу. Але Кандрата гэта мала цешыла, бо суадношаньне сiлаў было аж занадта неспрыяльным. Неспадзяваны напад нi ў якiм разе ня мог удацца, i пагэтаму адпадаў. Быў яшчэ й другi плян, але i ад яго прыйшлося адмовiцца. Выглядаў ён так: зьвярнуцца за дапамогай да Берасьцейскага Пасаднiка й, апiраючыся на сiлу, патрабаваць выдачы Ваяводы Фёдара. Але тут было болей небязьпекi, чым магчымасьцi ўдачы - Фёдара маглi проста ўкiнуць у калодзезь цi спалiць i гэтым зьнiшчыць усе сьляды злачынства. Чым тады давядзеш, што ён тут быў? Не! Трэба было разьлiчваць толькi на собскiя сiлы й сьпяшацца. Сьпяшацца як мага! Застаецца толькi адно - падпалiць маёнтак i, паклаўшыся на лёс, чакаць зручнага моманту, каб вырваць палоннага. Так i вырашылi.

Наступную ноч правялi ў вышукваньнi найболей адпаведных мейсцаў для пусканьня 'чырвонага пеўня'. З вышынi сьнежных наносаў, вачам Кандрата й Кiрыма адчыняўся вiд на шырокi й багаты падворак маёнтку. Бязгучна, як ценi, перасоўваючыся з гурбы на гурбу, яны не прапусьцiлi нi воднай дробязi, могшай прыдацца ў будучынi... Заўтра...

* * *

Чатыры чалавекi, нiзка прыгiнаючыся за сьнежнымi наносамi, хутка наблiжалiся да Турнаўскага маёнтку. Адзiн зь iх цягнуў драбiну, зьвязаную з жордак, другi - скрутак вяроўкi.

Завея зацiхла, i лёккi вiльготны ветрык разганяў пахмурыя хмары, час-ад-часу адкрываючы срэбны серп месяца. Здрадлiвыя, няясныя ценi, як прывiды, блукалi на цэлым засьнежаным абшары наўкола маёнтку.

Раптам непадалёку нешта хруснула. Зашамацеў, абсыпаючыся, сьнег.

Кандрат i яго сябры прыпалi да гурбы, гатовыя да ўсяго...

Зьвiнячая цiшыня парушалася ледзь чутным шорахам вiльгатнеючага сьнегу. Далёка ў лесе пачулася конскае йржаньне, у маёнтку брахнуў сабака, i йзноў панурая цiшыня. Можна рухаць далей...

Але раптам хруст паўтарыўся, i на гэты раз болей выразна.

Кiрым хутка выхапiў кiнжал, узяў яго ў зубы, i нячутна папоўз на гук. Кандрат з трывогай назiраў за iм i на ўсякi выпадак падрыхтаваў лук.

Кiрым паступова аддаляўся, наблiжаючыся да вялiзарнай гурбы. Выплыў з-пад хмараў месяц i залiў срабрыстым сьвятлом раўнiну. Кiрыму здалося, што ўперадзе мiльгнула людзкая постаць...

Прыўзьняўшыся на локцях, ён напружыў зрок, стараючыся пранiзаць наступiўшую цемру.

Уперадзе нешта зашамацела. I йзноў цiшыня...

Раптам, перад самым носам Кiрыма, уздыбiўся сьнег. На момант, ад неспадзеўкi, кроў застыла ў жылах, i рука сама выхапiла з зубоў кiнжал. Але высока ўскiдаючы заднiя ногi й прыцiснуўшы вушы, мiма праляцеў заяц.

- Ты, крывы шайтан, - абазьлiўся Кiрым, адплёўваючыся крывёй, - гэтак напалохаў!

З тылу падпоўз Кандрат.

- Што гэта ў цябе? - шопатам спытаў ён, паказваючы на акрываўлены рот.

- Прымёрз... Кiнжал да вусна прымёрз.

- У другi раз кавалак скуры падкладай...

- Добра... Давай далей, людзi тут няма... - прашапацеў Кiрым i йзноў пасунуўся ўперад, уважна прыслухоўваючыся.

Да маёнтку заставалася зусiм недалёка, калi поўзшы ўперадзе Кiрым прыпынiўся й, дачакаўшыся Кандрата, прашапацеў:

- Кандраце, мне здаецца, мы не сам тут у поле. Тут ёсьць людзi. Шмат людзi...

- Ты, што? Баiсься? - злосна спытаў Кандрат.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ОБРАНЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату