Ранiцай, Пасаднiк Берасьцейскi правёў Фёдара за гарадзкiя заставы й, моцна пацiскаючы яму руку, прамовiў:
- Сьцеражыся, сынку, як праз пушчу будзеш праяжджаць. Апрышкi завялiся. Людзей рануюць, жанчын гвалцяць, вёскi паляць. Хто супрацiў iм чынiць - жыўцом пад лёд пускаюць. I нiяк не злавiць праклятых... Пачакай! Я - стары дурань не падумаў аб гэтым адразу, можна-ж конную сотню прыставiць да цябе для бясьпекi. Але ты ўчора скрыўдзiў мяне моцна, а я й забыўся...
- Ня трэба! - усьмiхнуўся Фёдар. - Я не баюся. У мяне свае малайцы як на падбор, любому супрацiў паставяць! - I ён акiнуў ласкавым паглядам сваiх вояў.
- Эх, сынку... - уздыхнуў стары Пасаднiк. - Дарэмна адмаўляесься, у iх сiла. Людзi кажуць, каля сотнi будзе. А не давядзi Гасподзь, што станецца з табою, дык не прабачу я сабе нiколi. Да сьмерцi пакутаваць буду. Ды й Вiтаўт Кейстутавiч не прабачыць, строгi ён... А, можа, сапраўды клiкнуць хоць паўсотнi?... Пачакай! Ня доўга затрымаесься, а ўсё бясьпечней будзе!
- Ня трэба! Дзякую за гасьцiннасьць i клопаты.
- Ведаю цябе, Фёдар, яшчэ з калыскi. Заўсёды ты быў такi ўпарты - як вырашыў, так i павiнна быць. Дарма мяне старога ня слухаеш, дабра табе жадаю! Калiсь зь нябожчыкам бацькам тваiм, царства яму нябеснае, разам у бiтву хадзiлi, разам спалi, елi, адным плашчом прыкрывалiся, як браты былi... Паслухайся, Фёдар, каб не шкадаваць потым, ня каяцца!
Аднак Фёдар адмовiўся йзноў. Махнуўшы на разьвiтаньне рукой, прышпорыў каня й пусьцiўся наўскач к чарнеючаму лесу.
Стары Пасаднiк усьлед перахрысьцiў яго й пасьпяшаўся назад да дому, з моцным намерам выслаць наўздагон узброены аддзел.
Глуха шапоча гушчар. Дуднiць убiтая дарога пад капытамi, грукатае зброя, трапятаюцца плашчы й сьцяжкi на дзiдах. Фёдар поўнымi грудзямi ўдыхае мяккае вiльготнае паветра. Як радасна вось так скакаць па роднай зямельцы, дыхаць i ўпiвацца родным вясёлым ветрыкам, любавацца суровым хараством роднага краю. Здаецца, i нядоўга прыйшлося прабыць на чужыне, аднак моцна засумавала душа за чароўнымi краявiдамi Бацькаўшчыны. Прастор i прывольле хмелем напаўняюць галаву маладога Ваяводы. Вобраз каханае дзяўчыны, салодкiм марывам маячыць перад вачамi. Хутка вясна. Зямля ўкрываецца зеляньню. Прачнецца заснуўшая пушча й напоўнiцца клапатлiвымi, таямнiчымi гукамi ды шорахамi. Але ў сэрцы Фёдара ўжо вясна, яно ўзбуджана б'ецца ў грудзях, як-бы стараючыся вырвацца з-пад сталёвага панцыра й птушкай ляцець, ляцець...
- Ану, песьню! - абарочваецца ён на скаку. - Павесялей!
Конi пераходзяць на рысь. Разчырванеўшыяся воi ўсьмiхаюцца. Некаторы час едуць моўчкi. I вось, нарэшце, як-бы прабуючы голас, нясьмела чуецца знаёмы, але прызабыты Фёдару напеў. Конi, падпарадкуючыся такту мэлёдыi, зладжана адбiваюць дробат на дарозе.
Песьня мацнее. Набiрае сiлу. Адгалосак разносiць яе далёка па пушчы:
...Ой падносiць дзевiца
Кубак мёду малайцу:
Выпей, усё да донышка!
Меч падпаяшу. Э-э-эх
Кубак мёду малайцу
Пас сама я выткала,
Конь капытам б'е.
Шчыт Ярылу славячы,
Моцны пры сядле. Э-э-э-х
Конь капытам б'е.
Плашч расшыты золатам.
Дзiду сьцiсьнеш доўгую,
Грудзь, плячо шырокае
У поле чыста выедзеш. Э-э-эх
Дзiду сьцiсьнеш доўгую.
Шырокiм разьлiвам разьцякаецца над пушчай удалая песьня. Магутны напеў, хваляй узьнiмаецца насустрач ранiшняму сонцу. Звонкiя галасы, бурлiвымi пералiвамi перакатваюцца над засьнежанымi абшарамi.
Конi йдуць лёкка й упэўнена. Мiльгаюць просекi, паляны, масткi. Бязконцая дарога, вычварна выгiнаючыся, вядзе на поўнач.
Фёдар з задавальненьнем прыслухоўваецца да песьнi. А яна грымiць i трапечыцца, зьзяючы гераiчнымi прыгодамi - песьня адвагi, славы, каханьня й радасьцi.
Кiрым аж рот раскрыў, увесь абярнуўшыся ў слых. Мейсцамi, ён аж прыцмоквае языком ад захапленьня, i падскоквае ў сядле:
- О-о-о! Ай-яй песьня! Што за песьня! - ускрыквае ён i здымае шолам, каб ясьней было чуваць.
...Вернесься са славаю,
Сонцу, ветру брат.
Выйду я сустрэну,
Князем буду зваць! Э-э-эх
Сонцу, ветру брат.
Нiколi яшчэ Кiрым ня чуў такога сьпеву. Нi ў сябе на бацькаўшчыне, нi ў Маскоўшчыне. Нiдзе не сьпявалi так удала й прыгожа. Ён з захапленьнем паўтарае:
- Князь зваць буду! - i ўзмахвае рукамi. Шолам высьлiзгаецца з пальцаў i з глухiм звонам падае на дарогу. Кiрым з праклёнамi спыняе свайго Гнедка й пасьпешна саскоквае зь сядла. Воi зь песьняй на вуснах, усьмiхаючыся, скачуць мiма. Адзiн зь iх гукае:
- Пасьпяшайся, Кiрым! Бо не здагонiш аж да Трокаў!
- Такi, як ты, не далёка даганяй, - бурчыць угневаны Кiрым i паддае нагой па шоламу. Той адкацiўся на некалькi крокаў убок, ды, грукнуўшы на выбаю, падскочыў i адляцеў у мяккi прыдарожны сьнег.
- Каб ты, сабачы кроў, век так скакаў! - шыпiць Кiрым, выграбаючы яго адтуль дзiдай.
..........................
Сват шаноўны ўвойдзе,
На покуць усаджу
Рушнiкамi накрыж...
Песьня раптоўна змоўкла. Пачулiся крыкi, звон зброi, енкi, iржаньне. Кiрым пасьпешна насунуў на галаву поўны мокрага сьнегу шолам i азiрнуўся. Нi Ваяводы, нi аддзелу ня бачна - схавалiся за паваротам дарогi. Адтуль даносiлiся крыкi й валтузьня. Кiрым коткай ускочыў у сядло й, прыцiснуўшыся да грывы, галёпам пусьцiўся на галас. Увесь ён трапятаў, падазраючы бяду.
Вось ён i паварот. На поўным скаку Кiрым асадзiў каня. Яго вачам адкрылася жудаснае вiдовiшча: ад аддзелу Ваяводы не засталося нiчога, акрамя пасечаных i акрываўленых трупаў. Дарога ўперадзе аж роiлася ад узброеных людзей, якiя пасьпешна сьцягвалi вопратку й зброю з забiтых. Самаго Ваяводы Фёдара нiдзе ня бачна...
Жах i адчай на момант апанавалi Кiрыма. Што рабiць? Кiнуцца на рабаўнiкоў? Паспрабаваць неспадзяваным нападам успалашыць iх? Так! Толькi так! Але... нейкая невядомая сiла ўтрымала яго на мейсцы, не даючы ў роспачы кiнуцца на апрышак i гэтым падзялiць сумны лёс сваiх спадарожнiкаў. I гэтая-ж сiла не дала завярнуць каня й скакаць у Берасьце за падмогай.
Нарэшце, апанаваўшы сябе, Кiрым асьцярожна зьехаў убок з дарогi i, схаваўшыся ў кустах, пачаў уважней прыглядацца да рабаўнiкоў. На iх шчытах i дзiдах няма нiякiх гярбоў цi адзнакаў, па якiх можна было-бы вызначыць iхную прыналежнасьць. Апрышкi! Аднак увага Кiрыма спынiлася на адным з напасьнiкаў горда ўзяўшыся ў бокi, ён сядзеў на белым каню. Узбраеньне яго рэзка выдзялялася памiж iншых. Быў гэта чалавек ужо ў гадах, моцны й здаровы. Пасiвелыя вусы зьвiсалi аж да самага падбародзьдзя. Добры рыцарскi панцыр з набедранiкамi, доўгi двуручны меч, залаты ланцуг на шыi... Усё гэта здалося Кiрыму знаёмым, але прыпомнiць, дзе яго бачыў, нiяк ня мог, хаця напружваў усю сваю памяць. Коньнiк гэты яўна быў тут галоўным, бо ягоны голас гучаў моцна й загадна:
- Хутка! Хутка, пся маць!... Нават абдзерцi ня ўмееце, быдлё! - крычаў ён, памахваючы цяжкiм бiзуном.
Нецярпеньне й насьцярожанасьць не давалi яму супакою. Нарэшце, не вытрымаўшы, загадаў:
- Досыць, пся маць! Язда!
Апрышкi нехаця, але паслухмяна, адступiлiся ад сваiх ахвяраў. Узвалiўшы здабычу на плечы, рушылi за коньнiкамi па прасецы ў глыб лесу.