Эл гарэзлiва падмiргнуў дзяўчыне i пайшоў далей, прытупваючы на хаду пад музыку, паводзячы плячамi i памахваючы рукамi. Дзяўчына пазiрала яму ўслед.

Бацька паставiў талерку на скрыню i ўстаў.

- Ну, хадзем, Джон, - сказаў ён i растлумачыў мацi: - Хочам пагаварыць тут з аднымi людзьмi, даведаемся, можа, дзе работа ёсць. - Разам з Джонам ён пайшоў да домiка адмiнiстратара.

Том падабраў кавалкам куплёнага хлеба рэшткi мяснога соўсу на талерцы i адправiў яго ў рот. Тады падаў талерку мацi, i тая апусцiла яе ў вядро з гарачай вадой, памыла i дала выцерцi Ружы Сарона.

- А ты хiба на танцы не пойдзеш? - запыталася ў Тома мацi.

- А як жа, пайду, - адказаў Том. - Мяне выбралi ў камiсiю дзяжурыць. Трэба пазабаўляць сяго-таго з гасцей.

- У камiсiю ўжо выбралi? - здзiвiлася мацi. - Гэта, вiдаць, таму, што ты работу маеш?

Ружа Сарона нахiлiлася, каб пакласцi талерку ў скрыню. Том, паказваючы на яе, сказаў:

- А божа, як яна таўсцее!

Ружа Сарона залiлася чырванню i ўзяла ў мацi яшчэ адну талерку.

- Чаму ж ёй не таўсцець, - сказала мацi.

- I прыгажэе, - дадаў Том.

Ружа Сарона яшчэ гусцей пачырванела i апусцiла галаву.

- Сцiхнi ты, - прашаптала яна.

- Чаму ж ёй не прыгажэць, - сказала мацi. - Маладзенькiя, што носяць дзiця пад сэрцам, заўсёды прыгажэюць.

Том засмяяўся:

- Калi яна i далей будзе так пухнуць, ёй давядзецца жывот на тачцы вазiць.

- Ды сцiхнi ты, - сказала Ружа Сарона i схавалася пад брызентам.

Мацi ўсмiхнулася:

- Не дражнi яе.

- Ёй гэта даспадобы, - сказаў Том.

- Я ведаю, што ёй даспадобы, i ўсё-такi гэта яе трывожыць. Яна i так па Конi тужыць.

- Ну, на Конi даўно пара рукой махнуць. Ён не iначай як на прэзiдэнта Злучаных Штатаў вучыцца.

- Пакiнь яе, не чапай. Яе доля i так незайздросная.

Да палаткi, шырока ўсмiхаючыся, падышоў Уiлi Iтан.

- Ты Том Джоўд? - запытаўся ён.

- Я.

- Я старшыня святочнай камiсii. Ты нам будзеш патрэбны. Мне пра цябе гаварылi.

- Што ж, мы з табой разам пацешымся, - сказаў Том. - Пазнаёмся, гэта мая ма.

- Добры вечар, - сказаў Уiлi.

- Вельмi прыемна, - адказала мацi.

Уiлi сказаў:

- Мы паставiм цябе спачатку каля варот, а потым пяройдзеш на танцпляцоўку. Прыглядайся да тых, хто ўваходзiць, i, можа, адразу i высачыш iх. З табой будзе яшчэ адзiн хлопец. А крыху пазней пойдзеш танцаваць i будзеш пiльна прыглядацца.

- Добра, гэта я магу, - пагадзiўся Том.

- А хiба можа што здарыцца? - устрывожылася мацi.

- Не, мэм, - адказаў Уiлi. - Нiчога такога.

- Зусiм нiчога, - сказаў Том. - Ну пайшлi. Убачымся з табой, ма, на танцах. - Том i Ўiлi шпарка пакрочылi да галоўных варот.

Мацi паставiла памыты посуд на скрыню.

- Выходзь! - крыкнула яна i, не пачуўшы адказу, паўтарыла: - Выходзь, Разашарна.

Ружа Сарона выйшла з-пад брызенту i зноў узялася выцiраць талеркi.

- Том проста жартаваў, - сказала мацi.

- Ведаю. Няхай сабе. Толькi мне непрыемна, калi на мяне глядзяць.

- Ну, тут ужо нiчога не зробiш. Глядзець будуць. Людзям прыемна ж палюбавацца на маладзенькую, калi яна дзiця чакае - прыемна i весела. А ты на танцы не збiраешся?

- Збiралася... А цяпер не ведаю. Хачу, каб Конi вярнуўся. - Ружа Сарона гучна паўтарыла: - Я хачу, ма, каб Конi вярнуўся. Больш так я не магу.

Мацi пiльна паглядзела на яе.

- Я разумею. Толькi глядзi, Разашарна, не асарамацi сям'ю.

- Ну што ты, ма.

- Не асарамацi нас. Нам i так цяжка, не хапае яшчэ сораму.

У Ружы Сарона задрыжалi губы.

- Я... я на танцы не пайду. Не хачу... Ма, памажы мне! - Яна апусцiлася на скрыню i закрыла твар сагнутымi ў локцях рукамi.

Мацi выцерла рукi аб кухонны ручнiк, прысела перад дачкой на кукiшкi i паклала абедзве рукi ёй на валасы.

- Ты, дачушка, у мяне добрая, - сказала яна. - Заўсёды была добрай дзяўчынкай. Я пра цябе паклапачуся. Ты не бядуй. - Мацi ажыўлена загаварыла: Ведаеш, што мы з табой зробiм? Пойдзем разам на танцы, сядзем убаку i падзiвiмся. Калi хто запросiць цябе на танец, я скажу, табе нельга, у цябе здароўе слабае. А ты музыку паслухаеш, на людзей паглядзiш.

Ружа Сарона падняла галаву:

- А танцаваць не пусцiш?

- Не пушчу.

- I не дазваляй нiкому да мяне дакранацца.

- Не дазволю.

Ружа Сарона ўздыхнула i роспачна прамовiла:

- Не ведаю, ма, як далей будзе. Проста не ведаю.

Мацi лёгенька паляпала яе па калене:

- Ну глянь на мяне. Паслухай, што я скажу. Ты пацярпi яшчэ крышачку, а там палягчэе. Яшчэ толькi крышачку. Я праўду кажу. А цяпер падымайся. Мы з табой зараз памыемся, надзенем усё самае прыгожае i пасядзiм на танцах. - Яна павяла Ружу Сарона да санiтарнага блока.

Бацька, дзядзька Джон i яшчэ некалькi чалавек сядзелi на кукiшках каля ганка канторы.

- Мы сёння ледзь на працу не ўладзiлiся, - сказаў бацька. - На некалькi хвiлiн спазнiлiся. Перад намi дваiх ужо нанялi. I вось што дзiўна, скажу я вам, - вярбоўшчык кажа: 'Па дваццаць пяць цэнтаў мы нанялi дваiх. А па дваццаць цэнтаў яшчэ можам узяць. Па дваццаць мы многа рабочых можам узяць. Вы паедзьце ў лагер, скажыце там, што па дваццаць набор будзе вялiкi'.

Мужчыны неспакойна заварушылiся. Адзiн - шыракаплечы мужчына, твар якога хаваўся ў цянi ад чорнага капелюша, пляснуў далонню па калене.

- Я гэтыя iхнiя штучкi ведаю! - крыкнуў ён. - I набяруць, колькi iм трэба. Галодных людзей набяруць. За дваццаць цэнтаў у гадзiну сям'ю не пракормiш, але ты пойдзеш на што заўгодна. Як нi круцiся, ты ў iхнiх руках. Яны прадаюць працу, як з таргоў. Далiбог, хутка яшчэ i прыплачваць iм прымусяць, каб работу ў iх атрымаць.

- Мы б згадзiлiся, - сказаў бацька. - У нас нi ў кога няма нiякай работы. Абавязкова згадзiлiся б, але на нас людзi такiмi вачамi пазiралi, што мы пабаялiся.

Чалавек у чорным капелюшы сказаў:

- Крануцца з розуму можна, як падумаеш. Я ў аднаго працаваў, дык ён свайго ўраджаю сабраць не можа. На збор больш грошай пойдзе, чым ён ад продажу атрымае. Проста не ведаю, што рабiць.

- Вось калi б... - Бацька замяўся. Усе моўчкi чакалi. - Ну, я проста падумаў, калi б у мяне хоць акр зямлi быў... жонка гароднiну б развяла, парачку свiней гадавалi б, курэй трохi. А мы, мужчыны, працавалi б недзе i дамоў вярталiся. Дзецi, можа, у школу хадзiлi б. Я такiх школ, як тут, нiдзе не бачыў.

- Дзецям нашым у тутэйшых школах нясоладка даводзiцца, - сказаў чалавек у чорным капелюшы.

- А чаму? Яны даволi добрыя, гэтыя школы.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату