- Можа, я не магу табе ўтлумачыць, - сказаў ён. - Можа, табе самому трэба да гэтага дайсцi. А дзе кепка твая?

- Пайшоў без яе.

- Сястра твая як?

- А! Растаўсцела, як карова. Ручаюся, двайнят народзiць. Жывот сама раз на колы ставiць. Усё яго рукамi падтрымлiвае. А ты мне так i не растлумачыў, што тут такое адбываецца.

Сухенькi стары сказаў:

- Мы бастуем. У нас тут забастоўка.

- Канешне, пяць цэнтаў за скрыню малавата, але пракармiцца ўсё ж неяк можна.

- Пяць цэнтаў? - здзiвiўся стары. - Пяць цэнтаў! Вам пяць цэнтаў плацяць?

- Пяць. Сёння мы паўтара даляра зарабiлi.

У палатцы запанавала напружаная цiшыня. Кейсi доўга моўчкi глядзеў праз уваходны праём палаткi.

- Слухай, Том, - нарэшце сказаў ён. - Мы прыехалi сюды працаваць. Нам паабяцалi пяць цэнтаў. Народу сабралася процьма. Прыходзiм у сад, а нам кажуць: два з паловай цэнты. На гэта i адзiн не пракормiшся, а калi ў цябе дзецi... Мы адмовiлiся. Нас выгналi. I тут наляцела цэлая зграя палiсменаў. А цяпер вам плацяць па пяць. Калi разгоняць забастоўшчыкаў, думаеш, вам так i будуць па пяць цэнтаў плацiць?

- Адкуль я ведаю, - адказаў Том. - Пакуль што плацяць.

- Слухай. Мы хацелi спынiцца ўсе ў адным месцы, а нас разагналi, як свiней, у розныя бакi. Шмат каго добра пабiлi. Як свiней, нас гналi. А вас, як свiней, загналi ў вароты. Мы доўга не пратрымаемся. Некаторыя два ўжо днi нiчога ў роце не мелi. Ты сёння назад пойдзеш?

- Хачу сёння.

- Дык вось што... раскажы там людзям пра ўсё, Том. Растлумач iм, што яны мораць нас голадам, а сабе нож у спiну ўсаджваюць. Ясней яснага - як толькi з намi расправяцца, вам тут жа да двух з паловай збавяць.

- Паспрабую, раскажу, - сказаў Том. - Толькi як гэта зрабiць, не ведаю. Нiколi такой аховы не бачыў, усе ўзброеныя. Пэўна, i гаварыць мiж сабою не дазваляюць. Усе моўчкi мiма праходзяць. Вочы долу i хоць бы 'дзень добры' сказалi.

- А ты, Том, паспрабуй. Ледзь толькi мы пойдзем адсюль, плату адразу зрэжуць напалову. Ты ж сам ведаеш, што гэта такое - абабраць i перацягаць цэлую тону персiкаў усяго за адзiн даляр. - Кейсi панурыўся. - Не... так нельга. Так сыты не будзеш. Не пракормiшся.

- Ну, паспрабую як-небудзь iм усё растлумачыць.

- А мацi як твая?

- А так, нiчога. Вельмi ўжо ёй спадабаўся ўрадавы лагер. Душавыя, вада гарачая...

- Ага, я чуў пра гэта.

- Добра было там. Толькi вось працы мы не знайшлi. Мусiлi паехаць.

- Хацеў бы я пабыць у такiм лагеры, - сказаў Кейсi. - Глянуць, як там i што. Палiсмены туды, я чуў, носа не паказваюць.

- Людзi там самi сабе палiсмены.

Кейсi здзiўлена падняў на Тома вочы.

- А непарадкi былi? Ну там бойкi, крадзеж, п'янства?

- Не, не было.

- Ну, а калi хто паводзiць сябе блага? Што ў такiх выпадках робяць?

- З лагера выганяюць.

- А часта такое здаралася?

- Не. Мы там месяц пражылi, а ўсяго адзiн выпадак быў.

Вочы ў Кейсi заблiшчалi. Ён павярнуўся да астатнiх мужчын, што сядзелi ў палатцы.

- Во, бачыце? - усклiкнуў ён. - Што я вам казаў? Палiсмены не столькi непарадкi спыняюць, колькi самi iх разводзяць. Дык слухай, Том, паспрабуй з людзьмi пагаварыць, няхай яны таксама забастуюць. Гэта можна было б зрабiць днi праз два. Персiкi ўсе паспелi. Растлумач iм.

- Не забастуюць, - сказаў Том. - Пяць манет атрымлiваюць, а ўсё астатняе iх не хвалюе.

- Але ж як толькi гаспадару не патрэбны будуць штрэйкбрэхеры, плацiць iм па пяць цэнтаў не будуць.

- Я не ўпэўнены, што да iх гэта дойдзе. Пяць цэнтаў iм даюць, i больш яны ведаць нiчога не хочуць.

- А ты ўсё ж паспрабуй.

- Бацька на гэта не пойдзе, - сказаў Том. - Я яго ведаю. Скажа, не яго справа.

- Яно так, - паныла пагадзiўся Кейсi. - Гэтак, бадай што, i зробiць. Спярша яму трэба, вiдаць, на сваёй шкуры ўсё зведаць.

- Мы галадалi. А сёння елi мяса на вячэру - трохi, але паелi. Бацька, думаеш, дзеля другiх ад мяса адмовiцца? Мацi, думаеш, заморыць даччыно дзiця толькi таму, што за варотамi нехта там горла дзярэ?

Кейсi тужлiва сказаў:

- Так хочацца, каб людзi зразумелi. Каб яны зразумелi, што забяспечыць сябе мясам можна толькi так... А, чорт! Падчас такая бярэ мяне стома... Страшэнная стома. Быў з намi ў камеры чалавек адзiн. Пры мне яго пасадзiлi. Усё хацеў саюз стварыць. У адным месцы ўдалося. Ды неўзабаве наляцелi малойчыкi з 'Камiтэта пiльнасцi'. I ведаеш, што было? Тыя самыя людзi, якiм ён хацеў памагчы, адштурхнулi яго. Не пажадалi знацца з iм. Баялiся паказацца разам з iм. 'Iдзi ад нас, - сказалi. - З табой бяды не абярэшся'. У турме ён моцна перажываў. А неяк раз кажа: 'Не так ужо i кепска, калi гiсторыю ведаць. Вазьмi французскую рэвалюцыю - усiм, хто яе задумаў, галовы паадсякалi. I так заўсёды было, - кажа. - Зусiм натуральна - як дождж з хмарнага неба. Але ж не дзеля забавы ўсё гэта робiш - iначай не можаш. Такая ўжо ў цябе натура. Вось Джордж Вашынгтон. Арганiзаваў рэвалюцыю, а пасля ўся сволач на яго апалчылася. I з Лiнкальнам тое самае - смерцю яму пагражалi. Натуральна, як дождж'.

- Нiякавай забавы тут i блiзка няма, - пагадзiўся Том.

- Ясна, няма. А яшчэ ён нам у турме гаварыў: 'Ва ўсякiм разе, ты стараешся як можаш. Галоўнае, кажа, каб кожны раз рабiць хоць адзiн маленькi крок наперад; можа, калi крыху i адступiш, але нiколi не будзе поўнага вяртання назад. Гэта лёгка даказаць, кажа, i гэтым усё апраўдваецца. А значыць, дарэмна нiчога не робiцца, хоць часам так можа здацца'.

- Усё гаворыш, - сказаў Том. - Гаворыш, гаворыш... Вось вазьмi брата майго - Эла. Ён толькi i ведае, што за дзеўкамi ганяцца. Да астатняга яму справы няма. Днi праз два i тут падчэпiць якую. Цэлымi днямi ў яго толькi адно наўме, начамi можа гэтым займацца. Пляваць ён хацеў на нейкiя там крокi - што наперад, што назад, што ўбок.

- Натуральна, - сказаў Кейсi. - Правiльна. Ён робiць тое, што яму належыць. I ўсе мы так.

Чалавек, што сядзеў перад палаткай, адкiнуў брызентавую полку.

- Нешта не падабаецца мне, каб на яго лiха, - сказаў ён.

Кейсi вызiрнуў з палаткi.

- Што там у цябе?

- Ды сам не ведаю. Не па сабе мне. Раз-пораз насцярожваюся, як кошка.

- Дык што ж там такое?

- Сказаць не магу. Раптам здасца, быццам пачую нешта, а прыслухаюся нiчога.

- Проста пужлiвы стаў, - сказаў сухенькi стары, падняўся на ногi i выйшаў. Праз момант ён усунуў галаву ў палатку: - Вялiкая чорная хмара праплывае. Навальнiчная. Вось ад чаго яму не па сабе - ад электрычнасцi. - Ён знiк у цемры. Астатнiя двое ўсталi i выйшлi з палаткi.

Кейсi сказаў Тому:

- Усiм iм не па сабе. Палiсмены не перастаюць гразiцца дух з нас выбiць i выгнаць з iхняй акругi. А мяне важаком лiчаць, бо я шмат гавару.

У палатку зноў зазiрнуў маршчынiсты твар:

- Патушы лiхтар, Кейсi. I выйдзi. Тут нешта нядобра.

Кейсi прыкруцiў кнот. Агеньчык нырнуў у шчылiну, успыхнуў i патух. Прапаведнiк навобмацак выйшаў з палаткi. Том - за iм.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату