- Яны ўсяго па пяць цэнтаў. Малыя сёння добра папрацавалi.
- Што ж, - сказала мацi, i ў вачах у Руцi засвяцiлася радасць, - добра.
Руцi павярнулася i кiнулася да выхаду. Па дарозе яна схапiла Ўiнфiлда i пацягнула яго на двор, у вячэрняе сутонне.
Дзядзька Джон памацаў пальцамi парусiнавыя пальчаткi з нашыўкамi з жоўтай скуры на далонях, прымерыў iх, зняў i паклаў на месца. Потым спакваля наблiзiўся да палiц са спiртным i паглыбiўся ў вывучэнне этыкетак на бутэльках. Мацi заўважыла гэта.
- Бацька, - сказала яна i крутнула галавой у бок дзядзькi Джона.
Бацька няспешна падышоў да яго.
- Што, Джон, у горле перасохла?
- Ды не.
- Пацярпi да канца збору. Тады хоць бочкамi пi.
- А мне не к спеху, - сказаў дзядзька Джон. - Працую старанна, сплю добра. Сны мяне не мучаюць.
- Я бачу, ты вачэй не можаш адвесцi ад бутэлек.
- Я iх амаль не заўважаю. Дзiўная рэч - хочацца ўсё ўсялякае купiць. Нават такое, што мне i не трэба. Вось, напрыклад, бяспечную брытву. Цi вунь тыя пальчаткi. Усё вельмi таннае.
- Бавоўну ж у пальчатках не збiраюць.
- Ведаю. Бяспечная брытва мне таксама без патрэбы. Але тут усё так выстаўлена, што, трэба табе цi не трэба, а так i падмывае купiць.
Мацi крыкнула iм:
- Пайшлi. Цяпер у нас усё ёсць. - У руках у яе была сумка. Дзядзька Джон i бацька ўзялi кожны па пакунку. За дзвярамi iх чакалi Руцi i Ўiнфiлд - вочы выпучаныя, твары ўспухлi ад набiтага за абедзве шчакi печыва.
- Ну вось, цяпер вячэраць не будуць, - сказала мацi.
Да лагера сыходзiўся народ. У палатках загарэлiся лiхтары. З пячных труб валiў дым. Джоўды паднялiся па сходках у вагон i прайшлi ў сваю палову. Каля печкi, у якой ужо гарэў агонь, сядзела на скрынцы Ружа Сарона. Жалезныя сценкi печкi распалiлiся дачырвана.
- Малака купiлi? - патрабавальна запыталася Ружа Сарона.
- Купiлi. Вось.
- Дай мне. З самага поўдня не пiла.
- Яна думае, што гэта як лекi.
- Мне нянечка так гаварыла.
- Бульбы нарыхтавала?
- Ага, аблупiла.
- Дык падсмаж яе, - сказала мацi. - Я свiных адбiўных купiла. Нарэж скрылiкамi на новую патэльню. I цыбулi туды. А вы, мужчыны, iдзiце памыйцеся i вядро вады прынясiце. Дзе Руцi з Уiнфiлдам? Няхай i яны памыюцца. Мы iм купiлi печыва, - сказала мацi Ружы Сарона. - Кожнаму цэлы пачак.
Мужчыны пайшлi да рэчкi мыцца. Ружа Сарона нарэзала на новую патэльню бульбы i перамяшала яе канцом нажа.
Раптам канец брызентавай занавескi задраўся, i ў палову Джоўдаў зазiрнуў тоўсты спацелы твар.
- Ну, як сёння ў вас, мiсiс Джоўд?
Мацi абярнулася.
- А, гэта вы! Добры вечар, мiсiс Уэйнрайт. Зарабiлi добра. Тры даляры з паловай. Дакладней - тры пяцьдзесят сем.
- А мы - чатыры даляры.
- Правiльна. У вас народу больш.
- Ага. Джанас на вачах падрастае. У вас, я бачу, сёння свiныя адбiўныя.
Уiнфiлд прашмыгнуў у дзверы.
- Ма!
- Памаўчы хвiлiнку. Так, мае мужчыны любяць адбiўныя.
- А я бекон падсмажваю, - сказала мiсiс Уэйнрайт. - Чуеце пах?
- Не. У мяне цыбуля ў бульбе - усё перабiвае.
- Ой, падгарэла! - крыкнула мiсiс Уэйнрайт, i галава яе знiкла.
- Ма, - зноў сказаў Уiнфiлд.
- Ну, што табе? Аб'еўся печыва?
- Ма, Руцi расказала.
- Што расказала?
- Пра Тома.
Вочы ў мацi зрабiлiся вялiкiя.
- Расказала? - Мацi апусцiлася перад Уiнфiлдам на каленi. - Уiнфiлд, каму?
Хлопчык сумеўся i адступiў назад.
- Яна толькi крышачку расказала.
- Уiнфiлд! Скажы, што яна гаварыла?
- Яна... Яна печыва сваё не адразу ўсё з'ела. У пачку яшчэ трохi засталося. Адкусвае кавалачак за кавалачкам i паволi жуе i кажа мне: 'А ты ўжо шкадуеш, што з'еў усё дарэшты'.
- Уiнфiлд! - павысiла голас мацi. - Гавары адразу. - Яна трывожна азiрнулася на занавеску. - Разашарна, iдзi, дачушка, пагавары пра што-небудзь з мiсiс Уэйнрайт, каб яна не падслухала.
- А бульба?
- Я сама пагляджу. Iдзi ж! А то яна падслухоўваць будзе.
Цяжка валочачы ногi, Ружа Сарона пайшла за брызент. Мацi сказала:
- Ну, Уiнфiлд, гавары.
- Я ж гавару. Адкусвае кавалачак за кавалачкам, потым кожнае печыва стала напапалам ламаць, каб даўжэй хапiла.
- Не цягнi, гавары!
- А тут дзецi падбеглi, iм таксама захацелася печыва, але Руцi грызе яго i грызе i нiкога не частуе. Тады яны ўзлавалiся, i адзiн хлопчык выхапiў у яе з рук увесь пачак, i ўсе дзецi разбеглiся.
- Ты не пра гэта, Уiнфiлд, ты пра iншае расказвай!
- Я i расказваю. Руцi таксама ўзлавалася i пабегла за iмi, аднаго ўдарыла, другога, i тады яе адна вялiкая дзяўчынка набiла. Руцi заплакала i кажа: 'Я свайго старэйшага брата паклiчу, i ён заб'е цябе'. А дзяўчынка тая: 'Заб'е? У мяне таксама ёсць старэйшы брат'. - Уiнфiлд ледзь паспяваў пераводзiць дыханне. - Яны пачалi бiцца, i бальшуха тая добра ёй усыпала, i Руцi сказала, што наш брат заб'е яе брата. А дзяўчынка кажа: 'А што, калi мой брат заб'е твайго?' I тады... тады Руцi сказала, што наш брат дваiх ужо забiў. А... а тая бальшуха кажа: 'Ого! Манюка ты, больш нiхто'. А Руцi сказала: 'Ого? Наш брат цяпер хаваецца, бо забiў чалавека, i твайго брата таксама заб'е'. I тады яны пачалi абзываць адна адну рознымi словамi, Руцi кiнула ў бальшуху камень, i тая пагналася за Руцi, а я сюды пабег.
- А мой ты божанька!. Дзiцятка святое ў калысцы! - разгублена ўсклiкала мацi. - Што ж нам цяпер рабiць? - Яна прыцiснула далонь да лба i пацерла пальцамi вочы. - Што ж рабiць цяпер? - Ад печкi, у якой шумна гарэў агонь, пацягнула пахам падгарэлай бульбы. Мацi машынальна паднялася i памяшала ў патэльнi. - Разашарна! - крыкнула яна. - Ружа Сарона выйшла з-за брызенту. Глядзi вячэру. А ты, Уiнфiлд, збегай знайдзi Руцi i вядзi яе сюды.
- Ты яе адлупцуеш, ма? - з надзеяй у голасе запытаўся Ўiнфiлд.
- Не. Лупцоўкай справы не паправiш. I трэба ж было ёй прабалбатацца. Цяпер лупцуй не лупцуй - усё адно. Дык бяжы ж, знайдзi яе i сюды прывядзi.
Уiнфiлд кiнуўся да дзвярэй, наткнуўся на мужчын, якiя падымалiся па сходках, i адступiў убок, прапускаючы iх.
Мацi цiха сказала:
- Бацька, трэба параiцца. Руцi расказала дзецям пра Тома.
- Што?
- Пабiлася з iмi i ўсё расказала.