- Ага, нумар дваццаць пяць.

Том драмаў, лежачы на матрацы. Яго пабудзiў нейкi падкрадлiвы шолах. Рука пацягнулася да вiнчэстэра i моцна сцiснула шыйку прыклада. Ён адкiнуў з твару коўдру. Каля яго стаяла Ружа Сарона.

- Чаго табе? - запытаўся Том.

- Ты спi, - сказала яна. - Высыпайся. Я папiльную дзверы. Нiхто не ўвойдзе.

З хвiлiну Том моўчкi глядзеў ёй у твар.

- Добра, - сказаў ён i зноў нацягнуў коўдру на галаву.

Мацi вярнулася дамоў, калi пачало змяркацца. Яна спынiлася на ганку, пастукала ў дзверы i сказала:

- Гэта я, - каб не ўстрывожыць Тома. Тады адчынiла дзверы i ўвайшла. У руках яна трымала мяшэчак. Том прачнуўся i сеў на матрацы. Рана яго падсохла i так сцягнулася па краях, што скура на шчацэ блiшчала. Левае вока ўсё заплыло i амаль не расплюшчвалася.

- Без мяне нiхто не прыходзiў? - запыталася мацi.

- Не, нiхто, - адказаў Том. - Плату ўсё ж такi зрэзалi.

- Адкуль ты ведаеш?

- Чуў, як на вулiцы гаварылi.

Ружа Сарона паныла паглядзела на мацi.

Том паказаў на яе вялiкiм пальцам:

- Яна тут такi гвалт падняла, ма. Думае, усе няшчасцi на яе адну зваляцца. Калi яна так праз мяне расстройваецца, давядзецца мне ад вас iсцi.

Мацi павярнулася да дачкi:

- Што такое з табой робiцца?

Ружа Сарона з абурэннем сказала:

- Хiба ж народзiш здаровае дзiця, калi такое навокал?

Мацi сказала:

- Сцiхнi! Замаўчы. Я разумею, што ў цябе на душы, я ведаю, гэта мацней за цябе, а ўсё ж трымай язык за зубамi. - Яна павярнулася да Тома: - Ты на яе не глядзi, Том. Ёй цяпер вельмi цяжка, я гэта па сабе памятаю. Калi чакаеш дзiцяцi, усё, што б нi здарылася, здаецца, адну цябе закранае, у кожным слове табе чуецца абраза, i здаецца, усё накiравана супраць цябе. Яна не вiнаватая, Том, гэта мацней за яе. Такi ўжо ў яе душэўны стан.

- Я не хачу, каб праз мяне яна расстройвалася.

- Замаўчы! Проста нiчога не гавары. - Мацi паклала мяшэчак на халодную плiту. - Сёння мы амаль нiчога не зарабiлi. Я ж сказала, трэба ехаць адсюль. Насячы, Том, мне трэсак. Не, табе ж нельга выходзiць. Вось, у нас яшчэ апошняя скрынка засталася. Разламай яе. Я сказала, каб яны хоць сушняку назбiралi па дарозе дамоў. На вячэру ў нас будзе мамалыга, i я яе трохi цукрам пасыплю.

Том падняўся з матраца i растаптаў нагамi апошнюю скрынку. Мацi распалiла агонь збоку ў топцы, стараючыся, каб ён гарэў толькi пад адной канфоркай. Потым налiла вады ў кацялок i паставiла на плiту. Неўзабаве кацялок, якi стаяў над самым полымем, забразгатаў, вада ў iм заклекатала i запыхкала.

- Як сёння працавалi? - пацiкавiўся Том.

Мацi зачарпнула кубкам кукурузнай мукi з мяшэчка.

- I гаварыць не хочацца. Прыгадалася мне сёння, як мы раней жартавалi. Усё цяпер не так, Том. Цяпер мы не жартуем. А калi хто i адпусцiць жарт, дык ён нейкi зласлiвы, горкi i зусiм не смешны. Адзiн сёння сказаў: 'Дэпрэсiя скончылася. Я бачыў зайца, але нiхто за iм не гнаўся'. А другi кажа: 'Правiльна. Цяпер зайцоў не б'юць. Iх цяпер ловяць - падояць i адпусцяць. А твой, вiдаць, быў нядойны'. Ну бачыш? Зусiм не смешна, не так, як было тады, калi дзядзька Джон перавярнуў iндзейца ў нашу веру i прывёў да сябе ў дом, а той з'еў у яго цэлы засек бабоў i, выпiўшы дзядзькава вiскi, зноў вярнуўся ў язычнiцтва. А ты, Том, вазьмi намачы анучку i прыкладзi да твару.

Вячэрняе сутонне гусцела. Мацi запалiла лiхтар i павесiла яго на цвiк. Яна падкiнула трэсак у агонь i пачала патроху сыпаць у кiпень кукурузную муку.

- Разашарна, - сказала яна, - ты памяшаеш кашу?

На вулiцы пачуўся хуткi тупат ног. Дзверы раптам расчынiлiся i з грукатам ударылiся аб сцяну. У пакой уляцела Руцi.

- Ма! - крыкнула яна. - Ма, Уiнфiлда курчыць.

- Дзе ён? Кажы!

Руцi ледзь пераводзiла дух.

- Увесь белы стаў i павалiўся. Ён сёння столькi персiкаў з'еў, i ў яго зрабiўся панос. Так i павалiўся. Сам белы!

- Вядзi да яго! - загадала мацi. - Разашарна, кашу глядзi.

Разам з Руцi яна выбегла з домiка. Яна цяжка бегла па вулiцы, не паспяваючы за дзяўчынкай. У змроку насустрач iм iшлi трое мужчын, i той, што iшоў пасярэдзiне, нёс на руках Уiнфiлда. Мацi кiнулася да iх.

- Гэта мой, - крыкнула яна. - Дайце яго мне.

- Я данясу вам, мэм.

- Не, дайце мне. - Яна ўзяла хлопчыка на рукi i павярнула назад, але раптам спахапiлася: - Дзякуй вам, канешне, - сказала яна мужчыну.

- Няма за што, мэм. Хлопчык зусiм аслабеў. Мабыць, у яго глiсты.

Мацi шпарка пакрочыла назад з Уiнфiлдам на руках. Занёсшы яго ў дом, яна апусцiлася на каленi i паклала хлопчыка на матрац.

- Ну што, што з табой? Гавары.

Хлопчык млява расплюшчыў павекi, матнуў галавой i зноў заплюшчыў вочы.

Руцi сказала:

- Я ж гаварыла табе, ма, у яго цэлы дзень быў панос. Ён персiкаў аб'еўся.

Мацi паклала яму пальцы на лоб.

- Не гарачы. Але твар бледны, i шчокi запалi.

Том падышоў блiжэй i пасвяцiў унiз лiхтаром.

- Усё ясна, - сказаў ён. - Згаладаўся, аслабеў. Купi яму бляшанку малака, прымусь выпiць. Няхай кашы з малаком з'есць.

- Уiнфiлд, ну як сябе адчуваеш? - запыталася мацi.

- Галава кружыцца, - адказаў хлопчык, - так i кружыцца.

- Такога паносу ты яшчэ нiколi не бачыла, - з важнасцю сказала Руцi.

У пакой увайшлi бацька, дзядзька Джон i Эл, несучы ахапак ламачча i сушняку. Свае ношы яны скiнулi каля печкi.

- Што тут у вас яшчэ? - запытаўся бацька.

- Уiнфiлд. Яму малака трэба.

- Божа лiтасцiвы! Кожнаму з нас што-небудзь трэба.

- Ну, колькi зарабiлi сёння?

- Даляр сорак два.

- Дык схадзi ў краму, купi малака Ўiнфiлду.

- Чаго гэта ён раптам захварэў?

- Чаго, я не ведаю, але захварэў. Ну iдзi! - Нешта прабурчаўшы сабе пад нос, бацька выйшаў за дзверы. - Ты там кашу мяшаеш?

- А як жа. - У доказ сваiх слоў Ружа Сарона пачала хутчэй працаваць лыжкай.

Эл пакрыўдзiўся:

- Госпадзi, ма! Няўжо адна каша пасля таго, як мы аж да самага цямна працавалi?

- Ты ж ведаеш, Эл, нам трэба ехаць. Усё, што ў нас ёсць, пойдзе на бензiн. Ты i сам гэта ведаеш.

- Але ж, далiбог, ма, каб працаваць, чалавеку трэба есцi.

- Лепш пасядзi, памаўчы, - сказала мацi. - Пра самае галоўнае трэба думаць. Ты ведаеш, пра што.

- Гэта пра мяне? - ажывiўся Том.

- Вось павячэраем i пагаворым, - адказала мацi. - На дарогу, Эл, бензiну хопiць?

- Яго ў нас каля чвэрцi бака, - адказаў Эл.

- Лепш скажы мне ўсё цяпер, - настойваў Том.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату