- Том, а потым... калi ўсё ўляжацца, ты вернешся? Ты знойдзеш нас?

- Ну вядома, знайду. А цяпер iдзi. Дай руку. - Том памог мацi знайсцi выхад. Пальцы яе моцна ўчапiлiся ў яго запясце. Ён адвёў убок вецце i вылез за ёю. - Дойдзеш да поля, iдзi краем да явара, а там пераходзь рэчку. Бывай.

- Бывай, - сказала мацi i шпарка пайшла прэч. У вачах у яе стаялi слёзы, але яна не плакала. Яна iшла праз зараснiк, не тоячыся, пад яе нагамi шумна шамацела лiсце. З цёмнага неба пасыпаў дождж, рэдкiя, буйныя кроплi цяжка пляскалi па сухiм лiсцi. Мацi спынiлася, пастаяла ў мокрым гушчары i павярнула назад - зрабiла тры крокi да вялiкай купы ажыннiку i раптам рэзка павярнула i пайшла ў лагер. Перабраўшыся цераз рэчку, яна выйшла да маставой трубы i па насыпе паднялася на шашу. Дождж сцiх, але хмары засцiлалi неба. Раптам яна пачула за спiнай крокi i апаслiва абярнулася. На дарозе цьмяна памiльгваў агеньчык кiшэннага лiхтарыка. Мацi пайшла далей, Неўзабаве яе дагнаў нейкi чалавек. З далiкатнасцi ён не пасвяцiў ёй у твар, а скiраваў прамень лiхтарыка на зямлю.

- Добры вечар, - павiтаўся чалавек.

- Добрага здароўя, - адказала мацi.

- Вiдаць, дажджы пачынаюцца.

- Не хацелася б. Спынiцца збор бавоўны. А нам трэба збiраць.

- I мне таксама трэба. Вы з гэтага лагера?

- Так, сэр.

Яны iшлi ў нагу.

- У мяне дваццаць акраў пад бавоўнай. Я крыху запазнiўся з сяўбой, але цяпер бавоўна паспела ўжо. Дай, думаю, схаджу ў лагер, можа, зборшчыкаў знайду.

- Знойдзеце, вядома. У нас збор ужо да канца падыходзiць.

- Вось i добра. Да мяне ўсяго адна мiля адсюль.

- Нас шасцёра, - сказала мацi. - Трое мужчын, я i двое дзяцей.

- Я павешу аб'яву. За дзве мiлi ад лагера на гэтай шашы.

- Мы ранiцай прыедзем.

- Толькi каб дажджу не было.

- Ага. Дваццаць акраў абабраць нядоўга.

- Чым хутчэй, тым лепш. Запазнiлася мая бавоўна. Зацягнуў я з пасадкай.

- А колькi вы плацiце, мiстэр?

- Дзевяноста цэнтаў.

- Мы пойдзем на збор. Кажуць, у наступным годзе семдзесят пяць будуць плацiць, а то i шэсцьдзесят.

- Я таксама такое чуў.

- Дабром гэта не скончыцца, - сказала мацi.

- Вядома. Я сам ведаю. У такой драбязы, як я, выбару няма. Плату ўстанаўлiвае Асацыяцыя, а з ёю не лiчыцца нельга. Не палiчышся - прапала твая ферма. На дробных гаспадароў увесь час наступаюць.

Яны падышлi да лагера.

- Мы пойдзем да вас, - сказала мацi. - У нас тут бавоўны зусiм ужо мала засталося. - Яна збочыла да крайняга вагона i паднялася па сходках. Цьмянае святло лiхтара кiдала змрочныя ценi навокал. Бацька, дзядзька Джон i трэцi пажылы мужчына сядзелi на кукiшках, прыхiнуўшыся да сцяны.

- Хэло, - сказала мацi. - Добры вечар, мiстэр Уэйнрайт.

Уэйнрайт падняў галаву. Рысы твару ў яго былi тонкiя, быццам вытачаныя, вочы сядзелi глыбока пад густымi брывамi. Мяккiя сiвыя валасы адлiвалi блакiтам. Чэрненае срэбра барады закрывала яго скулы i падбародак.

- Вечар добры, мэм, - адказаў ён.

- Заўтра пойдзем на збор, - паведамiла мацi. - Каля мiлi на поўнач адсюль. Дваццаць акраў.

- Вiдаць, лепш паехаць на грузавiку, - сказаў бацька. - Раней прыедзем больш збяром.

Уэйнрайт парывiста ўскiнуў галаву:

- А што, калi i нам пайсцi?

- Канешне. Мы з гаспадаром разам iшлi сюды. Яму патрэбны зборшчыкi.

- Тут ужо мала што засталося. Другi раз амаль няма чаго збiраць. Нiчога не заробiш. З першага разу ўсё падчыстую бяруць.

- Вы з намi можаце паехаць, - прапанавала мацi. - Бензiн папалам.

- Вось гэта па-сяброўску, мэм.

- I нам i вам выгада, - сказала мацi.

Бацька сказаў:

- У мiстэра Ўэйнрайта праблема - прыйшоў да нас на раду. Мы тут сядзелi, разважалi.

- А што такое?

Уэйнрайт апусцiў вочы.

- Ды вось Эгi, - сказаў ён. - Падрасла дзяўчына... шаснаццаты год канчаецца, зусiм дарослая стала.

- Эгi ў вас прыгожанькая, - сказала мацi.

- А ты перш паслухай, - абарваў яе бацька.

- Эгi i ваш Эл кожны вечар гуляюць. Эгi дзяўчына здаровая, нармальная, ёй мужа трэба, а то бяды чакаць нядоўга. У нас у сям'i нiколi нiчога такога не было. А цяпер мы жывём у нястачы. Вось мы з мiсiс Уэйнрайт i непакоiмся. Што, калi бяда з ёю здарыцца?

Мацi расклала матрац i села на яго.

- Яны разам гуляць пайшлi? - запыталася яна.

- Заўсёды разам, - адказаў Уэйнрайт. - I так кожны вечар.

- Гм... Што ж, Эл хлопец добры. Пеўнiк - гэта ў iм трохi ёсць, але хлопец ён добры, стойкi. Я лепшага сына i не хацела б.

- На Эла мы i не скардзiмся! Як чалавек ён нам падабаецца. Але чаго мы з жонкай баiмся... разумееце, Эгi ўжо дарослая дзяўчына. Вось мы куды-небудзь адлучымся цi вы, а вернемся i... Што тады? У нас у сям'i такой ганьбы нiколi не было.

Мацi мякка прамовiла:

- Мы падумаем, параiмся... Ганьбiць вас не будзем.

Госць паспешлiва падняўся на ногi.

- Дзякую вам, мэм. Эгi ўжо дарослая. Яна дзяўчына добрая... добрая i сцiплая. Калi ўберажаце яе ад ганьбы, мы будзем вам вельмi ўдзячныя. Эгi не вiнаватая - вырасла дзяўчына.

- Бацька наш пагаворыць з Элам, - сказала мацi. - Калi не захоча, дык я пагавару з iм.

Уэйнрайт сказаў:

- Дык добрай вам ночы, i вялiкi дзякуй. - Ён пайшоў за брызентавы полаг. Чутно было, як ён на сваёй палове паведамляў жонцы пра вынiкi перамоваў.

Мацi з хвiлiну прыслухоўвалася, потым сказала мужчынам:

- Перасядзьце сюды, блiжэй.

Бацька i дзядзька Джон цяжка паднялiся з кукiшак. Яны селi на матрац побач з мацi.

- А малыя дзе?

Бацька паказаў на кут:

- Руцi накiнулася на Ўiнфiлда i ўрэзала яму. Я загадаў iм легчы спаць. Пэўна, заснулi. Разашарна пайшла да нейкай знаёмай жанчыны.

Мацi ўздыхнула i цiха прамовiла:

- Я знайшла Тома. I... сказала, каб ён iшоў адгэтуль. Куды-небудзь далёка.

Бацька паволi пакiваў галавой. Дзядзька Джон уткнуўся падбародкам у грудзi.

- Нiчога больш яму не застаецца, - сказаў бацька. - Як ты думаеш, Джон?

Дзядзька Джон падняў галаву.

- Нiчога разумнага я вам не скажу, - адказаў ён. - Апошнiм часам жыву як у сне.

- Том у нас добры, - сказала мацi. Потым дадала, нiбы просячы прабачэння: - Гэта я не ў крыўду табе сказала, што сама пагавару з Элам.

- Я ведаю, - спакойна сказаў бацька. - Ад мяне цяпер карысцi мала. Увесь час толькi i думаю пра тое, як

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату