- Не рабi нам непрыемнасцей, хоць пакуль што, - угаворвала яна. - Вось станем на ногi, тады, што ж, капрызь. Толькi не цяпер. Нам цяпер i без таго хапае.

- Я шэсць персiкаў з'ела, - паведамiла Руцi.

- Ну i панос будзе. А прыбiральнi тут паблiзу няма.

Крама, якая належала кампанii, размяшчалася ў павецi з рыфленага жалеза. Вiтрыны яна не мела. Мацi адчынiла сеткаватыя дзверы i ўвайшла. За прылаўкам яна ўбачыла чалавека вельмi маленькага росту. Ён быў зусiм лысы, i голая галава яго сям-там адлiвала сiнню. Густыя цёмныя бровы высокай дугой узнiмалiся над вачамi, i ад гэтага твар яго здаваўся нейкiм здзiўленым, крыху нават спалоханым. Доўгi, тонкi, кручкаваты, як птушыная дзюба, нос, ноздры, зарослыя рыжаватымi валаскамi. На рукавах сiняй кашулi чорныя сацiнавыя нарукаўнiкi. Калi мацi ўвайшла, ён стаяў, аблакацiўшыся на прылавак.

- Добры вечар, - павiталася мацi.

Прадавец з цiкавасцю паглядзеў на яе. Дуга над яго вачамi паднялася яшчэ вышэй.

- Добры вечар, - адказаў ён.

- У мяне квiток на даляр.

- Можаце на даляр узяць, - сказаў прадавец i вiсклiва хiхiкнуў. - Вось так. На адзiн даляр. На цэлы даляр. - Ён павёў рукой, паказваючы на свой тавар. - Што хочаце бярыце. - Ён акуратна паправiў нарукаўнiкi.

- Думаю мяса ўзяць.

- У нас мяса ёсць усякае. Вось, напрыклад, фарш. Возьмеце фаршу? Дваццаць цэнтаў фунт.

- Цi не завельмi дорага? Па-мойму, апошнi раз я брала за пятнаццаць.

- Правiльна, - зноў цiха хiхiкнуў прадавец. - Але ў той жа час не так ужо i дорага. А паедзеце па фарш у горад, амаль галон бензiну спалiце. Выходзiць, не так у нас i дорага. I бензiну ў вас, вiдаць, няма.

Мацi строга сказала:

- У вас жа не пайшоў галон бензiну, каб прывезцi гэтае мяса сюды.

Прадавец весела засмяяўся:

- Вы ўсё дагары нагамi перавярнулi. Мы мяса не купляем, а прадаем. А каб куплялi, ну што ж, тады справа iншая.

Мацi прыклала два пальцы да губ i засяроджана насупiла бровы.

- Тут адзiн тлушч i храсткi.

- За гэтае мяса я не ручаюся, можа, яно i не зварыцца. I за тое, што сам еў бы яго, таксама не ручаюся. Ды мала чаго я не рабiў бы.

Мацi гнеўна глянула на яго, але спакойным тонам запыталася:

- А таннейшае мяса ёсць?

- Булённыя косткi, - адказаў прадавец. - Дзесяць цэнтаў фунт.

- Тут жа адны косткi.

- Адны косткi, - пацвердзiў прадавец. - Смачны суп будзе. Наварысты.

- А супавае мяса ёсць?

- Безумоўна. Дваццаць пяць цэнтаў.

- Давядзецца, вiдаць, без мяса абысцiся. Але i мяса хочацца. Прасiлi мяса ўзяць.

- Мяса ўсiм хочацца, яно ўсiм патрэбна. Вось добры фарш. Сала вытапiце, пойдзе на падлiўку. Добры фарш. Нiчога ў глум не пойдзе. Костак выкiдаць не давядзецца.

- А пачым... пачым бакавiна?

- Вунь куды махнулi! Гэта ядуць толькi на Каляды i ў Дзень дзякавання. Трыццаць пяць цэнтаў фунт. Каб у мяне была iндзейка, я б вам яе танней прадаў.

Мацi ўздыхнула:

- Дайце два фунты фаршу.

- Слухаю, мэм. - Прадавец лапаткай паклаў бледнага фаршу на навошчаную паперу. - Што вам яшчэ?

- Хлеба.

- Калi ласка. Вялiкi бохан пятнаццаць цэнтаў.

- Цана яму дванаццаць.

- Зусiм правiльна. Едзьце проста ў горад i купляйце за дванаццаць. Галон бензiну. Што яшчэ возьмеце? Бульбу?

- Ага, бульбу.

- Чвэрць даляра пяць фунтаў. Мацi пагрозлiва пасунулася да яго:

- Наслухалася я ад вас тут - хопiць! Я ведаю, якiя цэны ў горадзе.

Маленькi прадавец падцiснуў губы:

- Тады едзьце ў горад.

Мацi паглядзела на сваю сцiснутую ў кулак руку.

- Што ж гэта такое? - цiха сказала яна. - Вы гаспадар крамы?

- Не. Я толькi прадавец.

Навошта ж вы падсмейваецеся? Вам лягчэй ад гэтага? - Мацi глянула на свае сцёртыя да бляску маршчынiстыя рукi. - Хто ж тут гаспадар?

- Акцыянернае таварыства 'Ферма Гупера', мэм.

- Яна i цэны вызначае?

- Так, мэм.

Мацi падняла на яго вочы i слаба ўсмiхнулася.

- Усе, хто сюды прыходзiць, вось так злуюць на вас?

Прадавец памаўчаў крыху, перш чым адказаць.

- Так, мэм.

- I таму вы жарты строiце?

- Што вы маеце на ўвазе?

- Такiм паганствам займаецеся. Вам i самому сорамна, га? Мусiце аджартоўвацца? - Голас у мацi гучаў мякка. Прадавец, як зачараваны, пазiраў на яе i маўчаў. - Значыць, так, - сказала яна. - Сорак цэнтаў - мяса, пятнаццаць - хлеб, дваццаць пяць - бульба. Усяго восемдзесят цэнтаў. А кава колькi?

- Самая танная - дваццаць цэнтаў, мэм.

- Выходзiць даляр. Працавалi сямёра i вось на якую вячэру зарабiлi. - Мацi зноў глянула на свае рукi. - Запакуйце, - паспешлiва прагаварыла яна.

- Слухаю, мэм. Дзякую вам. - Прадавец паклаў бульбу ў пакет i акуратна загнуў яго зверху. Потым пакасiўся на пакупнiцу i хуценька перавёў вочы на прылавак. Мацi сачыла, як ён пакуе, ледзь прыкметна ўсмiхаючыся.

- Як жа вы пайшлi на такую работу? - запыталася яна.

- Чалавеку есцi трэба, - адказаў прадавец i рашуча паўтарыў: - Чалавеку трэба есцi.

- Якому чалавеку?

Прадавец паклаў на прылавак чатыры пакеты.

- Фарш, бульба, хлеб, кава. Роўна на даляр.

Мацi падала яму квiток i пачакала, пакуль ён запiша прозвiшча i суму ў журнал.

- Ну вось, - сказаў ён. - Цяпер мы ў разлiку.

Мацi ўзяла з прылаўка пакеты.

- Яшчэ вось што, - сказала яна. - У нас цукру няма да кавы. Сын мой Том хоча з цукрам. Слухайце, нашы цяпер працуюць у садзе. Адпусцiце мне цукру, а квiток я потым прынясу.

Прадавец адвёў вочы ад мацi, адвёў iх далёка ўбок.

- Не магу, - цiха прамовiў ён. - Такое ў нас правiла. Не магу. Мне ўляцiць. Мяне звольняць.

- Нашы ж працуюць у садзе. Яны, пэўна ж, больш за дзесяць цэнтаў зарабiлi. Дайце мне толькi на дзесяць цэнтаў. Тому хочацца салодкай кавы. Прасiў цукру купiць.

- Не магу, мэм. Такое правiла. Без квiтка тавар не адпускаем. Аканом увесь час мне пра гэта дзяўбе. Не, не магу. Нiяк не магу. Мяне зловяць. Нас заўсёды на чым-небудзь ловяць. Заўсёды. Не магу.

- Нават на дзесяць цэнтаў?

- Нi на колькi не магу, мэм. - Прадавец умольна глянуў на яе. I раптам з твару яго знiк страх. Ён выняў з кiшэнi дзесяцiцэнтавую манету i са звонам апусцiў у касу. - Вось, - з палёгкай сказаў ён, дастаў з-пад

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату