- Бачце-ка! - усьмiхнуўся Вiтаўт. - Стары, сiвы, як голуб, а туды-ж. Нават не пасьпеў прачухацца... Першая думка аб Княжне! Шчасьце маё, што Яроша тут няма, той-бы адразу за сякеру...
Затое Рынгайла аднеслася йнакш. Схiлiўшыся над Кандратам i прыкрываючы яго кажухом, ласкава прамовiла:
- Уратавалi. Уратавалi... I толькi дзякуючы табе, адважны ганец. Ляжы цяпер - адпачывай...
Супакоены Кандрат заварушыўся й, раптам пазнаўшы Вiтаўта, iрвануўся ўстаць, але бязьсiльна абвалiўся йзноў.
- Прабачэньня, Ваша Высокасьць... не магу... Ад Фёдара, Ваяводы Грозаўскага, з Кракава...
- Пачакай! - перабiў Вiтаўт. - Адпачывай зараз! Ня час i ня мейсца тут ганцоў выслухваць... Хiба, можа нешта сьпешнае?
- Не, Ваша Высокасьць, сьпешнага нiчога няма...
- Ну дык, як у Замак вернемся, тады дакладзеш! Кандратам завесься?
- Так, Ваша Высокасьць... Кандрат Тур...
- Добра!
* * *
Па дарозе к Замку, у санi да Кандрата падсеў адзiн з чэляднiкаў Вiтаўта, i ад няма-чаго-рабiць падрабязна разказваў прабег паляваньня. Старанна апiсаў усе драбнiцы, не забываючыся ўспомнiць i пра сябе.
Пачынала цямнець. Шэры змрок густой заслонай ахутаў пушчу. У чорным бяздоньнi неба заiскрылiся зоркi. На небасхiле, апiсваючы дугу, скацiлася яскравае сьвятло.
- Глянь-ка, добры чалавек, - перарваў сваё апавяданьне чэляднiк. - Цi-то душа чыясь вандруе, цi мо', проста чараўнiца з паходняй кудысь выбралася? Як ты скажаш?
- А хто-ж яго ведае... - буркнуў нехаце Кандрат. - Толькi мне здаецца, што чараўнiкi й без паходняў ночай бачаць.
- Чараўнiкi бачаць! - умяшаўся, маўчаўшы дагэтуль, вожчык. - Але не чараўнiцы!
- Як гэта? Якая-ж розьнiца? - зацiкавiўся Кандрат.
- А такая, - вытлумачыў вожчык, - што чараўнiк сваю душу самаму Д'яблу прадаў, ня к ночы кажучы. А той i ўпадобiў яго да сябе, i зручнасьць такую даў, каб ночай бачыць. А з кабетаю дык iнакш, бо каму яе душа патрэбна?...
- Ды яшчэ цi мае кабета душу, - дадаў чэляднiк. - У Пiсаньнi нiдзе таго не сказана!
- I я так кажу, - працягваў вожчык. - Каму яе душа патрэбна, хоць-бы й мела яна яе? Дык нячысьцiк ёй зручнасьць даў, каб у людзей душу вырывала, цi хiтрыкам, цi маною. А каб у ночы яна магла бачыць, дык упадобiў яе коткаю перакiдацца - iнакш не! Вось, калi ёй кудысь далёка патрэбна, цi ў Чорныя Яры, цi на Мёртвы Камень[24], дык коткаю нiяк туды не дабегнеш, вось яна й запальвае паходню, каб вiдней было. Iнакш дык пiльнуй - на зорку наткнесься, i кудлы паабпальвае, i мятла пагатоў згарыць. Так!...
Кандрат прамаўчаў, бо цалкам пагадзiўся з гэтым тлумачэньнем. Вожчык замоўк таксама, i, лянiва падхвостваючы каня, занурыўся ў вялiзны каўнер кажуха.
Чэляднiк таксама, трохi памаўчаўшы, вярнуўся да апавяданьня аб паляваньнi:
- ...Дык як там было? Пачакай... Ага! Зубры... Як, знацца, рынуць, гэтыя зубры! I ўсе як адзiн, адзiн другога большыя, i проста на Гаспадара йдуць. Тут мiж намi пярэпалах учынiўся, думаем: 'Загiне нашае сонейка, Вiтаўт Кейстутавiч'. Нават i я сякеру з рук выпусьцiў. А ён, як зiрне наўкола, аж iскры з вачэй пырскаюць, ды як гукне на цэлую пушчу: 'Немцаў бiлi, а гэтых i пагадзе пакладзем!', i сам дзiдаю ў грудзi першага быка ўцэлiў, а потым сякераю як гакне, ажно рэха пайшло. Так усю галаву напалам i разьнёс! Чужаземцы, потым, усе да аднаго хадзiлi глядзець на гэтую зубраву галаву. Надзiвiцца не маглi - якая сiла ў Гаспадара нашага. А адзiн зь iх, той вялiзны са сьмешным iмем, як там яго?... Маркамер, цi як, дык нiяк уверыць ня мог, што сам Гаспадар так секануў, хаця сваiмi-ж вачамi бачыў. Усё абмацоўваў зубра й пальцамi ў чэрап лазiў, ды толькi вохкаў з падзiву. А потым увесь час бажыўся, што яшчэ ў жыцьцi ня бачыў такога цёсу.
Чэляднiк аж заглынуўся ад радасьцi, разказваючы пра адвагу й сiлу Вiтаўта. Яго вочы зьзялi запалам i ўздымам:
- Ну а як звалiў Вялiкi Княжа першага зубра, тады й рэшта паляўнiчых духу набралiся. I я йзноў сякеру падхапiў, так i паклалi ўсiх зуброў да астатку, хто сякерай, хто дзiдай. Толькi кроў пырскала, ды лес стагнаў! Ажно млосьць мяне прабiрала... А тут бабы зь вiскам ды галасам набеглi: 'Княжну - галосяць - ратуйце! Лясун на Княжну напаў!' Ну, думаю, калi Лясун, то нiчога не парадзiш, ня жыць ужо небарачцы, i ну хрысьцiцца й лямантаваць. Гляджу, i рэшта конюхаў ды чэляднiкаў хрысьцяцца ды за ўпакой моляцца, аж сьлёзы льлюцца. Шкада Княжну, добрая была, ласкавая. Але хто паадважней ды паздагадлiвей, за зброю ўхапiлiся, ды, завярнуўшы кабетаў галасьлiвых, бегма ў лес пусьцiлiся...
Тут чэляднiк замоўк, i, трохi падумаўшы, запытаў:
- Дык гэта, знацца, ты, добры чалавек, нашу Княжну ад лясуна ўратаваў?
- Ад мядзьведзя, - паправiў Кандрат. - Так Богу было ўгодна!
Вожчык высунуў галаву з кажуха й з дакорам у голасе прамовiў:
- Вось кажаш 'ад мядзьведзя', i нават паспрачацца гатовы, а сам нiчога не разумееш, i ў нашых мейсцах ты зусiм новы чалавек, таму й ня ведаеш, якiя выбрыкi нячысьцiк выкiдае, ды яшчэ пад вечар. Не надарма чараўнiца на Мёртвы Камень паляцела, няйначай вестку панесла. Ты вось заўтра лепей выспавядайся, ды бацюхну ўсё добра разпавядзi, што там у лесе здарылася, бо, ня к ночы кажучы, якое й лiха табе яшчэ прычынiцца.
Кандрат задумаўся над гэтай парадай. Без сумневу, трэба яе выканаць, але цi ўдасца, i ён цiха прамовiў:
- Правiдлова кажаш, але-ж заўтра ад'яжджаць мушу...
- Нават i ня думай! - запярэчыў чэляднiк. - Ня пусьцяць!
Некаторы час ехалi моўчкi, потым чэляднiк iзноў загутарыў:
- Шчасьлiвы ты чалавек! Не забудзе Княжна табе гэтага, аж пакуль жыць будзе. Вось мне, дык нiколi не пашчасьцiць, заўсёды як што якое, дык перапалохаюся й ня ведаю, што рабiць. Мая бабка кажа, што загавар на мяне накладзены, ад таго й шчасьця ня маю. Слова трэба даведацца, тады сыйдуць чары...
Кандрат нiчога не адказаў. Углядаючыся ў чорнае неба, ён думаў пра Ваяводу Фёдара, якому ня церпiцца вырвацца з Кракава...
Ранiцай, выспавядаўшыся й прычасьцiўшыся, Кандрат зьявiўся да Вялiкага Князя з дакладам. Гуд у галаве сьцiхнуў, i толькi моцна балела правая скронь, пасiнелая ды апухлая.
Узяўшы лiст ад Ваяводы Фёдара й выслухаўшы вусны даклад, Вiтаўт адправiў Кандрата ды ў роздуму закрочыў па пакою. Весткi былi важныя, хаця амаль зусiм не таркалiся таго пытаньня, у сувязi зь якiм Фёдар ад'ехаў у Кракаў. Вiтаўт выклiкаў да сябе Князя Жыгiмонта Карыбута й доўга радзiўся зь iм. Толькi пад вечар паведамiў Кандрату, што ад'езд яго адкладзены на цэлы тыдзень.
- Ваша Высокасьць! - не ўтрымаўся Кандрат. - Дазвольце раней ад'ехаць. Хутка вясна пачнецца, дарогi размокнуць, не дабяруся я тады да Кракава аж да лета. Шкада Ваяводу... Зьнемагае ён там! Загадваў пасьпяшацца...
- Няхай патомiцца. Чым даўжэй там прасядзiць, тым мацней свой Край кахаць будзе. Iдзi! I не журыся. Адпачынку сам патрабуеш.
Сумна пацягнулiся днi. Кандрат не знаходзiў сабе мейсца - надта моцна прывязаўся ён за гэты час да Ваяводы, да Кiрыма, сумаваў за Васiлём Капыльскiм, якi няведама дзе падзеўся, пусьцiўшыся ў пагоню за апрышкамi.
Княжна Рынгайла асыпала ласкамi свайго ратаўнiка. Падаравала яму маладога жарэбчыка з Гаспадарскiх стайняў, моцны панцыр з набедраньнiкамi, багаты плашч з прышытай рысяй скурай ды залаты ланцуг зь бляхаю, на якой перагародчастай эмаляй была вымаляваная Пагоня. Але Кандрат ня надта цешыўся, а зь нецярпеньнем чакаў дня ад'езду, з трывогай прыглядаючыся да вiльгатнеючага й асядаючага сьнегу.
Да Вялiкага Князя ў гэтыя днi, дзень i ноч, прыяжджалi пасланцы з усiх куткоў Лiтвы й суседняй Жамойцi. Кандрат iз сумам праваджаў вачамi ад'яжджаючых ганцоў. Шчасьлiўцы - iх не трымалi так доўга... Але не надарма высядзеў тут Кандрат, шмат чаго цiкавага й хвалюючага даведаўся ён, знаходзячыся так блiзка ад Гаспадара.
Варкула, не дачакаўшыся брата, выехаў з дазволу Вiтаўта на пошукi. Адабраўшы з абсады Ляснога Замку два тузiны адважнейшых вояў, ён зьнiк у ночы, у невядомым кiрунку...
17. НА РАДЗIМУ
Сустрэўшыся яшчэ раз з Каралём, Ваявода Фёдар дастаў ад яго грамату да Гаспадара Вялiкага