дэльфiнах усплылi наверх вясёлыя Нерэiды, дочкi марскога цара, а за iмi паказаўся ўдалечынi стары Нерэй з доўгай сiвой барадой. Геракл завабiў яго на бераг, абхапiў сваiмi магутнымi рукамi i сказаў, што не выпусцiць яго, пакуль ён не скажа, дзе расце чароўная яблыня Геры. Нерэй раптам перакiнуўся ў вялiкую рыбiну, i яна выслiзнула з рук Геракла. Ён хуценька наступiў ёй на хвост - рыбiна засыкала i ператварылася ў змяю. Герой схапiў змяю i хацеў задушыць - змяя перакiнулася ў агонь. Геракл зачэрпнуў вады з мора, каб залiць агонь, - агонь ператварыўся ў ваду, вада пацякла ў мора. Герой перагарадзiў ёй дарогу i выкапаў ямку сваёй дубiнкай - вада ўзнялася з ямкi i стала дрэвам. Геракл выцягнуў меч i хацеў ссекчы дрэва - яно перакiнулася ў белую птушку. Геракл узлаваўся, схапiў свой лук i ўжо напяў цецiву. Тады Нерэй прыняў свой першапачатковы выгляд i расказаў Гераклу, што дрэва маладосцi расце на краi свету, у садзе нiмф Гесперыд, дачок тытана Атланта, што пiльнуе яго стовокi дракон, а Гесперыды сочаць, каб ён не заснуў нi ўдзень нi ўночы, i што дарога на край свету ляжыць цераз Лiвiйскую пустыню. Геракл загадаў, каб Нерэй перанёс яго цераз мора ў Лiвiю, i пайшоў шукаць край свету.

Доўга iшоў ён па сыпучых пясках пустынi i сустрэў велiкана ростам з карабельную мачту.

- Стой! - закрычаў велiкан. - Што табе трэба ў маёй пустынi?

- Я iду на край свету, шукаю сад Гесперыд, дзе расце дрэва маладосцi, адказаў Геракл.

- Тут я гаспадар, - сказаў велiкан. - Я - Антэй, сын Зямлi. Я нiкога не прапускаю цераз пустыню; ты павiнен дужацца са мною. Калi пераможаш мяне пойдзеш далей. Калi не - застанешся тут. - I ён паказаў на кучу чарапоў i касцей, напалову засыпаных пяском.

Нiчога не зробiш, давялося Гераклу дужацца з сынам Зямлi.

Спачатку яны кружылiся адзiн вакол аднаго, нiбы звяры, потым разам напалi адзiн на аднаго, сашчапiлiся рукамi i сцiскалi адзiн аднаго з усяе сiлы. Антэй быў вялiзны, цяжкi i моцны, як камень, але Геракл быў дужэйшы - ён павалiў велiкана на зямлю. Антэй адразу ж усхапiўся i рынуўся на Геракла. Зноў дужалiся яны, i другi раз Геракл павалiў Антэя. I зноў, дакрануўшыся да зямлi, Антэй хуценька ўсхапiўся i, смеючыся, адбiваў удары Геракла. Трэцi раз павалiў герой велiкана, i Антэй зноў лёгка падняўся, быццам ад таго, што ён упаў, у яго пабольшала сiлы...

Геракл здзiвiўся сiле велiкана. Раптам ён успомнiў, што Антэй - сын Зямлi, i зразумеў, што Зямля-мацi падтрымлiвала свайго сына i кожны раз, як ён дакранаўся да яе, давала яму новую сiлу. Тады Геракл iмклiва напаў на Антэя, схапiў яго, падняў угору i трымаў над зямлёй - i адразу Антэй страцiў сiлу i задыхнуўся ў магутных руках героя.

Геракл без перашкод пайшоў далей.

Нарэшце дабраўся ён да краю свету, дзе неба апускаецца да зямлi. Там, на самым краi, стаяў тытан Атлант i трымаў на сваiх плячах нябесны купал. Ён стаяў гэтак ужо шмат гадоў, таму што ўладар свету Зеўс прызначыў яго на гэту работу i нiхто за ўвесь час не падмянiў яго.

- Хто ты i чаго прыйшоў на край свету? - спытаў Атлант Геракла.

- Мне патрэбны тры залатыя яблыкi з дрэва маладосцi, што расце ў садзе Гесперыд, - адказаў Геракл.

- Табе не дастаць гэтых яблык. Iх пiльнуе стовокi дракон, ён не спiць нi ўдзень нi ўночы i нiкога не падпускае да дрэва, - сказаў Атлант. - Ды я магу памагчы табе: Гесперыды - мае дочкi.

Геракл узрадаваўся i пачаў прасiць тытана памагчы яму.

- Стань на маё месца, - сказаў Атлант, - i патрымай неба, а я пайду ў сад Гесперыд i прынясу табе тры залатыя яблыкi.

Геракл палажыў на зямлю сваю зброю i львiную шкуру, стаў побач з тытанам i падставiў плечы пад нябесны купал. Атлант расправiў стомленую спiну i пайшоў у сад Гесперыд. I пакуль ён хадзiў па яблыкi, Геракл стаяў на краi зямлi i трымаў на плячах неба. Нарэшце Атлант вярнуўся i прынёс тры залатыя яблыкi.

Геракл пачаў дзякаваць яму, але тытан сказаў:

- Каму трэба аддаць гэтыя яблыкi? Скажы, я пайду i аддам. Мне хочацца пагуляць па зямлi. Абрыдла стаяць нерухома тут, на краi свету, i трымаць гэтае цяжкае неба. Я рады, што знайшоў сабе замену. Бывай!

I ён хацеў пайсцi.

- Пачакай, - сказаў Геракл. - Дай я толькi падлажу сабе на плечы львiную шкуру, каб нябесны купал не намуляў мне шыю. Пакладзi яблыкi на зямлю i вазьмi на хвiлiнку неба, пакуль я ўладкуюся зручней.

Атлант паклаў на зямлю залатыя яблыкi i зноў узвалiў неба сабе на спiну. Геракл падняў з зямлi свой лук i калчан, узяў тры залатыя яблыкi, захутаўся ў iльвiную шкуру, пакланiўся Атланту i пайшоў. Ён iшоў шпарка i нi разу не азiрнуўся. Але зоркi падалi дажджом, i ён здагадаўся, што Атлант злуецца i моцна трасе неба.

Схаваўшы залатыя яблыкi на грудзях пад плашчом, Геракл спяшаўся ў Мiкены i радаваўся, што выканаў i гэты загад цара.

- Вось я прынёс табе яблыкi Гесперыд - цяпер ты зноў можаш стаць маладым! - сказаў Геракл Еўрысфею.

Але цар быў так уражаны, убачыўшы перад сабою Геракла жывога i здаровага, што не ўзяў залатыя яблыкi i прагнаў яго прэч.

Геракл падаўся дадому i па дарозе думаў, што яму рабiць з залатымi яблыкамi. Раптам перад iм з'явiлася багiня розуму i мудрасцi Афiна.

'Мудрасць даражэй за маладосць', - падумаў Геракл i аддаў Афiне тры залатыя яблыкi.

А яна вярнула iх у сад Гесперыд на дрэва Геры.

Дванаццаты подзвiг

Геракл спускаецца ў царства мёртвых i перамагае Кербера

Усю зямлю з усходу да захаду абышоў Геракл, ваяваў i працаваў, змагаўся са страшыдламi i са злымi людзьмi, пракладваў дарогу на вяршыню гары, разам з Сонцам пераплываў акiян, дайшоў да края свету - i вярнуўся пераможцам.

Тады Еўрысфей, страцiўшы надзею пазбавiцца ад Геракла, вырашыў паслаць яго туды, адкуль нiхто са смяротных яшчэ нi разу не прыходзiў назад, - у краiну мёртвых, у падземнае царства Аiда.

Каля медных варот Тартара - каля ўвахода ў царства мёртвых - дрэмле на варце страшны трохгаловы сабака Кербер. У яго на шыi замест поўсцi выгiнаюцца чорныя змеi, хвост у яго - жывы дракон, а з разяўленых пашчаў вылятаюць тры языкi полымя. Калi адчыняюцца вароты i ў царства Смерцi заходзiць бледны цень чалавека, Кербер ветлiва вiляе хвастом i ад лютай весялосцi, стараецца лiзнуць прышэльца сваiмi вогненнымi языкамi. Але гора таму, хто захоча вярнуцца!..

Апошнi раз паклiкаў да сябе Геракла цар Еўрысфей i сказаў яму:

- Прывядзi да мяне Кербера з царства Аiда, i гэта будзе твая апошняя служба мне!

Геракл нiчога не адказаў i рушыў у дарогу..

Ён знайшоў пячору Тэнара, адкуль па русле падземнай ракi трэба было спускацца ў глыб зямлi.

Страшна жывому па сваёй ахвоце iсцi ў царства смерцi!

Геракл спынiўся каля ўвахода ў пячору, паглядзеў на зямлю ў квеценi, на сiняе мора, на ўвесь цёплы сонечны свет, i сумна i страшна зрабiлася яму. Але ён перасiлiў сум i страх i адважна ступiў у цемру. I адразу пачуў за сабой лёгкiя крокi. Гэта даганяў яго Гермес, крылаты вястун Зеўса, якога ўладар свету паслаў правесцi Геракла да Аiда. Гермес узяў героя за руку, i ўдвух яны пачалi спускацца ў падземнае царства.

Неўзабаве ў змроку забялела высокая скала: пад ёю ледзь чутна сонна струменiла цiхая рака, зарослая высокай травою без колеру i паху. Геракл нагнуўся да ракi, каб напiцца.

- Не пi, - спынiў яго Гермес, - гэта Лета, рака Забыцця. Хто нап'ецца вады з яе, той забудзе ўсё на свеце.

Яны пайшлi далей, i Геракл убачыў свайго старога настаўнiка i свайго юнага сябра, што памёр у паходзе. Геракл радасна кiнуўся да iх, працягваючы iм рукi, але яны глядзелi на яго нежывымi вачамi, не пазнаючы, быццам не бачачы яго, i, як ценi, слiзганулi мiма.

- Яны не пазнаюць цябе, - сказаў Гермес. - Яны пiлi з ракi Забыцця i ўсё забылi.

Але адзiн цень раптам спынiўся, наблiзiўся. Геракл пазнаў калiдонскага цара Мелеагра.

- Геракл, - сказаў цiха цень цара, - памажы мне. На зямлi я пакiнуў сястру Дэянiру, юную i безабаронную. Думкi пра яе трывожаць мяне i тут. Прашу цябе: вазьмi яе да сябе ў дом, ажанiся з ёю, - яна будзе табе вернаю жонкай. А я супакоюся навек.

I Геракл паабяцаў выканаць просьбу сябра.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату