Князя: 'Яго Каралеўская Мосьць жадалi асабiста спаткацца з Гаспадаром Лiтоўскiм'.

У паветры пахла вiльгацьцю й вясной. Доўгiя лядзякi са звонам адрывалiся ад мокрых падстрэшшаў. Праз брудны сьнег пачаў мейсцамi паказвацца брук Кракаўскiх вулiц. Сонца штодня падымалася ўсё вышэй i вышэй. На касьцёльных прыступках, з кожным днём, зьяўлялася ўсё болей i болей жабракоў. Зьбiўшыся ў купу, яны з набрыдлiвым галашэньнем выстаўлялi напаказ свае брудныя й агiдныя язвы, скулы, струпы. У далячынi маўклiва iскрыўся хрыбет Карпатаў, абвiты ў падножжы цёмнымi садамi й пералескамi...

Фёдар спынiў каня й з радасьцю азiрнуўся на нялюбае места-гняздо хiтрага й падступнага павука ў залатой кароне.

Нарэшце! Нарэшце яму далi дазвол пакiнуць змрочныя муры Вавеля й уздыхнуць поўнымi грудзьмi вольнага ветрыку.

З узгорку адчынiўся вiд на мнагалюдны Кракаў, зь яго вежамi, касьцёламi ды вузкiмi й цеснымi вулкамi. У другi бок разпасьцерлiся бязкрайнiя лясы, утыканыя там i сям кляштарамi, замкамi й маёнткамi. На паўночны ўсход глядзеў зараз Ваявода. На Радзiму йрвалася ўся яго йстота, а сэрца прагнула завiтаць у адзiн закутак гэтай дарагой Радзiмы - у Слуцак. Там, у Слуцку, скрыжоўвалiся дарогi ягоных стараньняў, мараў i надзеяў. Там была яна - найдаражэйшая, каханая Марыля.

Але... Спатканьне зь ёю, гэтую салодкую прывабную сустрэчу, прыйдзецца адкласьцi, бо доўг i гонар Драба вымагаюць хутка й безадкладна зьявiцца перад вочы Вялiкага Князя.

- Як давяду да канца гэтае пасольства, - прашаптаў Фёдар, пускаючы каня ўскач, - адразу-ж ад'еду ў Слуцак i пашлю да Марылi сватоў... А там будзь што будзе...

Мяккi ветрык ласкава варушыў пёры на шоламе й выбiўшуюся на лоб пасмачку валасоў. Унiз, унiз з узгорка гульлiва скача конь, i радасна б'ецца сэрца Ваяводы: На Радзiму!...

Ня менш за Ваяводу радуюцца павароту на Радзiму воi яго пачоту. Два дзясяткi ўзброеных коньнiкаў з прыемнасьцю падганяюць коняў. Уперадзе працягнулася найвясялейшая дарога...

Нават Кiрым не хавае радасьцi. Ён, падхвостваючы свайго Гнедка, крывiць сьмешна твар, перадражняючы кракаўскiх купцоў, мнiхаў, мяшчан. Але болей за ўсё дастаецца на долю Каралеўскага Харунжага Ежага з Чэрвiцы. Надзьмуўшыся як iндык ды прымружыўшы й без таго вузкiя вочы, Кiрым бубнiць:

- Мая, яго мосьць харужая! Хрысьцiць твой з сабачы вера трэба буду... - а потым, прыбраўшы ваяўнiчы выгляд, голасам Пашкевiча крычыць: - Харужая, скончыў? Апсiк, сабачы кроў, з маi вочы!...

Слухаючы яго лапатню, воi рагочуць. Усьмiхаецца й Фёдар, успамiнаючы пыхлiвую мiну харунжага.

Дарога цягнецца ўздоўж Вiслы, па шырокай прыгожай раўнiне. Рака яшчэ не кранулася, але лёд ужо пачаў узьнiмацца. Вось, вось пачнецца крыгалом.

Праз тры днi язды, коньнiкi сыйшлi зь сёдлаў у Люблiне. Тут у карчме Фёдар спаткаў Камандора Куно фон Лiхтэнштайна. Камандору спадарожнiчалi Барон Дзiтэнгаймэр-Чорны i Рыцар Газэндорф. Фёдар адразу пазнаў гэтага хiтрага Крыжака, але зводзiць старыя парахункi тут было ня мейсца. Пазнаў i Куно Фёдара, прыгадаўшы разьвiтаньне над Нёманам. Там калiсь Ваявода Фёдар адводзiў Лiтоўскiя Дружыны зь некаторых заходнiх замкаў Жамойцi. Вiтаўт аддаваў iх Крыжакам, каб заручыцца нэйтральнасьцю Ордэну на час, патрэбны для спыненьня мангольскага цiску на поўднi. Жамойцкi Князь Скiрвойла тады пратэставаў, пагражаў, прасiў i нават плакаў. Аднак Вiтаўт паставiў на сваiм, i замкi перайшлi Крыжаком. Лiхтэнштайн прыймаў i разстаўляў залогi. Пры разьвiтаньнi зь Фёдарам у апошнiм замку, на беразе Нёмана, ён з усьмешкай прамовiў:

- Жамойцкiя Князi льлюць сьлёзы як дзецi, а Лiтоўскiя будуць плакаць крывёю... як прыйдзе на тое час!

Фёдар адразу-ж ухапiўся за меч i выклiкаў нахабнiка, але Лiхтэнштайн супакойна прамовiў, зварочаючыся да акаляючых яго Рыцараў:

- У гэтага Лiтоўскага Ваяводы дзiцячы розум. Яму ня войскам кiраваць, а на печы мух бiць. Ён, бядак, зусiм забыўся, для чаго й чаму Вiтаўт паслаў яго сюды. Ён зусiм забыўся, для чаго й чаму гэтыя замкi пераходзяць да нас. I, напэўна, зусiм ня ведае, што, выклiкаючы мяне, Камандора Лiхтэнштайна, ён наносiць абразу цэламу Ордэну Сьвятога Крыжа, бо-ж нам, сьцiплым манахам, паядынкi сурова забароненыя[25]. Але, калi я памыляюся, Ваявода Грозаўскi ўсё гэта ведае й памятае, i ўсё-ж настойвае на паядынку, то я - заклiкаю Бога й вас, дарагiя браты, у сьведкi й прыймаю выклiк. Рукавiцу я не падыму й агалю свой меч толькi як сродак абароны! - вочы Крыжака сьвяцiлiся задавальненьнем i радасьцю. Ён добра ведаў, што Фёдар паслухаецца голасу розуму, нягледзячы на ўсе абразы.

Так яно й сталася. Фёдар высiлкам волi адарваў руку ад дзяржальны мяча й глухiм тонам адказаў:

- Так! Сапраўды я забыўся, бо словы твае, Куно Лiхтэнштайн, як атрута гадзюкi, могуць затуманiць розум кожнаму сумленнаму чалавеку... Але памятай, Куно, што спатканьне гэтае не апошняе! У другi раз ты ня выкруцiсься так латва!...

Немцы, тады, выбухнулi рогатам. Лiтоўцы моўчкi пакiнулi замак, ад гневу кусаючы вусны... Жалезная рукавiца Фёдара самотна засталася ляжаць на сярэдзiне замкавага пляцу, як грозны напамiн. Куно загадаў прыкацiць на пляц вялiзарны камень i на яго пакласьцi яе - ён спадзяваўся, што яшчэ прыйдзе адпаведны час, калi можна будзе зьвярнуць яе Фёдару - на канцы дзiды[26].

I вось цяпер iзноў той самы Лiхтэнштайн, як заўсёды нахабны й усьмехнены. I йзноў немагчыма спагнаць на iм злосьць: абодва - паслы, i абодва ў чужой краiне.

- Маё ўшанаваньне! - прывiтаўся Лiхтэнштайн. - Вось мы й спаткалiся йзноў...

- Спадзяюся, не ў апошнi раз! - адказаў Фёдар. - Думаю, што ў другi раз спаткаемся на вузейшай дарожцы...

- Так, так! - падхапiў у тон Лiхтэнштайн. - Каб не было як разьмiнуцца!

Фёдар больш нiчога не адказаў. Моўчкi падыйшоў да сталу й замовiў карчмару падсiлак для сябе й сваiх людзей.

Крыжакi, ужо адпачнуўшы, выбiралiся ў дарогу, на Кракаў.

З надворку данесься iх гучны рогат. Фёдар здагадаўся, што гэта Лiхтэнштайн разпавядае аб здарэньнi ў Жамойцi. Кроў закiпела ў грудзях Фёдара, рукi самi пачалi шукаць зброю, аднак стрымаўся, навучаны горкiм досьведам. Ведаў, што й тут Лiхтэнштайн выкруцiцца. Лепей пачакаць...

Пачулася тупаценьне коней, i за мутным сьлюдзяным вакном прамiльгнуў чырвоны гэрб Лiхтэнштайна, за iм чорна-белы Дзiтэнгаймэра й жоўты Газэндорфа. Некалькi ўзброеных служкаў Ордэну маўклiва выехалi ўсьлед.

Ваявода Фёдар пераначаваў у Люблiне, i зь першым сьвятлом выехаў на Берасьцейскi гасьцiнец. Адпачнуўшыя конi йшлi лёкка, умiнаючы за адзiн перагон вялiзарныя кавалкi дарогi, i праз два днi аддзел з радасьцю ўехаў у браму Берасьця. Як толькi харугва Ваяводы Грозаўскага паказалася на вулiцы з-за цытадэльных муроў, з паблiзу ляжачай карчмы 'Залаты рог' выйшаў чалавек, апрануты ў скураную паддзеўку ды зь лёккiм мячом пры баку. На выгляд ён нагадваў Лiтоўскага шляхцюка з засьценку[27], якiя якраз у той час пачалi паўставаць у Беларусi, у вынiку прыняцьця Ягайлам польскае кароны. Быў гэта Лазiнскi. Ён уважна прыгледзеўся да Ваяводы i, зь цяжкасьцю пералiчыўшы пачот, узмахнуў рукой. Зараз-жа з суседняга двара яму падалi асядланага каня. Лазiнскi лёкка ўскочыў у сядло, сьвiснуў батагом, i галёпам скрыўся на бакавой вулачцы.

Фёдар, тым часам, пад'ехаў да дому Берасьцейскага Пасаднiка[28]. Сам стары Пасаднiк выйшаў сустракаць госьця.

- Ну як справiўся, сынку? - пацiкавiўся ён. - Чым парадуеш?

- Няма чым пахвалiцца - адказаў Фёдар. - Пацяшальнага амаль нiчога няма, а й сумнага таксама.

- Так, так... Кароль, ён заўзяты! Цяжка зь iм зладзiць, але й уступаць яму нельга, з ног саб'е. Ну ды лiха зь iм, ты, сынку, разьмяшчайся як удома. Адпачнеш з дарогi дзянькоў колькi, а там i далей рушыш...

- Не, не! Заўтра ледзь сьвятло, у дарогу. Сьпяшаюся.

- А як-жа гасьцяваць?... Пачакай! Нiяк i напраўду заўтра ад'едзеш? скрыўдзiўся стары. - Можа такi пабудзеш? Рады я цябе бачыць...

- Некалi iншым разам. Весткi сьпешныя, а пакуль да Полацка дабяруся, то дарогi гатоў i размокнуць.

- У Полацак табе няма чаго ехаць! - з крыўдай у голасе прамовiў Пасаднiк. - Гаспадар Вялiкi Князь у Троках, туды табе й шлях трымаць! Бачу, як сьпяшаесься, калi ў Полацак iрвесься... Напэўна да Келябовiчанкi?...

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату