- Так i трымай, - сказаў Том. - Толькi прасёлкамi.

Эл запытаўся:

- Можа, спынiмся дзе-небудзь тут, пераначуем, а ранкам паедзем?

Мацi паспешлiва прагаварыла:

- Не, рана яшчэ. Трэба далей ад'ехаць.

- Добра. - Эл сеў за руль, i машына паехала далей.

Руцi i Ўiнфiлд зноў накрылiся з галавой коўдрай. Мацi крыкнула:

- Як там Уiнфiлд, нiчога?

- Ага, нiчога, - адказала Руцi. - Ён спiць.

Мацi зноў прытулiлася да борта.

- Нейкае дзiўнае пачуццё - быццам на цябе палююць. Я злая стала.

- Усе азлобiлiся, - сказаў бацька. - Усе. Ты бачыла, якая бойка сёння была ў садзе? Мяняюцца людзi. Ва ўрадавым лагеры злых не было.

Эл збочыў на гравiйную дарогу, i жоўтыя агнi фар загайдалiся над яе палатном. Фруктовыя дрэвы нарэшце скончылiся, пайшлi баваўняныя палi. Яшчэ дваццаць мiль праехалi мiж бавоўнiку, круцячы i пятляючы палявымi дарогамi. Далей дарога пацягнулася ўздоўж зарослай хмызам рэчкi, потым павярнула на бетонны мосцiк i на другiм баку зноў пайшла берагам. Нарэшце фары асвятлiлi доўгi рад чырвоных таварных вагонаў без колаў i каля дарогi - вялiкi шчыт з надпiсам: 'ПАТРАБУЮЦЦА ЗБОРШЧЫКI БАВОЎНЫ'. Эл запаволiў ход. Том глядзеў праз шчылiну мiж бакавымi планкамi. Праз чвэрць мiлi пасля апошняга вагона Том пастукаў у сценку кабiны. Эл затармазiў машыну на абочыне i выйшаў.

- Ну, што яшчэ?

- Выключы матор i лезь сюды, - сказаў Том.

Эл сеў за руль, з'ехаў у кювет, выключыў фары i заглушыў матор. Потым залез на грузавiк цераз заднi борт.

- Так спакайней, - сказаў ён.

Том перабраўся цераз кацялкi i патэльнi да мацi i стаў на каленi.

- Слухайце, - сказаў ён. - Iм патрэбны зборшчыкi бавоўны. Я плакат бачыў. Я ўсё думаў, як так зрабiць, каб i з вамi мне застацца, i бяды на вас не наклiкаць. Калi твар зажыве, тады, можа, усё добра будзе, а цяпер небяспечна. Бачылi вагоны? У iх зборшчыкi жывуць. Магчыма, i вам праца знойдзецца. Можа б, вы нанялiся тут, а жылi б у вагонах?

- А з табой як? - строга запыталася мацi.

- Ты бачыла каля рэчкi густое кустоўе? Там можна схавацца, нiхто мяне не ўбачыць. А пад ноч будзеце прыносiць мне есцi. Непадалёк ёсць маставая труба. Я мог бы там спаць.

Бацька сказаў:

- Госпадзi, як мне ўжо хочацца хутчэй узяцца за гэту бавоўну! Праца знаёмая.

- У вагонах, напэўна, добра, - сказала мацi. - Чыста, суха. А ты думаеш, Том, у кустах у тых можна схавацца?

- Канешне. Па дарозе сюды я да iх прыглядаўся. Выберу добрае месца i адседжуся там. А як толькi зажыве твар, выйду.

- Шрам застанецца, - сказала мацi.

- Чорт з iм, у каго iх няма?

- Аднаго разу я сабраў чатырыста фунтаў, - сказаў бацька. - Тады, праўда, ураджай быў добры. Калi мы ўсе пойдзем на збор, можна крыху грошай зарабiць.

- I тады мяса купiм, - сказаў Эл. - А цяпер што рабiць будзем?

- Вернемся крыху назад i пераспiм ноч у грузавiку, - сказаў бацька. - А ранiцай пойдзем на працу. Я каробачкi нават у цемры бачу.

- А з Томам як? - запыталася мацi.

- Ты пра мяне не думай, ма. Я вазьму з сабой коўдру. Калi паедзеце назад, уважлiва глядзiце. Там ёсць маставая труба. Будзеце мне туды прыносiць хлеба цi бульбы або кашы - прынесяце i пакiнеце, а я буду прыходзiць i браць.

- Ай!

- Па-мойму, ён разумна гаворыць, - сказаў бацька.

- Вядома, разумна, - настойваў Том. - А калi твар крыху зажыве, я выйду i таксама збiраць бавоўну буду.

- Што ж, добра, - згадзiлася мацi. - Толькi будзь асцярожны. Не пападзiся каму-небудзь на вочы.

Том прабраўся ў заднi канец грузавiка.

- Я вазьму вось гэтую коўдру. Як назад паедзеце, ма, шукайце тую трубу.

- Толькi глядзi, не рызыкуй, - сказала мацi ўмольна. - Будзь асцярожны.

- Буду, - сказаў Том. - Абавязкова. - Ён пералез цераз заднi борт i пайшоў берагам. - Добрай ночы! - гукнуў ён.

Мацi бачыла, як яго постаць злiлася з цемрай i знiкла ў хмызняку каля рэчкi.

- Дай бог каб усё добра скончылася, - прамовiла мацi.

Эл запытаўся:

- Цяпер назад паедзем?

- Давай, - сказаў бацька.

- Ты толькi едзь паволi, - папрасiла мацi. - Хачу ўбачыць тую трубу, пра якую ён гаварыў. Абавязкова трэба ўбачыць.

Дарога была вузкая, i Элу давялося добра паманеўраваць, перш чым ён развярнуў машыну. Ён паволi павёў яе назад да таварных вагонаў. Святло фар выхапiла з цемры сходкi каля шырокiх дзвярэй. У вагонах было цёмна. Навокал нiдзе нi душы. Эл выключыў фары.

- Вы з дзядзькам Джонам лезьце наверх, - сказаў ён Ружы Сарона. - А я буду спаць у кабiне.

Дзядзька Джон памог Ружы Сарона пералезцi цераз борт. Мацi ссунула ў кучу посуд. Усе ўлеглiся ў задняй частцы машыны, цесна прыцiснуўшыся адзiн да аднаго.

У адным з вагонаў, захлiпаючыся, зайшлося плачам дзiця. Аднекуль выбег сабака i, прынюхваючыся да слядоў i сапучы, памалу абышоў вакол грузавiка Джоўдаў. З рэчкi даносiлася цiхае цурчанне вады.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ

Патрабуюцца зборшчыкi бавоўны - плакаты ўздоўж дарогi, лiсткi, аранжавыя лiсткi: Патрабуюцца зборшчыкi бавоўны.

Сюды, па гэтай дарозе, напiсана на iх.

Цёмна-зялёныя сцяблы ўжо задравянелi, ацяжэлыя каробачкi ўчэпiста трымаюць свой груз. Белае валакно выпiрае з iх, як зерне з кукурузнага катаха.

Нам каб толькi рукамi дакрануцца да гэтых каробачак. Далiкатна, кончыкамi пальцаў.

Я ўмелы зборшчык.

Вунь з кiм трэба гаварыць, вунь з iм.

Хачу наняцца на збор бавоўны.

Мяшок ёсць?

Ды не, няма.

За мяшок - даляр. Вылiчым з палучкi за першыя паўтараста фунтаў. Першы збор з поля - восемдзесят цэнтаў за сто фунтаў. Другi збор - дзевяноста. Вось табе мяшок. Адзiн даляр. Калi цяпер грошай няма, вылiчым з палучкi за першыя паўтараста фунтаў сабранай бавоўны. Цана правiльная, сам разумееш.

Зусiм правiльная цана. Добры баваўняны мяшок, яго хопiць на ўвесь сезон. Калi нiз пратрэцца ад цягання, перавернеш другiм канцом i зашыеш. Падраны канец разрэж. А калi парвуцца абодва канцы, палатно ж застанецца - добрае палатно! На трусiкi пойдзе. Цi на начную кашулю. Ды што тут казаць, баваўняны мяшок - добрая рэч.

Прывяжы яго да пояса. Асядлай яго i цягнi за сабой мiж ног. Спярша цягаць яго лёгка. Пальцы зрываюць пушыстыя галоўкi, рукi прабiраюцца ў мяшок, што ў цябе мiж ног. Малыя дзецi iдуць ззаду, iм баваўняных мяшкоў не даюць, няхай бяруць джутавы альбо кладуць у бацькоўскi. Пакрысе мяшок цяжэе, дык нахiлiся, цягнi наперад. Я майстар збiраць бавоўну. Пальцы самi ўсё робяць. А ты ходзiш па мiжраддзi, перамаўляешся з суседзямi, часам спяваеш, пакуль мяшок яшчэ не вельмi цяжкi. Пальцы не памыляюцца. Пальцы - яны ведаюць. Вочы бачаць усё, але ты працуеш, нiбы не гледзячы.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату