Эл выцер губы рукавом.
- Пайду пахаджу тут трохi, - сказаў ён.
- Пачакай, i я з табой. - Том пайшоў за Элам. У цемры ён блiзка падышоў да брата. - Дык пойдзеш са мной?
- Не. Я ж сказаў - тут пахаджу.
- Як хочаш. - Том павярнуўся i не спяшаючыся пакрочыў па вулачцы. Дым ад комiнаў над дамкамi слаўся нiзка, лiхтары вымалёўвалi на зямлi светлыя плямы вокнаў i дзвярных праёмаў. На прыступках ганкаў сядзелi людзi i пазiралi ў цемру. Том бачыў, як яны паварочвалi галовы, праводзячы яго позiркам. Ад апошняга домiка дарога пайшла па скошанай сенажацi, на якой у зорным святле чарнелi копы сена. Тонкi сярпок месяца нiзка вiсеў на заходнiм небасхiле, а над галавой доўгiм светлым воблакам цягнуўся Млечны Шлях. Ногi Тома мякка ступалi па пыльнай дарозе - цёмнай стужцы на жоўтай пакошы. Том засунуў рукi ў кiшэнi i пайшоў да ўязных варот. Уздоўж дарогi цягнуўся насып. Чутно было, як шапоча вада сярод травы ў арашальнай канаве. Том падняўся на насып, глянуў на цёмную ваду i ўбачыў у ёй расцягнутыя адлюстраваннi зорак. А там, наперадзе, пралягала галоўная шаша штата. Яе выдавала мiльгаценне аўтамабiльных агнёў. Том пайшоў далей. Пры святле зорак вiдны былi высокiя драцяныя вароты.
Збоку ад дарогi варухнулася нечая цёмная постаць. Пачуўся воклiк:
- Стой! Хто iдзе?
Том замёр на месцы.
- А ты хто?
З зямлi падняўся чалавек i падышоў да Тома. У яго ў руцэ Том убачыў рэвальвер. Святло кiшэннага, лiхтарыка ўдарыла яму ў твар.
- Куды гэта ты выправiўся?
- А так, пагуляць выйшаў. А што, забаронена?
- Гуляй дзе-небудзь далей адсюль.
Том запытаўся:
- Што, з лагера выходзiць нельга?
- Гэтай ноччу нельга. Ну, пойдзеш назад сам цi мне свiстком падмогу паклiкаць? Цябе сiлай назад адвядуць.
- Чорт з iм, мне ўсё роўна. Нельга дык нельга, мне што. Ну, назад пайду.
Цёмная постаць адступiла. Лiхтарык пагас.
- Пра вас жа клапоцiмся, разумееш? А то схопяць гэтыя вар'яты пiкетчыкi.
- Якiя пiкетчыкi?
- Ну, гэтыя, халера на iх... чырвоныя.
- А-а... Я нiчога пра iх не чуў.
- Ты ж бачыў iх, як сюды ехаў.
- Ну, бачыў нейкiх людзей, але там столькi было палiсменаў, што не разабраў, хто дзе. Я падумаў - аварыя.
- Ну, давай, тупай назад.
-Што ж, назад дык назад. -Том павярнуўся i пайшоў. Ён няспешна прайшоў па дарозе ярдаў сто, потым спынiўся i прыслухаўся. Каля арашальнай канавы дзяўкаў янот, недзе далёка зласлiва гыркаў на прывязi сабака. Том сеў на абочыне. Ён чуў цiхi клёкат начной птушкi-драпежнiка i шолах сцяблiнак ад падкрадлiвых рухаў звяркоў у атаве. Ён абвёў позiркам няроўную лiнiю бачнага гарызонту перад сабой i ззаду - i там i тут цёмныя гарбы стажкоў, на iх фоне яго не ўбачаць. Ён падняўся з зямлi i асцярожна збочыў з дарогi направа, на скошаны луг, нахiлiўшыся амаль упоравень са стажкамi. Том iшоў паволi, час ад часу спыняўся i прыслухоўваўся. Нарэшце дайшоў да агароджы - пяць радоў туга нацягнутага калючага дроту. Лёгшы на спiну, ён прасунуў галаву пад нiжнi рад, крыху падняў дрот рукой i, адпiхваючыся нагамi, пралез на другi бок.
Том хацеў ужо ўстаць, але на краi шашы паказалiся людзi. Ён пачакаў, пакуль яны пройдуць далёка наперад, падняўся i пайшоў у тым самым кiрунку. Ён уважлiва прыглядаўся, цi няма дзе палатак. Па шашы зрэдку прабягалi машыны. Дайшоўшы да бетоннага мастка над рачулкай, што праразала луг, Том зазiрнуў цераз парапет унiз. На дне глыбокага яра вiднелася палатка, у якой гарэў лiхтар. З хвiлiну ён узiраўся ў яе, убачыў чалавечыя ценi на брызенце. Тады пералез цераз нейкую агароджу i пачаў спускацца ў яр, прадзiраючыся праз хмызняк i нiзкае вербалоззе. Унiзе, каля рэчкi, выйшаў на сцяжынку. Перад палаткай на скрынi сядзеў чалавек.
- Добры вечар, - павiтаўся Том.
- А ты хто такi?
- Я... ну... так проста... мiма iшоў.
- Каго-небудзь тут ведаеш?
- Не. Кажу ж, мiма iшоў.
З палаткi высунулася нечая галава.
- Што там у цябе? - пачуўся голас.
- Кейсi! - усклiкнуў Том. - Кейсi! Як ты тут апынуўся?
- А госпадзi! Ды гэта ж Том Джоўд! Iдзi сюды, Томi. Уваходзь.
- Ты яго ведаеш? - здзiвiўся чалавек, што сядзеў на скрынi.
- Цi ведаю я яго? Пытанне! Колькi гадоў ужо знаемся. Мы з iм сюды, на Захад, разам прыехалi. Заходзь жа, Том. - Кейсi схапiў Тома за локаць i ўцягнуў у палатку.
У ёй вакол лiхтара сядзелi на зямлi чатыры чалавекi. Яны недаверлiва паглядзелi на Тома. Адзiн з iх, смуглы, суровы з выгляду мужчына, падаў яму руку.
- Вельмi рады, - сказаў ён. - Я чуў, як цёпла цябе Кейсi сустрэў. Дык гэта той хлопец, пра якога ты нам, Кейсi, гаварыў?
- Ён самы. Ах ты, госпадзi! Дзе ж усе твае? Што ты тут робiш?
- Ды вось, пачулi мы, што тут ёсць праца, - адказаў Том. - Пад'язджаем, а на шашы цэлая плойма палiсменаў, ну i загналi нас на гэту ферму. Дацямна персiкi збiралi. Перад варотамi нейкiя людзi нам нешта крычалi ўслед. А ў чым справа, так мне нiхто i не сказаў. Вось я i пайшоў сюды, каб даведацца, што тут такое робiцца. Якiм ветрам цябе занесла сюды, Кейсi?
Кейсi нахiлiўся наперад, i жоўтае святло лiхтара асвятлiла яго высокi бледны лоб.
- Дзiўнае месца - турма, - сказаў прапаведнiк. - Вось адыходзiў я ў пустыню, як Хрыстос, каб там усё добра абдумаць i зразумець. I бывала, сёе-тое праяснялася. А па-сапраўднаму стала ўсё ясна толькi ў турме. - Вочы ў яго былi жывыя i вясёлыя. - Вялiкая камера, увесь час поўная. Адны пакiдаюць яе, другiя прыходзяць. Я, канешне, з усiмi гаварыў.
- Дзiва што! - сказаў Том. - Табе абы пагаварыць. Калi б цябе на шыбенiцы вешалi, i то ты паспеў бы з катам слоўцам перакiнуцца. Такiх гаваркiх я ў жыццi не бачыў.
Усе пырхнулi ад смеху. Адзiн - сухенькi стары з маршчынiстым тварам ляпнуў сябе па калене.
- Усё гаворыць i гаворыць, - сказаў ён. - А людзям гэта даспадобы слухаюць.
- Ён жа ж прапаведнiкам быў, - сказаў Том. - Цi гаварыў ён вам?
- А як жа - гаварыў.
Кейсi шырока ўсмiхнуўся.
- Дык вось, - зноў загаварыў ён, - пачаў я ў сiм-тым разбiрацца. Розныя людзi ў турму трапляюць - хто за п'янства, хто за крадзеж, апошнiх пераважная большасць. I крадуць галоўным чынам тое, без чаго нельга абысцiся, а дастаць iншым спосабам яны не могуць. Разумееш?
- Не, - адказаў Том.
- Усе яны, па сутнасцi, добрыя людзi. А што iх падбiла на злачынства? Нястача. I я пачаў разумець - усё зло ў нястачы. Але да канца яснасцi ў мяне не было. I вось аднаго дня даюць нам перакiслыя бабы. Адзiн падняў крык, а што толку? Крычыць-надрываецца. Дзяжурны зазiрнуў у камеру i пайшоў. Тады другi пачынае крычаць. I тут мы ўжо ўсе падхапiлi хорам, цягнем адну ноту, i, паверыш, сцены камеры, здавалася, раздалiся i вось-вось абваляцца ад нашага крыку. Бог ты мой, што тут усчалося! Наглядчыкi забегалi, замiтусiлiся i, як мiленькiя, прынеслi другую яду. Цяпер разумееш?
- Не, - адказаў Том.
Кейсi падпёр падбародак далонямi.