- Ну сам падумай... Прыйдзе вось такi абадранец босы, а iншыя дзецi, у шкарпэтках, у добрых штанах, дражняць яго - 'Окi, Окi'. Мой хлопчык хадзiў у такую школу. Кожны дзень з кiм-небудзь бiўся. Малайчына, не ўступаў. Наравiсты, шальмец. Што нi дзень, то бойка. Дамоў прыйдзе - адзенне пашкуматанае, нос у крывi. А мацi яго лупцуе. Пад канец я заступiўся. Што ж, усе будуць яго, беднага, таўчы? А далiбог, ён здорава iх лупiў, гэтых сукiных сыноў у добрых штонiках. Ну, не ведаю, не ведаю...

- Што ж нам усё-такi рабiць? - задаў пытанне бацька. - Грошай у нас няма. Адзiн сын атрымаў кароткачасовую работу, але гэтым не пракормiшся. Пайду i на дваццаць цэнтаў. А што рабiць?

Чалавек у чорным капелюшы падняў галаву, i на святло выступiў яго шчацiнiсты падбародак i гладка, як поўсцю, зарослая па баках жылiстая шыя.

- Ага, ты гэтак зробiш, - з горыччу сказаў ён. - А мне плацяць дваццаць пяць. Ты забярэш у мяне маю працу за дваццаць. Я пахаджу галодны i забяру яе ў цябе за пятнаццаць. Ну дык iдзi, наймайся.

- Што ж тады рабiць мне? - дапытваўся бацька. - Не памiраць жа мне з голаду, каб табе плацiлi дваццаць пяць?

Чалавек у чорным капелюшы апусцiў галаву, i яго падбародак зноў схаваўся ў цянi.

- Не ведаю, - адказаў чалавек. - Ну не ведаю. Працуеш па дванаццаць гадзiн у дзень i ўсё роўна дасыта не ясi, а тут яшчэ галаву ламай, як быць далей. Хлопчык мой жыве надгаладзь. Не магу я ўвесь час аб адным толькi думаць, хай яно правалiцца. Звар'яцець можна.

Людзi, што кружком сядзелi на кукiшках, неспакойна заварушылiся.

Том стаяў каля варот i ўглядаўся ў гасцей, якiя з'язджалiся на танцавальны вечар. Яркае святло пражэктара падала на iх твары.

Уiлi Iтан сказаў Тому:

- Глядзi пiльна. Зараз прышлю сюды Джула Вiтэлу. Ён чэракез-паўкровак. Хлапец добры. Ва ўсе вочы глядзi. Магчыма, прыкмецiш каго.

- Добра, - адказаў Том.

Ён глядзеў на фермерскiя сем'i, што пад'язджалi да варот, на дзяўчат, якiя заплялi валасы ў косы, на падлеткаў, якiя навялi на сябе глянец дзеля танцаў. Падышоў Джул i спынiўся каля яго.

- Я буду з табой, - сказаў ён.

Том узняў на яго вочы - арлiны нос, скуласты смуглы твар, кароткi, нiбы зрэзаны, падбародак.

- Кажуць, ты напалову iндзеец. А па-мойму, ты поўны iндзеец.

- Не, - адказаў Джул. - Я паўкровак. Лепш быў бы чыстакроўны. Мог бы ўчастак мець у рэзервацыi. Там жыць можна, некаторым.

- Зiрнi, колькi народу, - сказаў Том.

Госцi праходзiлi праз вароты: сем'i фермераў, перасяленцы з прыдарожных лагераў. Дзецi старалiся хутчэй вырвацца з-пад апекi дарослых, але паважныя бацькi стрымлiвалi iх.

Джул сказаў:

- Неяк забаўна ў нас выходзiць з гэтымi танцамi. Людзi ў лагеры бедныя, нiчога за душой у iх няма, а ходзяць гордыя, бо могуць запрашаць сюды на танцы знаёмых. I тыя iх за гэта паважаюць. Я тут у аднаго гаспадара на маленькай ферме працаваў. Правёў яго сюды неяк раз на танцы. Запрасiў яго, i ён прыехаў. Потым кажа: нiдзе ва ўсёй акрузе не бывае такiх прыстойных танцавальных вечароў - сюды можна i дочак, i жонку з сабой браць. Гэй, глянь!

Праз вароты праходзiлi трое маладых людзей - трое рабочых у джынсах. Яны трымалiся разам. Вартаўнiк каля варот спынiў iх, яны адказалi на яго пытаннi i прайшлi ў лагер.

- Пасачы за iмi, - сказаў Тому Джул i падышоў да вартаўнiка. - Хто iх запрасiў?

- Нейкi Джэксан, сектар нумар чатыры.

Джул вярнуўся да Тома.

- Вiдаць, яны самыя i ёсць, - сказаў ён.

- Адкуль ты ведаеш?

- Ды так - здаецца. У iх нейкi выгляд насцярожаны. Iдзi за iмi, пакажы iх Уiлi Iтану, i няхай ён знойдзе Джэксана з чацвёртага аддзялення. Трэба праверыць iх. А я тут пабуду.

Том пайшоў следам за трыма маладымi людзьмi. Яны падышлi да танцавальнай пляцоўкi i спакойна сталi з краю натоўпу. Каля аркестра Том убачыў Уiлi i паманiў яго рукою да сябе.

- Ну, што ў цябе? - запытаўся Ўiлi.

- Вунь тыя трое - бачыш?

- Ага.

- Сказалi, што iх запрасiў нейкi Джэксан з чацвёртага.

Уiлi выцягнуў шыю, адшукаў вачамi Хастана i падазваў яго.

- Вунь тыя трое, - сказаў ён. - Трэба знайсцi Джэксана з чацвёртага аддзялення i даведацца, цi запрашаў ён iх.

Хастан павярнуўся на абцасах i пайшоў; праз некалькi хвiлiн ён падвёў да Ўiлi i Тома сухарлявага, з шырокай косцю, тэхасца.

- Вось ён, Джэксан, - сказаў Хастан. - Паслухайце, Джэксан, бачыце тых трох хлопцаў?

- Ну.

- Вы iх запрашалi сюды?

- Не.

- Раней калi бачылi iх?

Джэксан прыгледзеўся больш уважлiва.

- Ну бачыў. Разам у Грэгорыё працавалi.

- Значыць, прозвiшча ваша iм вядомае?

- Ну так. Мы працавалi побач.

- Добра, - сказаў Хастан. - Вы, хлопцы, да iх не падыходзьце. Калi нiчога дрэннага не зробяць, мы не будзем iх выправоджваць. Дзякуй вам, мiстэр Джэксан. - Тому ён сказаў: - Добра зроблена. Думаю, яны самыя i ёсць.

- Гэта Джул iх запрыкмецiў, - сказаў Том.

- Дзiва што! - усклiкнуў Уiлi. - Iндзейская кроў, чуццём бярэ. Ну, пайду пакажу iх сваiм хлопцам.

З натоўпу выскачыў падлетак гадоў шаснаццацi i спынiўся перад Хастанам, ледзь пераводзячы дух.

- Мiстэр Хастан, - загаварыў ён, - я зрабiў усё, як вы загадалi. Адна машына стала каля эўкалiптаў - у ёй шасцёра, а яшчэ адна з чатырма пасажырамi спынiлася на дарозе з паўночнага боку. Я падышоў да iх, папрасiў даць прыпалiць. У iх рэвальверы. Сам бачыў.

Позiрк у Хастана зрабiўся суровы, жорсткi.

- Уiлi, - сказаў ён, - у цябе ўсё гатова, ты праверыў?

Уiлi ашчэрыўся вясёлай усмешкай:

- Будзьце спакойныя, мiстэр Хастан. Усё будзе зроблена як належыць.

- Толькi нiкога не бiць. Запомнi. Калi зможаце - толькi па-добраму, спакойна, прывядзiце iх да мяне. Я буду ў сваёй палатцы.

- Пастараемся, - сказаў Уiлi.

Танцы яшчэ фармальна не пачалiся, i Ўiлi падняўся на пляцоўку.

- Разбiрайцеся па чацвёра! - крыкнуў ён.

Аркестр замаўчаў. Юнакi i дзяўчаты, маладыя мужчыны i жанчыны забегалi па вялiкай танцавальнай пляцоўцы i нарэшце выстраiлiся ў восем чацвёрак выстраiлiся i чакалi пачатку. Дамы стаялi, падняўшы рукi перад сабой i сашчапiўшы далонi. Кавалеры нецярплiва пераступалi з нагi на нагу. Старыя i пажылыя сядзелi вакол пляцоўкi, ледзь прыкметна ўсмiхаючыся, не адпускалi ад сябе дзяцей, якiя рвалiся на сярэдзiну пляцоўкi. А там, каля палатак, сядзелi праведныя хрысцiяне i з асуджэннем на суровых тварах высочвалi грэх.

Мацi i Ружа Сарона селi на лаўку. I калi кавалеры запрашалi Ружу Сарона на танец, мацi гаварыла: - Не, яна нешта дрэнна сябе сёння адчувае. - А Ружа Сарона кожны раз залiвалася чырванню, i вочы ў яе загаралiся.

Распарадчык танцаў Уiлi Iтан выйшаў на сярэдзiну i падняў рукi:

- Усе гатовыя? Пачалi!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату